Новая Эканамічная Палітыка

Но́вая эканамі́чная палі́тыка (НЭП) — захады ўраду Расейскай СФСР 1921—1928 гадоў, зацьверджаныя 10-м зьездам Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) 14 сакавіка 1921 году.

Замяніла палітыку ваеннага камунізму, што ажыцьцяўлялася бальшавікамі падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі ў 1918—1921 гадах. Улучала: 1) увядзеньне штогадовага харчовага падатку ў вёсцы замест харчразьвёрсткі, 2) дазвол прыватнага гандлю, 3) дазвол замежных канцэсіяў для прыцягненьня ўкладаньняў, 4) ператварэньне рубля ў канвэрсаваную валюту цягам 1922—1924 гадоў, 5) дазвол прыватнага найму да 30 работнікаў. Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі, заснаваная 30 сьнежня 1918 г. у Смаленску (Заходняя вобласьць, Расейская СФСР) у складзе РКП(б), праводзіла НЭП у Беларускай ССР. Адпаведныя захады ажыцьцяўляліся ў Закаўкаскай СФСР і Ўкраінскай ССР, якія 30 сьнежня 1922 году ўтварылі СССР зь Беларускай ССР і Расейскай СФСР.

Перадумовы

У выніку Першай сусьветнай вайны 1914—1918 гадоў і наступнай грамадзянскай вайны ў Расеі вытворчасьць буйной прамысловасьці зазнала 5-кратнае скарачэньне ў 1920 г. параўнальна з даваенным 1913 годам. За адпаведны час тэкстыльная прамысловасьць зазнала амаль 18-кратнае скарачэньне. Земляробства ўпала да 64% ад узроўню 1913 году, жывёлагадоўля — да 72%. За час 1-й сусьветнай і грамадзянскай войнаў (1914—1921 гг.) у Расеі спынілася большасьць перавозак, перастала працаваць большасьць аддзяленьняў пошты і тэлеграфнай сувязі, адбыўся разрыў большасьці ранейшых гандлёвых сувязяў.

У Беларускай ССР адчуваліся разбуральныя наступствы 8-гадовага прыфрантавога становішча Беларусі цягам 1-й сусьветнай вайны 1914—1918 гг. і наступнай Польска-савецкай вайны 1919—1921 гадоў. Рыская мірная дамова ад 18 сакавіка 1921 г. прывяла да 18-гадовага падзелу Беларусі між Расейскай СФСР і Польскай Рэспублікай, які яшчэ больш абцяжарыў аднову гаспадарчых сувязяў. За 1914—1921 гг. у Беларусі перастала працаваць большасьць прамысловых прадпрыемстваў. У 1920 г. сельская гаспадарка вырабіла крыху больш за палову тавараў ад узроўню даваеннага 1913 году. Пашырэньне атрымаў разбойны бандытызм.

Захады

14 сакавіка 1921 г. 10-ы зьезд РКП(б)(ru) зацьвердзіў Пастанову «Аб замене разьвёрсткі натуральным падаткам». 21 сакавіка 1921 г. Усерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт(ru) РСФСР, куды ўваходзілі прадстаўнікі зьездаў Саветаў Беларускай і Ўкраінскай ССР і Закаўкаскай СФСР, зацьвердзіў адпаведную Пастанову «Аб замене харчовай і сыравіннай разьвёрсткі натуральным падаткам» з 10 пунктаў. Паводле 3 пункта Пастановы: «Падатак спаганяецца ў выглядзе адсоткавага або долевага адлічэньня ад вырабленых у гаспадарцы прадуктаў, зыходзячы з уліку ўраджаю, колькасьці едакоў у гаспадарцы і наяўнасьці быдла ў ім». Паводле 4 пункта: «адсотак адлічэньня для гаспадарак сераднякоў, маламаёмных гаспадароў і для гаспадарак гарадзкіх рабочых мае быць паніжаным». Паводле 7 пункта: «Адказнасьць за выкананьне падатку ўскладаецца на кожнага асобнага гаспадара … Кругавая адказнасьць скасоўваецца». 8 пункт прадугледжваў: «Усе запасы харчаваньня, сыравіны і фуражу, якія застаюцца ў земляробаў пасьля выкананьня імі падатку, знаходзяцца ў поўным іх распараджэньні і могуць быць выкарыстаныя імі для паляпшэньня і ўмацаваньня сваёй гаспадаркі, для павышэньня асабістага спажываньня і для абмену на прадукты фабрычна-заводзкай і саматужнай прамысловасьці і сельскагаспадарчай вытворчасьці. Абмен дапускаецца ў межах мясцовага гаспадарчага абароту як праз каапэратыўныя арганізацыі, так і на рынках і кірмашах». У сельскай гаспадарцы дазволілі арэнду зямлі, прыватны наём работнікаў, выбар спосабу землекарыстаньня, увялі спрыяньне пазычаньню і каапэрацыі.

