Куцеінская друкарня — цэнтар беларускага кірылічнага кнігадрукаваньня ў XVII ст., дзейнічала ў 1630—1654 гадох пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры ў Воршы.
Да 1632 году ўзначальвалася яе заснавальнікам Сьпірыдонам Собалем, па ад’езьдзе якога чатыры гады не працавала. Потым друкарню узначаліў ігумен Іаіль Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства.
Выдавала навукова-асьветніцкую, царкоўна-палемічную і сьвецкую літаратуру на царкоўна-славянскай і старабеларускай мовах. У ёй выйшлі «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 году выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дыдаскалія» С. Косава (абедзьве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексыкон…» П. Бярынды (1653) і інш. Агулам тут выдалі дваццаць кніг. Выданьні вылучаліся своасаблівым графічным афармленьнем. Пашыраліся на Літве, Русі (Украіне), Жамойці, Масковіі.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія акупанты зьнішчылі друкарню, вывезшы друкарскае абсталяваньне ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1665 годзе — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 годзе — на Друкарскі двор (Масква).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Куцеінская друкарня, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.