«Tygodnik Petersburski» (па-беларуску: Штотыднёвік Пецярбурскі) — палітычна-літаратурнае выданьне, якое выходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў 1830—1858 роках пад рэдакцыяй Юзафа Працлаўскага і Францішка Малеўскага.
Tygodnik Petersburski | |
Тып | штотыднёвік |
---|---|
Галоўны рэдактар | Францішак Геранім Малеўскі (1830—1835) Юзаф Эмануэль Працлаўскі |
Рэдактар | Францішак Геранім Малеўскі і Юзаф Эмануэль Працлаўскі |
Заснаваная | 1830 |
Закрытая | 1858 |
Мова | польская |
Штаб-кватэра | Санкт-Пецярбург |
Дазвол на выданьне газэты атрымаў Мікалай Маліноўскі, аднак сам выдаваць газэту ня здолеў і перадаў справу Юзафу Працлаўскаму. На старонках газэты асуджалася Лістападаўскае паўстаньне, і ў выніку ўжо ў 1832 «Tygodnik Petersburski» стаў афіцыйнай урадавай газэтай Царства Польскага і пачаў выходзіць двойчы на тыдзень (у серады і пятніцы).
Ад 1841 — орган г. зв. «пецярбурскай катэрыі»(pl) — прымірэнчай, праца́рскай, кансэрватыўнай і артадаксальна каталіцкай групы пісьменьнікаў (Казімер Буйніцкі, Ігнацы Галавінскі, Міхал Грабоўскі, Генрык Жавускі, Аляксандар Пшазьдзецкі, Юзаф Працлаўскі, Станіслаў Халанеўскі, Людвік Штырмер). Пэўны час супрацоўнікам «Тыднёвіка Пецярбурскага» зьяўляўся і Юзаф Крашэўскі. Уплыў катэрыі быў такі аўтарытэтны, што іншы погляд на літаратуру і грамадзкае жыцьцё выказваўся толькі ў непадцэнзурных выданьнях. Аднак пасьля выхаду двухтомніка «Mieszaniny obyczajowe» Генрыка Жавускага ўзьнялася вялікая хваля крытыкі, якую падтрымаў нават Юзаф Крашэўскі. Неўзабаве, аднак, і ён трапіў пад агонь крытыкі маладых літаратараў, якія заснавалі ў Кіеве альманах «Gwiazda», і гэта вярнула яго ў стан «Тыднёвіка Пецярбурскага».
Выданьне змагалася з прагрэсіўнымі плынямі філязофскай думкі, выступала супраць дэмакратычных рамантычных тэндэнцыяў у сучаснай польскай літаратуры. Яго мэтаю была прапаганда польскай нацыянальнай літаратуры, асабліва гістарычных раманаў ўолтэрскотаўскага тыпу, апалягетных адносна шляхецкага мінулага. Згадкі пра культуру, мову мясцовага люду калі і траплялі ў артыкулы, дык толькі ў кантэксьце выкарыстаньня на карысьць польскай літаратуры ці культуры. Пасьля падзеяў 1848 року «Tygodnik» страціў папулярнасьць.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Tygodnik Petersburski, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.