Агнястрэльная зброя, зброя, у якой для выкідання снарада (кулі) з канала ствала выкарыстоўваецца сіла ціску газаў, якія ўтвараюцца пры спальванні парахавога кідальнага зарада або спецыяльных палкіх сумесяў.
Агнястрэльная зброя спалучае ў сабе як сродкі паражэння (снарад, міна, куля і інш.), так і сродкі іх кідання ў цэль (дастаўкі) (гармата, мінамёт, кулямёт, вінтоўка і інш.).
У наш час найбольш распаўсюджана наразная агнястрэльная зброя, існуе таксама гладкаствольная агнястрэльная зброя.
Сучасная агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую зброю, стралковую зброю, гранатамёты.
Першая агнястрэльная зброя — драўляная «Вогненная дзіда», прататып ручніцы — з’явілася ў Кітаі, хронікі зафіксавалі яе прымяненне ў 1132 годзе, але лічыцца, што агнястрэльная зброя там з’явілася ў X ст.
Не дужа добра даследавана, якое месца ў гісторыі ўзнікнення агнястрэльнай зброі займае грэчаскі агонь, бо, з аднаго боку, ён вядомы са значна даўнейшага часу, але, з іншага боку, няма яснасці ў спосабе яго кідання. Аднак ужо ў «Кнізе агнёў для спальвання ворагаў» (Liber ignium ad comburendos hostes), напісанай каля 1250 года або ў канцы XIII стагоддзя Маркам Грэкам, пры апісанні пэўнага складу грэчаскага агню прыводзіцца цалкам пэўнае апісанне спосабу кідання: «1 частка каніфолі, 1 частка серы, 6 частак салетры ў тонка здробненым выглядзе растварыць у ільняным або лаўровым алеі, затым пакласці ў трубу або ў драўляны ствол і запаліць. Зарад адразу ляціць у любым кірунку і ўсё знішчае агнём». Відаць, стрэл здзяйсняўся менавіта спосабам, характэрным для агнястрэльнай зброі (за кошт гарэння кідальнага рэчыва), і пры гэтым далёкасць прымянення грэчаскага агню значна перасягала кітайскую вогненную дзіду пры высокай эфектыўнасці.
Афіцыйна лічыцца, што ў Еўропе агнястрэльная зброя з’явілася ў XIV стагоддзі, калі развіццё тэхнікі дазволіла выкарыстоўваць энергію пораху. Гэта азначала новую эру ў ваеннай справе — з’яўленне артылерыі, у тым ліку асобнай галіны артылерыі — ручной артылерыі.
Першыя ўзоры ручной агнястрэльнай зброі ўяўлялі сабой параўнальна кароткія жалезныя або бронзавыя трубы, глуха запаяныя з аднаго канца, які часам заканчваўся стрыжнем (стрыжань быў цалкам металічным або пераходзіў у дрэўка). Трубы без стрыжняў прымацоўваліся да ложаў, якія прадстаўлялі сабой груба апрацаваныя драўляныя калоды.
Для зарадкі зброі ў канал засыпаўся зарад пораху, а затым туды ўводзілася жалезная або свінцовая куля. Зброю стралок заціскаў пад пахай або ўпіраў у плячо (зрэшты, часам упорам служыла і зямля). Запал зарада ажыццяўляўся шляхам паднясення кнота, які тлеў да невялікай адтуліны ў сценцы ствала.
Ужо ў першай чвэрці XV стагоддзя ў канструкцыі ручной агнястрэльнай зброі з’явіліся першыя ўдасканаленні — ствалы сталі даўжэйшымі, прыклады выгнутымі, а на самім ствале з’явіліся прыцэльныя прыстасаванні. Такая зброя ў Заходняй Еўропе называлася кулеўрынамі . Эфектыўнасць стральбы падобных узораў заставалася даволі нізкай, а працэс зарадкі займаў некалькі хвілін. Вялікую нязручнасць уяўляў сабой спосаб узгарання зарада — тлеючы кнот адцягваў стралка ад прыцэльвання.
Для паляпшэння артыкула пажадана: |
Агнястрэльная зброя на Вікісховішчы |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Агнястрэльная зброя, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.