Радыё 101,2

Радыё 101,2 FM («Радыё 101 і 2, Гарадзкі канал») — беларускамоўная незалежная радыёстанцыя, якая працавала ў Менску на частасьці 101,2 МГц ад 21 ліпеня 1995 году да 31 жніўня 1996 году, калі была зачыненая.

Радыё 101,2
75p
Горад Менск
Краіна Беларусь
Фармат беларускамоўны
Музычны фармат рок і поп-музыка
Частасьць 101,2 FM
Час вяшчаньня 8:00 — 18:00 (10 гадзінаў)
Пачатак працы 21 ліпеня 1995 (28 гадоў таму)
Канец працы 31 жніўня 1996 (27 гадоў таму)
Замяніла Беларуская маладзёжная (Беларускае радыё)
Замененая Пілёт ФМ(ru) (БРСМ)
Заснавальнік Фонд Сораса
Кіраўнікі Жанна Літвіна
Зьміцер Новікаў

Гісторыя

Радыё 101,2 фактычна зьяўлялася спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Працэс рэгістрацыі новай беларускай FM-радыёстанцыі пачаўся ў 1994 годзе празь некалькі месяцаў пасьля ліквідацыі «Беларускай Маладзёжнай». Радыёстанцыя была зарэгістраваная ў чэрвені 1994 году напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У канцы жніўня 1994 году Рада Фонда Сораса задаволіла заяўку на выдаткаваньне сродкаў на перадатчык для радыёстанцыі. У этэр радыёстанцыя выйшла 21 ліпеня 1995 году пасьля мантажу радыёперадатчыка, рамонту памяшканьня радыё, і абсталяваньня студыі.

Вяшчаньне

Вяшчаньне радыёстанцыі працягвалася ад 8 гадзіны раніцы да 18 гадзіны вечару. Аўтарскія перадачы і этэры на радыё вяліся толькі па-беларуску за выключэньнем інтэрвію ў жывым этэры, калі суразмоўцы кепска валодалі беларускай мовай. Музычная палітыка радыёстанцыі вызначалася пераважна асабістымі густамі вядоўцаў і гукарэжысэраў. Запісы новых праграмаў і праграмных заставак адбываліся пасьля сканчэньня этэру і нярэдка ўначы.

Радыё 101,2 першым распачало практыку выступаў музычных гуртоў у жывым этэры, якая ладзілася ў межах праграмы Касі Камоцкай «ПраРок».

Вяшчаньне ажыцьцяўлялася з студыі радыёстанцыі, якая разьмяшчалася на другім паверсе па вуліцы Рэвалюцыйнай, 8а ў Менску. Радыёперадатчык разьмяшчаўся па вуліцы Камуністычнай, 6. Магутнасьці перадатчыка хапала на тое, аб ахапіць вяшчаньнем Менск і некалькі дзясяткаў кілямэтраў вакол. Найбольшая адлегласьць ад Менску, на якой было магчыма чуць радыё, складала 70—80 кілямэтраў. З гэтай прычыны радыёстанцыя пазыцыянавала сябе таксама пад назвай «Гарадзкі канал».

Міжнароднае супрацоўніцтва

Першапачаткова фанатэка радыё складалася пераважна з асабістых архіваў гукарэжысэраў і падарункаў калегаў з польскіх радыёстанцыяў, але пазьней Радыё 101,2 падпісалася на рассылку зборнікаў новых гітоў ад амэрыканскай кампаніі TM Century, а таксама павялічвала свой музычны архіў праз супрацоўніцтва з Бі-Бі-Сі. Апроч гэтага з Сусьветнай службай Бі-Бі-Сі ў 1995 годзе была падпісаная дамова, у адпаведнасьці зь якой радыё запісвала, перакладала і выпускала ў этэр выпускі навінаў Бі-Бі-Сі, а таксама шэраг ліцэнзійных музычных праграмаў. Таксама дамова была падпісаная з Расейскай службай «Нямецкай хвалі», а гадзіна этэру радыёстанцыі штодня адводзілася пад вяшчаньне Беларускай службы Польскага Радыё.

У 1996 годзе на хвалях Радыё 101,2 прайшоў Польскі дзень, дзякуючы чаму шырэйшае кола слухачоў у Беларусі змагло пазнаёміцца з дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ў заходняй суседкі.

Фінансавае становішча

Для прыцягненьня рэклямадаўцаў на радыё была ўведзеная дзённая «гіт-гадзіна» з вызначаным мінімумам «папулярных» песень, якім мусілі прагучаць за пэўны прамежак часу.

Улетку 1996 году радыёстанцыя выйшла на самаакупнасьць. Камэрцыйны дырэктар радыё Зьміцер Бандарэнка зазначаў, што паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, інфармацыйныя выпускі Радыё 101,2 слухалі да 80% усіх FM-слухачоў. Магчыма, прычынай гэтага стала тое, што радыё шырока асьвятляла беларускія палітычныя падзеі.

Закрыцьцё

30 жніўня 1996 году рэдакцыя Радыё 101,2 па факсе атрымала паперу зь Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь за подпісам кіраўніка дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі БелГІЭ А. Ніканава спыніць экплюатацыю перадатчыка на частасьці 101,2 МГц з 1 верасьня 1996 году «ў мэтах пазьбяганьня перашкодаў у прыёмных каналах ЦС РТС „Алтай“».

