Купалле: старажытнае народнае свята ў гонар летняга сонцастаяння

Купа́лле (Ноч на Івана Купалу) — старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплыні.

Адзначаецца ў ноч на 24 чэрвеня. У юліянскім календары адбыўся зрух на 6-7 ліпеня паводле Грыгарыянскага календара, і цяпер часта Купалле адзначаюць у гэты дзень.

Купалле
Купалле
М. М. Філіповіч. «На Купалле». 1921
Тып народны
інакш Іван Купала, Ян Купальны, Ян, Янаў дзень, Свята Сонца і кахання, Іван Вядзьмацкі, Іван Калдунскі
Значэнне «апоўдні года»
Адзначаецца ўсходнімі славянамі
Дата ў ноч з 23 чэрвеня (6 ліпеня)

на 24 чэрвеня (7 ліпеня)

Святкаванне паліць вогнішчы і скакаць праз іх, вадзіць карагоды, плесці вянкі
Традыцыі збіраць травы
Звязана з гадовым сонцастаяннем

Часам Купалле блытаюць з днём Святога Іаана (Яна, Івана) Хрысціцеля. Між тым гэта два розныя святы. «Сёння Купалле, а заўтра Ян…», — тлумачыць народная песня. Купалле — гэта ноч перад Іванавым днём, а не сам Іванаў дзень.

Этымалогія

Слова «купала», як і «Купалле», мае некалькі трактовак. Найбольш пашыраная — ад старажытнаславянскага «купець» (гарэць). Выдзяляецца таксама індаеўрапейскі корань «куп» — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лацінскага cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Назва можа паходзіць і ад «куп» у сэнсе «група людзей», «збор».

Раней меркавалася, што назва паходзіць ад імя Купалы — бога, якога быццам ушаноўвалі славяне-язычнікі. Сёння даследчыкі сумняваюцца ў існаванні такога боства. Ужо У. Проп ставіцца да яго скептычна і мяркуе, што Купалле магло быць прысвечана Ярыле.

Існавалі таксама рэгіянальныя варыянты назвы свята: Купава, Купалачка, Купальчык, Купало, Купал, Купалейка, Купальначка.

Гісторыя

Паходжанне

Пад рознымі назвамі свята вядома ўсім індаеўрапейскім народам. Паводле гісторыка Змітра Скварчэўскага, свята ў гонар летняга сонцаварота вядома на Беларусі яшчэ з бронзавага веку. Ёсць меркаванне, што яно ўзнікла ў перыяд матрыярхату і было прысвечана нейкаму жаночаму вобразу. Таму ў купальскіх песнях Купала згадваецца ў якасці жаночага персанажа: маладой дзяўчыны ці дарослай жанчыны, у якой ёсць тры дачкі.

Ва ўсходніх славян Купалле ўпершыню згадваецца ў Цвярскім летапісе пад 1175 г., у Іпацьеўскім летапісе — пад 1262 г., у старабеларускіх граматах — з XIII—XIV стст. Захаваўся надпіс на сцяне Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, дзе згадваецца назва свята. Прадстаўнікі фалагічнай школы лічылі Купалле святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Таксама ёсць меркаванне, што свята прысвячалася богу Ярыле, які нібыта памірае ў купальскі дзень, каб зноў адрадзіцца вясною на будучы год.

В. К. Сакалова прыходзіць да высновы, што ў найболей старажытным выглядзе Купалле захавалася менавіта ў беларусаў. «Украінцы таксама захавалі асноўныя старажытныя элементы, але ў XIX ст., калі Купала стаў вясёлым маладзёжным гуляннем, яны відазмяніліся і пераасэнсаваліся. Рускімі ж асноўныя элементы купальскага рытуалу былі або забыты або перанесены на іншыя святы…»

