Мары́я Ляво́нцьеўна Бачкаро́ва (па-расейску: Бочкорева), народжаная Фралко́ва (па-расейску: Фролкова; ліпень 1889, с.
Нікольскае, Кірылаўскі павет, Наўгародзкая губэрня, Расейская імпэрыя — 16 траўня 1920, Краснаярск, РСФСР) — вайсковец.
Нарадзілася ў сям’і сялян Лявонція Сямёнавіча (які моцна піў) ды Вольгі Елізараўны (у дзявоцтве Назарэва) Фралковых. Неўзабаве сям’я перасялілася ў Заходнюю Сыбір, у с. Ксеньеўку Томскага павета Томскай губэрні. Там з 8 гадоў пачала працаваць прыслугай, пазьней яе спакусіў паручнік Васіль Лазаў, які ехаў на Расейска-японскую вайну, а ў студзені 1905 г. яна бярэцца шлюбам з Апанасам Бачкаровым ды пачынае жыць ў Томску, дзе працуе грузчыкам ды рабочай на ўкладцы маставой. Але сямейнае жыцьцё не заладзілася і яна уцякае ад мужа ў Іркуцк. Па дарозе яе, нявопытную сялянку, спакушаюць розныя нядобрасумленныя чыноўнікі. Потым яна трапляе да трымальніцы бардэлю у Срэценску. Неўзабаве яна сышлася з габрэем Якавам Букам, які трымаў мясную краму ды займаўся грабежніцтвам. У траўні 1912 г. Бук быў арыштаваны па абвінавачваньні ў разбойных нападах і адпраўлены адбываць пакараньне ў Якуцк, а Марыя добраахвотна рушыла за ім. 14 ліпеня 1913 г. яна прыбыла ў Якуцк. Каб Яшу не выслалі ў самую студзёную аддаленую Калымскую акругу Якуцкай вобласьці, Бачкарова, па яе словах, аддалася якуцкаму губэрнатару Івану Крафту. Крафт выпусьціў Бука з турмы, але, зачараваны «умельствам» Бачкаровой, запатрабаваў новай блізкасьці з ёй. Марыя, цяжка перажываючы сваю здраду, прастадушна прызналася Яшы, якая «прычына» вызваліла яго з турмы. Янкель сам не свой ад рэўнасьці паабяцаў забіць Крафта. Аднак ажыцьцявіць замысел не ўдалося, бо Бука арыштавалі ў кабінэце Крафта і выслалі ў паселішча Амгу Якуцкай акругі. За ім адправілася і Бачкарова.
У пачатку 1914 г. Буку дазволілі жыць у Якуцку, дзе ён заняўся махлярствамі, пачаў піць ды хвастаць Марыю. Пакрыўджаная Марыя паведаміла паліцэйскаму упраўленьню што Бук рыхтуе грабежніцкі напад на адну з устаноў Якуцка і Якава Гершева Бука арыштавалі. Бачкарова, баючыся сужыцеля, які не дараваў ёй Крафта, вырашае ехаць на фронт, пакінуўшы Бука ў Якуціі, хаця у 1915 годзе ён таксама падаў прашэньне каб яго адправілі на фронт у дзеючую армію ў санітарны атрад, у чым яму адмовілі. Бачкарова прыбыла ў Томск і зьвярнулася да камандзіра 25-га рэзэрвовага батальёна запісаць яе ў салдаты. Але толькі з дазволу цара яе залічылі у 4 роту 5 палка 25 Томскага рэзэрвовага батальёна. У лютым 1915 г. Бачкарова разам з батальёнам апынулася ў раёне баявых дзеяньняў на рубяжы Полацк-Паставы, уліўшыся ў 28-й Полацкі полк 7 дывізіі 5 армейскага корпуса 2 дзеючай арміі под камандаваньнем генэрала Васіля Гуркі. У памяць аб Янкелі, кінутым у Якуціі, Марыя назвалася Яшкам, хадзіла ў штыхавыя атакі, ў выведку, выцягвала раненых з поля бою, была некалькі разоў была цяжка паранена. Ёй было нададзена званьне малодшага, а потым старшага унтэр-афіцэра. Удзельнічала у г.зв. «брусілаўскім прарыве» аўстра-германскага фронту і генэрал А. Брусілаў асабіста ўручаў ёй узнагароду. Вясной 1917 г. яна прымае удзел у стварэньні жаночага батальёна у Петраградзе і неўзабаве «Першая жаночая ваенная каманда сьмерці Марыі Бачкаровай», або «бачкароўскія дуры», апынулася пад Маладзечнам у складзе 1-га Сыбірскага армейскага корпуса 525 пяхотнага палка 132-й пяхотнай дывізіі.