Цягам усяго дня 31 жніўня супрацоўнікі радыё перад выпускамі навінаў зачытвалі тэкст заявы з папярэджаньнем пра хуткае гвалтоўнае спыненьне сваёй працы. Вяшчаньне было спыненае роўна а 20-й гадзіне.

Літоўская асацыяцыя радыё й тэлебачаньня(lt), «Рэпартэры бязь межаў», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аб’яднаная грамадзянская партыя асудзілі закрыцьцё радыё напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году. Выканаўчы дырэктар Амэрыканскага камітэту абароны журналістаў Ўільям А. Орм накіраваў Генэральнаму сакратару Рады Эўропы Даніэлю Таршысу(en) ліст, у якім выказаў занепакоенасьць з нагоды «нападак ураду на незалежную прэсу Беларусі», у тым ліку на Радыё 101,2.

Пасьля спыненьня перадатчыка супрацоўнікі радыё ладзілі вулічныя пікеты і дамагаліся адказаў афіцыйных уладаў, але вынікаў гэта не дало.

Дырэктар радыёстанцыі Дзьмітры Новікаў пракамэнтаваў закрыцьцё радыёстанцыі 101,2 наступным чынам:

Радыё 101,2  Наша грамадзтва спаралізаванае савецкімі комплексамі і стэрэатыпамі. Найперш: беларускае — горш за расейскае. Мы зламалі гэты стэрэатып… Таму нас і зачынілі, бо спужаліся разьвіцьця — незалежнасьці ў галовах. Радыё 101,2 

Пэрыяд пасьля закрыцьця станцыі

Пасьля закрыцьця радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

Праз пэўны час частасьць 101,2 FM была перададзеная для вяшчаньня іншым радыёстанцыям. Ад 2003 году на частаце 101,2 МГц працуе радыёстанцыя «Пілёт ФМ(ru)», якая належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Супрацоўнікі

Дырэктары — Жанна Літвіна й Дзьмітры Новікаў. Дырэктар рэклямнага аддзелу, камэрцыйны дырэктар — Зьміцер Бандарэнка. Дыктары — Вольга Бабак, Ірына Курапаткіна. Аўтарскія праграмы «ПраРок» (Кася Камоцкая), «Бабілёнская бібліятэка» (Юрась Бушлякоў), «Музыка тоўстых» (Зьміцер Падбярэскі), «Квадракола» (Лявон Вольскі), «Бізнэс-актуаліі» (Вольга Караткевіч). Музычны рэдактар і гукарэжысэр Сяргей Лабандзіеўскі.

Ацэнкі

Музычны крытык Зьміцер Падбярэскі ў 2000 годзе сьведчыў, што прыклад Радыё 101,2 давёў грамадзкасьці, што беларускае можа быць прыбытковым, бо «справа ў якасьці музыкі й прафэсіяналізьме ды-джэяў».

Дадатковыя зьвесткі

  • Ад самага пачатку вяшчаньня Радыё 101,2 была ўведзеная прынцыповая адмова ад расейскамоўных песень у этэры. Выключэньні рабіліся толькі для анансаваньня канцэртаў расейскіх гуртоў, інфармацыйнымі фундатарамі якіх зьяўлялася радыё, або падчас жывых інтэрвію з расейскімі музыкамі.
  • Першай песьняй, якая прагучала ў этэры Радыё 101,2 21 ліпеня 1995 году была «We’re Not Gonna Take It» гурта Twisted Sister, а апошняй — 31 жніўня 1996 году — «I’ll Be Back Again» гурта The Beatles.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Радыё 101,2 ГісторыяРадыё 101,2 СупрацоўнікіРадыё 101,2 АцэнкіРадыё 101,2 Дадатковыя зьвесткіРадыё 101,2 КрыніцыРадыё 101,2 Вонкавыя спасылкіРадыё 101,2Менск

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Летувісы ў БеларусіМенскСМЕРШТаксіАтрад (біялёгія)Анатоль СербантовічЭлізабэт ТэйларАльгарытмC++СадавінаВольныя матэрыялыІндэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялуЦэнтральная разьведвальная ўправаСьпіс помнікаў архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, зруйнаваных уладамі Расейскай імпэрыіКасьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў (Юравічы)Вінцук ВячоркаБакаляўрЧорная дзіркаСмаленскУсходнеславянскія мовыУкраінская моваМесяц (каляндар)Алесь КажадубАлесь БадакКастусь КаліноўскіБеларусьЕва ВежнавецФранцішак ПяткевічЗянон Пазьняк1629Івонка СурвілаVPNМужчына зьверхуМіністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі БеларусьПаўстаньне 1794 году7 (лік)Назоўнік28 красавікаЛюдміла СільноваХалодная вайнаЖыровічыСьвятлана АлексіевічПінгвіныІгар БабкоўАрцём АрашонакБеларуская ПалічкаАляксандар ЛукашэнкаМаўнтын-Вію (Каліфорнія)ТэхналёгіяВікіпэдыяМагілёўская вобласьцьАлесь СавіцкіКурыцаСудаСтрахаваньнеАлесь ЖаўрукІрляндыяЁган Вольфґанґ фон ҐётэМанулРоварКрасавікПаўлюк Трус2006Арганізацыя Аб’яднаных НацыяўРобэрт ФішэрПарнаграфія ў ЧэхііФэрдынанд РушчыцЯнка Сіпакоў🡆 More