Праблема даты

У старажытнасці Купалле прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння, аднак магло святкавацца і ў блізкія даты. Як лічыць Зміцер Скварчэўскі, адзінай даты Купалля не існавала. Паводле этнаграфічных звестак, яно магло святкавацца некалькі разоў: сёння ў адной вёсцы, заўтра — у суседняй. Старадаўнія беларусы, тым болей сяляне, не мелі дакладных астранамічных прыбораў, таму даты росквіту лета, цеплыні і прыроды вызначалі вельмі прыблізна. Часта Купальскія абрады расцягвалі на цэлы шэраг дзён. Хроніка Стыйкоўскага вызначае Купалле як перыяд года з 25 траўня па 23 чэрвеня. Акрамя таго, перыяд сонцастаяння ў розныя стагоддзі мяняўся. Напрыклад, Францішак Скарына ў 16 ст. вызначае дату 12 чэрвеня (паводле сучасных астранамічных падлікаў, ён быў правы). Так ці інакш, Купалле сімвалізавала мяжу, пасля якой дзень пачынаў скарочвацца, цеплыня пачынала сыходзіць, а прырода — згасаць, набліжацца да канца лета, да восені, да зімы.

З цягам часу Купалле стала прымяркоўвацца да дня Іаана Хрысціцеля (24-25 чэрвеня). Тады яно і набыло назву Іван (Ян) Купала. Але ў некаторых мясцінах яно спраўлялася і раней. «Наша ніва» ў нумарах 1910—1911 гг. называе ў якасці даты Купалля ноч 23-24 чэрвеня.

У 1918 г. камуністычныя ўлады правялі каляндарную рэформу і перайшлі на Грыгарыянскі каляндар. Руская праваслаўная царква адмовілася падтрымаць рэформу, і Іван Купала пачаў святкавацца ў ноч 6-7 ліпеня, што працягваецца і па наш час. Але некаторыя грамадска-культурныя супольнасці ў Беларусі спраўляюць купальскія абрады паводле старажытнай традыцыі — у ноч 20-21 (ці 21-22) чэрвеня, у перыяд летняга сонцастаяння.

Міфалогія Купалля

Лічылася, што раніцай пасля Купальскай ночы сонца «грае». Яно нібыта плавае ў вадзе далёка на гарызонце, «купаецца». «На Купалу сонца грала…» — спяваецца ў народных песнях. Купальская ноч — быццам злучэнне двух несумяшчальных стыхій, агню і вады. У народных песнях і баладах часта паўтараецца матыў: дзяўчына і хлопец пабраліся шлюбам, а потым даведаліся, што яны — брат і сястра. Не вытрымаўшы сораму, яны ператварыліся ў кветку, у якой пялёсткі двух колераў — сіняга і жоўтага. Жоўты — колер сястры, сіні — колер брата (у іншых варыянтах — наадварот). Кветка вядомая як «брат-сястрыца», яна сапраўды расце ў Беларусі, квітнее летам і лічыцца адным з сімвалаў Купалля. У гэтым матыве можа быць рэшта вялікага славянскага міфа пра нараджэнне і зямлі, і неба, і ўсяго сусвету: праз шлюб двух першасных стыхій — агню і вады.

Купальскія містэрыі

Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. У ноч а 12-й гадзіне зацвітае папараць-кветка. Хто знойдзе яе — атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі клады і разумець мову звяроў. Каб адшукаць яе, трэба выправіцца ноччу ў лес аднаму і зайсці ў такі лясны гушчар, каб не чуць ні пеўняў, ні сабак з навакольных вёсак. Папараць-кветка маленькая, але яна ззяе ў цемры яскравым агеньчыкам.

Ведзьмы на Купалле

Адначасова Купалле — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Яны ператвараліся ў жаб, змей, прабіраліся ў хлеў, шкодзілі жывёлам. Гэтыя павер’і адлюстраваныя ў купальскіх песнях:

Хадзем, дзяўчаткі, на Купалу,
Хадзем, сястронкі, агонь класці.
…Пільнаваці жыта й пшаніцы
Ад тое ведзьмы-чараўніцы,
Каб яна па межах не хадзіла,
Раннія расы не абівала.
…З жыта спору не збірала.

— .

