Батальён Кап «Будслаў»

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Бу́дслаў» (польск.: Batalion KOP «Budsław») — першы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Будславе ў 1924—1939 гадах.

Падчас польскай абарончай вайны сфармаваў батальён у складзе 207-га пяхотнага палка, у складзе якога прымаў удзел у бітве за Львоў, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь — у абароне дзяржаўных межаў.

Батальён Корпуса аховы памежжа «Будслаў»
Batalion KOP «Budsław»
Гады існавання верасень 1924 — верасень 1939
Краіна Батальён Кап «Будслаў» Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Вілейка» (1924—1929) →
Полк КАП «Вілейка» (1929—1939)
Тып воінскае фарміраванне
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 828 жаўнераў
Дыслакацыя Будслаў
Рыштунак Кулямёты, мушкетоны, вінтоўкі, карабіны, пісталеты
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры маёр Баляслаў Міргалоўскі
маёр Мечыслаў Бачкоўскі

Гісторыя

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На першым этапе яго арганізацыі ў 1924 г. паводле загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 г. была сфармавана трэцяя брыгада, а ў яе складзе — першы памежны батальён.

Першапачаткова ў яго склад увайшлі дружына камандавання батальёна, узвод сувязі і чатыры пяхотныя роты. Штат служачых складаўся з 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых. Ва ўзбраенні знаходзіліся 2 станкавыя і 48 ручных кулямётаў, 48 мушкетонаў, 439 вінтовак, 280 карабінаў і 32 пісталеты. З ліку транспартных сродкаў існавалі 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў.

Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы ў пачатку яго існавання складала 101 км (у 1934 г. — 113.243 км), з іх ліку на адну памежную роту даводзілася 25 км, а на стражніцу — 5 км. Аддаленасць камандавання батальёна ад камандавання брыгады ў Вілейцы складала 55 км.

3 кастрычніка 1924 г. маёр Баляслаў Міргалоўскі быў пераведзены з пятнаццатага пяхотнага палка «Вілкаў» у Корпус аховы памежжа на пасаду камандзіра першага батальёна, які да канца месяца прыступіў да працы на абшарах Віленскага ваяводства. У 1926 годзе на ўзроўні брыгады была арганізавана школа для падрыхтоўкі ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была адчынена ў Вілейцы, аднак праз два гады ліквідавана. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў заснаваны школьны батальён Корпуса аховы памежжа. Акрамя таго, дзеля павышэння колькасці кваліфікаваных кадраў 1 красавіка 1928 года пры батальёне ўтварыўся цэнтр падрыхтоўкі сапёраў. Улетку 1929 года пасля скасавання трэцяй памежнай брыгады батальён быў уключаны ў склад створанага палка «Вілейка». На той час ва ўзбраенні падраздзялення былі 953 вінтоўкі Бярц’е ўзора 1916 года, 64 ручныя кулямётамы «Шаша» узора 1915 года і 2 станкавыя кулямёты «Гочкіс» узору 1914 года.

У ліпені 1929 г. было прынята правіла, згодна з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву згодна з мясцовасцю іх размяшчэння, у выніку чаго першы памежны батальён быў пераназваны ў батальён «Будслаў». Разам з тым, абавязковая нумарацыя адзінак КАП захоўвалася да 1931 г., пакуль не была цалкам скасавана. Пасля праведзенай рэарганізацыі «R.2» камандаванню батальёна сталі падпарадкоўвацца ўзвод сувязі, кулямётная, школьная, рэзервоая і чатыры памежныя роты. У штаце служачых налічвалася 22 афіцэры, 83 унтэр-афіцэраў, 29 звыштэрміновых і 736 шараговых жаўнераў.

Загадам ад 23 лютага 1937 года распачалася першая фаза рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.3», адным з вынікаў якой стала рэфармаванне батальёна «Будслаў» шляхам надання яму статуса адміністрацыйнай адзінкі з адначасовай рэарганізацыяй камандавання. У той жа час адміністрацыйнай адзінкай для батальёна стаў полк «Вілейка». У выніку рэалізацыі праграмы «R.3» будынак стражніцы «Скарада» роты «Альковічы» было загадана перанесці ў вёску Сачыўкі з прызначэннем кватэры для яго камандавання.

Згодна з распараджэннем камандзіра Корпуса аховы памежжа Яна Крушэўскага, 1 красавіка 1939 г. было ліквідавана падкватэрмайстарства батальёна з утварэннем кватэрмайстарства. Ад 15 мая таго ж года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра. Улетку 1939 года «Будслаў» стаў мабілізацыйнай адзінкай для выведвальнай роты і першага батальёна 207-га пяхотнага палка. Гэтыя падраздзяленні былі сфармаваны падчас усеагульнай мабілізацыі напачатку верасня 1939 г. і ўвайшлі ў склад 35-й рэзервовай пяхотнай дывізіі. У складзе гэтага палка батальён прымаў удзел у бітве за Львоў.

