Ры́чард Дэ́йвід Бах (па-ангельску: Richard David Bach; * 23 чэрвеня 1936, Оўк Парк, Іліной, ЗША) — амэрыканскі пісьменьнік.
Знакаміты дзякуючы папулярным бэстсэлерам 1970-х, такіх як «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» ды «Ілюзіі: Прыгоды вымушанага Мэсіі». Бахавы кнігі падтрымліваюць ягоную філязофію, што ўяўленыя намі фізычныя рамкі і сьмяротнасьць — проста ўяўленьні. Захапляецца палётамі з 17-гадовага ўзросту, і ў сваёй творчасьці выказвае сваю прыхільнасьць да лятаньня ў мэтафарычным кантэксьце.
Рычард Бах | |
Richard David Bach | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Рычард Дэйвід Бах |
Нарадзіўся | 23 чэрвеня 1936 Оўк Парк (Іліной) |
Сужэнец | Лэсьлі Пэрыш[d] |
Дзеці | Джэймз Маркус Бах[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік |
Гады творчасьці | 1963 — цяпер |
Жанр | авіяцыя, фэнтэзі, філязофія |
Мова | ангельская мова |
Дэбют | «Чужынец на зямлі» (1963) |
Значныя творы | «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» «Ілюзіі: Прыгоды вымушанага Мэсіі» |
Творы на сайце Knihi.com | |
richardbach.com |
Рычард Бах нарадзіўся ў вёсцы Оўк Парк (штат Іліной). Сын Роланда Баха, капэляна арміі ЗША, і Руты Шоў. Паводле сямейнага паданьня, зьяўляецца аддаленым нашчадкам кампазытара Ёгана Сэбастыяна Баха
Навучаўся ў Дзяржаўным коледжы ў Лонг-Біч. Служыў у рэзэрве Ваенна-марскіх сілаў, пасьля ў 108-м зьнішчальным крыле Паветранай нацыянальнай гвардыі Нью-Джэрзі, пілётам F-84F 141-га зьнішчальнага швадрону Паветранай нацыянальнай гвардыі Нью-Джэрзі. У 1960-х узначальваў Асацыяцыю антыкварных летакоў (Antique Airplane Association), а таксама працаваў пілётам-каскадэрам, авіяінструктарам, гастралёрам на біпляне і на іншых разнастайных працах, сярод якіх тэхнічны пісьменьнік для Douglas Aircraft і рэдактар часопісу «Flying».
Напісаў мноства фэнтэзійных і нефэнтэзійных кніг, большасьць зь якіх аўтабіяграфічныя з элемэнтамі фікцыі дзеля адлюстраваньня ўласнае філязофіі жыцьця. Большасьць ягоных кнігаў пэўным чынам зьвязаная з палётамі, ад палёту на паветраных судзінах да мэтафарычных.
У 1970 року выдавецтва Macmillan Publishers апублікавала ягоную «Чайку па імені Джонатан Лівінгстан», апавяданьне пра чайку, якая лётае дзеля захапленьня палётам, замест таго каб лавіць рыбу. Рукапіс, адрынуты дагэтуль мноствам выдаўцоў, быў выдадзены з унікальнымі фатаздымкамі чаек у палёце, стаўшыся бэстсэлерам. Хоць у кнізе было меней за 10 000 словаў, аднак яна пабіла ўсе мінулыя рэкорды продажаў кніг зь цьвёрдай вокладкай з часу «Зьнесеных ветрам», толькі ў 1972 прадаўшыся ў болей чым мільёне асобнікаў.
Другая кніга, «Ілюзіі: Прыгоды вымушанага Мэсіі», выдадзеная ў 1977 року, апавядае пра сустрэчу галоўнага героя з сучасным мэсіям, які стаміўся ад свайго прызначэньня.
Зь першай жонкай Бэцьці Рычард Бах мелі шасьцёх дзяцей. Бэцьці, таксама пілёт, набірала і рэдагавала большасьць твораў мужа па авіяцыі. Яны разьвяліся ў 1970.
У 1977 Бах ажаніўся з акторкай Лэсьлі Пэрыш, зь якой пазнаёміўся падчас здымкаў фільму «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан». Лэсьлі была галоўнай гераіняй дзьвюх ягоных кніг «Мост празь вечнасьць» і «Адна». У 1997 року адбыўся развод
У 1999 року Рычард ажаніўся трэцім разам з Сабрынай Нэльсан-Алексопулас.
Ангельскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Рычард Бах, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.