Экюрой (па-француску: Écureuil — вавёрка) — шматмэтавы верталёт, распрацаваны францускім прадпрыемствам «Аэраспасьяль» (з студзеня 1992 году «Эўракоптэр»).
Гэты лятальны апарат з адным рухавіком прадаецца ў ЗША пад найменьнем «ЭйСтар», а з двума рухавікамі — пад найменьнем «ТуінСтар» (па-ангельску: TwinStar — здвоеная зорка). «Экюрой» быў першым верталётам, што атрымаў «акенцавы» рулявы вінт. Вырабляецца ў Бразыліі пад назовам «Эскілу» (па-партугальску: Esquilo — вавёрка) паводле ліцэнзіі прадпрыемствам «Хэлібрас».
Калі верталёт «Газэль» замяніў на рынку ўзбраеньняў «Алюэт II» (па-француску: Alouette — жаўрук), аддзел дасьледаваньняў «Аэраспасьяль» пачаў на пачатку 1970-х гадоў распрацоўку пераемнага верталёта для цывільнага рынку, надаючы асаблівую ўвагу тром акалічнасьцям: выдаткі на выкарыстаньне, узровень шуму й вібрацыі. Распрацоўка вялася з разьлікам на перавагу ў спаборы на рынку перад амэрыканскім верталётам «Бел 206». У выніку атрымаўся просты, але надзейны верталёт шырокага прыкладаньня з кампазыцыйных матэрыялаў: галоўка ротара «Старфлекс», падвойная балка са шкловалакна для падтрымкі рулявога вінта, фюзэляж. Яго аднесьлі да чацьвёртага пакаленьня распрацаваных у Францыі верталётаў пасьля «Алюэта II», «Пумы» й «Дафэна» (па-француску: Dauphin — дэльфін). У ім таксама выкарыстоўваліся найсучасьнейшыя напрацоўкі аўтамабільнае прамысловасьці. Канструкцыя кабіны верталёта дазваляла разьмясьціць двух пілётаў і тры-чатыры пасажыры на заднім сядзеньні.
Прататып AS.350-001 [F-WVKH] зьдзейсьніў свой першы палёт 27 чэрвеня 1974 году на чале з Даньелем Бошарам і Бэрнарам Сэртэнам, аснашчаны рухавіком «LTS 101» на 592 конскія сілы вытворчасьці амэрыканскага прадпрыемства «Авко-Лайкомінг» ды ротарам «Старфлекс». 14 лютага 1975 году AS.350-002 [F-WVKI] аснасьцілі рухавіком «Ар’ель 1B» на 641 конную сілу вытворчасьці францускага прадпрыемства «Турбамека», што прызначаўся адмыслова для малаважкіх верталётаў. Гэтую мадэль і сэртыфікавалі 27 кастрычніка 1977 году.
28 лістапада 2005 году «Эўракоптэр» паставіў паліцыі Паўднёва-Афрыканскае Рэспублікі трохтысячны аднаматорны верталёт «Экюрой» (AS.350B3). На той час вытворца прадаў 1531 пакупніку ў 91 краіне сьвету 3’719 «Экюроеў», што выкарыстоўваліся больш як 15 мільёнаў лётных гадзінаў.
Мадэль AS.350B аснашчалася рухавіком «Ар’ель 1B». Яе пастаўкі пачаліся ў ліпені 1978 году. Француская нацыянальная жандармэрыя (нутранае войска) набыла 30 такіх верталётаў.
AS.350C аснашчаўся рухавіком «LTS 101.600A-2» вытворчасьці «Лайкомінг». Пастаўлялася ў Паўночную Амэрыку з 1978 году. У першы ж год пакупнікі замовілі больш як 300 верталётаў.
AS.350L выраблялася з 1984 году для войска. Аснашчалася рухавіком «Ар’ель 1D» на 684 конныя сілы (AS.350L1) і «Ар’ель 1D1» на 724 конныя сілы (AS.350L2). З 1990 году назоў зьмянілі на AS.550U.
AS.355 пачалі вырабляць у 1978 годзе для амэрыканскага рынку. Першы з двух прататыпаў [F-WZLA] ўзьняўся ў паветра 28 верасьня 1979 году з рухавікамі «250-C20F» на 420 конных сілаў амэрыканскага прадпрыемства «Элісан» і 2 каробкамі перадачаў. Другі прататып ўзьняўся ў паветра 13 лістапада. Вытворчасьць пачалася пасьля выпрабавальнага налёту 122 гадзінаў. Да траўня 2000 году прадалі 592 «Экюроі».
AS.355E прадаваўся ў ЗША пад назовам «ТуінСтар».
AS.355F пачаў вырабляцца ў 1982 годзе. Зазнаў зьмены профілю ляза.
AS.355M быў двухматорным адпаведнікам AS.350L.
AS.355N аснашчаўся рухавікамі «319 Арыюс 1A» вытворчасьці «Турбамекі», кіраванымі ЛПКР. Сэртыфікавалася ў Францыі ў 1989 годзе і ў 1992 годзе ў ЗША, пры пачатку першых туды паставак.
Экюрой — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў (анг.)Уласьцівасьці "Экюроя" AS355NP // Сайт "Эўракоптэра". Дата доступу: 22 траўня 2010
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Экюрой, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.