Беларуская вышыўка — адзін з відаў народнага дэкаратыўнага мастацтва беларускага народа ў выглядзе арнаментальнай ці сюжэтнай выявы на тканіне ці скуры.
Вышыўка вырабляецца ўручную або з дапамогай швейных машын
Да беларускай вышыўкі можна адносіць усе віды і ўзоры вышыўкі, створанай на тэрыторыі, што складае сучасную Беларусь, а таксама за яе межамі ў супольнасцях, якія захавалі беларускія мастацкія традыцыі.
Паводле археалагічных знаходак, ужо ў X—XII стагоддзях была вядомая вышыўка шарсцянымі, ільнянымі, шаўковымі і залотнымі ніткамі. Раннія ўзоры беларускага гафту выяўлены на астатках тагачаснага скуранога абутку. Самымі распаўсюджанымі былі найпростыя ўзоры-знакі: ромбы, падзеленыя на 4 часткі, квадраты, крыжы, трыкутнікі, кольцы і да т. п. Яны захаваліся і ў вышыўцы XIX—XX стагоддзяў.
Арнаментальную вышыўку размяшчалі на рукавах, каўнярах, падолах кашуль, фартуха, галаўных уборах. Яна эвалюцыянавала нароўні з эвалюцыяй адзення. Акрамя гэтага вышыўкай упрыгожваліся абрусы, ручнікі і іншыя тэкстыльныя вырабы.
Да пачатку XX стагоддзя вышыўка набыла форму промыслу, з’явіліся вышывальныя майстэрні, якія працавалі ў тым ліку і на экспарт.
Адрозніваюць таксама гафт, як асобны від вышыўкі. Гэта ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі: каляровымі шаўковымі, залатымі, срэбранымі ніткамі, перлінамі, камянямі. У Беларусі гафт вядомы з XVI стагоддзя ў аздабленні літургічнага (арнаты) і святочнага адзення, дэкаратыўных тканін (пакрывалы для алтароў — антымінсы).
Асноўнымі колерамі беларускай вышыўкі з’яўляюцца чырвоныя ўзоры на белым фоне. У канцы XIX стагоддзя ва ўзорах пачынаюць выкарыстоўваць чорны колер, але не ў якасці пераважнага, а для вылучэння чырвонага колеру. Гістарычна для беларускіх тэрыторый характэрна ўжыванне ў вышыўцы чырвоных, сініх, чорных (забалаць, горынь, блахва), белых (белка) колераў, хоць у залежнасці ад рэгіёна Беларусі каларыстыка вышывак можа адрознівацца.
Для накладной вышыўкі (аплікацыі) ужываліся шнур, тасьма, стужкі, кавалкі каляровых тканін, скура і інш.
Беларуская вышыўка валодае арнаментальнымі і тэхналагічнымі рэгіянальнымі адметнасцямі, акрамя гэтага багацце дэкарыравання на вырабе таксама залежыць ад рэгіёну. Так, найболей багатым дэкарыраваннем вылучаецца вышыўка Падняпроўя, цэнтральнай Беларусі, Усходняга і Заходняга Палесся.
Тэхніка выканання народнай вышыўкі даволі разнастайная. Большасць швоў ужывалася выключна для ўпрыгожвання асновы. Існавала група традыцыйных дэкаратыўных швоў, злучальных і краявых (абкіданне) швоў. На Палессі і Падняпроўі здаўна выкарыстоўвалі розныя віды зборак (маршчэнне). У залежнасці ад тэхнікі выканання вылучаюць 2 групы швоў: верхашвы (па суцэльнай тканіне) і скразныя (для якіх выцягваецца пэўная колькасць нітак асновы і ўтку). Верхашвы падзяляюцца на лікавыя (выконваюцца па ліку нітак тканіны) і адвольныя (па контуры). Сярод лікавых швоў асобнае месца займае набор (нацяг, завалаканне, процяг і інш.); пашыраны таксама швы крыжыкам, пляцёнка, сцябліністы, розныя віды процягу (гладзі) (адна-, двухбаковы і інш.), роспіс. Традыцыйныя верхашвы выконваліся чырвонымі, чырвонымі з нязначным дадаткам сініх (з канца XIX ст. чорных) нітак. Адвольныя швы — процяг (просты, рэдкі), аплікацыя, выбіванне і інш. — найчасцей выкарыстоўвалі для стварэння паліхромных стылізавана-раслінных узораў. Строчка — вышыўка па разрэджанай тканіне (сакаленне, гафт) сустракаецца пераважна ў форме вузкіх мярэжак, якімі ўпрыгожвалі кашулі, фартухі, наміткі, ручнікі і інш.
