«Пляме́ньнік чарадзе́я» (па-ангельску: The Magician’s Nephew) — эпічны фэнтэзійны дзіцячы раман Клайва Стэйплза Льюіса, шосты паводле парадку выданьня (1955), але першы паводле храналёгіі падзеяў у сэрыі «Хронікі Нарніі».
Пляменьнік чарадзея | |
The Magician’s Nephew | |
Жанр: | дзіцячы фэнтэзійны раман, хрысьціянская літаратура |
---|---|
Аўтар: | Клайв Стэйплз Льюіс |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 2 траўня 1955 |
Асобнае выданьне: | 2 траўня 1955 |
Выдавецтва: | The Bodley Head |
Сэрыя: | Хронікі Нарніі |
Колькасьць старонак: | 183 |
Ілюстратар: | Паўліна Бэйнз |
Носьбіт: | папера (цьвёрдая вокладка) |
Папярэдні твор: | Конь і ягоны хлопчык |
Наступны твор: | Апошняя бітва |
ISBN: | 978-0-00-671683-9 |
У «Пляменьніку чарадзея» апавядаецца пра стварэньне Нарніі львом Асланам, пры якім прысутнічаюць выпадковыя сьведкі зь Лёндану. Яны бяруць удзел у першых падзеях, якія адбываюцца за 1000 гадоў да апісаных у «Льве, Вядзьмарцы й Адзежнай шафе».
Льюіс пачаў працу над кнігай неўзабаве па сканчэньні «Льва, Вядзьмаркі…», каб адказаць на пытаньні пра ліхтарню, якая невядома адкуль узялася, аднак стварэньне твору заняло больш за пяць гадоў. У аповедзе прысутнічаюць пэўныя аўтабіяграфічныя элемэнты і хрысьціянскія павучаньні пра збаўленьне, прыроду граху, спакусу і парадак рэчаў.
Дзеяньне пачынаецца ў Лёндане ўлетку 1900 року. Двое дзяцей, Дыгары Керк і Полі Пламэр, знаёмяцца падчас гульні ля сваіх хатаў. Іхнія дамы злучаныя гарышчам, якое дзеці вырашаюць дасьледаваць. Адчыніўшы ня тыя дзьверы, яны трапляюць у працоўны кабінэт(en) дзядзькі Дыгары — Эндру. Дзядзька Эндру, як высьветлілася, займаецца магіяй, і падманам ды шантажам дамагаецца ад дзяцей падарожжа з выкарыстаньнем пярсьцёнкаў, якія могуць пераносіць іх паміж рознымі сьветамі.
Полі і Дыгары апынаюцца ў санлівым лесе, поўным ставаў. Яны здагадваюцца, што гэта яшчэ ня іншы сьвет, а «Лес паміж сьветамі», і кожная з лужынак — вакно ў асобны сьвет. Абраўшы адну зь іх, дзеці трапляюць у закінутае места старажытнага сьвету Чарн. У разбураным палацы яны знаходзяць скамянелыя постаці колішніх каралёў і каралеваў Чарну, якія сьпярша былі справядлівымі і мудрымі, аднак паступова зьмяніліся няздольнымі і жорсткімі. Дзеці бачаць звон і молат з надпісам:
Зрабі выбар, адважны вандроўнік:
Пазвані ў звон і чакай бяды
Альбо вагайся, пакуль не звар’яцееш,
Што было б, каб ты гэта зрабіў.
Полі пратэстуе, аднак Дыгары грукае ў звон. Ён абуджае апошнюю са статуяў, каралеву Джадыс, якая калісьці, каб пазьбегнуць паразы ў бітве, забіла ўсё жывое ў Чарне «Жаласьлівым словам», а пасьля заснула зачараваным сном, які мог быць перапынены толькі ўдарам у звон.
Дзеці бачаць злую натуру Джадыс і спрабуюць уцячы, аднак яна пасьпявае ўхапіцца за іх падчас пералёту дадому. У Ангельшчыне яна ўсьведамляе, што ейнае чараўніцтва тут ня дзейнічае, аднак звышчалавечая моц засталася. Джадыс робіць дзядзьку Эндру сваім рабом і выпраўляецца на заваёву Зямлі.
Полі і Дыгары апранаюць свае чароўныя пярсьцёнкі і пераносяць вядзьмарку ў Лес паміж сьветамі; зь імі ж туды трапляюць дзядзька Эндру і возьнік Фрэнк са сваім канём, бо ўсе яны датыкаліся адзін аднаго ў момант пералёту. Уся купка кідаецца ў балотца, каб патрапіць у Чарн, аднак замест гэтага апынаюцца ў цёмнай пустэчы. Яны становяцца сьведкамі стварэньня новага сьвету львом Асланам, ад сьпеву якога паступова паўстаюць элемэнты, зоркі, расьліны і жывыя істоты. Джадыс намагаецца забіць Аслана жалезным прутом, адарваным ёй ад ліхтарні ў Ангельшчыне, аднак прут ня шкодзіць льву і вырастае ў новае ліхтарнае «дрэва». Джадыс зьнікае.
Аслан надзяляе некаторых жывёлаў здольнасьцю гаварыць, каб яны карысталіся гэтым дарам у імя справядлівасьці і весялосьці. Дыгары павінен адказаць за тое, што прывёў у гэты цудоўны сьвет вядзьмарку Джадыс, і леў загадвае яму дапамагчы вызваліць Нарнію ад ліха. Аслан ператварае фурманавага каня ў крылатага, на якім Дыгары з Полі ляцяць у сад вымока ў гарах. Тут Дыгары мусіць сарваць яблык і пасадзіць яго ў Нарніі. У садзе Дыгары знаходзіць знак:
Прайдзі праз залатыя вароты ці ні празь якія,
Сарві мой плод для іншых ці ўстрымайся.
