Арменія — унітарная, шматпартыйная, дэмакратычная дзяржава-нацыя з даўняй гісторыяй і культурнай спадчынай.
Сённяшняя Арменія — парламенцкая (з 2018) рэспубліка, прэзідэнт якой выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент, выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм'ер-міністрам. У 2018 армянскае грамадства прадэманстравала сваю палітычную сталасць, не даўшы ў серыі вулічных пратэстаў былому прэзідэнту ўсталяваць аўтарытарны рэжым. Арменія дзеліцца на 11 марзаў. З 23 верасня 1991 года ўжываецца афіцыйная назва дзяржавы Рэспубліка Арменія (арм.: Հայաստանի Հանրապետություն — Аястані́ Анрапетуцю́н)
У Арменіі дзейнічае Канстытуцыя, якая была прынятая ў 1995 годзе на рэферэндуме. У снежні 2015 у краіне прайшоў другі рэферэндум, у адпаведнасці з рашэннем якога Канстытуцыя была зменена, і ў 2018 краіна перайшла да парламентарнай формы ўладкавання замест ранейшай паўпрэзідэнцкай. Кіраўніком дзяржавы па-ранейшаму з'яўляецца прэзідэнт, які цяпер прызначаецца парламентам на сямігадовы тэрмін і выконвае фактычна прадстаўнічыя функцыі.
Дрэйф экс-прэзідэнта Сержа Саргсяна на пасаду прэм'ер-міністра ў красавіку таго ж года (дзеля чаго ўласна і быў задуманы пераход да парламенцкай рэспублікі) выліўся ў палітычныя пратэсты, у выніку якіх армянскаму грамадству ўдалося адстаяць дэмакратыю. Лідар пратэстоўцаў, дэпутат Нікол Пашынян 8 траўня 2018 стаў в.а. прэм’ер-міністра, а праз некалькі месяцаў — паўнавартымм прэм'ерам. Пратэсты ў самой Арменіі атрымалі назву #MerzhirSerzhin, паводле хэштэга, што азначае "адхіліць Сержа (Саргсяна)"
Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту, дэпутаты якога выбіраюцца на пяцігадовы тэрмін. 101 дэпутат парламента выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыйнай сістэме. У экстрэмальных сітуацыях склад парламента можа быць пашыраны да 200 крэслаў. У парламент праходзяць дэпутаты партый, што пераадолелі пяціадсоткавы бар’ер. Галоўныя палітычныя партыі: «Грамадзянская дамова» Нікола Пашыняна і Арарата Мірзаяна, што разам з партыяй «Місія» і незалежнымі прадстаўнікамі грамадскасці фарміруюць урадавы альянс «Мой крок». Апазіцыйныя партыі: «Квітнеючая Арменія» і «Бліскучая Арменія». Рэспубліканская партыя Арменіі — самая ўплывовая партыя постсавецкага часу — на апошніх выбарах (снежань 2018) нават не пераадолела пяціадсоткавага бар'ера.
Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм'ер-міністрам. Прэм’ер-міністр — самая ўплывовая фігура ў палітыцы сучаснай Арменіі — прызначаецца прэзідэнтам ў адпаведнасці з вынікамі парламенцкага галасавання і можа быць зняты ў выпадку атрымання вотуму недаверу з боку парламента. Усіх міністраў прэзідэнт прызначае паводле ўказання прэм'ер-міністра.
У сваёй знешняй палітыцы Ерэван будуе сяброўскія адносіны з усімі краінамі свету, больш цесна арыентуючыся на Расію і іншых удзельнікаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У Гюмры размешчана расійская ваенная база. Добрым сябрам Арменіі ў ХХІ стагоддзі стаў Іран. Дзякуючы шырокаму прадстаўніцтву армянскай дыяспары па ўсім свеце, Арменія мае цесныя сувязі з многімі вялікімі краінамі (ЗША, Францыя). Затое з усходу і захаду краіну атачаюць два суседа, адносіны з якімі непрымірныя і варожыя (у дыяпазоне ад ціхай варожасці да ўзброенага канфлікту) — Турцыя і Азербайджан. Першай армяне не могуць дараваць генацыду армян канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў (якія, дарэчы і сфармавалі большую частку дыяспары) і які Турцыя не хоча прызнаваць; і ўключэння ў свой склад усёй Заходняй Арменіі з гарой Арарат. З другім у канцы 1980-х – пачатку 1990-х не ўдалося развязаць вузел Карабахскага канфлікту мірным шляхам, што прывяло да вайны і зрабіла Азербайджан ворагам №1. Ад часу перамогі Арменіі (1994) межы з Турцыяй і Азебайджанам закрыты, абодва суседа падрымліваюць рэжым блакады. Азербайджан лічыць Арменію акупантам, што захапіў 14 % яго тэрыторыі.
Акрамя ЕАЭС і АДКБ, Арменія ўваходзіць Савет Еўропы, Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Сусветную гандлёвую арганізацыю. Дзякуючы цесным гістарычным сувязям з Францыяй, Арменія стала сябрам Франкафоніі, у 2018 у Ерэване адбыўся саміт гэтай арганізацыі.
Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 11 чэрвеня 1993 года. У верасні 2001 года ў Ерэване адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. Пасольства Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь функцыянуе з 1993 года. Паслом Арменіі ў Мінску з 2018 з'яўляецца Армен Гевандзян.
У 2001 і 2013 гадах адбыліся афіцыйныя візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Арменію. Афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Рэспублікі Арменія прайшоў ў чэрвені 2002 года. Апошняя сустрэча прэзідэнтаў (з боку Арменіі прэзідэнты былі ў 2001,02 Качаран, у 2013 Саргсян, у 2018 Саркісян) адбылася 30 кастрычніка 2018 у межах працы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў асобе Беларусі Арменія будзе заўсёды мець добрага і надзейнага сябра.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Палітыка Арменіі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.