Ведзьмы ператвараліся ў розных крылатых жывёл і ляцелі на Лысую гару пад Мсціславам, каб зладзіць там шабаш. Верагодна, гэта ўспамін пра язычніцкія культы, якія ў старажытнасці сапраўды праводзіліся жанчынамі на сакральных узгорках. У купальскіх песнях нават сустракаюцца радкі: «На гары Купала гарэла…» У іншым мясцінах верылі, што ў Купальскую ноч ведзьмы крадуць у людзей коней, на якіх скачуць на Лысую гару.

Калі чалавек не святкаваў Купалле, яго маглі палічыць ведзьмаром: значыць, у гэтую ноч ён лятаў на Лысую гару. З такім людзей паджартоўвалі: «Наталка на Купаллі не была, то-то ведзьма была!».

Каб абараніцца ад ведзьмаў, людзі выконвалі рытуалы:

  • Каб не скралі каня і не паехалі на ім на Лысую гару, гаспадар замыкаў хлеў.
  • На ганак хаты клалі крапіву, каб ведзьмы не нарабілі жыхарам шкоды.
  • Кідалі ў жыта галавешкі з агнём.
  • Абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі.
  • Спальвалі ў агні саламяную ляльку (пудзіла ведзьмы). Часам «ведзьму» мог сімвалізаваць чэрап жывёліны, які таксама кідалі ў агонь.
  • У некаторых мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак.
  • Спявалі песні-абярэгі: «Ой, на Купаллі цёмныя ночы, ой выбер Божа ведзьміны Вочы! / Ой выберы Божа ведзьміны вочы, каб не хадзіла ў цёмныя ночы!..».
  • Развешвалі над дзвярыма хлявоў ці на вокнах розныя вострыя інструменты — сярпы, іголкі, косы.
  • У даўніну падазронай жывёліну (кату, сабаку, жабе) наносілі калецтва. Калі тое ж калецтва потым выяўлялася ў кагосьці з вяскоўцаў — значыць, ён вядзьмар і на купальскую ноч ператвараўся ў жывёліну, каб шкодзіць людзям.

Абраднасць

Рытуалы

Купалле мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да антычных вакхічных культаў.

Свята характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Цэнтральнае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча.

Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з Купалле дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліпеня (24 чэрвеня старога стылю). Традыцыя Купалля на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пачатку XX стагоддзя. У наш час існуе як традыцыйнае народнае свята без абрадавай дзейнасці.

Купальскае вогнішча

Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У некаторых мясцінах у полымя кідалі старыя вуллі, каб пчолы былі здаровыя і прыносілі мёд. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). У агонь таксама кідалі пучок лёну і крычалі магічныя словы: «Зарадзі лён». Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе пудзіла Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай ці Ведзьмай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш.

Варажба

Вельмі пашыранай на Купалле была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.):

  • Заплюшчыць вочы і назбіраць усляпую розных траў, пакласці іх пад падушку. А раніцаў разглядзець іх: калі назбіралася 12 відаў рознай травы, то ў гэтым годзе дзяўчына выйдзе замуж.
  • Пакласці вянкі на ваду, каб у сярэдзіне кожнага вянка была замацаваная свечка. Калі вянок нейкай дзяўчыны патоне і свечка згасне, — значыць, наканаваны разлюбіў яе. Калі не патоне — быць ёй замужам.
  • Калі ў хаце быў нехта хворы, паміж бярвенняў прасоўвалі купальскую кветку. Калі раніцай яе знаходзілі завялай, — значыць, хворы памрэ. Калі кветка засталася жывой, — значыць, хвароба пройдзе.
  • Дзяўчаты (пад смех і жарты сваіх сябровак) — поўзалі па зямлі і зрывалі зубамі аер. А на наступны дзень глядзелі, чый аер лепей адрос. Значыць, той дзяўчыне і быць замужам гэтым годам.
  • Дзяўчаты зрывалі зубамі траву трыпутнік і шапталі: «Трыпутнік — трыпутнік, ты расцеш пры дарозе, бачыш старога і малога, ці не бачыў майго мілога?». Пасля гэтага суджаны павінны быў прысніцца ноччу.