Тыя, хто скрадзе ці тыя, хто ўзьбярэцца па сьцяне,
Атрымаюць запаветнае жаданьне і безвыходнасьць.
Дыгары зрывае адзін зь яблыкаў і стрымліваецца, каб не адкусіць яшчэ адзін, бо той жа такі пахкі. Пакідаючы сад, ён сустракае вядзьмарку Джадыс, якая зьела адзін зь яблыкаў і стала неўміручай, аднак цяпер ейны твар «сьмяротна бляды»; Дыгары разумее сэнс апошняга радку папярэджаньня. Джадыс заклікае і Дыгары пакаштаваць яблык і стаць бесьсьмяротным, альбо ўзяць яшчэ адзін на Зямлю для сваёй паміраючай матулі. Дыгары супрацьстаіць спакусе, ведаючы, што ягоная мама не ўхваліла б крадзеж. Вядзьмарка, нічога не дамогшыся, адлятае на поўнач. Дыгары вяртаецца ў Нарнію і саджае яблык. Зь яго вырастае дрэва, якое, паводле Аслана, праз стагодзьдзі будзе супрацьстаяць Вядзьмарцы. Аслан паведамляе Дыгары, што скрадзены яблык мог бы ацаліць ягоную маці, аднак жахлівай цаной: скрадзены яблык выканае запаветнае жаданьне, аднак у непрывабнай форме, як гэта здарылася зь Вядзьмаркай. Больш за тое, чароўныя яблыкі цяпер для яе жах, і менавіта таму яблыня будзе ёй суперніцай. З дазволу Аслана Дыгары бярэ для сваёй мамы яблык з новага дрэва. Дыгары, Полі і дзядзька Эндру вяртаюцца ў Ангельшчыну, а возьнік Фрэнк з жонкай Гелен становяцца першымі каралём і каралевай Нарніі.
Яблык ацаляе Дыгараву маці, ён з Полі застаюцца сябрамі назаўжды. Дзядзька Эндру зьмяняецца і закідае заняткі чараўніцтвам. Дыгары закопвае сарцавіну яблыка і чароўныя пярсьцёнкі ў агародзе цёткавай хаты ў Лёндане. Шмат гадоў пазьней дрэва, якое вырасла на гэтым месцы, вырывае з каранямі бура. Дыгары расьпілаваў яго на дошкі і зрабіў адзежную шафу, якая пасьля зьяўляецца ў «Льве, Вядзьмарцы й Адзежнай шафе».
Льюіс першапачаткова не зьбіраўся ствараць працягаў «Льва, Вядзьмаркі й Адзежнай шафы». Аднак калі ягоны знаёмы з інклінгаў пацікавіўся пра паходжаньне ліхтарні пасярод нарнійскага лесу, Льюіс быў настолькі заінтрыгаваны пытаньнем, што вырашыў адказаць на яго раманам.
«Пляменьнік чарадзея», здаецца, даўся аўтару найцяжэй з усіх кніг сэрыі: астатнія шэсьць раманаў былі напісаныя паміж 1948 і 1953 рокамі, а гэты адзін заняў каля шасьці гадоў (1949—1954). Праца вялася з двума перапынкамі на некалькі гадоў.. Сам аўтар назваў твор «Полі і Дыгары»; вядомую нам назву даў выдавец.
У некалькіх эпізодах падзеі «Пляменьніка чарадзея» пераклікаюцца з жыцьцём самога Льюіса. Дыгары прыкладна таго ж узросту, што й аўтар, абодва марылі пра поні, абодва сутыкнуліся са сьмерцю маці ў дзяцінстве. Дыгараў бацька жыве ў Індыі; Льюіс па сьмерці маці навучаўся ў Ангельшчыне, а бацька застаўся ў Ірляндыі; ён меў яшчэ брата ў Індыі. І Дыгары, і Клайв любілі чытаць.
У 2000-х пераклад першай кнігі «Пляменьнік чарадзея» на беларускую мову зрабіў Алесь Квіткевіч. Пераклад так і ня быў апублікаваны.
17 верасьня 2016 году адбывецца прэзэнтацыя і старт продажаў кнігі «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка» ў перакладзе Надзеі Кім.
Ангельскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |
| ||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||
Пэрсанажы | Аслан · Пітэр · Сьюзэн · Эдмунд · Люсі · Юстас · Джыл · Дыгары · Польлі · Касьпіян · Рыліян · Шаста · Белая Вядзьмарка · Міраз · Хмур | |||||||||
Сьвет | Нарнія · Насельнікі Нарніі · Дзяржава Нарнія · Арляндыя · Тархістан · Самотныя Астравы · Тэльмар · Кэр-Параваль · Бяруна · Анвард · Чарн · Лес-між-сьветамі · Паграхан · Раўніна Ліхтарнага слупа | |||||||||
Прадметы | Пярсьцёнкі · Адзежная шафа · Ліхтарны слуп · Рог Сьюзэн | |||||||||
Фільмы Walden Media | Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (2005) · Прынц Касьпіян (2008) · Заваёўнік Зары (2010) | |||||||||
Сэрыял Бі-бі-сі | Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1988) · Прынц Касьпіян і Плаваньне на «Заваёўніку Зары» (1989) · Срэбраны фатэль (1990) | |||||||||
Іншыя экранізацыі | Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1967) · м/ф «Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа» | |||||||||
Кампутарныя гульні | The Chronicles of Narnia: The Lion, the Witch and the Wardrobe · The Chronicles of Narnia: Prince Caspian · The Chronicles of Narnia: The Voyage of the Dawn Treader |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Пляменьнік чарадзея, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.