Чылі (ісп.: Chile, афіцыйная назва — Рэспу́бліка Чылі (ісп.: República de Chile ) — дзяржава на паўднёвым захадзе Паўднёвай Амерыкі.
Мяжуе на поўначы з Перу, на ўсходзе з Аргенцінай і Балівіяй, на захадзе абмываецца Ціхім акіянам. У складзе Чылі прыбярэжныя астравы Чылійскага архіпелага, заходняя частка вострава Вогненная Зямля, астравы ў Ціхім акіяне: Сан-Амбросіа, Сан-Фелікс, Архіпелаг Хуана Фернандэса, Сала-і-Гомес, Рапануі (Вялікадня). Краіна падзяляецца на 12 рэгіёнаў і сталічную акругу. Нацыянальнае свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці.
| |||||
Дэвіз: «Por la razón o la fuerza (ісп.: Правам ці сілай)» | |||||
Гімн: «Himno Nacional» | |||||
Дата незалежнасці | 18 верасня 1810 (ад Іспаніі) | ||||
Афіцыйная мова | іспанская | ||||
Сталіца | Сант'яга | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт | Габрыэль Борыч | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 37-я ў свеце 756 950 км² 1,07 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2011) • Шчыльнасць | 17 248 450 чал. (59-я) 22,81 чал./км² | ||||
Валюта | Чылійскае песа | ||||
Інтэрнэт-дамен | .cl | ||||
Код ISO (Alpha-2) | CL | ||||
Код ISO (Alpha-3) | CHL | ||||
Код МАК | CHI | ||||
Тэлефонны код | +56 | ||||
Часавыя паясы | -4 |
Адзінага дасканалага тлумачэння паходжання слова Чылі не існуе. Згодна з распаўсюджаным тлумачэннем, назва паходзіць ад мовы аймара, на якой слова chilli азначае «краіна, дзе канчаецца свет». Гэтая версія добра стасуецца з тым фактам, што першыя іспанцы, якія з’явіліся ў Чылі, пачалі засяленне краіны з тэрыторый плямён аймара. З самага пачатку каланізацыі Паўднёвай Амерыкі для зямель на поўдні пустыні Атакама іспанцы выкарыстоўвалі назву Чылі. У чылійскіх школах вывучаецца таксама версія, згодна якой Чылі — гэта ўпрыгожаная назва птушкі Trile.
Згодна іншай, менш распаўсюджанай тэорыі, вытокі слова Чылі патрэбна шукаць у мове інкаў кечуа. Тэрыторыі імперыі інкаў прасціраліся не далей сённяшняга Сант’яга, таму землі на поўдзень Рыа Аканкагуа з адносна халодным кліматам і пакрытымі снежнымі шапкамі вяршынямі Андаў інкі называлі tchili, што значыць «снег».
Гісторыя Чылі пачалася з часоў засялення рэгіёна каля 13 тысяч гадоў таму назад. У 16 стагоддзі пачалося заваяванне і падпарадкаванне тэрыторый сучаснага Чылі іспанскімі канкістадорамі, у 19 стагоддзі чылійскі народ атрымаў незалежнасць ад каланіяльнай улады. Вельмі значны ўплыў на далейшае развіццё Чылі да пачатку Другой сусветнай вайны аказала здабыча селітры, а некалькі пазней — медзі. Багацце прыроднымі рэсурсамі ў значнай ступені паспрыяла эканамічнаму пад’ёму ў Чылі, але выклікала таксама і залежнасць ад суседніх краін і прывяло нават да войнаў з імі. Пасля амаль што дзесяцігадовага кіраўніцтва на змену хрысціянска-дэмакратычнаму ўраду ў 1970 годзе да ўлады прыйшоў сацыялістычны прэзідэнт Сальвадор Альендэ. Путч Аўгуста Піначэта 11 верасня 1973 года ўсталяваў 17-гадовую дыктатуру ў краіне і выклікаў шэраг радыкальных эканамічных рэформ. З 1988 года ў Чылі вызначылася перакананая тэндэнцыя да дэмакратычнага развіцця краіны.
