Бялградзкая Біржа

«Бялградзкая біржа» — фондавая біржа Сэрбіі, заснаваная ў лістападзе 1894 году ў Бялградзе.

«Бялградзкая біржа»
сэрб. Београдска берза
Тып фондавая
Разьмяшчэньне Бялград, Сэрбія
Заснаваная 21 лістапада 1894 (129 гадоў таму)
Уладар Урад Сэрбіі
Ключавыя асобы Сініша Крнета
Валюта сэрбскі дынар
Колькасьць лістынгаў 557
РынКап 522 099,485 млн дынараў (10 красавіка 2019 г;4 425,378 млн эўра)
Аб'ём Бялградзкая Біржа63 187,582 млн дынараў (2018 г.; 534,125 млн эўра)
Індэксы БялБір15
Сайт belex.rs

Месьціцца ў гарадзкой абшчыне Новы Бялград па вуліцы Моладзевай брыгады, д. 1. На 2019 год гандаль ладзіўся з панядзелка па пятніцу ад 9-й да 14-й гадзіны. АТ «Бялградзкая біржа» ладзіла гандаль каштоўнымі паперамі праз 3 віды лістынгу — першарадны, звычайны і маларынкавы, а таксама праз адкрыты рынак і шматбаковую гандлёвую плятформу.

Кіраваньне

  • Скупшчына (Сход). Складаецца з пайшчыкаў біржы. Выбірае Кіраўнічую раду ў складзе 5 сябраў на 4 гады.
  • Кіраўнічая рада. Складаецца з 5 сябраў ад найбольшых і меншых пайшчыкаў біржы, а таксама прадстаўніка ўдзельнікаў біржы. Прызначае склад Камісіі лістынгу з 5 сябраў. Штогод прызначае склад Дысцыплінарнай камісіі.
  • Камісія лістынгу. Складаецца з 5 сябраў ад пайшчыкаў і ўдзельнікаў біржы, якія маюць прынамсі 3-гадовы досьвед гандлю каштоўнымі паперамі. Дапускае каштоўныя паперы да біржавога гандлю і прыпыняе гандаль імі.
  • Дысцыплінарная камісія. Складаецца са старшыні, яго намесьніка, 2 сябраў і 2 намесьнікаў сябраў зь ліку супрацоўнікаў біржы. Накладае спагнаньне на ўдзельнікаў і брокераў біржы за парушэньне правілаў гандлю.

Будова

На 2019 год удзельнікамі АТ «Бялградзкая біржа» былі 28 прадпрыемстваў:

  • 1 рынкаўтваральнік — АТ «Укладаньні МіВ» (Новы Бялград, бульв. Міхаіла Пупіна, д. 115 Е);
  • 21 дылера — «Агульнае таварыства» (Парыж, Францыя), Банк «Інтэза» (Турын, Італія), АТ «Бялградзкі незалежны брокер», АТ «Ваяводзінскі банк», АТ «Дыл-брокер», АТ «Дунайскі фондавы брокер», АТ «Ёргіч брокер», АТ «Камэрцыйны банк», АТ «Капітал Адзін» (Маклейн, штат Вірджынія, ЗША), АТ «Міжгародні брокер», АТ «Мэдыяланум-інвэст», АТ «Паштовы ашчадны банк», АТ «Прадбачлівы капітал», АТ «Райфайзэн-банк» (Вена, Аўстрыя), АТ «Субаціцкі брокер-дылер» (Субаціца, край Ваяводзіна), АТ «Тэзоро брокер», АТ «Тэсла-капітал», «Унікрэдыт Банк» (Мілян, Італія), АТ «Эрст-банк» (Вена), АТ «Эўрабанк» (Атэны, Грэцыя) і АТ «Юбмес-банк»;
  • 6 брокераў — АТ «АБЦ брокер», АТ «Ілірыка» (Любляна, Славенія), АТ «Канвест» (Нові Сад, край Ваяводзіна), АТ «Мамэнтум», АТ «Тандэм» (Нові Сад) і АТ «Эўра фінэкс-брокер».

Да Маларынкавага лістынгу на АТ «Бялградзкая біржа» дапускалі прадпрыемствы, якія: 1) мелі прынамсі 1 млн эўра капіталу, 2) прайшлі аўдыт, 3) вялі вэб-сайт па-сэрбску і па-ангельску, 4) разьмясьцілі ў вольным абарачэньні на біржы прынамсі 25 % паёў, 5) мелі паі вартасьцю прынамсі 150 000 эўра. У Звычайны лістынг улучалі прадпрыемствы, якія ў дадатак: 1) існавалі прынамсі 3 гады, 2) валодалі 2 млн эўра капіталу, 3) мелі за папярэднія 6 месяцаў прынамсі паўмільёна дынараў (4200 эўра) сярэднедзённага абарачэньня паёў на біржы ў рамках прынамсі 5 штодзённых дамоваў. Пры выпуску аблігацыяў прадпрыемства мусіла: 1) быць бясстратным за мінулы год, 2) мець вартасьць паёў на прынамсі 1 млн эўра, 3) валодаць дзейным (незаблякаваным) рахункам папярэднія 60 дзён. У Першарадным лістынгу знаходзіліся прыбытковыя прадпрыемствы, якія дадаткова мелі прынамсі 3 млн эўра капіталу. Пры выпуску аблігацыяў вартасьць іх паёў мела складаць прынамсі 3 млн эўра, а рахунак мусіў быць дзейным папярэднія 180 дзён.

