Форма дзяржавы -- арганізацыя і ўладкаванне дзяржаўнай улады, якія абумоўлены існасцю (сутнасцю) і сацыяльным прызначэннем дзяржавы, і ў якіх адлюстроўваюцца гістарычныя, эканамічныя, нацыянальныя асаблівасці, узровень развіцця дэмакратыі і культуры адпаведнага грамадства.
Адно з самых важных паняццяў дзяржавазнаўства і правазнаўства.
Ёсць і іншыя вызначэнні гэтага паняцця -- сукупнасць формы кіравання і формы дзяржаўнага ўладкавання, прычым палдітычны рэжым разглядаецца як з'ява, што вызначае сутнасць дзяржавы (С. С. Аляксееў); дынамічны (палітычны рэжым) і статычны (формы праўлення і дзяржаўнага ўладкавання) аспекты дзяржавы, якая разглядаецца як функцыянальная (дынамічная) і арганізацыйная (статычная) сістэма (Л. І. Каск).
Гістарычны працэс развіцця дзяржаў характарызуецца вялікай колькасцю форм. У межах аднаго тыпу дзяржавы могуць сустракацца розныя формы арганізацыі і дзейнасці дзяржаўнай улады, а дзяржавы рознага тыпу могуць увасабляцца ў аднолькавую форму. Своеасаблівасць пэўнай формы дзяржавы ў пэўны гістарычны перыяд вызначаецца найперш, ступенню сталасці грамадскага і дзяржаўнага жыцця, задачамі і мэтамі, якія ставіць перад сабою дзяржава. Інакш кажучы, катэгорыя «форма дзяржавы» непасрэдна залежыць ад свайго зместу, і ім вызначаецца.
Паняцце «форма дзяржавы» прыцягвала ўвагу вучоных і мысліцеляў з антычных часоў. Першыя спробы класіфікацыі дзяржаў па адмысловых крытэрыях зроблены Платонам, Арыстоцелем, Палібіем і інш., фактычна пачынаючы станаўленне тэарэтычных уяўленняў пра форму дзяржавы. Некаторыя антычныя катэгорыі дзяржаў гэта манархія, арыстакратыя і паліція Арыстоцеля. У сярэднявеччы навукоўцы звычайна адрознівалі манархію і рэспубліку, і такая класіфікацыя заставалася пануючай у палітыка-прававой навуцы да канца 19 ст. Іншым доўгатрывалым шаблонам навуковых поглядаў было атаясамленне формы дзяржавы з формай праўлення.
У 20 ст. марксісцкія навукоўцы рабілі спробы вызначаць форму дзяржавы ў сувязі з яе тыпам (фармацыйны падыход), класавай структурай, эканамічным базісам грамадства і г.д. Пад 1980-я гады ў савецкай літаратуры замацавалася думка пра форму дзяржавы, як інстытут, які складаецца з формы праўлення і формы дзяржаўнага ўладкавання. У 2000-я гады ў постсавецкай (але і ў заходняй) навуковай літаратуры асноўнай з'яўляецца думка, згодна якой форма дзяржавы структурна складаецца з формы праўлення, формы дзяржаўнага ўладкавання і дзяржаўна-прававога рэжыму.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Форма дзяржавы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.