Полацкае паходжанне літоўскіх князёў — адна з гіпотэз паходжанне вялікіх князёў літоўскіх.
Паводле яе, Міндоўг і пазнейшыя Гедзімінавічы паходзілі з роду Ізяславічаў Полацкіх (Рагвалодавічаў).
«Васкрасенскі летапіс» (сяр. XVI ст.) паведамляе:
« Въ лето 6637 (1129) прииде на Полоцкие Князи на Рогволодовичи Князь Великий Мстиславъ Володимировичь Мономашь и Полтескъ взялъ, а Рогволодовичи за бежали въ Царьградъ. Литва въ ту пору дань даяше Княземъ Полоцкимъ, а владома своими Гетманы, а городы Литовские тогда, иже суть ныне за Кролемъ, обладаны Князьями Киевскими, иные Черниговскими, иные Смоленскими, иные Полоцкими, и оттоле Вильня приложишася дань даяти Королю Угорскому за страхование Великаго Князя Мстислава Володимировича; и Вильняне взяша себе изъ Царяграда Князя Полоцку Ростислава Рогволодовича детей Давила Князя, да брата его Молковца Князя; и той на Вильне первой Князь Давилъ, братъ Молковцевъ большой. А дети ево Видъ, егожъ люди волкомъ звали; да Ердень Князь. А Ерденевъ сынъ крестился, былъ Владыка во Твери, которой на Петра Чудотворца волнение учинилъ; звали его Андреемъ; писалъ на Чудотворца лживыя словеса. А у Молковца Князя сынъ Миндовгъ.» (Ст.-рус.)
Такім чынам, паводле гэтай версіі, ва ўсходняй частцы сучаснай Літвы з XI ст. існавала Віленскае княства — удзел Полацкай зямлі. Меркаваным яго князем быў Расціслаў Рагвалодавіч. Пасля 1129 года, калі полацкія Рагвалодавічы, у т.л. і Расціслаў, былі высланы з сем'ямі ў Візантыю, жыхары Вільні запрасілі сабе на княжанне з Візантыі сыноў Расціслава — Маўкольда і Давіла. Маўкольд, паводле летапісу, бацька Міндоўга, а Давіл — бацька Трайдзеня і, такім чынам, продак усіх Гедзімінавічаў. Пасля смерці Міндоўга і Войшалка, т.б. згасання роду Маўкольда, род Давіла пераняў уладу ў Літве.
Мікола Ермаловіч, абапіраючыся на тое, што літоўцы («літва») часта ўдзельнічала з паходах полацкіх князёў, лічыў, што «літва» знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Полацка. Таксама на ўсходзе сучаснай Літвы і паўночным захадзе Беларусі існавала Віленскае княства, з цэнтрам у Вільні (першапачаткова Крывіч-горад або Крывы-горад). Пра тое ж быццам паведамляе і Васкрасенскі летапіс. Гэта тэрыторыя славянізавалася праз крывічоў, як у сваю чаргу Панямонне праз дрыгавічоў.
Ёсць пытанні наконт Расціслава Рагвалодавіча. Паводле «Рускай геральдыкі» А. Б. Лакіера, Расціслаў Усяславіч меў сыноў Маўкольда і Давіла. Тым самым А. Б. Лакіер лічыць Расціслава Рагвалодавіча Расціславам Усяславічам. Паводле, напрыклад, «Гісторыі родаў рускага дваранства» П. М. Пятрова, Расціслаў Рагвалодавіч — сын Рагвалода Барысавіча і «Рагвалодавіч» не родавая прыналежнасць, а імя па бацьку.
Герб Гедзімінавічаў «Калюмны» вельмі падобны да «Трызуба» Рурыкавічаў, у т.л. да знака, якім карыстаўся Усяслава Брачыславіч і яго нашчадкі. Гэта можа сведчыць пра тое, што Гедзімінавічы маглі паходзіць ад нашчадкаў Усяслава і карыстацца мадыфікацыяй гэтага ж знака. Таксама герб «Пагоня», на думку некаторых гісторыкаў, мог мець полацкае паходжанне.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Полацкае паходжанне літоўскіх князёў, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.