Па заканчэнні мабілізацыі сваіх падраздзяленняў у 207-ы пяхотны полк батальён «Будслаў» адрадзіў сваю дзейнасць з прыцягваннем рэкрутаў і рэзервістаў. Непрацяглы час ахоўваў мяжу з БССР даўжынёй 112.143 км. Ад 17 верасня прымаў удзел у абароне дзяржаўнай мяжы падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Напад на батальён

Памежнікі з батальёна «Будслаў» пад кіраўніцтвам маёра Мечыслава Бачкоўскага 17 верасня 1939 г. распачалі баі з другой стралковай дывізіяй, 14-й і часткова 13-ым і 15-ым аддзеламі памежных войскаў НКУС, якія атакавалі мяжу з усходу. Стражніцы з чацвёртай памежнай роты «Докшыцы» збольшага не змаглі аказаць належнага супраціву. Выняткам стала стражніца «Парэчча», у ходзе бою з якой загінулі два савецкія салдаты з трынаццатага аддзела памежных войскаў, а адзін салдат з другой стралковай дывізіі быў паранены. Усё ж стражніца была захоплена а шостай гадзіне раніцы. Стражніца «Камайск» была атакавана 157-ым кавалерыйскім палком, у выніку чаго апынулася захопленай. Як паведамілі савецкія крыніцы наконт нападу на стражніцу «Камайск»: «Польскія жаўнеры ў ніжняй бялізне з вінтоўкамі схаваліся ў лесе. Палеглых няма».

Стражніцы другой роты «Гняздзілава» былі атакаваны падраздзяленнямі 13-га аддзела памежных войскаў НКУС, якія знішчылі рэзервовую роту. На стражніцы роты «Даўгінава» пачаў наступ 14-ы аддзел памежных войскаў. Стражніца «Мільча» змагалася на працягу гадзіны і была захоплена: у палон трапіў яе камандзір, але некалькі памежнікаў здолелі ўцячы ў кірунку Даўгінава. Стражніца «Пагост» таксама ўступіла ў бой, падчас якога памерлі камандзір заставы і некалькі жаўнераў; з савецкага боку загінуў камандзір атакуючага аддзелу лейтэнант Пятроў, а яго намеснік, палітрук Канькоў, быў паранены. Стражніца «Караліна» таксама прыняла ўдзел у сутыкненнях, у выніку чаго тры служачыя былі забіты, а пяцёра апынуліся ў савецкім палоне.

Падраздзяленні, размешчаныя ў Даўгінаве, без бою адышлі ў кірунку Будслава, дзе далучыліся да адступаючых частак. Стражніцы першай роты «Альковічы» падвергліся нападу 14-га памежнага аддзелу НКУС і падраздзяленняў другой стралковай дывізіі. Стражніца «Пасекі» пасля непрацяглага бою была ўзята: 13 жаўнераў былі забіты і 6 узяты ў палон, паранены 5 чырвонаармейцаў. Астатнія памежныя заставы з гэтай роты не прымалі ўдзелу ў бітвах, таму што здолелі адступіць да Альковічаў. Іншыя вайсковыя часткі, размешчаныя ў гэтым мястэчку таксама рэціраваліся ў кірунку Будслава і на наступны дзень далучыліся да адыходзячых батальёнаў, сярод якіх было і кіраўніцтва рэзервоай роты.

Здарэнні

Захаваліся звесткі аб здарэннях на тэрыторыі, якую ахоўваў батальён з 20 па 27 студзеня 1925 г.:

  • 20 студзеня 1925 г. у хаце нейкага Стасяка ў Будславе выбухнула граната, параніўшы яго дваіх сыноў і дачку. Хата была асабістым жыллём Стасяка, у ёй не кватаравалі польскія жаўнеры.
  • 24 студзеня 1925 г. савецкія памежныя войскі на адлегласці 150 м. ад мяжы з Польшчай пры дарозе з Вардамічаў на ўсход пабудавалі назіральную вышку вышынёй каля 2 м.
  • 25 студзеня 1925 г. а другой гадзіне ночы жаўнеры батальёна «Будслаў» выратавалі нейкага Генрыка Янковіча, які тануў у Сэрвачы каля Будслава. Тапелец апынуўся злодзеем, якога адшуквала паліцыя, куды ён і быў перададзены.