Індэксы

На 2019 год АТ «Бялградзкая біржа» вяла 2 біржавыя індэксы:

  • БялБір15 (анг. BelEx15). Вядзецца з 1 кастрычніка 2005 году ад велічыні ў 1000 пунктаў. Улучае 15 найбольшых прадпрыемстваў на біржы паводле рынкавай вартасьці. Найбольшая вага аднаго прадпрыемства абмяжоўвалі 20 % вартасьці індэкса, склад паёў якога абнаўлялі кожныя паўгады. На 10 красавіка 2019 году яго вартасьць складала 739,29 пункту.
  • БялБірлінія (BelExline). Агульны біржавы індэкс, створаны 30 верасьня 2004 году з вартасьцю 1000 пунктаў. Склад паёў абнаўляецца кожныя паўгады. Паі аднаго прадпрыемства мелі складаць да 10 % вартасьці індэкса. На 10 красавіка 2019 году яго вартасьць складала 1586,75 пункту.

Гісторыя

21 лістапада 1894 году адбыўся ўстаноўчы сход Бялградзкая біржы, які абраў управу і прызначыў біржавых пасярэднікаў. Першапачаткова гандаль праводзілі ў бялградзкай гасьцініцы «Босьнія» на беразе рацэ Саве. У адным памяшканьні гандлявалі валютамі і тамсама складалі дамовы на экспарт чарнасьліваў і іншага харчаваньня. Пры канцы 1890-х гадоў у складзе Бялградзкай біржы вылучылі валюную біржу, што ладзіла гандаль у гасьцініцы «Сэрбская карона» на іншым беразе ракі. Большасьць гандлю складалі ўрадавыя аблігацыі. У 1914—1918 гадах Бялградзкая біржа прыпыняла дзейнасьць на час Першай сусьветнай вайны. Пасьля вайны на біржы гандлявалі паямі звыш 140 прадпрыемстваў. У 1934 годзе біржу перанесьлі на Каралеўскую плошчу. Штодня на біржы гандлявала звыш 100 чалавек, а расцэнкі друкавалі на 1000 асобніках на трох мовах. У 1939 годзе старшынём біржы стаў былы старшыня ўраду Мілан Стаядзінавіч(sr). 28 сакавіка 1941 году адбылося апошняе паседжаньне Ўправы біржы. У 1953 годзе ўрад Народнай Рэспублікі Сэрбія зацьвердзіў Пастанову аб скасаваньні Бялградзкай біржы.

У сьнежні 1989 годзе 34 найбольшыя банкі Югаславіі правялі ўстаноўчы сход Югаслаўскага рынку капіталу. У 1991 годзе ўпершыню правялі гандаль паямі сэрбскіх прадпрыемстваў «Сінтэлон» (Бачка-Паланка, край Ваяводзіна) і «Аўтадом Кікінды» (Ваяводзіна). У 1992 годзе рынак перайменавалі ў Бялградзкую біржу. У 1990-я гады большасьць гандлю складалі дзяржаўныя і прыватныя аблігацыі. У 1996 годзе пачалі гандляваць дамовамі на пастаўку кукурузы, цукру і алею. У 2000 годзе сталі прадаваць аблігацыі мясцовага самакіраваньня і Народнага банку Югаславіі, а таксама разьмясьцілі акцыі прыватызаваных прадпрыемстваў. У 2003 годзе сталі магчымымі безупынны і аддалены гандаль. Пры канцы 2004 году пачалі выдаваць першы біржавы індэкс. У 2005 годзе ўвялі імгненную рассылку расцэнак. У 1-й палове 2008 годзе запусьцілі ўласнае апраграмаваньне, у выніку чаго пры канцы году адзін з удзельнікаў біржы стаў першым рынкаўтваральнікам. У 2017 годзе выручка АТ «Бялградзкая біржа» дасягнула 83,1 млн сэрбскіх дынараў пры чыстым прыбытку 21,6 млн дынараў (рэнтабэльнасьць 26 %).

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Бялградзкая Біржа КіраваньнеБялградзкая Біржа БудоваБялградзкая Біржа ІндэксыБялградзкая Біржа ГісторыяБялградзкая Біржа КрыніцыБялградзкая Біржа Вонкавыя спасылкіБялградзкая БіржаБялградФондавая біржа

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Народны АльбомВашынгтон (акруга Калюмбія)ІнтэробагНямеччынаЭтнічная тэрыторыя беларусаў251969Пацук2007Соні1940ЛацінкаКарл XIIАдраджэньне мовы.cn4.agРасейская мова ў БеларусіЖабінкаўскі раёнМагілёўАмонім.hu.caПрэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2001 годуГенэральная акруга БеларусьПінскБеларусазнаўства.gg.mq2006РадаўніцаАркадзь КуляшоўВасіль БыкаўСьвянцянскі раёнФранцішак АляхновічАндрэй МукавозчыкНікалё Мак’явэльліЛетувісы9 траўняМіжнародны стандартны кніжны нумарАМАПМацуо Басё.esБусел белы.la199730-я грэнадэрская дывізія Вафэн-СС (1-я беларуская)Энцыкляпэдыя.pw2Прэсьбітэрыянства53КлеапатраМарат ЖылінскіВялікае Княства Літоўскае1955Зора КіпельСэкс.byПатрыярх (царкоўны сан)Расейская моваБеларускі афіцыйны правапіс1929Арлан-белахвостРасейская акупацыя БеларусіЯнка МаразовічМарк Шагал.clВітаўтВіцебскТрава.skАравічы🡆 More