Дэ́брэцэнскі ўнівэрсытэ́т (па-вугорску: Debreceni Egyetem) — унівэрсытэт (вышэйшая навучальная ўстанова) у горадзе Дэбрэцэне (Хайду-Біхар, Вугоршчына).
Заснаваны ў 1912 . На сёньняшні дзень Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт — найстарэйшая ВНУ Вугоршчыны, якая працуе бязь перапынкаў у адным горадзе. Адзін з трох унівэрсытэтаў Дэбрэцэну. Гэта адзін з найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў краіны. У Дэбрэцэнскім унівэрсытэце праводзяць навуковыя дасьледаваньні. Унівэрсытэт мае 14 факультэтаў, у тым ліку мэдычны факультэт, сельскагаспадарчую школу ды пэдагагічны каледж. Унівэрсытэт забясьпечвае навучаньне па праграмах бакаляўра ды магістра. Таксама ва ўнівэрсытэце можна атрымаць ступень доктара філязофіі (анг. Doctor of Philosophy) па 73 спэцыяльнасьцях. Унівэрсытэт зьяўляецца сябрам асацыяцыі эўрапейскіх унівэрсытэтаў. У 2021/2022 навучальным годзе ва ўнівэрсытэце навучаліся 30 780 студэнтаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю сярод унівэрсытэтаў Вугоршчыны.
Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт | |
Debreceni Egyetem | |
па-лацінску: Universitas Debreceniensis | |
Заснаваны | 1538 |
---|---|
Тып | клясычны грамадзкі дасьледчыцкі |
Велічыня фонду | 196 млрд HUF (2020) |
Рэктар | Праф. Zoltán Szilvássy |
Факультэтаў | 14 |
Колькасьць пэрсаналу | 6000 |
Колькасьць студэнтаў | 30 780 |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 47°33′11.66″ пн. ш. 21°37′17.95″ у. д. / 47.5532389° пн. ш. 21.6216528° у. д. 21°37′17.95″ у. д. / 47.5532389° пн. ш. 21.6216528° у. д. |
Горад | Дэбрэцэн |
Краіна | |
Кампус | гарадзкі |
Былыя назвы | Унівэрсытэт Іштвана Цісы (1918—1949) Унівэрсытэт Лаяша Кошута (1952—2000) |
Знаходзіцца ў складзе | Confederation of Open Access Repositories[d], Асацыяцыя эўрапейскіх унівэрсытэтаў[d] і Coalition for Advancing Research Assessment[d] |
Вэб-сайт | unideb.hu |
Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт |
Гісторыя ўнівэрсытэту бярэ пачатак у XVI стагодзьдзі. У 1538 годзе быў заснаваны пэдагагічны каледж Дэбрэцэну (па-вугорску: Debreceni Református Kollégium). Гэты год паказаны на эмблеме ўнівэрсытэту. Каледж напрацягу стагодзьдзяў адыгрываў важную ролю ў адукацыі Вугоршчыны. У 1912 годзе Парлямэнт Вугоршчыны прыняў Акт XXXVI, які зацьвярджаў заснаваньне Вугорскага Каралеўскага ўнівэрсытэту Дэбрэцэна зь пяцьцю факультэтамі — рэфармацкай тэалёгіі, юрыдычным, мэдычным, мастацкім, лінгвістыкі і гісторыі ды факультэтам матэматыкі і навук. Унівэрсытэт адчыніўся праз два гады — у 1914 з трыма факультэтамі. З-за Першай сусьветнай вайны заняткі пачаліся ў 1918. Да 1949 году Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт насіў імя прэм’ер-міністра Вугоршчыны Іштвана Цісы. У 1949 са складу ўнівэрсытэту быў вылучаны мэдычны факультэт і на яго базе створаны Мэдычны ўнівэрсытэт. У тым самым годзе ў Д. у. створаны факультэт прыродазнаўча-матэматычных навук, які пачаў навучаньне фізыкаў. У 1950 тэалягічны факультэт унівэрсытэту быў пераўтвораны ў духоўную акадэмію. У 1952 годзе ўнівэрсытэту прысвоена імя Лаяша Кошута. У 1959/1960 навучальным годзе ва ўнівэрсытэце навучалася 882 студэнты, працавала 34 катэдры. У 1970/1971 нвучальным годзе Дэдрэцэнскі ўнівэрсытэт меў факультэты гуманітарных і філялягічных навук і прыродазнаўча-матэматычных навук, на якіх вучыліся больш за 2 тыс. студэнтаў і працавалі 277 выкладчыкаў.
1 студзеня 2000 каледжы і ўнівэрсытэты, якія існавалі ў мэд’е Хайду-Біхар, былі аб’яднаныя. Такім чынам, у склад Дэбрэцэнскага ўнівэрсытэту ўвайшлі Сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт Лаяша Кошута і Мэдычны ўнівэрсытэт. Агулам ва ўнівэрсытэце стала пяць факультэтаў, якія забясьпечвалі адукацыю на ўзроўні ўнівэрсытэту і тры каледжы.