Структура

У склад батальёна «Будслаў» уваходзілі камандаванне батальёнам, узвод сувязі, рэзервовая, кулямётная і чатыры памежных роты:

  • 1 памежная рота «Альковічы»
    • Стражніца «Сачыўкі»
    • Стражніца «Скарада»
    • Стражніца «Пасекі»
    • Стражніца «Пруднікі»
    • Стражніца «Зацемень»
  • 3 памежная рота «Даўгінава»
    • Стражніца «Саланое»
    • Стражніца «Мільча»
    • Стражніца «Пагост»
  • 4-я памежная рота «Докшыцы»
    • Стражніца «Парэчча»
    • Стражніца «Антанопаль»
    • Стражніца «Пагулянка»
    • Стражніца «Камайск»
    • Стражніца «Рашкаўка»

Кіраўніцтва

Камандзіры батальёна

  • 3 кастрычніка 1924 — 5 лістапада 1928 — маёр пяхоты Баляслаў Міргалоўскі
  • 19 жніўня 1929 — 18 красавіка 1935 — падпалкоўнік пяхоты Юліян Чубрыт
  • 18 красавіка 1935 — лістапад 1936 — маёр пяхоты Адам Абтуловіч
  • лістапад 1936 — красавік 1938 — маёр пяхоты Яўген Сакольскі
  • 1 мая 1938 — студзень 1939 — маёр пяхоты Адольф Галіноўскі
  • 1 сакавіка 1939 — 31 жніўня 1939 — падпалкоўнік пяхоты Яўген Юрусь
  • 1 верасня 1939 — 17 верасня 1939 — маёр пяхоты Мечыслаў Бачкоўскі

Штат батальёна ў чэрвені 1939 года

  • Камандзір — падпалкоўнік Яўген Юрусь
  • Намеснік камандзіра — маёр Вацлаў Майхроўскі
  • Ад’ютантпаручнік Эдмунд Гойскі
  • Камандзір першай памежнай роты — капітан Ян Шчэсняк
  • Камандзір другой памежнай роты — капітан Стэфан Вітольд Пшэдпелскі
  • Камандзір трэцяй памежнай роты — капітан Славамір Накельскі
  • Камандзір чацвёртай памежнай роты — капітан Зыгмунт Станіслаў Валігорскі
  • Камандзір рэзервовай роты — паручнік Уладзіслаў Зыгмунт Галька
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Уладзіслаў Ставоўскі

Зноскі

Літаратура

  • Komunikaty dyslokacyjne KOP. — 1938.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №12/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №15/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Рышард Рыбка, Каміль Стэпан. Najlepsza broń. Plan mobilizacyjny „W” i jego ewolucja. — Варшава: Adiutor, 2010. — ISBN 978-83-86100-83-5.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.

Tags:

Батальён Кап «Будслаў» ГісторыяБатальён Кап «Будслаў» ЗдарэнніБатальён Кап «Будслаў» СтруктураБатальён Кап «Будслаў» КіраўніцтваБатальён Кап «Будслаў» ЗноскіБатальён Кап «Будслаў» ЛітаратураБатальён Кап «Будслаў»БудслаўКорпус аховы памежжаЛьвоўПаход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну (1939)Польская Рэспубліка (1918—1939)Польская абарончая вайна (1939)Польская мова

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская:

Янка БрыльХроніка БыхаўцаДзеяслоў (часопіс)Плошча Свабоды (Мінск)Гасцінец (дарога)1918Зінаіда Мартынаўна ПартноваЯнка КупалаКірыл і МяфодзійАдольф ГітлерІгар Міхайлавіч ПракаповічКрысціян БентэкеКлаўдзіа МантэвердзіДабрыня29 красавікаКітайШаўкоўніцаРэпрадуктыўная сістэма чалавекаБеларуская моваПрэзідэнт АфганістанаЮрась СвіркаРуская літаратураВожык (часопіс)Вялікае Княства ЛітоўскаеКлуб Сяргея АлейнікаваДранікіШахматыБеларуская літаратураМазырЦецярукУладзімір Уладзіміравіч РэшаткоБайтВольга Славаміраўна БондараваНацыянальны сход Рэспублікі БеларусьIRCЭбатсфардУладзімір Пятровіч БутрамееўБеларускае нацыянальнае адраджэннеСяргей Іванавіч ЗаконнікаўБаранавічыБачная зорная велічыняБеларусьІдалАнтон ЛуцкевічДзяржава ПалесцінаВіктар Казько74-ы асобны полк сувязіТомас ДжэферсанЯн Павел IВацлаў ІваноўскіЯкасць жыццяЕфрасіння ПолацкаяСэм УортынгтанМаладняк (літаратурнае аб’яднанне)АзіяНарысІмпрэсіянізмБаляслаў IV КучаравыКрэўскі замакАнтыкамуністычны партызанскі рух у Эстоніі (1940—1953)Леаніды не вернуцца да ЗямліЯдвігін Ш.Мікола Іванавіч ЕрмаловічКрыж Ефрасінні ПолацкайАдміністрацыйны падзел БеларусіДзеепрыслоўеЕўропаБела-чырвона-белы сцягВянок (зборнік)Атамная арбітальДзева Марыя28 красавікаМесны склонЛісты з-пад шыбеніцыПінская мадонна (карціна)🡆 More