Кацярына Дзясьніцкая (па-ўкраінску: Катерина Десницька), сіямскае (тайскае) імя На Пхітсанулок (27 красавіка 1886, Луцак, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя — 3 студзеня 1960, Парыж, Францыя) — прынцэса Сіяму (цяпер Тайлянд), жонка сіямскага прынца Чакрабонгсэ Буванаф (Чакрабона).
Кацярына Дзясьніцкая | |
Катерина Десницька | |
Імя пры нараджэньні | Катерина Іванівна Десницька |
---|---|
Род дзейнасьці | Прынцэса Сіяму, сястра міласэрнасьці |
Дата нараджэньня | 27 красавіка (9 траўня) 1886 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 3 студзеня 1960 (73 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | мэдыцынская сястра |
Псэўданім | На Пхітсанулок |
Сужэнец | спадчынны прынцы Сіяму Чакрабонгсэ Буванаф |
Дзеці | Чула Чакрабон[d] |
Нарадзілася ў сям’і старшыні суда Луцкага раёну Івана Сьцяпанавіча Дзясьніцкага.
Ейны бацька памёр у 1888 годзе. Ва ўдавы Марыі Міхайлаўны засталося 9 дзяцей (2 ад першага шлюбу, 5 ад першага шлюбу нябожчыка мужа і яшчэ 2 ад сумеснага шлюбу). Жанчына прадала маёнтак і зь сям’ёй пераехала ў Кіеў. Старэйшых пасынкаў аддала ў Кіеўскі ўнівэрсытэт, а малодшых — у гімназіі.
1898—1904 — Кацярына навучалася ў Фундуклееўскай жаночай гімназіі (найлепшай у месьце, каля Хрэшчаціку).
1904 — пасьля заканчэньня гімназіі Кацярына паехала ў Пецярбург, дзе вучыўся ейны брат Іван. Пасялілася ў жонкі генерала Надзеі Дзьмітравай, сваёй хроснай маці. Прайшла курсы мэдычных сясцёр у шпіталі імпэратрыцы Марыі Фёдараўны ў Фантанцы.
Ейны кіеўскі кавалер Ігар напісаў ёй у пачатку расейска-японскай вайны, што ён ідзе на фронт. Дзясьніцкая таксама запісалася на фронт у якасьці сястры міласэрнасьці. У канцы красавіка 1905 г. выехала з перасоўным шпіталем на Далёкі Ўсход. У Пецярбург яна вярнулася з трыма баявымі ўзнагародамі, у тым ліку Георгіеўскім крыжам за адвагу.
У сакавіку 1905 г. на балі для Георгіеўскіх рыцараў Дзясьніцкая сустрэлася з гвардзейскім гусарам. Ім аказаўся прынц Сіяму Чакрабонгсэ (Чакрабон, 1883—1920), сын караля Рамы V.
Чакрабонгсэ прыбыў у сталіцу Расеі ў 1898 годзе і быў залічаны ў Імпэратарскі Пажаскі корпус, дзе навучаліся толькі дзеці расейскай арыстакратычнай эліты.
Паміж маладымі ўспыхнула каханьне. Але былі вялікія перашкоды да шлюбу: прынц вызнаваў будызм — Кацярына была праваслаўнай. Маладыя таемна вянчаліся ў грэцкай царкве Сьвятой Тройцы ў Канстантынопалі (цяпер Стамбул). Сіямская каралеўская сям’я ўспрыняла гэты шлюб як мэзальянс, і Дзясьніцкую пры двары не прынялі. Сытуацыя не зьмянілася нават з нараджэньнем каралеўскага ўнука Кацярыны Чулы (28 сакавіка 1908 г.).
У 1910 годзе кароль Рама V (Чулалангкорн) памёр, а яго старэйшы сын Вахправуд узышоў на сталец пад імем Рама VI. Ён афіцыйна прызнаў шлюб свайго брата, і Дзясьніцкая атрымала тытул прынцэсы Сіяму вышэйшага рангу пад імем На Пхітсанулок (названая ў гонар правінцыі, якую ўзначальваў ейны муж). Праблемы ў сямейным жыцьці ўзьніклі, калі ў 1918 годзе Чакрабонгсэ закахаўся ў прынцэсу Чаваліт, дачку прынца Родзі, свайго далёкага сваяка. Кацярыне прыйшлося цяжка, таму што ў каралеўскай сям’і Сіяму практыкавалася шматжонства, і муж прасіў яе зьмірыцца з супэрніцай. Але яна запатрабавала разводу. Адмовілася ад вялікіх алімэнтаў, пагадзіўшыся толькі на суму ў 1200 фунтаў на год.
Пара разьвялася. Іх сын Чула Чакрабонс застаўся ў Сіяме, бо быў сынам спадчыньніка стальцу, а ўлетку 1919 году Кацярына Дзясьніцкая паехала жыць да брата, дыплямата, у Шанхай. У Кітаі яна ўступіла ў Чырвоны Крыж. Кароль забараніў Чакрабону брацца шлюбам з Чаваліт, бо яна была ягонай пляменьніцай. Пара жыла ў грамадзянскім шлюбе. Неўзабаве прынц прастудзіўся, катаючыся на яхце. 11 чэрвеня 1920 г. Чакрабонгсэ памёр ад пнэўманіі.
Жыла ў Шанхаі. У сувязі з кітайска-японскай вайной 1930-х гадоў Кацярына з новым амэрыканскім мужам Гары пераехалі ў Портленд, ЗША. Неўзабаве яны разьвяліся. Пасьля Другой сусьветнай вайны Кацярына пераехала ў Францыю. Яна пасялілася пад Парыжам, дзе ў 1960 годзе памерла ад сардэчнага прыступу.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Кацярына Дзясьніцкая, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.