Гарадзенская ратуша — сядзіба органа грамадскага самакіравання Гродна, галоўны адміністрацыйны будынак.
Гістарычныя назвы Ратуша, Ratusz, Магистратское строение, Гостиный двор, Stary ratusz.
Ратуша | |
Гродзенская ратуша | |
---|---|
| |
HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Дата пабудовы | 1513 год |
Дата скасавання | 1946 |
Стан | знішчана |
| |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Упершыню пра неабходнасць ўзвядзення ратушы ў Гродне ўпаміналася ў прывілеі на магдэбургскага права ў 1496 годзе, дзе падкрэслена: «Узвядуць нават ратушу на годным месцы, пад каторым які пакой або камору для пастрыгання сукна падрыхтаваць і мець ім не забараняем. Будуць таксама мець на ратушы меру збожжа, г.зн. бочку ратушную, ды меру мёду, г.з н. медніцу». Упершыню пісьмовыя крыніцы фіксуюць існаванне ратушы ў 1529 годзе. Пра вонкавы выгляд будынка можна меркаваць па выяве на медзярыце гравюры Маціяса Цюнта 1568 года і Тамаша Макоўскага 1600 года. Паводле іх, гэта быў двухпавярховы будынак, завершаны высокай вежай з гадзіннікам і назіральнай пляцоўкай. Можна меркаваць, што будынак быў вельмі падобны на ратушу ў Браўнсбергу. Паводле інфармацыі з крыніц, каля ратушы працавалі крамы, важніца, а пад будынкам знаходзілася гарадская турма. Ратуша была зруйнавана ў 1660-х гадах у выніку захопу горада маскоўскімі войскамі. У зруйнаваным стане яна прастаяла больш за стагоддзе, пакуль у 1784 годзе на руінах старой не была ўзведзена новая ратуша, якая, аднак, неўзабаве была пашкоджана пажарам.
У 1815—1826 гадах ратуша была рэканструявана па праекце губернскага архітэктара Карла Багеміле ў класіцыстычным стылі. Пасля вайны 1812 года грошай у гарадскім бюджэце амаль не было, таму аднаўляў будынак за свае сродкі купец Юдэль Гутка з правам арэнды на 20 гадоў. Дзякуючы малюнку Напалеона Орды 1867 года, захаваным планам і пісьмовым крыніцам, вядома, што будынак уяўляў сабой двухпавярховы атынкаваны цагляны аб’ём, замкнёны па перыметры, з выступам у паўднёва-ўсходняй частцы. Фасады былі асіметрычныя, паўднёвы і паўночны былі ўпрыгожаны шасцікалоннымі порцікамі з элементамі дарычнага ордара. Пастаўленыя на стэрэабаты (п’едэсталы) калоны падтрымлівалі антаблемент з трохвугольным франтонам, на якім быў надпіс «MAGISTRAT» (у 1832 годзе надпіс заменены на «ГОРОДОВОЙ МАГИСТРАТЪ») з вялікіх пазалочаных медных літар. Пад франтонамі размяшчаліся аркавыя праезды. Паверхі на фасадах будынка размяжоўваліся прафіляваным паяском. Дзверы і вокны на першым ярусе абрамлялі фігурныя ліштвы. Дах двухсхільны, з вальмамі. Сістэма планіроўкі на другім ярусе была калідорная. Ва ўсходняй частцы будынка знаходзіўся ганак з васьмю калонамі.
У 1821 годзе частка ратушы, што знаходзілася з боку вуліцы Купецкай (цяпер Маркса), была прыстасавана пад гаўптвахту (вязніцу для вайскоўцаў). Сам магістрат займаў палову другога паверха з боку вуліцы Замкавай. Пасля ліквідацыі магістрата ў выніку судовай рэформы 1864 года яго памяшканні заняла гарадская дума, а будынак перайменавалі ў «гасцінны двор». Да канца 1860-х гадоў былая ратуша прыйшла ў аварыйны стан. Пасля працяглай перапіскі і абмеркавання ўладамі было прынята рашэнне: «Городской Гостиный двор предполагается перестроить в один этаж с мезонином и устройством в оном в нижнем этаже помещения с той стороны здания, где прежде помещалась главная Гаубтвахта, 7 магазинов, а в остальных частях снаружи и внутри 77 лавок, в мезонине же помещение для Городской Думы, Сиротского суда и Квартирной Комиссии, и кроме сего во дворе гостиного здания 28 деревянных лавок для мелочной продажи».
Будынак быў перароблены ў 1869—1870 гадах Давідам Гальпернам за права атрымліваць сродкі за арэнду на працягу пэўнага часу. Падчас пажару 1885 года будынак згарэў, а разам з ім архіў гарадской думы з усімі актамі гродзенскага магістрата XVII—XIX стст. і старэйшымі дакументамі. Цягам наступных гадоў адрамантаваны.
У міжваенны час будынак належаў магістрату Гродна. У ім жыло пяць чалавек — магістрацкі супрацоўнік, вартаўнік, пераплётчык і служачыя. Акрамя жылых пакояў у будынку знаходзіліся бюро розных устаноў, у тым ліку Дзяржаўнага кіраўніцтва біржай працы і Польскага саюзу хатняй працы, канцылярыя Саюза інвалідаў вайны і Добраахвотнае таварыства пажарнай бяспекі. Асноўную частку памяшканняў магістрата займалі крамы. Агулам на 1924 год іх было 69.
Будынак зруйнаваны ў 1949 годзе для пашырэння Савецкай плошчы.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Гарадзенская ратуша, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.