Іван Іванавіч Насовіч (26 верасня (7 кастрычніка) 1788, в.
Гразівец, цяпер Чавускі раён — 25 ліпеня (6 жніўня) 1877) — беларускі мовазнавец-лексікограф, фалькларыст і этнограф.
Іван Іванавіч Насовіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 верасня (7 кастрычніка) 1788 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 ліпеня (6 жніўня) 1877 (88 гадоў) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | навуковец, лексікограф, дыялектолаг, мовазнавец |
Навуковая сфера | этнаграфія, лексікаграфія |
Альма-матар | |
Вядомы як | філолаг-славіст, этнограф, палеограф |
Творы ў Вікікрыніцах |
Скончыў Магілёўскую гімназію і духоўную семінарыю (1812). Працаваў выкладчыкам, інспектарам Аршанскага, выкладчыкам, рэктарам Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў (1813—1822), загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага і Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў (1822—1843). У 1843 выйшаў у адстаўку, пераехаў у Мсціслаў і заняўся навуковай працай.
Шмат падарожнічаў па Паўночна-Заходнім краі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства. Па ix прапанове склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі 3аходняй Расіі» (Увараўская прэмія 1865, рукапіс захоўваецца ў Бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбургу), дзе растлумачаны каля 13 тыс. слоў. Асноўная навуковая праца І. І. Насовіча тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай гаворкі» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўвайшло больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, а таксама выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых помнікаў; усе значэнні слоў і словазлучэнняў раскрываюцца аўтарскімі тлумачэннямі з дакладнымі рускімі эквівалентамі і цытатамі з дыялектнай, фальклорнай ці агульналітаратурнай мовы, часам даецца этымалогія слоў. У 1881 быў выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І. І. Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Слоўнік да гэтага часу застаецца ўнікальным зборам беларускай лексікаграфіі.
Значнымі былі і фальклорна-этнаграфічныя працы І. І. Насовіча, галоўная сярод якіх — «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства), які змяшчае каля 3,5 тыс. прыказак, прымавак, прыгаворак, праклёнаў, скорагаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў. У зборніку раскрываецца сэнс прыказак, выяўляецца іх паходжанне, даюцца эквіваленты з рускай мовы, а ў многіх выпадках і з інш. моў. Потым выйшлі зборнікі «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1868), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), вядомы рукапіс зборніка «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» не выяўлены і інш. зборнікі. Зборнікі адкрываюцца прадмовамі аўтара, у якіх І. І. Насовіч выказваў свае погляды на беларускую народную вусна-паэтычную творчасць.
Аўтарству І. І. Насовіча належыць гістарычна-лінгвістычны нарыс «Aб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» (рукапіс захоўваецца ў Бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбургу), дзе ён м. інш. даводзіў, што назвы плямёнаў «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад беларускіх народных слоў. Пакінуў гісторыка-мемуарную працу «Успамінаў майго жыцця» (рукапіс захоўваецца ў Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі). Таксама аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу А. Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 г.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Іван Іванавіч Насовіч, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.