Сьвянцянскія грады (Сьвянцянскае ўзвышша) — грады на паўночным захадзе Беларусі.
Займаюць паўднёвы захад Віцебскай і паўночы захад Менскай абласьцей. Мяжуюць з Вушацка-Лепельскім узвышшам, Полацкай, Верхнебярэзінская і Нарачанска-Вялейскай нізінамі, заходзяць на тэрыторыю Летувы. Працягласьць з захаду на ўсход 120—130 км, з поўначы на поўдзень 35—45 км, плошча 2,7 тыс. км². Максымальная вышыня 228 м над узроўнем мора.
Рэльеф буйнаўзгорысты і градава-марэнава-азёрны, сфармаваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зьледзяненьня. Перавышэньні адносных вышыняў да 50—60 м, найвышэйшы пункт — 228 м над узроўнем мора (каля вёскі Камаі Пастаўскага раёну). У паніжэньнях і лагчынах шмат невялікіх, але глыбокіх азёраў, зьвязаных паміж сабой малымі рэчкамі, пратокамі і разьмешчаных групамі (Лучайская, Мядзёльская, Доўгаўская, Глыбоцкая групы). Тут знаходзіцца найглыбейшае ў Беларусі Доўгае возера (53,6 м). Найбуйнейшыя азёры: Мядзел, Шо і іншыя.
Сьвянцянскія грады — водападзел паміж рэкамі басэйнаў Заходняй Дзьвіны і Нёману. На паўночных схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута, на паўднёвых — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пяскова-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок, торф, бузы.
Пад ральлёй больш за 40% тэрыторыі, пад лесам каля 25%. Распаўсюджаныя мяшаныя драбналістыя лясы і хвойнікі.
У межах Сьвянцянскіх градаў частка нацыянальнага парку Нарачанскі, гідралягічныя заказьнікі Доўгае і Белае.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Сьвянцянскія грады, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.