Ручні́к — прадаўгаваты выраб з тканага палатна — утылітарнага, дэкаратыўнага і традыцыйна-абрадавага прызначэньня; від тканін мастацкіх.
Вядомы ў народным побыце з глыбокай старажытнасьці з пашырэньнем ткацтва. Памеры беларускіх ручнікоў: даўжыня пераважна 1,5 — 3 м і шырыня 25 — 30 см.
На ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраны серабрыста-белыя, тканыя ў 2—3 ніты ручнікі, а таксама ўзорыстатканыя, так званыя дэкаратыўныя, тканыя ў 4—8 (часам да 12) нітоў ручнікі, якія пашырыліся з узьнікненьнем пераборнай і закладной тэхнік ткацтва. Ручнікі ткуць на кроснах, аздабляюць натыканьнем, вышыўкаю (процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка, ланцужок, гафт і інш.), карункамі, махрамі. Выразнасьць узору дэкаратыўнага ручніка падкрэсьліваецца рытмічным чаргаваньнем геамэтрычных элемэнтаў, а таксама камбінаваньнем рознай пражы асновы і ўтку — адбелены і суравы кужаль, кужаль і бавоўна, бавоўна і каляровы ядваб. Канцы аздабляюць белымі карункамі («зубы»), а таксама разьмешчанымі ўпоперак палатна чырвонымі і чырвона-чорнымі арнамэнтальнымі шляпкамі з баваўняных нітак «горынь». Напрыканцы 19 — пач. 20 ст. з пашырэньнем анілінавых фарбавальнікаў і фабрычных нітак (асабліва на поўдні Беларусі) пашырылася паліхромнае аздабленьне, у арнамэнтыцы частымі сталі зааморфныя і расьлінныя матывы. Пры стылявым адзінстве беларускіх ручнікоў вылучаюцца іх лякальныя асаблівасьці, якія тэрытарыяльна суадносяцца зь межамі народных строяў, і блізкія арнамэнтыкай да мясцовых абрусоў.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ручнік, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.