У сялянскім асяроддзі ўменне жанчын вышываць перадавалася з пакалення ў пакаленне. На Палессі ў багатых сем’ях з часамі збіраліся значныя запасы адзення. Гэтае багацце складалі працы мацярок, дачок і ўнукаў, здаралася, што тры пакаленні вышывалі разам. Вышыванне здаўна лічылася ў беларусаў адным з неабходных заняткаў жанчыны (асабліва дзяўчыны-нявесты), хоць і з пэўнымі узроставымі абмежаваннямі. Вышываць жанчын вучылі з дзяцінства. Больш за ўсё вышываннем займаліся незамужнія дзяўчаты, якія пачыналі гатаваць сабе пасаг задоўга да вяселля — ужо з 13-14 гадоў. Прыкладна з 12-15-гадовага ўзросту дзяўчына пачынала засвойваць працэс арнаментацыі іголкай. Першыя ўрокі браліся ў маці, чым забяспечвалася бесперапынная перадача традыцый, неабходных рамесніцкіх навыкаў. Вышывалі дома, вышывалі і на вячорках, асабліва ўзімку, чаргуючы шытво і прадзіва з танцамі, спевамі ды жартамі. Для вышывання яны выкарыстоўвалі кожную вольную хвіліну: нават калі пасвілі жывёл, у перапынках падчас працы на панскім двары. Уменне ткаць і вышываць ацэньвалася як каштоўны навык, неабходны кожнай жанчыне. Калі дзяўчына валодала галоўнымі жаночымі рамёствамі — прадзеннем, ткацтвам і вышыўкай і ў час вяселля магла прадэманстраваць свой багаты пасаг і дары, то лічылася, што яна майстрыха і працаўніца. Высока ацэньвалася ўменне ствараць менавіта прыгожыя прадметы, упрыгожаныя ўзорамі, арнаментаваныя. Жанчына ў замужжы прысвячала рукадзеллю не так шмат увагі — перш за ўсё з-за адсутнасці вольнага часу.
У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя вышыванне на Беларусі было адным з пашыраных заняткаў, а вышыўка — развітым і папулярным відам народнага мастацтва. Тканіны, арнаментаваныя вышыўкай, узорным ткацтвам, былі абавязковым атрыбутам традыцыйных абрадаў сямейнага і каляндарнага цыклаў. У той ці іншай ступені тэхнікай вышыўкі валодала кожная жанчына, пагатоў што ў асобных месцах вышыўка была адзіным ці пераважным (у параўнанні з ткацтвам) спосабам аздаблення і арнаментацыі тканін.
Іншы раз вышыўку выконвалі талакой. У перадвясельны час талаку з бліжэйшых сваячак і сябровак збірала нявеста, каб своечасова падрыхтаваць неабходныя абрадавыя рэчы. Усёй грамадой аздаблялі вышыўкай і ручнік-абыдзённік, вытканы групай жанчын за адну ноч ці дзень для абароны сваёй вёскі ад пошасці, эпідэміі, засухі, градабою.
Вышыўку на ручніку для пахавальнага арнаменту дазвалялася рабіць толькі старым жанчынам, бо лічылася, што яе моц можа забраць маладую дзяўчыну на той свет.
Кожная вышыўка, як на ручніку, посцілцы, так і на адзенні мела свой сакральны сэнс. Уся вышыўка на народным аддзенні заўжды нешта сімвалізуе, узор залежыць ад таго, каму належыць гэтая вопратка і ў якіх выпадках яна апранаецца.
Беларуская вышыўка на Вікісховішчы |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Беларуская вышыўка, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.