Краё́вая па́ртыя Літвы́ і Белару́сі, КПЛіБ (польск.: Stronnictwo Krajowe Litwy i Białorusi, руск.: Краёвая партия Литвы и Беларуси) — палітычная партыя ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» ў Расійскай імперыі (у прыватнасці — у Беларусі і Літве) у пачатку ХХ ст., якая сумяшчала ў сваёй праграме «краёвыя» (аўтанамісцкія) і ліберальна-кансерватыўныя лозунгі.
Краёвая партыя Літвы і Беларусі | |
---|---|
польск.: Stronnictwo Krajowe Litwy i Białorusi | |
Лідар | Эдвард Адамавіч Вайніловіч, Раман Аляксандравіч Скірмунт |
Дата заснавання | 18 чэрвеня (2 ліпеня) 1907 |
Дата роспуску | 1908 |
Штаб-кватэра | Вільня, Віленская губерня, Расійская імперыя |
Ідэалогія | краёвасць, лібералізм, кансерватызм |
Саюзнікі і блокі | Польскі дэмакратычны саюз Беларусі (1907) |
Месцаў у ніжняй палаце | 1 (Станіслаў Ваньковіч) |
Месцаў у верхняй палаце | 3 (Эдвард Вайніловіч, Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Дзмітрый Карыбут-Дашкевіч) |
Партыйны друк | «Głos Polski» |
З прапановай стварэння партыі ўпершыню выступіў адзін з ідэолагаў «краёвасці» Раман Скірмунт (1868—1939). У лістападзе 1905 года ён надрукаваў у газеце «Kurier Litewski» («Літоўскі кур’ер», № 65, 1905 г.) зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабод (свабода сумлення, свабода слова, сходаў, друку, недатыкальнасць жылля і асобы, роўнасць усіх перад законам) і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і палітычнае роўнасці нацыянальнасцяў, краёвага самакіравання для Літвы. Пры гэтым асабліва падкрэслівалася недатыкальнасьць прынцыпу прыватнай уласнасці. Скірмунт таксама выступаў за пашырэнне выбарчых правоў, дзяржаўную дапамогу беззямельным і малазямельным сялянам у набыцці зямлі.
У звароце Скірмунта таксама адзначалася, што «Краёвая партыя Літвы і Русі» будзе стаяць на падмурку расійскай дзяржаўнасці, спадзяючыся на яе паступовае рэфармаванне ў кірунку пашырэння палітычных свабод; будзе выступаць за ператварэнне Дзяржаўнага Савету Расійскае імперыі ў выбарны орган кіравання. Лозунгам партыі абвяшчаліся словы «Справядлівасць для ўсіх». Заяўлялася, што партыйны клопат пра разьвіццё «краю» ня будзе супярэчыць культурна-нацыянальнае працы асобных народаў. Раман Скірмунт выступіў таксама за ўтварэнне ў Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі асобнай фракцыі дэпутатаў ад «Літвы і Русі». У заключэнне выказвалася надзея на захаванне добрых адносін паміж дваранствам і сялянствам.
Публікацыя ў прэсе праекту праграмы «Краёвай партыі» сведчыла пра пашырэнне сярод краёўцаў разумення неабходнасці ўласнай палітычнай арганізацыі. Рух краёўцаў даволі хутка арганізацыйна аформіўся, чаму спрыяў арганізацыйны вопыт сярэднезаможных і заможных дваранаў у рамках мясцовых таварыстваў сельскае гаспадаркі, найбуйнейшым і наймацнейшым з якіх у «краі» было і заставалася Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1876—1921) на чале зь неафіцыйным лідарам — віцэ-старшынём (1888—1907) Эдвардам Вайніловічам (1847—1928). Палажэнні палітычнага і сацыяльна-эканамічнага раздзелаў, прапанаванай Раманам Скірмунтам праграмы, вельмі нагадвалі задачы дзейнасці таварыства.
17 чэрвеня 1907 году па ініцыятыве Рамана Скірмунта ў Вільні адбыўся з’езд землеўладальнікаў шасці губерняў, які прыняў рашэнне стварыць партыю. Прадстаўнікі Ковенскай губерні і Скірмунт не ўвайшлі ў КПЛіБ, іх не задавальняла тое, што партыя ўзнікала як выключна «польская», а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, беларускую й літоўскую.
У 1908 партыя знікла з палітычнае арэны. У публіцыстычных выступленнях лідараў партыі сацыяльныя вярхі (маёмаснае дваранства) успрымаліся ў якасці галоўнага суб’екту грамадска-палітычнага жыцьця. Сьцьвярджэньне, што аблічча краю вызначае просты люд, а не дваранства (Раман Скірмунт), мела досыць дэкларатыўны характар і было разлічанае на ўсведамленне маёмаснымі дваранамі неабходнасці ўлічваць інтарэсы сацыяльных нізоў грамадскасці Літвы (Беларусі).
Партыя ізноў актывізавалася падчас Першай сусветнай вайны.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Краёвая партыя Літвы і Беларусі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.