Нацыянальная самасьвядомасьць — сукупнасьць уяўленьняў, пачуцьцяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасьці да пэўнай нацыі, а таксама аб сваім месцы і ролі ў жыцьці роднага народу.
Першасныя элемэнты нацыянальнай самасьвядомасьці пачынаюць складвацца яшчэ ў першабытным грамадзтве, калі людзі праяўляюць схільнасць мысьліць у катэгорыях супрацьпастаўленьня «мы» — «яны». Звычайна прадстаўнікі сваёй этнічнай супольнасьці («мы») па шэрагу антрапалягічных, псыхалягічных, культурных, моўных прыкметаў ацэньваюцца адназначна пазытыўна, а чальцы іншаэтнічных груп, наадварот, найчасьцей яўна негатыўна.
Канчатковае фармаваньне нацыянальнай самасьвядомасьці адбываецца ў працэсе ўтварэньня нацыі на аснове ўсьведамленьня людзьмі свайго агульнага паходжаньня і непарыўнай зьвязанасьці з роднай зямлёй, адчуваньня самабытнасьці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, мэнталітэту, пачуцьця агульнанацыянальнай салідарнасьці. У структуры нацыянальнай самасьвядомасьці арганічна ўзаемазьвязаны рацыянальныя, ідэалягічныя, эмацыянальна-пачуцьцёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элемэнты.
Нацыянальная самасьвядомасьць большасьці народаў сьвету аформілася на працягу 18—20 ст., калі на розных кантынэнтах у выніку ўзмацненьня кансалідацыі этнасацыяльных супольнасьцяў, актывізацыі нацыянальна-вызваленчых рухаў сфармаваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., ангельская, нямецкая, француская, японская, амэрыканская). Нацыянальная самасвядомасьць знаходзіцца ў аснове пачуцьця агульнадзяржаўнага патрыятызму, нацыянальнага гонару, любові да роднага народу, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.
Нацыянальная самасьвядомасьць беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19-пачатку 20 ст., што было абумоўлена ўзмацненьнем нацыянальна-вызваленчага руху, актывізацыяй нацыянальна-культурнага жыцьця і пачаткам утварэньня беларускай нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці быў уласьцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, частцы сялянства. Аднак у 1920-я гады нацыянальная самасьвядомасьць даволі прыкметна вырасла сярод прадстаўнікоў усіх сацыяльных катэгорыяў насельніцтва Беларусі, што было зьвязана з ажыцьцяўленнем палітыкі беларусізацыі, спробамі гарманізацыі міжнацыянальных адносін. У наступныя дзесяцігодзьдзі разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці было запаволена ў выніку ўзмацненьня працэсаў асыміляцыі і дэнацыяналізацыі беларускага грамадзтва.
У сучасны пэрыяд паглыбленьне нацыянальнай самасвядомасьці ёсьць важным сродкам самазахаваньня беларускай нацыі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Нацыянальная самасьвядомасьць, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.