«Гомель — Горкі» — магістральны нафтаправод Беларусі, пабудаваны ў жніўні 2022 году.
«Гомель — Горкі» | |
Месцазнаходжаньне | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Вобласьць | Гомельская і Магілёўская |
Агульны кірунак | з поўдня на поўнач |
Пачатак | Бабовічы (Гомельскі раён) |
Праляганьне | Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі, Кармянскі, Чэрыкаўскі, Прапойскі і Крычаўскі раёны |
Канец | Горацкі раён |
Агульныя зьвесткі | |
Від | нафтаправод |
Стан | пабудаваны |
Уласьнік | «Гомельтранснафта Дружба» |
Праектавальнік | «Беларуснафта» |
Падраднік | «Беларуснафта» |
Трубаўкладнік | «Нафтаспэцбуд» |
Пачатак пракладкі | 22 кастрычніка 2020 (3 гады таму) |
Кошт | 300 млн рублёў (122 млн даляраў) |
Тэхнічныя зьвесткі | |
Даўжыня | 207 км |
Прапускная здольнасьць | 6 млн тонаў за год |
Прамер трубы | 53 см |
Перапамповачныя станцыі | ППС «Гомель», ЛВДС «Горкі» |
Падвадны трубаправод | «Дружба» |
Адводы | «Унеча — Полацак» |
29 красавіка 2020 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне аб будаўніцтве магістральнага нафтаправода «Гомель — Горкі» ў 2020—2023 гадох дзеля дывэрсыфікацыі паставак нафты ў Беларусь. Заказчыкам праектаваньня і будаўніцтва вызначылі «Гомельтранснафту Дружба». Галоўным праектна-падрадным прадпрыемствам прызначылі «Беларуснафту». Гэты нафтаправод узводзілі дзеля злучэньня завода «Нафтан» у Наваполацку з магістральным нафтаправодам «Дружба», які разгаліноўваўся на паўднёвую частку, якая вяла да Чорнага мора ў Адэсу (Украіна), і на паўночную частку, якая вяла ў Польшчу да Балтыйскага мора. Пабудова перамычкі «Гомель — Горкі» дазваляла пастаўляць нафту на «Нафтан» праз нафтаправод «Дружба» з Чорнага і Балтыйскага мора па рэвэрсе.
Трубаправод «Гомель — Горкі» быў 1-м унутраным у Беларусі. Нагодай для будаўніцтва паслужыла нястача паставак расейскай нафты маркі «Ўрал» з Заходняй Сыбіры па нафтаправодах «Унеча — Полацак» і «Ўнеча — Мазыр». Са студзеня 2020 году пастаўку расейскай нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі прыпынілі праз адмову плаціць павышаную цану. 11 траўня 2020 году намесьнік кіраўніка «Гомельтранснафты Дружба» Андрэй Карабань адзначыў: «Новы трубаправод стане свайго роду перамычкай, якая злучае паўднёвую і паўночную ніткі сыстэмы транспартаваньня нафты. Гэта дасьць магчымасьць, ні ад каго не залежачы, ажыцьцяўляць перапампоўку сыравіны паміж Наваполацкім і Мазырскім нафтаперапрацоўчымі заводамі. Да таго ж, мінулай восеньню ў выніку рэарганізацыі ААТ «Полацактранснафта Дружба» на правах філіі ўвайшло ў склад ААТ «Гомельтранснафта Дружба», што робіць аб’яднаньне дзьвюх трубаправодных сыстэмаў яшчэ больш заканамерным». Труба прамерам 53 см дазваляла перапампоўваць да 6 млн тонаў нафты за год, якія мелі скласьці па 30 % пастаўкі з Балтыкі праз Польшчу і з Чорнага мора праз Украіну. Таксама трубаправод «Гомель — Горкі» даваў магчымасьць дастаўляць беларускую нафту з Рэчыцкага раёну (Гомельская вобласьць).
Даўжыня маршруту складала 207 км. Нафтаправод пракладалі ў міжрэччы Дняпра і Сожа бяз водных перашкодаў, каб абысьці водаахоўныя зоны. Адлегласьць трубаправода ад паселішчаў складала прынамсі 150 мэтраў. Пракладвалі трубаправод з поўдня на поўнач у 12 чэргаў. Маршрут браў пачатак у Гомельскім раёне і праходзіў праз Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі і Кармянскі раёны Гомельскай вобласьці ды далей Чэрыкаўскі, Прапойскі і Крычаўскі раёны Магілёўскай вобласьці. У Горацкім раёне яго мелі злучыць зь дзейным магістральным нафтаправодам «Унеча — Полацак». Перапады вышыняў на мясцовасьці цягам маршруту даходзілі да 100 мэтраў. Спадарожна прадугледзелі ўзьвядзеньне нафтаперапамповачнай станцыі і перабудову 2-х дзейных станцыяў «Гомель» і «Горкі». Кошт пабудовы разам з запаўненьнем трубы тэхналягічнай нафтай складаў каля 300 млн рублёў (122 млн даляраў) з уласных сродкаў «Гомельтранснафты Дружба» без прыцягненьня пазыкі і бюджэтных грошай.
10 чэрвеня 2020 году намесьнік кіраўніка па капітальным будаўніцтве і рамонце «Гомельтранснафты Дружба» Андрэй Карабань паведаміў: «праектныя працы пачаліся ўжо, вядуцца геалягічныя пошукі і геадэзічныя працы, уключаючы падрыхтоўку тэхнічных умоваў на перасячэньне з камунікацыямі». 22 кастрычніка 2020 году «Нафтаспэцбуд» выканаў 1-е зварачнае шво на трубе магістралі ДН500 каля Бабовічаў на паўднёвы захад ад Гомля. На будоўлі выкарыстоўвалі абсталяваньне арбітальнай зваркі. На адкрыцьці будоўлі намесьнік старшыні ўраду Беларусі Юры Назараў адзначыў: «Гэты інвэстпраект не такі вялікі паводле кошту, але значны тым, што зьвяжа 2 рэзэрвуарныя паркі захоўваньня нафты ў Мазыры і Полацку. Гэта дасьць магчымасьць гарантаваць бясьпеку і манэўранасць 2-х буйных нафтасховішчаў. Мы таксама вядзём іх мадэрнізацыю, павялічваючы карысны аб’ём захоўваньня нафты. Неабходна забясьпечыць пастаянны запас сыравіны і бесьперабойнай працы 2-х беларускіх НПЗ, незалежна ад розных фактараў». Большасьць праектнай і будаўніча-мантажнай працы выконвалі прадпрыемствы канцэрну «Белнафтахім». Праект прадугледжваў уладкаваньне 75 пераходаў праз аўтадарогі і чыгунку, мэліярацыйныя каналы і рэкі. Па лесе мелі правесьці 85 км нафтаправода. Пры зварцы стыку трубаў нафтаправода выкарыстоўвалі робата.
23 лістапада 2020 году «Беларуснафта» набыла 2 форвардэры «Амкадар 2662» для пагрузачна-разгрузачнай працы на будоўлі нафтаправода. Форвардэры дааснасьцілі плятформамі з дызэль-генэратарамі, зьменнымі касэтамі для газавых балёнаў і грузавымі крукамі для падыманьня і апусканьня робата арбітальнай зваркі. 19 лістапада 2021 году «Гомельтранснафта» паведаміла, што ў выніку паскарэньня будаўніцтва трубаправод «Гомель – Горкі» мелі здаць у эксплюатацыю яшчэ на 6 месяцаў раней у красавіку 2022 году. 12 жніўня 2022 году старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў паведаміў пра завяршэньне будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі».
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Гомель — Горкі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.