Варажбітныя абрады адлюстроўваюцца ў купальскіх песнях:

Цёмна ночка Іванаўская.
Набяром, сястрыцы,
Жоўтага пясочку
І пасеем, сястрыцы,
Пад таткаву клетку.
А знаці, пазнаці,
Пясочак не ўзыдзець —
Нам у таткі не быці,
Вянкоў не насіці.

— .

Дзеўка-Купала

На Магілёўшчыне Купалле была жывым персанажам, які звалі «Дзеўка-Купала». Яе ролю выконвала самая прыгожая дзяўчына вёскі. Іншыя дзяўчаты распраналі яе і абмотвалі лісцем і галінкамі, на галаву клалі вянок. Потым яе вялі ў лес, дзе былі падрыхтаваныя вянкі. Дзяўчыне завязвалі вочы, і яна раздавала іншым дзяўчатам вянкі. Каму даставаўся свежы вянок — значыць, той жыць шчасліва, каму завялы — той «не бачыць шчасця».

Купальскія зёлкі

Яшчэ днём дзяўчаты і жанчыны збіралі кветкі і расліны: лічылася, што на Купалле яны набываюць асаблівую моц. У Круглянскім раёне збіралі купалкі, у Глыбоцкім — багатыркі. І тыя, і другія лічыліся моцным сродкам дзеля любоўнай магіі. Таксама збіраліся васількі, папараць, рута, святаяннік. Купальскія вянкі, сплеценыя з розных кветак, лічыліся магічнымі. Людзі верылі, што іх моц толькі ўзрастае, калі асвяціць іх у царкве ці касцёле. Калі нехта хварэў, з іх гатавалі адвары ці абкурвалі імі хворага. Архілін, паводле павер’яў, абараняў ад падкопаў злых духаў, сок цірліча прыцягваў багацце, а пералёт-трава прыносіла шчасце.

Купальскія песні

Купальскія песні найбольш распаўсюджаныя ў Паўночнай і Паўднёва-Заходняй Беларусі. Рэдка сустракаюцца ў Гомельскай вобласці. Зусім не сустракаюцца на усходзе Магілёўскай вобласці (Хоцімскі, Кручаўскі, Клімаўскі раёны), Гродзенскай (Астравецкі, Лідскі, Дзятлаўскі раёны) і на паўднёва-заходняй ускраіне Брэсцкай вобласці (Брэсцкі, Жабінскаўскі раён).

Купальскія ласункі

Сялянне з Краснапальскага раёна змешвалі бульбяное цеста з мукою і пяклі пірагі, начынялі іх зялёнай цыбуляй ці кіслай капустай з просам. Амаль па ўсёй Беларусі на Купалле гатавалі кулагу: ягады ставілі на агонь і варылі. Потым дадавалі ў іх крыху мукі, мёд ці цукар, варылі да кісельнага стану. Падавалі на стол з хлебам ці блінамі. Іншым ласункам была верашчака — страва дзеля мачання бліноў. На Тураўшчыне, Магілёўшчыне і Лагойшчыне яе гатавалі так: спачатку сала, мяса ці каўбаса падсмажваліся на патэльні, потым у іх дадавалася мука, араматныя зёлкі. На Гродзеншчыне, у Цэнтральным і Ўсходнім Палессі верашчака была крыху іншай: сала, мяса ці каўбаса варыліся, потым перакалочваліся мукою. На Вілейшчыне і ў некаторых раёнах Гродзеншчыны верашчаку рабілі на хлебным ці бурачным квасе. Сёння верашчака шырока вядомая на Беларусі пад назваю мачанка.

Раніца пасля Купалля

Раніцай пасля Купальскай ночы дзяўчаты і хлопцы сустракалі світанак, назіралі, як сонца «грае» (пераліваецца рознымі колерамі, дзеліцца на кругі), купаліся ў вадзе, каталіся па траве з купальскімі росамі, каб набрацца сілы.

