Ча́мы або ця́мы (саманазва Urang Campa) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва Паўднёва-Усходняй Азіі.
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Чамы-албанцы. |
Большасць чамаў жыве ў Камбоджы і В'етнаме. Абшчыны чамаў таксама існуюць у Малайзіі, Таіландзе, ЗША, Францыі і іншых краінах. Падзяляюцца на заходнюю (пераважна ў Камбоджы) і ўсходнюю (пераважна ў В'етнаме) буйныя групы. Агульная колькасць - каля 354 тыс. чал. (2013 г.),
Чамы (Urang Campa) | |
Агульная колькасць | 354 тыс. чал. (2013 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | В’етнам, Камбоджа |
Мова | чамская |
Рэлігія | культ продкаў, індуізм, іслам |
Блізкія этнічныя групы | ачэхцы, уцат, малайцы, джарай, эдэ |
Мова чамаў адносіцца да аўстранезійскай групы моў і радніць іх з карэнным насельніцтвам Малайскага паўвострава і паўночнага Калімантана. Некаторыя даследчыкі лічаць продкаў чамаў выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Малайзіі, але ёсць і тыя, хто сцвярджае, што чамы паходзяць ад карэнных тубыльцаў Індакітая. Генетычныя даследаванні паказваюць, што чамы сфарміраваліся ў выніку надзвычай складаных этнічных працэсаў, падчас якіх карэнныя насельнікі Індакітая змешваліся з выхадцамі не толькі з Малайскага паўвострава і астравоў сучаснай Інданезіі, але і Паўднёвай Азіі.
Першапачатковая гісторыя чамаў непасрэдна звязана са старажытнай дзяржавай Чампа, якая была заснавана прыкладна ў II ст., а ў VII - XV ст. займала значныя землі на паўднёвым усходзе Індакітая. У ёй меліся развітае земляробства, гандлёвы і ваенны флот. Кіраўнікі Чампы першапачткова спавядалі індуізм і будызм, але ў канцы XV - XVII ст. прынялі іслам. Такім чынам, рэлігія стала найважнейшым чыннікам, акрамя мовы і гістарычнай памяці, якая ў далейшым адрознівала чамаў ад іх суседзяў — в'етаў і кхмераў. Пад ціскам в'етаў чамы мігрыравалі на поўдзень, у дэльту Меконга, дзе працягвалі займацца земляробствам і гандлем, а таксама занялі транзітныя пункты ў суседняй Камбоджы. Да пачатку XIX ст. яны канчаткова страцілі асабістыя дзяржаўныя ўтварэнні.
Чамы і іх культура значна пацярпелі ад палітыкі асіміляцыі ў В’етнаме, а таксама ад генацыду, які адбываўся ў Камбоджы ў 1975 - 1979 гг.
Асноўным заняткам чамаў здаўна з'яўлялася земляробства. У нізінных рэгіёнах яны сеялі пераважна рыс, для паліву якога ўзводзілі надзвычай складаныя ірыгацыйныя збудаванні. У горных раёнах быў распаўсюджаны падсечна-агнявы спосаб. У XVIII - XX ст. пад уплывам рынку пачалі вырошчваць на продаж тытунь, алейныя культуры, кукурузу. Ля ўзбярэжжа буйных рэк і мора асноўнымі заняткамі таксама былі рыбалоўства, паляванне на чарапах, розныя віды рамяства і гандаль. Жывёлагадоўля мела другарадны характар. Трымалі хатнюю птушку і буйвалаў.
Паселішчы чамаў месцяцца пераважна ўздоўж берагоў рэк і дарог, маюць лінейную планіроўку. Жытлы наземныя, ва ўзбярэжных паселішчах — на па́лях. Яны маюць слупавую канструкцыю, аббіваюцца дошкамі, крыюцца саломай або пальмавым галлём. У наш час найбольш распаўсюджаны бляшаныя і чарапічныя дахі. Жыллёвая прастора падзяляецца на некалькі пакояў, частка якіх належыць жанчынам. Кухня і гаспадарчыя пабудовы ладзяцца асобна.
Захаваліся жаночая народныя строі. Іх аснову складае саронг, па-над якім апранаюць іншае адзенне. Мужчыны не галяць валасы, маюць вусы і бараду, валасы ззаду збіраюць у хвост або касу.
Да нядаўняга часу былі распаўсюджаны пашыраныя сем'і. У чамаў-земляробаў зямля перадавалася па спадчыне ад бацькі да сыноў, мужчына лічыўся галоўным, вёўся выключна мужчынскі адлік сваяцтва. На ўзбярэжжы, дзе мужчыны займаліся пераважна рыбалоўствам і гандлем, зямельная маёмасць і адлік сваяцтва былі жаночымі. Гэта адлюстравалася ў даволі складаных формах асабістых імёнаў.
Распаўсюджаны звычаі ўзаемадапамогі, асабліва прадстаўнікам свайго народа. Чамы таксама знакаміты як выдатныя ткачы, мастакі роспісаў на тканінах, вытворцы керамікі, музыканты і танцоры.
Большасць веруючых чамаў — мусульмане, якіх таксама клічуць бані. Захаваліся невялікія групы індуістаў, што падтрымліваюць культ Шывы.
Існуюць старажытныя звычаі шанавання продкаў, перапахавання мёртвых сваякоў.
Мова чамаў адносіцца да чамска-ачэхскай групы аўстранезійскай моўнай сям'і. У сярэднявеччы была распаўсюджана пісьмовасць на аснове старажытнаіндыйскага пісьма брахмі. У наш час таксама практыкуюць выкарыстанне арабскага і лацінскага алфавітаў.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Чамы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.