Жаніцьба Цярэшкі («Цярэшка») — беларуская народная гульня для нежанатай моладзі.
У даўніну мела сакральнае значэнне. З’яўлялася репетыцыяй вясельных абрадаў (маладыя людзі выбіралі сабе пару, жартоўна «жаніліся»). Нярэдка пары, якія складаліся ў час гульні, потым сапраўды браліся шлюбам. Падчас абраду выкарыстоўваліся традыцыйныя, народныя інструменты: беларуская дуда, скрыпка, у пазнейшы час гармонік. Старэйшыя сяляне з большасці ставіліся да гульні грэбліва з-за яе нясціпласці. На Поўначы Беларусі і сёння ў вёсках жывуць людзі, якія гулялі ў «Цярэшку» ў маладыя гады.
Упершыню абрад быў адноўлены ў 1998 годзе ў Івесі, на Глыбоччыне, намаганнямі Наталлі Нікіфаровіч і калектыву, які пазней узяў назву Народны тэатр фальклору «Цярэшка». Абрад набыў агульнанацыянальную вядомасць у 1998 годзе, калі калектыў быў запрошаны на сталічнае тэлебачанне і паказаў яго ў папулярнай на той час праграме «Запрашаем на Вячоркі». У аснову глыбоцкай Цярэшкі пакладзены мясцовыя гульнявыя традыцыі вёсак Запруддзе, Псуя, Празарокі. На Глыбоччыне абрад з’яўляецца папулярнай каляднай забавай і штогод ладзіцца там у перадкалядны перыяд. Падчас экспедыцыі кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ у вёску Івесь, Глыбоцкага раёна студэнтам пашанцавала праінтэрв’юіраваць Васіля Радзюша, цымбаліста-віртуоза, які падзяліўся навыкамі ігры на дыятанічных цымбалах і прадэманстраваў мелодыі да каляднай містэрыі «Жаніцьба Цярэшкі па-глыбоцку». Была зафіксаваная самабытная версія шырокавядомага танца «Лявоніха» ў міноры. Гэты танец некалі быў неадрыўным ад «Жаніцьбы». Выкананне «Цярэшкі» Васіля Радзюша стала галоўным музычным стрыжнем пры стварэнні праграмы: гэта чаргаванне «цярэшак» і «Лявоніхі» пры злучэнні і перакручванні пар «бабулек» і «дзядулек». У выніку «Жаніцьба Цярэшкі па-глыбоцку» была запісаная на відэа ў снежні 2013 г.
Фрагменты абраду былі запісаныя Зінаідай Мажэйка ў фільме "Памяць стагоддзяў", у 1982 годзе на Паазер'і. Запіс быў зроблены ў хаце Валянціны Крыцкай, у вёсцы Аношкі, Лепельскага раёна.
«Цярэшку» ладзілі пераважна ў зімовы час, у дні гадавых свят (Каляды, Новы Год, дні перад Вялікім постам). З-за нясціпласці гульні ніводны паважаны сямейны дом не дазволіў бы спраўляць яе пад сваім дахам, таму «Цярэшка» найчасцей спраўляўся ў карчме, абавязкова ў канцы гулянкі, пасля доўгіх танцаў. Карчмар мог усклікнуць: «Ну што ўсё скокі ды скокі! Валей бы Цярэшку жанілі!». У карчме адразу ж пачынаўся гоман: «Будуць Цярэшку жаніць! Будуць Цярэшку жаніць!». Пажылыя людзі сыходзілі ў іншыя памяшканні карчмы, а моладзь распачынала гульню.
На ролю «бацькі з маткаю» абіралі жанатых жанчыну і мужчыну, якія арганізоўвалі «вяселле». «Маткай» ці «сваццяй» часта рабілася жвавая ўдава, салдатка ці задзірыстая маладая дзяўчына. Разам з «бацькам» яны весела бегалі сярод маладзёнаў, падгаворваючы іх хутчэй выбіраць сабе «пару». Прычым уздзейнічалі часцей на хлопцаў, бо дзяўчаты спрабавалі адмовіцца ў складанні пар і застацца на гульні ў якасці гледача.
Кожная пара падыходзіла да «бацькі» з «маткаю» і прасіла ў іх дабраславення. Усё праходзіла камічна і жартоўна, але часам былі і спрэчкі, асабліва калі дзяўчыне не падабаўся хлопец, з якім яна была ў пары. Іншым разам дзяўчына наадварот з радасцю ўступала ў «шлюб» з пэўным хлопцам. Так ці інакш, па парам размяркоўваліся ўсе амаль жадаючыя, і адмаўляць было не прынята.
«Бацька» з «маткай» дабраслаўлялі кожну пару словамі: «Дай Бог вам шчасця і нішчасця, харошую долю ў волю, уцечкі на печкі дзеткі ў клеткі». Часам яны выказваліся і не вельмі сціпла: «Беражы, зяцёк, нашу дачушку, йяна у нас адна, — ні бедна, ты ж цяпер узяў яе і спі з дачкою». Музыкі пачыналі граць і спяваць песні.
. |
Пасля спеваў пачыналіся гульні. Дзяўчыны разбягаліся, хлопцы лавілі іх. Потым разбягаліся і хаваліся хлопцы. Нагуляўшыся, ладзілі вясельнае застолле.
У «Цярэшцы» магло удзельнічаць да дзесяці і болей пар моладзі. «Бацька» з «маткаю» стараліся жартамі і вясёлымі заклікамі падштурхнуць да гульні як мага болей народу, каб меней засталося ў гледачах. Іх роля была ў тым, каб зрабіць атмасферу максімальна пазітыўнай, пераканаць удзельнікаў адкінуць страх і комплексы. Нярэдка гульня прымала вельмі нясціплыя формы: абдымкі, пацалункі, розныя жарты. Разыходзілася моладзь позна, за поўнач. Калі дзяўчыне было далёка вяртацца дадому, новы «супруг» абавязаны быў правесці яе. Нярэдка здаралася, калі пары, якія стыхійна склаліся ў час гульні, пазней сапраўды браліся шлюбам.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Жаніцьба Цярэшкі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.