Падобныя святы ў іншых культурах

Многія індаеўрапейскія народы святкавалі перыяд летняга сонцастаяння. Пасля прыходу хрысціянства адпаведная абраднасць у многіх народаў Еўропы была перанесеная на тое ж свята Іаана Хрысціцеля (24-25 чэрвеня). У літоўцаў вядомы Йонінэс, у латышоў — Ліга, у англічан — Ноч перад днём святога Джона, у нарвежцаў — ноч перад святым Хансам (st. Hans), у шведаў — Мідсомар (Midsommar), у датчан — Іёнсок (Jonsok). Швейцарцы святкавалі Sunnawend (Летні сонцаварот), з якім былі звязаныя павер’і пра схаваныя клады, пра гномаў, пра таямнічыя «агні Іаганіса», што ззялі ў цемры.

Купалле ў літаратуры і мастацтве

Свята шырока адлюстравана ў жывапісе, паэзіі, сучасных песнях. Беларускі паэт Янка Купала не толькі ўтварае ад назвы свята свой псеўданім, але і прысвячае яму частку сваёй творчасці:

На купалле на святое
Рві, матуля, зелле тое,
Што ў нас папараць завецца!
І шчаслівым быць здаецца!

Як нарвеш яго даволі
Ў цёмным лесе, ў чыстым полі, —
Палажы за абразамі,
Пасвянці сваймі слязамі…

Двойчы, тройчы — а крапліста —
Злі слязою брыльянцістай
І чакай з яго прыплоду
Ад усходу да заходу…

Як узыйдуць з зелля кветкі. —
Будуць шчасце меці дзеткі,
Будзеш, маці, меці ў хаце
Долю, згоду і багацце!..

— .

На Купалле — музычны сінтэтычны спектакль, пастаўлены ў БДТ-1 у 1921 годзе, які пратрымаўся некалькі гадоў у рэпертуары тэатра па аднайменнай драме М. Чарота «На купалле» Е. Міровічам.

З сучаснай літаратуры тэма Купалля шырока закранута ў дзіцячай аповесці-казцы (ці фэнтэзі) Уладзіміра Ягоўдзіка «Янка і Ружа» (2013 г.)

Гл. таксама

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Tags:

Купалле ЭтымалогіяКупалле ГісторыяКупалле Міфалогія КупалляКупалле АбраднасцьКупалле Падобныя святы ў іншых культурахКупалле ў літаратуры і мастацтвеКупалле Гл. таксамаКупалле КрыніцыКупалле ЛітаратураКупалле СпасылкіКупаллеГрыгарыянскі каляндарНародны каляндарСонцастаяннеЮліянскі каляндар

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская:

БізнесСаюз пісьменнікаў Беларусі (2005)Родны склонБелы буселПрамысловасць БеларусіВалерый Станіслававіч МянжынскіДрама (жанр)ЛасіцыБеларускія народныя танцыГДастархан2-і стралковы корпус (2-га фарміравання)Віктар МарціновічКірыла ТураўскіЧорны буселЯнка КупалаРуская літаратураЮрый Георгіевіч ШанькоНачніца сажалкаваяМастацкі стыльКрасная Ніва (Пухавіцкі раён)ЧарнобыльМарыя АнтуанетаПімен ПанчанкаЯнка СіпакоўЗлучаныя Штаты АмерыкіАндрэй ПачобутКупаллеДРасіяСупершоў супербратоў МарыаЛіцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэтаГорватыІван Іванавіч НасовічЭйфелева вежаПершы крыжовы паходАляксандр Мікалаевіч КазекаКанскі кінафестываль 1999Сымон БудныЧалавек пасярэдзінеСлонімУладзімір ДубоўкаТалачынУ краіне райскай птушкіПінскВялікабрытаніяБілінгвізмУсевалад Мікалаевіч СцебуракаЮрась ШамецькаЛеў Барысавіч ТалалайМінскі інавацыйны ўніверсітэтБум-Бам-ЛітКлючнікАлаіза ПашкевічЧырвоная зменаКасцёл Святога Іосіфа (Валожын)ХрысціянстваТрэнцкі ўніверсітэт (Канада)СяброўстваУвасабленнеЦыбуля мядзведжаяАповесцьВольга ГапееваРыгор БарадулінЯгайлаХатыньПадбелНафтан (прадпрыемства)ЗлучнікКот ІкВіцэ-прэзідэнт ІранаКітабыПрыродаЛебядовыя (сямейства)🡆 More