Ад 1916 ва ўнівэрсытэце працуе бібліятэка. Яе фонды налічваюць 6 млн тамоў. Гэта другая паводле велічыні бібліятэка Вугоршчыны. Разьмяшчаецца ў асобным будынку, на сьцяне якога разьмешчаная дошка зь імёнамі вядомых людзей.
Будынак калегіюма быў пабудаваны ў 1800-я — 1810-я (архітэктар Міхай Пэчы, вуг. Péchy Mihály). Галоўны будынак пабудаваны ў 1932 (арх. Флорыш Корб вуг. Flóris Korb).
У Дэбрэцэнскім унівэрсытэце працуюць 14 факультэтаў: факультэт сельскагаспадарчых і харчовых навук і экалягічнага мэнэджмэнту, факультэт даўнівэрсытэцкай падрыхтоўкі, стаматалягічны факультэт, факультэт эканомікі і бізнэс-мэнэджмэнту, тэхнічны факультэт, факультэт біямэдычных навук, гуманітарны факультэт, факультэт інфармацыйных тэхналёгій, юрыдычны факультэт, мэдычны факультэт, музычны факультэт, фармацэўтычны факультэт, факультэт грамадзкага здароўя ды факультэт навукі і тэхналёгіі. Адчыненыя дактараты па 24 спэцыяльнасьцях, у тым ліку па жывёлагадоўлі, расьлінаводзтве, амэрыканістыцы і ангельскай мове, інфармацыйных тэхналёгіях, біямэдычных навуках, фармацэўтычных навуках, малекулярнай мэдыцыне, малекулярнай біялёгіі і імуналёгіі, нэўралёгіі, клінічнай мэдыцыне, клінічнай імуналёгіі і алергалёгіі, гематалёгіі, стаматалёгіі, біялёгіі і ахове навакольнага асяродзьдзя, хіміі, геафізыцы, матэматыцы і кампутаных тэхналёгіях, фізыцы, бізнэс мэнэджмэнце, юрыспрудэнцыі, ды грамадзкіх навуках.
Ва ўнівэрсытэце выдаваліся навуковыя часопісы «Acta Universitatis Debreceniensis de Ludovico Kossuth nominatae» (1954—1961, ад 1962 выданьне выходзіць у сэрыях); «Acta geographica ac geologica et meteorologica Debrecina» (1974—1991; ад 1964 да 1974 пад назвай «Acta Universitatis Debreceniensis de Ludovico Jossuth nominatae. Geographica, geologica et meteorologica»), «Acta Debreceniensis de Ludovico Kossuth nominarae. Ser. Historica. Egyetemes tortenetu tanulmanyok» (ад 1966), «Acta Debreceniensis de Ludovico Kossuth nominarae. Ser. Historica. Magyar torteneti tanulmanyok» (ад 1967), «Acta biologica Debrecina» (ад 1962), «Acta Universitatis Debreceniensis de Ludovico Kossuth nominatae. Ser.4, Physica et chimica» (1962—1991), «Acta paedadogiga Debrecina» (ад 1963).
У 1987 годзе Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт пачаў ажыцьцяўляць прыём абітурыентаў любой нацыянальнасьці, якія маюць сярэднюю адукацыю. Навучаньне для замежных студэнтаў платнае. У 2004/2005 навучальным годзе сума за навучаньне складала ад 2600 да 8000 даляраў ЗША за год (у залежнасьці ад спэцыяльнасьці). Ёсьць магчымасьць атрымаць матэрыяльную дапамогу ў форме ўрадавых стыпэндый. У 2006 годзе навучаньне ажыцьцяўлялася толькі па-вугорску; замежныя абітурыенты павінны мець афіцыйнае сьведчаньне пра веданьне вугорскай мовы. На сёньняшні дзень адукацыя для замежных студэнтаў ажыцьцяўляецца па 49 спэцыяльнасьцях на замежных мовах. Ва ўнівэрытэце навучаюцца 6576 студэнтаў з замежжа (найбольшая колькасьць сярод унівэрсытэтаў Вугорчыны).
Сярод выпускнікоў Дэбрэцэнскага ўнівэрсытэту фізык Шандар Салай (1909—1987), пісьменьніца Магда Сабо (1917—2007), біёляг Міклаш Удвардзі (1919—1998), матэматык Альфрэд Рэньі (1921—1970), філёзаф Імрэ Лакаташ (1922—1974), палітык Лаяш Фюр (1930—2013) ды іншыя.
Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт уваходзіць у лік 500 найлепшых унівэрсытэтаў сьвету, паводле рэйтынгу QS World University Ranking, ён займае 671—680 месца сярод усіх унівэрсытэтаў сьвету. Сярод унівэрсытэтаў, якія забясьпечваюць адукацыю ў галіне сельскай і лясной гаспадаркі, Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт уваходзіць у блёк ад 151 да 200. Паводле рэйтынгу EECA University Rankings 2022, унівэрсытэт займае 40 месца. Паводле рэйтынгу Webometrics, Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт займае трэцяе месца ў Вугоршчыне
Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Дэбрэцэнскі ўнівэрсытэт, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.