Вінцэ́нты Да́нэк (па-польску: Wincenty Danek; 8 кастрычніка 1907, Кшышавіцы каля Кракава — 17 жніўня 1976, Кракаў) — прафэсар, паляніст, пэдагог, гісторык літаратуры.
Дасьледнік жыцьця і творчасьці Язэпа Крашэўскага.
Бацька Ўладыслаў працаваў ураднікам у капальні ў Сершы (цяпер Тшэбіня); маці Паўліна з Багацкіх была хатняй гаспадыняй. Данэк атрымаў пачатковую адукацыю ў кракаўскай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча. У 1926 року паступіў на філязофскі факультэт Ягелонскага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1930.
У 1931—1939 працаваў у прыватных гімназіях у Кальбушове, Кракаве і Торуні, бо не атрымаў месца ў дзяржаўных установах з прычыны сваіх левых поглядаў, блізкіх да ПСП. У часе Другой сусьветнай вайны працаваў ураднікам у каменаломнях Мянкіні. У 1942 завязаў кантакт з кансьпіратыўнай ячэйкаю Польскае працоўнае партыі. У сьнежні 1944 року быў арыштаваны падчас правядзеньня падпольных заняткаў.
Па вайне арганізаваў у родных Кшышавіцах гімназію. У 1947 прызначаны дырэктарам 4-й гімназіі ў Кракаве, у 1948 — загаднікам аддзелу сярэдніх школ і куратарам школьнае акругі. У 1951 пасьля звальненьня зь дзяржаўнае службы ўладкаваўся на працу ў Вышэйшую дзяржаўную пэдагагічную школу ў Кракаве. Заснаваў тут факультэт завочнага навучаньня для працоўных, у наступным року стаў дэканам завочнага факультэту. У 1954 атрымаў званьне дацэнта за працу «Пэдагагічныя погляды Адольфа Дыгасінскага».
У 1956 року абраны рэктарам Вышэйшае пэдагагічнае школы. У 1972, пасьля сыходу з пасады, быў дырэктарам Інстытуту польскай філялёгіі, кіраўніком катэдры мэтодыкі выкладаньня, старшынём Навуковай рады Інстытуту літаратурных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук у Варшаве, галоўным рэдактарам «Ruchu Literackiego». Уваходзіў у склад «Выдавецкіх камітэтаў працаў Крашэўскага» у «Ludowej Spółdzielni Wydawniczej» і «Wydawnictwie Literackim».
Памёр у 1976 року, 22 жніўня пахаваны на кшышавіцкіх могілках. У Кшышавіцах вуліца Аптэчная была перайменаваная ў ягоны гонар, а на будынку агульнаадукацыйнага ліцэю, заснаванага ім, у 1987 року ўсталяваная мэмарыяльная таблічка.
Займаўся дасьледваньнямі жыцьця і творчасьці Язэпа Крашэўскага (выдаў між іншых манаграфію «Юзэф Ігнацы Крашэўскі. Біяграфічны нарыс», «Гістарычныя аповесьці Крашэўскага», «Матэйка і Крашэўскі», «Дзьве канцэпцыі гісторыі Польшчы») і Адольфа Дыгасінскага (выдаў ягоныя «Пэдагагічныя лісты»).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Вінцэнты Данэк, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.