Чылі займае вузкую (шырынёй ад 15 да 335 км), пераважна горную паласу сушы працягласцю 4300 км, памім узбярэжжам Ціхага акіяна і высакагор’ямі Андаў. На захадзе з поўначы на поўдзень (да 41°30' паўднёвай шыраты) цягнуцца Берагавыя Кардыльеры (вышыня 3200 м), на ўсходзе — Галоўная Кардыльера Андаў з найбольшай вышынёй Чылі, гарой Охас-дэль-Салада (6880 м). Паміж імі тэктанічная ўпадзіна — Падоўжная даліна. На паўночным усходзе частка вулканічнага нагор’я Цэнтральных Андаў, на крайнім паўднёвым усходзе — участкі раўнін Патагоніі і заходняя частка вострава Вогненная Зямля. Вяршыні Андаў да 35° паўднёвай шыраты перавышаюць 6000 метраў і з’яўляюцца конусамі пагаслых вулканаў. Вышыня гор змяняецца з поўначы на поўдзень:
Паўднёвая Чылі мае фіёрдавы характар; уся тэрыторыя сейсмічная. Карысныя выкапні: медныя, малібдэнавыя, свінцовыя, цынкавыя, жалезныя і марганцавыя руды, нафта, прыродны газ, каменны вугаль, сера, салетра, каменная соль, золата, серабро. Клімат Паўночнай Чылі (да 28° паўднёвай шыраты) трапічны пустынны. Сярэдняя тэмпература ліпеня 15,6° С, студзеня 20,8° С. Ападкаў да 100 мм за год, у пустынях Атакама, Тамаругаль не выпадаюць па некалькі гадоў. У Цэнтральнай Чылі (да 42° паўднёвай шыраты) клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з зімовымі дажджамі. Сярэдняя тэмпература ліпеня 7,7° С, студзеня 19,7° С, ападкаў ад 200 да 2500 мм за год. У Паўднёвай Чылі халаднаваты вільготны клімат умераных шырот. Сярэдняя тэмпература ліпеня ад 7 да 1° С, студзеня ад 14 да 7° С, ападкаў на ўзбярэжжы 2500-3000 мм за год, на заходніх схілах Андаў да 7000 мм. На паўднёвым усходзе кантынентальнасць павялічваецца, сярэднямесячныя тэмпературы ад 2 да 11° С, ападкаў да 230 мм у год. Рачная сетка больш развіта ў цэнтральнай і паўднёвай частках Чылі, рэкі горныя, кароткія, паўнаводныя (самая вялікая па працягласці рака Лоа). Шмат канцавых ледавіковых азёр. На поўначы мінеральныя азёры, самае вялікае з іх Салар-дэ-Атакама (3000 км²). На самай поўначы знаходзіцца адно з самых высакагорных азёр Чунгара. У Галоўнай Кардыльеры развіта магутнае зледзяненне. Расліннае покрыва ў Паўночнай Чылі амаль адсутнічае (пясчаныя дзюны, барханы), трапляюцца кактусы, салянкі, на берагавой паласе ў перыяд туманаў — пустынная фармацыя ламас. У сярэдняй частцы ў далінах рэк вечназялёныя хмызнякі і дрэвы (цік, літрэ, мыльнае дрэва кільяй) на маламагутных шэракарычневых глебах. На схілах гор да 1200 м лясы міжземнаморскага тыпу, вышэй — хвойныя, якія змяняюцца альпійскімі лугамі. На поўдні сярэдняй часткі на бурых лясных, вулканічных і забалочаных глебах густыя вечназялёныя лясы (гемігілея). На поўдні ад 46° паўднёвай шыраты мяшаныя лясы, на ўсходніх раўнінах і ў раёне Магеланава праліва — стэпы.
Чылі — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1980 года (з папраўкамі 1990). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальны Кангрэс Чылі, які складаецца з сената (46 сенатараў, з іх 9 назначаны пажыццёва, астатнія — выбраныя) і палаты дэпутатаў (120 дэпутатаў). Склад сената кожныя 4 гады абнаўляецца напалову; палата дэпутатаў выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы орган — Кабінет міністраў.
З прыходам да ўлады Аўгуста Піначэта сацыялістычны канцэпт чылійскай народнай эканомікі Сальвадора Альендэ быў паслядоўна перапрацаваны і дэрэгуляваны на аснове неаліберальных аспектаў рыначнай эканомікі. Большая частка дзяржаўных прадпрыемстваў была прыватызавана ў час кіравання Піначэта і пазней, аднак медныя руднікі, якія перайшлі ў дзяржаўную маёмасць пры Альендэ і заставаліся пад непасрэдным кантролем ваеннай хунты Піначэта, па сённяшні дзень з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Чылі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.