Ізяславічы Полацкія, Рагвалодавічы, крыўскія князі — дынастыя князёў Полацкай зямлі, нашчадкаў Ізяслава Уладзіміравіча, асобная група ў складзе роду Рурыкавічаў.
Ёсць думка, што на Русі было дзве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы, пры тым, што па мячы пазнейшыя Рагвалодавічы толькі галіна Рурыкавічаў. Паводле Адольфа Стэндэр-Пэтэрсана, на Русі было дзве скандынаўска-славянскіх дзяржавы — Наўгародска-Кіеўская і Полацкая, ён спасылаецца на сведчанне Аповесці мінулых часоў пра княжанне Рагвалода ў Полацку і яго скандынаўскае імя. Паводле Амяльяна Прыцака, полацкая дынастыя была адзінай са старажытных скандынаўскіх дынастый, якая здолела захавацца ў барацьбе з Рурыкавічамі.
Адасабленне Рагвалодавічаў (Ізяславічаў Полацкіх) сярод Рурыкавічаў абумоўлена іх паходжаннем па кудзелі і нормамі старажытнаскандынаўскага звычаёвага права. Ужо кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч, дзелячы ў тастаменце Кіеўскую дзяржаву (Русь) паміж сынамі, не згадвае Полацка і тагачаснага полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Таксама і князь Усяслаў не прымае ўдзелу ў з’ездзе Рурыкавічаў у Любечы (1097). У пачатку XII стагоддзя летапіс вылучае сярод Рурыкавічаў «Рагваложых унукаў» і «Яраслававых унукаў» як варожыя групоўкі ледзь не з часоў кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча. Разам з тым летапіс называе полацкіх князёў «крыўскімі».
Старшынство сярод сыноў Усяслава Брачыславіча дыскусійнае. Цяпер вядомы адзіны сучасны Усяславічам іх пералік, датычны іх высылкі ў 1130 годзе. Пад 1130 годам імёны князёў не названы. Пад 1140 годам змешчаны пералік з імёнамі трох сыноў Усяслава — Давыда, Расціслава, Святаслава, і двума безыменнымі княжычамі, якія тым годам вярнуліся на Русь. Імёны княжычаў — Васіль і Іван — вядомы толькі з Маскоўскага зводу 1479 года. І пад 1140 годам, і ў зводзе 1479 года два княжычы названы «Рагвалодавічамі». З «Жыція Еўфрасінні Полацкай» вядома, што яе бацька Святаслаў быў маладзейшы з братоў. Такім чынам, задача даследчыкаў змясціць у гэты парадак таксама Барыса, Глеба і Рамана, памерлых да 1130 года, гісторыкі гэта вырашаюць розна.
Часта ў даследаваннях сустракаецца яшчэ адзін пералік — Давыд, Барыс, Глеб. На думку шэрагу даследчыкаў (Леанід Аляксееў, а за ім Лявонцій Вайтовіч), у такім парадку Усяславічы згаданы ў сачыненні ігумена Данілы. На праўдзе, ігумен Даніла згадваў сярод старэйшых князёў толькі аднаго Усяславіча — менскага князя Глеба, зяця і саюзніка вялікага князя кіеўскага. Астатнія Усяславічы з’явіліся там праз скажэнні пазнейшых перапісчыкаў.
Значнае месца ў вызначэнні старшынства Усяславічаў займаюць імёны, бо чацвёра з іх названы па святых Барысу і Глебу (у хрышчэнні Раману і Давыду). На думку Аляксея Мельнікава, пры нарачэнні па святых Барысе і Глебе, Барысам заўсёды называлі старэйшага сына, а Глебам — малодшага, таксама і з Раманам і Давыдам, але аргументацыі даследчык не дае. Антон Увядзенскі заўважае, на яго думку, сучасную Усяславу паралель — імёны сыноў чарнігаўскага князя Святаслава Яраславіча — Глеба, Рамана і Давыда, чыё старшынство ў такім парадку даследчык пацвярджае крыніцамі, на яго думку ў іх мог быць і старэйшы брат Барыс, які не дажыў да ўзросту, калі мог быць згаданы крыніцамі. На думку Увядзенскага, паралель можа ў пэўнай ступені пацвярджаць, што Усяслаў у нарачэнні сваіх сыноў трымаўся такой самай схемы.
Знакамі нашчадкаў полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча, на думку Савы Міхеева, несумненна былі -падобныя трызубы з адагнутымі завяршэннямі бакавых зубоў, але для атрыбуцыі асобных знакаў пэўным князям бракуе звестак. Знакі Ізяславічаў болей за знакі большасці нашчадкаў Яраслава Уладзіміравіча падобныя да тамгі Уладзіміра Святаславіча. Выявы такіх знакаў знойдзены на помніках полацкага паходжання, асабліва на плінфе полацкіх і віцебскіх храмаў даследаванай Паўлам Рапапортам. Просты трызуб без дадатковых элементаў выяўлены і на пасцелістым баку, і на тарцах плінфы полацкай «царквы на рове», датаванай Рапапортам 1165—1168 гадамі. На пасцелістым баку плінфы «царквы на рове» сустракаецца і трызуб з крыжам на цэнтральным зубцы, вядомы таксама на пячатцы з дзвюма аднолькавымі тамгамі на аверсе і рэверсе. Просты трызуб без ножкі выяўлены на пасцелістым баку плінфы віцебскай Дабравешчанскай царквы, меркавана датаванай 1140-мі гадамі, і на тарцах плінфы полацкай «царквы на дзядзінцы».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Ізяславічы Полацкія, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.