Васіль Дзьмітрыевіч Ліцьвінка (1941; в.
Верхні Церабяжоў, цяпер Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 2007, Менск) — зьбіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклёру, вучоны-фальклярыст, старшыня Саюзу фальклярыстаў Беларусі.
Васіль Ліцьвінка | |
Дата нараджэньня | 7 сьнежня 1941 |
---|---|
Месца нараджэньня | вёска Верхні Церабяжоў, Столінская акруга, Генэральная акруга Берасьце Літоўскі, Райхкамісарыят Украіна(uk), Трэці Райх |
Дата сьмерці | 12 ліпеня 2007 (65 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Занятак | фальклярыст, калекцыянэр, папулярызатар навукі, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | Фальклярыстыка |
Месца працы | Філялягічны факультэт БДУ |
Вядомы як | Стваральнік навукова-дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру |
Навуковая ступень | кандыдат філялягічных навук[d] |
Нарадзіўся 7 сьнежня 1941 году ў вёсцы Верхні Церабяжоў на Століншчыне. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы выкладаў беларускую мову, літаратуру і сьпевы ў сямігодцы вёскі Лука на Століншчыне (1958—1960). Служыў у ваенна-марскім флёце СССР (1961—1964).
Вучыўся на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту (1964—1970). Падчас вучобы ўзначальваў студэнцкі клюб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў унівэрсытэту, гастролі вядомых вакальна-інструмэнтальных ансамбляў ва ўнівэрсытэце.
У 1971 годзе стварыў на філфаку першую ва ўнівэрсытэце лінгафонную лябараторыю. Зь верасьня 1975 году перайшоў на выкладчыцкую работу на катэдру расейскай савецкай літаратуры філфаку, дзе выкладаў фальклёр.
У 1981 годзе Васіль Ліцьвінка разам з калегамі дамогся стварэньня на філялягічным факультэце БДУ навукова-дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру, якой кіраваў да выхаду на пэнсію ў 2005.
1987—2003 — аўтар і вядучы тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». Уваходзіў у рэдакцыйны склад газэты «Балесы Полісься» (бел. Галасы Палесься).
Абіраўся старшынём Беларускага саюзу фальклярыстаў на першым і другім зьездах у 1992 і 1995 гадох. Віцэ-старшыня Таварыства беларускай школы. Кандыдат філялягічных навук.
Пасьля выхаду на пэнсію ў 2006 плянаваў стварыць у родных мясьцінах на Століншчыне фальклёрна-этнаграфічны цэнтар заходнепалескай традыцыйнай культуры, аднак раптоўная сьмерць зашкодзіла зьдзяйсьненьню плянаў.
Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.
З 1964 году займаўся зьбіраньнем, дасьледаваньнем рэгіянальнай спэцыфікі, выданьнем і папулярызацыяй фальклёру, абрадава-сьвяточнай і этнічнай культуры беларускага народу. Пераважна на Палесьсі фальклярыстам Ліцьвінкам зроблена каля 200 тысячаў тэкставых і 50 тысячаў аўдыёзапісаў фальклёру і матэрыялаў традыцыйнай культуры.
Падчас яго 15-гадовага супрацоўніцтва з 1987 па 2003 гады зь Беларускім тэлебачаньнем у рамках праграмы «Запрашаем на вячоркі» зроблены 246 відэафільмаў абрадава-сьвяточнай культуры, сярод якіх — усе важнейшыя самабытныя фальклёрна-этнаграфічныя зьявы Беларусі, а найбольшую каштоўнасьць маюць сьвяты і абрады Чарнобыльскага рэгіёну, многія зь якіх зьнішчаны ў выніку глябальнай катастрофы.
Васіль Ліцьвінка — аўтар 20 кніг і зборнікаў фальклёру, больш 380 навуковых, вучэбна-мэтадычных і навукова-папулярных друкаваных работ.
Пад яго кіраўніцтвам навукова-дасьледчай лябараторыяй беларускага фальклёру пасьпяхова выкананыя навукова-дасьледчыя праекты «Фальклёр Беларускага Палесься», «Рэгіянальная спэцыфіка беларускага фальклёру», «Інтэрпрэтацыя і выкарыстаньне фальклёру ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ», «Фальклёр запаведных і памежных з Расеяй, Украінай, Польшчай і Летувой рэгіёнаў».
У 1970-я Рыгор Шырма паскардзіўся Васілю Ліцьвінку, зь якім яго зьвязвалі сяброўскія адносіны, на недахоп часу для напісаньня мэмуараў. Тады Ліцьвінка пачаў запісваць гутаркі з маэстра на магнітафонную стужку. За некалькі гадоў назапасілася 20 кілямэтраў аўдыёзапісаў. На жаль, многае з гэтых запісаў не захавалася. Па выніках працы Васіль Ліцьвінка падрыхтаваў зборнік артыкулаў Р. Р. Шырмы «Песня — душа народа» (1976; 2-е выд. 1993) з камэнтарамі, бібліяграфіяй, летапісам жыцьця і творчай дзейнасьці Шырмы, а ў 1984 абараніў у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы кандыдацкую дысэртацыю «Р. Р. Шырма — фальклярыст». Частка запісаў была апублікаваная да 100-годзьдзя Рыгора Шырмы ў часопісе «Мастацтва» ў 1992 року.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Васіль Ліцьвінка, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.