Сьвятлана Андрэеўна Навумава (29 лютага 1956, Коўна — 10 сакавіка 2011, Менск) — беларуская навукоўца ў галіне паліталёгіі і паліттэхналёгіяў.
Сьвятлана Навумава | |
Дата нараджэньня | 29 лютага 1956 |
---|---|
Месца нараджэньня | Коўна, Летувіская ССР |
Дата сьмерці | 10 сакавіка 2011 (55 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца вучобы | МДУ |
Занятак | акадэмік |
Навуковая сфэра | паліталёгія, тэорыя палітыкі, тэорыі дэмакратыі, публічная палітыка, сучасны палітычны працэс |
Месца працы | ЭГУ |
Нарадзілася ў Коўне Летувіскай ССР. У пэрыяд з 1973 па 1978 год навучалася на гістарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яе аднакурсьнікам, у прыватнасьці, быў вядомы сёньня расейскі палітоляг Вячаслаў Ніканаў.
З 1982 г. вучылася ў асьпірантуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску, у 1988 годзе абараніла кандыдацкую дысэртацыю па філязофіі.
З 1987 па 1994 гады выкладала ў Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, з 1994 па 2001 гады працавала ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы пры БДУ, прымала ўдзел у дзейнасьці Прэзыдэнцкай камісіі па адукацыі. Адначасова працавала ў Міжнародным інстытуце палітычных досьледаў у Менску.
З 2001 па 2004 год была кіраўніцай катэдры палітычных і сацыяльных навук у ЭГУ, а пасьля закрыцьця ЭГУ ў Менску брала актыўны ўдзел у барацьбе за аднаўленьне ўнівэрсытэту ў выгнаньні. У новым ЭГУ працавала прафэсаркай на факультэце філязофіі і палітычных навук з 2005 па 2009 год. Была судырэктаркай рэгіянальнага цэнтру найноўшых досьледаў і адукацыіі і сурэдактаркай навуковага часопісу «Перекрестки. Журнал исследований Восточно-европейского пограничья». За час сваёй працы ў ЭГУ падрыхтавала некалькі дзясяткаў магістраў палітычных навук, многія з кіраўнікоў беларускіх НДА атрымалі падрыхтоўку ў магістарскіх праграмах пад кіраўніцтвам С. А. Навумавай. У ЭГУ чытала курсы «Уводзіны ў палітычную навуку», «Уводзіны ў паліталёгію», «Асновы палітычнай тэорыі», «Сучасныя тэорыі грамадзянскай супольнасьці», «Беларусь як палітычны праект».
Як паліттэхноляг і палітычная кансультантка працавала ў выбарчых кампаніях на прэзыдэнцкіх выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў, выбарах у Вярхоўны Савет 1995 году, выбарах у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 2000 году.
Была адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і працавала ў штабе кандыдата ў Прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Пасьля акцый пратэсту ў сувязі з вынікамі выбараў яе выклікалі ў КДБ, праводзілі вобшукі, што адмоўна адбілася на стане яе здароўя.
Сьвятлана Андрэеўна Навумава памерла 10 сакавіка 2011 году ў Менску пасьля працяглай полікістознай хваробы нырак.
Па ініцыятыве кампаніі "Гавары праўду" створаная прэмія імя С. Навумавай, з мэтай падтрымкі дзейнасьці незалежных журналістаў, аналітыкаў і грамадзкіх дзеячаў у Беларусі. Прэмія імя Сьвятланы Навумавай уручаецца з 2012 году. Яна прызначаецца за крэатыўнасьць і глыбіню дасьледаваньня палітычнага жыцьця краіны, актыўнасьць і неабыякавасьць у грамадзкай прасторы. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях: журналістыка (“За грамадзянскую і маральную пазіцыю”), аналітыка (“За глыбіню думкі і навуковую адказнасць”) і палітычная дзейнасць (“Надзея”, уручаецца маладым палітыкам да 35 гадоў). У 2014 дададзена намінацыя “Сацыяльная інавацыя – задума года”.
У сфэры навуковых зацікаўленасьцяў Навумавай былі паліталёгія, тэорыя палітыкі, тэорыі дэмакратыі, публічная палітыка, сучасны палітычны працэс.
Займалася навуковымі досьледамі ў галіне паліталёгіі, працавала ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ў Міжнародным інстытуце палітычных дасьледаваньняў у Менску. Праходзіла стажыроўку ў Расеі (1991), Канадзе (1997), ЗША (1999), Нідэрляндах (2008).
Бацька — Навумаў Андрэй Рыгоравіч (1912—1982) — удзельнік Савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў, удзельнічаў у вызваленьні Летувы ад нямецкіх захопнікаў. Быў настаўнікам расейскай мовы, а пасьля — дырэктарам сярэдняй школы.
Маці — Навумава (Ігнатовіч) Рэгіна Францаўна (1925—1980) — скончыла гістарычны факультэт МДУ у 1951 г., выкладала навуковы камунізм.
Муж — Горлаў Валеры Васільевіч (1949—1997) — кандыдат матэматычных навук, сябра «Амэрыканскай матэматычнай супольнасьці», выкладаў у БДУ, дзе фактычна стварыў кірунак — матэматычная лёгіка.
Сын — Горлаў Андрэй Валеравіч (нар. 1984 г.) — бакаляўр паліталёгіі.
Апошнімі гадамі Сьвятлана Навумава жыла разам з пляменьніцай Рамуальдай Пашлянковай.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Сьвятлана Навумава, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.