Футбо́льная вайна́ (па-гішпанску: La guerra del fútbol) альбо Стогадзі́нная вайна́ — збройны канфлікт між Сальвадорам і Гандурасам у 1969.
Напружаньне між дзьвюма дзяржавамі супала з забурэньнямі ў адборачным турніры чэмпіянату сьвету па футболе 1970 року. Вайна пачалася 14 ліпеня 1969 нападам сальвадорскага войска. 18 ліпеня Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў (ААД) дабілася замірэньня (адсюль другая назва «100-гадзінная вайна»), якое пачалося 20 ліпеня. У пачатку жніўня сальвадорскае войска вярнулася на ранейшыя пазыцыі.
Футбольная вайна | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
* Сальвадор | |||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Фідэль Санчэс Эрнандэс | Асвальда Лёпэс Арэльяна | ||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
|
| ||||||||||
Страты | |||||||||||
| 2100 чалавек | ||||||||||
Прычыны «футбольнай вайны» значна глыбейшыя, чымся простае процістаяньне заўзятараў. Плошча Гандураса у пяць разоў большая за Сальвадор, але ў 1969 року насельніцтва Сальвадору (3,7 млн чал) было на 40% большым за насельніцтва Гандурасу (2,6 млн). З пачатку XX стагодзьдзя сальвадорцы пачалі міграваць у Гандурас, і паводле стану на 1969 там жыло больш за 300 000 сальвадорцаў, што складала больш за 10% усяго насельніцтва. Яны самавольна засялялі і абраблялі зямлю, чаму працівіліся буйныя земляўласьнікі і карпарацыі.
У 1962 року ў Гандурасе быў прыняты закон пра зямельную рэформу, які даў права ўладам адбіраць незаконна занятую сальвадорскімі імігрантамі зямлю і перадаваць яе карэнным гандурасцам. Тысячы сальвадорскіх працаўнікоў вымушаныя былі пакінуць Гандурас, што ў выніку і спрычынілася да выбуху канфлікту.
У чэрвені 1969 року зборныя Гандурасу і Сальвадору сустрэліся ў двухматчавай кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету па футболе. У першай гульні ў сталіцы Гандурасу Тэгусыгальпе фанаты пабіліся між сабой. Пасьля другой гульні ў Сан-Сальвадоры адбылася яшчэ горшая бойка. 27 чэрвеня ў Мэхіка быў прызначаны матч на вылет, у якім Сальвадор перамог 3:2 у дадатковы час. Адразу пасьля гэтага Сальвадор разарваў дыпляматычныя стасункі з Гандурасам, паведаміўшы, што за апошнія 10 дзён, што мінулі з часу гульні ў Сан-Сальвадоры, Гандурас выгнаў 11 700 сальвадорцаў.
Удзень 14 ліпеня 1969 року Вайскова-паветраныя сілы Сальвадору, скарыстаўшыся цывільнымі самалётамі з прымацаванымі выбуховымі прыладамі, пачалі бамбаваньне Гандурасу, а армія пачала наступ па двух аўтамагістралях між дзяржавамі і хутка падышла да Тэгусыгальпы, аднак далей наступ запаволіўся.
У адказ гандураская авіяцыя 16 ліпеня нанесла авіяўдар па авіябазе Іляпанга і нафтабазах Сальвадору. 17 ліпеня адбыліся паветраныя бітвы, прычым абодва бакі ваявалі летакамі ЗША часоў Другой сусьветнай вайны. Футбольная вайна стала апошнім канфліктам у гісторыі авіяцыі, дзе з абодвух бакоў змагаліся самалёты з рухавікамі ўнутранага спальваньня.
Калі сальвадорская армія падышла да Тэгусыгальпы, гандураскі ўрад зьвярнуўся па дапамогу ў разьвязаньні канфлікту да Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў. 18 ліпеня адбылося надзвычайнае паседжаньне ААД, якое заклікала Сальвадор неадкладна спыніць баявыя дзеі і вывесьці войскі. Поўнае спыненьне вагню пачалося 20 ліпеня, аднак далейшыя ўмовы Сальвадор пагаджаўся выканаць толькі пасьля сплаты Гандурасам рэпарацыяў за напады на сальвадорскіх грамадзянаў і гарантыяў бясьпекі для тых сальвадорцаў, што застаюцца ў Гандурасе. Пад ціскам ААД Сальвадор пачаў вывад войскаў 2 жніўня. Фактычна баявыя дзеяньні цягнуліся 4 дні, але да мірнага ўрэгуляваньня мінула яшчэ больш за дэкаду.
Гандураскі ўрад паабяцаў прэзыдэнту Сальвадору Фідэлю Санчэсу Эрнандэсу, што гарантуе бясьпеку ўсім сальвадорцам, якія пражываюць у Гандурасе, аднак сплачваць рэпарацыі адмовіўся.
Абодва бакі зазналі вялікія страты. Былі перамешчаныя каля 300 000 сальвадорцаў; мноства зь іх былі выгнаныя з Гандурасу ў Сальвадор, які зусім іх не вітаў. Усе сальвадорцы, што вярнуліся на радзіму цягам некалькіх наступных гадоў, таксама аказаліся ў галечы і перанаселеных мясьцінах.
Між забітых 900 сальвадорцаў большасьць склалі цывільныя жыхары. Гандурас страціў 250 вайскоўцаў і больш за 2000 мірных грамадзянаў. Паколькі большая частка вайсковых дзеяньняў адбывалася на гандураскай зямлі, тысячы людзей пазбавіліся жытла.
Эканоміку абодвух краінаў падкасіў разрыў эканамічных стасункаў і перакрыцьцё мяжы. Сыстэма цэнтральнаамэрыканскай інтэграцыі была прыпыненая на 22 гады.
Пасьля выбараў у абодвух краінах узрасла вага вайскоўцаў у палітыцы, што прыпыніла працэс дэмакратызацыі, назіраны ў 1960-х роках.
У Сальвадоры з прыбыцьцём уцекачоў пагоршала сацыяльная сытуацыя, што стала адной з прычынаў грамадзянскай вайны 1979—1992 рокаў, якая забрала жыцьці ад 70 да 80 тысячаў асобаў.
30 кастрычніка 1980, праз 11 гадоў па сканчэньні Футбольнай вайны Гандурас і Сальвадор падпісалі ў Ліме (Пэру) мірную дамову, дзе таксама дамовіліся вырашыць пагранічную спрэчку ў затоцы Фансэка і ў пяці пунктах наземнай граніцы праз Міжнародны Суд ААН. У 1992 року Суд большасьць спрэчнай тэрыторыі прызнаў за Гандурасам, і ў 1998 краіны падпісалі ўмовы пра дэмаркацыю мяжы на гэтых умовах. Аднак і пасьля гэтага працягнулася спрэчка за астравы ў Фансэцы. У 2012 року прэзыдэнты Гандурасу Парфірыё Лёба, Гватэмалы Ота Пэрэс Маліна і Нікарагуа Даніель Артэга дамовіліся прызнаць затоку Фансэку мірнай тэрыторыяй, аднак прадстаўнікоў Сальвадору на гэтай сустрэчы не было.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Футбольная вайна, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.