19°49′0″ у. д. / 41.3275° пн. ш.
19.81667° у. д.
Банк Альбаніі — галоўны банк Альбаніі, заснаваны ў верасьні 1925 году ў Дурэсе ў якасьці Нацыянальнага банку Альбаніі.
Банк Альбаніі | |
альб. Banka e Shqipërisë | |
Лягатып | |
Дата ўтварэньня | 2 верасьня 1925 (98 гадоў таму) |
---|---|
Тып | банк |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | падтрыманьне ўстойлівасьці цэнаў |
Штаб-кватэра | Тырана, пл. Скандэрбэга, д. 1 |
Месцазнаходжаньне | Альбанія |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Бэрат, Гіракастра, Корча, Люшня, Шкодэр, Эльбасан |
Афіцыйныя мовы | альбанская |
Старшыня | Гент Сейко |
Намесьніца | Люльета Мінджозі |
Кіроўны орган | Наглядальная рада |
Матчына кампанія | Сход Альбаніі |
Сайт | bankofalbania.org |
Колішняя назва | Нацыянальны банк Альбаніі (да 13 студзеня 1945 г.), Дзяржаўны банк Альбаніі (да 22 красавіка 1992 г.) |
Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «Банк Альбаніі мае быць дзяржаўнай юрыдычнай асобай з галаўной сядзібай у Тыране», дзе той месьціцца з 1945 году. Паводле 2-га артыкула Закону, «Банк Альбаніі падсправаздачны Народнаму сходу Рэспублікі Альбанія». Паводле 8-га артыкула, «калі вартасьць сродкаў на балянсе Банку Альбаніі падае ніжэй за суму яго абавязкаў і аплачанага капіталу, міністар скарбу мае перадаць Банку Альбаніі абарачальныя ўрадавыя каштоўныя паперы з рынкавай адсоткавай стаўкай у колькасьці, патрэбнай для пакрыцьця нястачы». Паводле 3-га артыкула Статуту 2015 году, «капітал Банку складае 2,5 альбанскіх лекаў» ($227,4 тыс. на 2019 год). На 2019 год Банк Альбаніі меў уласны Асяродак выпуску грошай, Дасьледча-навучальны асяродак у Бэраце і 5 аддзяленьняў Гіракастры, Корчы, Люшні, Шкодэры і Эльбасане. Управа Банку ў Тыране налічвала 14 аддзелаў: 1) аплатных сыстэмаў, рахункаводзтва і фінансаў, 2) аўдыту, 3) бясьпекі і аховы, 4) выпуску, 5) грашовай палітыкі, 6) грашовых апэрацыяў, 7) дасьледчы, 8) інфармацыйнай тэхналёгіі, 9) кадраў, 10) кіраваньня, 11) нагляду, 12) прававы, 13) фінансавай статыстыкі, 14) фінансавай устойлівасьці.
Паводле 161-га артыкула Канстытуцыі Альбаніі 1998 году, «Банкам Альбаніі кіруе Рада, якую ўзначальвае старшыня. Старшыню абірае Сход на прапанову прэзыдэнта Рэспублікі на 7 гадоў з правам перавыбраньня». Паводле 41-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, дзейнасьцю Банка загадвае Наглядальная рада. Яго кіраўніцтва складаецца са старшыні, яго 2 намесьнікаў і ўправы».
Паводле 161-га артыкула Канстытуцыі Альбаніі 1998 году, Банк Альбаніі «мае выключнае права на выпуск і абарачэньне альбанскай валюты, ажыцьцяўляць грашовую палітыку незалежна, а таксама падтрымліваць валютны запас Рэспублікі Альбанія і кіраваць ім». Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «Банк Альбаніі мае валодаць здольнасьцю: а) уступаць у дамову; б) выдаваць правілы і заканадаўства», в) «трымаць, уладкоўваць і набываць маёмасьць», г) «гандляваць каштоўнымі паперамі, разьмяркоўваць іх за кошт ураду Рэспублікі Альбанія і выпускаць іх за ўласны кошт». Згодна з 12-м артыкулам Закону «Банк Альбаніі нясе выключную адказнасьць за выдачу дазволаў усім банкам Рэспублікі Альбанія і нагляд за імі. З гэтай мэтай Банк Альбаніі мае ... наглядаць за ўсялякай сядзібай банка, банкаўскай бухгальтэрыяй і рахункамі, дакумэнтамі банкаў і іншых асобаў, якія займаюцца дазволенай банкаўскай дзейнасьцю». Паводле 14-га артыкула, «Банк Альбаніі ўпаўнаважаны адкрываць рахункі для дазволеных банкаў і прымаць ад іх уклады». Згодна з 16-м артыкулам, «Банку Альбаніі дазваляецца выдаваць пазыкі банкам, што трымаюць у яго рахункі,... на тэрмін да 92 дзён». Таксама Банк Альбаніі можа забавязаць камэрцыйныя банкі трымаць у Банку Альбаніі ўклады ў памеры да «20 % ад агульнай сумы грашовых укладаў або абавязкаў такога банка». Паводле 30-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі», Банк Альбаніі мае права пазычаць Міністэрству скарбу Альбаніі на тэрмін да 6 месяцаў у альбанскіх леках пад рынкавы адсотак. Пагатоў агульны памер дапушчальнай запазычанасьці абмяжоўваўся 5 % сярэднегадавога даходу ўраду за папярэднія 3 гады.
Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «кожныя 6 месяцаў Банк Альбаніі мае падаваць у Савет міністраў і Народны сход Рэспублікі Альбанія, а таксама публікаваць заявы пра палітыку, што мусяць зьмяшчаць: а) адзнаку дасягненьня і падтрыманьня ўстойлівасьці цэнаў у папярэднія 6 месяцаў і меркаванае прадпісаньне на наступныя 6 месяцаў; б) адзнаку грашовай, пазыковай і валютнай палітыкі, якую Банк Альбаніі ажыцьцяўляў у папярэднія 6 месяцаў; в) апісаньне і тлумачэньне грашовай, пазыковай і валютнай палітыкі, якой Банк Альбаніі зьбіраецца трымацца ў наступныя 6 месяцаў; г) апісаньне правілаў, якімі Банк Альбаніі прапануе трымацца ў прыняцьці і выкананьні грашовай, пазыковай і валютнай палітыкі ў наступныя 2 гады». Згодна з 9-м артыкулам Закону «Банк Альбаніі мае стварыць Галоўны запасны фонд. Пры канцы кожнага фінансавага году Фонду маюць выдзяляць 25 % чыстага прыбытку за год, пакуль Галоўны запасны фонд не складзе 500 % аплачанага капіталу Банку Альбаніі». Паводле 10-га артыкула, у наступным «рэшту чыстага прыбытку за фінансавы год маюць выкарыстоўваць для выкупу ўрадавых каштоўных папераў, выдадзеных Банку Альбаніі». Рэшта прыбытку пасьля ўсіх вылічэньняў «мае выплочвацца ў дзяржаўны каштарыс цягам 4 месяцаў пасьля сканчэньня фінансавага году». Згодна з 13-м артыкулам «Банк Альбаніі мае назіраць за міжнароднымі плацяжамі, што вынікаюць з замежнага гандлю, негандлёвымі пераводамі і ўзаемінамі іншых альбанскіх банкаў паводле дамоваў з замежнымі дзяржавамі, банкамі і прадпрыемствамі». Паводле 18-га артыкула, Банк Альбаніі мае апрылюдніваць свае «стаўкі і ўмовы зьніжак, перазьніжак і пазыкаў, як і розныя адсоткі і столі для разнастайных відаў банкаўскіх пераводаў».
Паводле 3-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «асноўнай мэтай Банку Альбаніі ёсьць дасягненьне і падтрыманьне ўстойлівасьці цэнаў». Банк таксама мае «прасоўваць і падтрымліваць разьвіцьцё рынкавага валютнага курсу». У якасьці падпарадкаванай мэты прадугледжвалася «спрыяньне цякучасьці, платаздольнасьці і належнаму дзеяньню ўстойлівага рынкавага банкаўскага ладу». «Асноўнымі задачамі Банку Альбаніі маюць быць: а) распрацоўка, прыняцьцё і выкананьне грашовай палітыкі Альбаніі, адпаведнай яго асноўнай мэце; б) распрацоўка, прыняцьцё і выкананьне парадкаваньня абмену і палітыкі валютнага курсу Альбаніі; в) выдача або адкліканьне дазволу банкам, якія ўдзельнічаюць у банкаўскай справе, і нагляд за імі, каб забясьпечыць устойлівасьць банкаўскага ладу; г) трыманьне свайго афіцыйнага валютнага запасу і распараджэньне ім; д) выступ у якасьці банкіра і дарадцы, а таксама бюджэтнага пасярэдніка ўраду Рэспублікі Альбанія; е) спрыяньне бесьперабойнай працы аплатнага ладу».
2 верасьня 1925 году міністар скарбу Альбаніі Муфід Лібахова і кіраўнік банку «Італьянскі крэдыт» Марыё Альбэрці падпісалі Пагадненьне аб стварэньні Нацыянальнага банку Альбаніі (НБА). Кіраўнічую сядзібу НБА разьмясьцілі ў Дурэсе. Кіраўнічы камітэт на чале з Альбэрці засядаў у Рыме (Італія). 16 лютага 1926 году НБА выпусьціў альбанскі франк, што падзяляўся на 5 лекаў. Паводле Пагадненьня, НБА меў залаты запас роўны траціне вартасьці банкнотаў у абарачэньні. Цягам першых 10 гадоў банк трымаў манаполію на выдачу пазыкаў у Альбаніі. У 1938 годзе НБА аднавіў паноўнае становішча на рынку пазычаньня. У лістападзе 1944 году Дэмакратычны ўрад Альбаніі нацыяналізаваў НБА. 14 студзеня 1945 году Ўстаноўчы сход Альбаніі ўхваліў Закон аб пераўтварэньні НБА ў Дзяржаўны банк Альбаніі (ДБА). Зь лютага 1946 году ДБА пачаў пазычаць дзяржаўным прадпрыемствам і сельскагаспадарчым каапэратывам. Банк трымаў валютны запас ураду Народнай Рэспублікі Альбанія, для якога выконваў міжнародныя разьлікі. 7 ліпеня 1947 году ДБА зацьвердзіў Указ № 445 «Аб вывадзе з абарачэньня банкнотаў франку і новым выпуску». У выніку асноўнай грашовай адзінкай стаў альбанскі лек.
15 кастрычніка 1991 году ДБА стаў сябрам Міжнароднага валютнага фонду (Вашынгтон, ЗША). 22 красавіка 1992 году Народны сход Альбаніі ўхваліў Закон «Аб Банку Альбаніі». Яго асноўнай мэтай стала падтрыманьне ўстойлівасьці цэнаў. Зь лістапада 2000 году Банк Альбаніі ладзіць штогадовую навуковую нараду з удзелам ураду. У лютым 2010 году заснавалі Дасьледча-навучальны асяродак у Бэраце. 26 кастрычніка 2012 году адчынілі ўласны Асяродак выпуску грошай
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Банк Альбаніі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.