10 сакавіка 1917 г. з якуцкай турмы выпусьцілі ўсіх 192-х крымінальнікаў. З іх была заарганізавана працоўная камуна, якую узначаліў Якаў Бук, але яго 30 верасьня 1918 г. расстралялі белагвардзейцы у лесе ля п. Бесьцях. «Сьмерць сустрэў мужна, да апошняга моманту не губляючы самавалоданьня» /Бук, Яков Григорьевич. // За власть Советов в Якутии. Биографический сборник о борцах, погибших в 1918—1925 годах. Якутск. 1958. С. 58./
Улетку 1917 гады атрад Бачкаровай адзначыўся пры Смаргоні. Генэрал А. Дзянікін пісаў: «Што сказаць пра „жаночую раць“?.. Сустрэты ён быў разбэшчаным салдацкім асяродзьдзем насьмешліва, цынічна. У Маладзечна, дзе стаяў першапачаткова батальён, па начам прыйшлося яму ставіць моцны каравул дзеля аховы баракаў… Потым пачаўся наступ. Жаночы батальён, прыдадзены да аднаго з карпусоў, доблесна пайшоў у атаку, не падтрыманы „рускімі багатырамі“. І калі настала сапраўднае пекла непрыяцельскага артылерыйскага агню, бедныя жанчыны, забыўшыся на тэхніку рассыпнога бою, сьціснуліся ў гурт — бездапаможныя, адзінокія на сваім участку полю, узаранага нямецкімі бомбамі. Панесьлі страты…» /Деникин А. И. Очерки русской смуты. // Вопросы истории. № 10. 1990. С. 113./ У баях 9-10 ліпеня ў раёне Крэва Бачкарова была кантужаная і адпраўленая ў петраградзкі шпіталь. За гэтыя баі ёй было нададзенае званьне паручніка.
Калі адбыўся бальшавіцкі пераварот 1917 г. Бачкарова знаходзілася ў складзе 1-га Сыбірскага корпуса і трымала ўчастак рэзэрвовай пазыцыі каля Крэва, але па новаму распараджэньню павінна была расфарміраваць свой батальён. Яна прыехала Петраград, дзе нібыта сустракалася з Леніным і Троцкім, але была арыштованая бальшавікамі. Пасьля вызваленьня паехала да бацькоў, у вёску Тутальскую, але каля Чалябінска была выкінутая бальшавіцкімі салдатамі з вагону і пашкодзіла сабе нагу. Напачатку 1918 года старшыня Георгіеўскага камітэту генэрал Аносаў выклікаў яе тэлеграмаю ў Петраград і даручыў устанавіць нелегальную сувязь з Л. Карнілавым. Апранутая у строй сястры міласэрнасьці дабралася праз Царыцын у Навачаркаск, а адтуль, па даручэньні генэрала, выправілася праз Уладзівасток у ЗША прасіць дапамогі для барацьбы супраць Савецкай улады. 13 траўня 1918 г. Бачкарова прыбыла ў Сан-Францыска. Напрыканцы траўня 1918 г. яна сустрэлася з дзяржсакратаром ЗША Р. Лансінгам і міністрам абароны Н. Бекерам, 10 ліпеня 1918 г. Бачкаровы была прынятая прэзыдэнтам ЗША В. Вільсанам, які слухаў яе « з мокрымі ад сьлёз вачамі». Амэрыканскі журналіст Айзек Дон Левін (1892—1958), габрэй з Мазыра, па аповядах Бочкаревой, бо яна была непісьменнай бабай" напісаў кнігу пра яе жыцьцё, якая пабачыла сьвет ў 1919 г. і была перакладзена на французскую мову. Са ЗША Бачкарова выправілася ў Вялікабрытанію, куды прыбыла ў жніўні 1918 г. дзе сустракалася з У. Чэрчылем ды каралём Георгам V.
27 жніўня «расейская Жана д’Арк» вярнулася ў Расею, у Архангельск, дзе занялася п’янкай, распустай ды дэбошамі ды так, што генэрал Марушэўскі пасадзіў яе на сем сутак хатняга арышту. 10 жніўня 1919 г. Бачкарову выправадзілі з Архангельску на параплаве «Калгуеў». 19 кастрычніка 1919 г. яна прыбыла ў Томск а 10 лістапада 1919 г. сустрэлася з А. Калчаком у Омску, Але пасьля таго як Калчак пакінуў Омск яна вярнулася ў Томск. 7 студзеня 1920 г. Марыя была арыштаваная прадстаўнікамі савецкай улады і зьняволеная ў турму, адкуль у сакавіку 1920 г. пераведзеная у Краснаярск і 15 траўня там было прынятае рашэньня яе расстраляць, якое было выканана 16 траўня 1920 г. Але расейскі дасьледчык С. Дрокаў, пакрыўджаны на тое, што яго мала уганароўваюць за тое што ён шмат зрабіў для высьвятленьне біяграфіі Бачкарова, заявіў, што ён наўмысна ў сваіх працах напісаў, што Бачкарову расстралялі чырвоныя, а на самай справе яе з краснаярскай вязьніцы вызваліў Ісак Дон Левін, разам з ім яна адправілася ў Харбін, дзе сустрэла свайго аднапалчаніна і пабралася з ім шлюбам, памяняўшы прозьвішча, але ён, Дрокаў, які толькі ён, валодае гэткімі зьвесткамі, пра гэта нікому не раскажа, бо на усіх пакрыўджаны, што яго не уганароўваюць. 9 студзеня 1992 г. Марыя Бачкарова была рэабілітаваная.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Марыя Бачкарова, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.