15 кастрычніка 1921 г. стварылі Дзяржаўны банк Расейскай СФСР з капіталам у 2 трлн рублёў, які з 1923 г. стаў Дзяржаўным банкам СССР(ru). 3 лістапада 1921 г. Савет народных камісараў РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб грашовых знаках узору 1922 году», якім даручыў Народнаму камісарыяту фінансаў РСФСР правесьці дэнамінацыю ранейшых рублёў па 10 000 за 1 новы (саўзнак). 11 кастрычніка 1922 г. СНК РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб наданьні Дзяржаўнаму банку права выпуску банкаўскіх білетаў» у выглядзе чырвонцаў. Паводле 2 пункта Дэкрэта: «чырвонец — 1 залатнік(uk) 78,24 долі(uk) (7,74 грама) чыстага золата) — роўны 10 рублям у ранейшай расейскай залатой манэце» цара Мікалая ІІ 1897—1911 гадоў выпуску. Паводле пункта 3: «Банкаўскія білеты, выпушчаныя ў абарачэньне Дзяржаўным банкам, забясьпечваюцца цалкам, прычым прынамсі на 1/4 іх сумы па намінальнай цане — каштоўнымі мэталамі і ўстойлівай замежнай валютай па курсе на золата, а ў астатняй частцы — лёгказбытавымі таварамі, кароткатэрміновымі вэксэлямі і іншымі кароткатэрміновымі абавязкамі».

24 кастрычніка 1922 г. СНК РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб выпуску ў абарачэньне грашовых знакаў узору 1923 году», паводле якога савецкія рублі 1922 г. замяняліся па 100 за 1 новы рубель. 26 кастрычніка 1922 г. СНК РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб біцьці залатых чырвонцаў», якое даручыў Наркамфіну РСФСР. Паводле 3 пункта Дэкрэта: «Чырвонец зьмяшчае ў сабе 900 частак чыстага золата і 100 частак медзі». Паводле пункта 4: «Лігатурная вага чырвонца роўная 2 залатнікам 1,6 долі» (8,6 грама). У 1923 г. Петраградзкая мынца(ru) выбіла 2,751 млн залатых чырвонцаў(ru). За 1923 г. дзель чырвонцаў у грашовай масе СССР вырасла з 3% да 80%. 7 сакавіка 1924 г. Савет народных камісараў СССР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб парадку выкупу савецкіх грашовых знакаў, кошт якіх не пазначаны ў цьвёрдай валюце». Паводле 2 артыкула Дэкрэта: «Цьвёрды курс згаданых у арт. 1 савецкіх грашовых знакаў(ru) устанаўліваецца з 10-га гэтага сакавіка 1924 году ў 1 рубель золатам за 50 000 рублёў у грашовых знаках узору 1923 году». Паводле 3 артыкула прадугледжвалася: «Грашовыя знакі ўзору 1923 году, якія застаюцца ў звароце, абавязковыя да прыёму дзяржаўнымі, каапэратыўнымі і прыватнымі ўстановамі, прадпрыемствамі і асобамі па ўстаноўленым у арт. 2 дадзенай пастановы курсе па 10-га красавіка 1924 году ўключна. Прыём грашовых знакаў ўзору 1923 году ў плацяжы касамі Народнага камісарыяту фінансаў і Дзяржаўнага банку і абмен іх згаданымі касамі на цьвёрдую валюту ажыцьцяўляць па 30-га красавіка 1924 году ўключна».

12 ліпеня 1925 г. СНК СССР зацьвердзіў Пастанову, якой: 1) скасаваў параўнальны збор (з абарота), панізіў цану патэнта (дазволу на прадпрымальніцтва) і падаходнага падатка з саматужнікаў; 2) утрая зьменшыў прамысловы падатак з саматужнікаў-наймальнікаў; 3) вызваліў ад прамых падаткаў вясковых рамесьнікаў і саматужнікаў. Адначасна на 20% павысілі падаткаабкладаньне з прамыслоўцаў. У выніку прамыслоўцы сталі дзяліць прадпрыемства на саматужныя між родзічамі.

Вынікі

У 1925 г. большасьць галінаў сельскай гаспадаркі СССР дасягнула ўзроўню даваеннага 1913 году ў Расейскай імпэрыі. У 1926 г. кошт валавай вытворчасьці ў СССР ў цэнах даваеннага 1913 г. перавысіў сярэднегадавыя паказьнікі 1911—1913 гадоў на 9,8% і склаў 384,8 млн залатых рублёў. Да 1927 г. узровень прамысловай вытворчасьці аднавіўся да даваеннага 1913 году. Вызначальным чыньнікам гаспадараньня стаўся рынак. Грашовая рэформа ў СССР 1922-1924 гадоў(ru) дазволіла пераадолець гіпэрінфляцыю. У 1921—1927 гг. скасавалі працоўную павіннасьць і натуральную аплату працы, правялі адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу.

Беларуская ССР

На 1921 г. звыш паловы прамысловых прадпрыемстваў спынілі працу за час 1-й сусьветнай і Польска-савецкай войнаў. 1 ліпеня 1921 г. Савет народных камісараў БССР выдаў Дэкрэт аб увядзеньні прамысловага падатку, які складаўся з набыцьця патэнта (дазволу на прадпрымальніцтва) і выплаты параўнальнага збору (% з абарота). У 1921—1925 г. на прыватнікаў прыпадала ад 96,8% да 88,7% выплаты прамысловага падатку. Патэнт набываўся двойчы на год. Яго цана вызначалася паводле разраду, які залежаў ад ліку наёмных работнікаў. У 1921—1924 гг. прамысловыя прадпрыемствы дзяліліся на 12 разрадаў: 1) 1-3 работнікі або сам рамесьнік; 2) 4-6 работнікаў або наяўнасьць абсталяваньня; 3) 7-10 работнікаў або выкарыстаньне сямейнікаў; 4) 10-15 работнікаў; 5) 16-20 работнікаў. Патэнт 2-га разраду каштаваў удвая даражэй за патэнт 1-га разраду; 3-яга разраду — у 1,5 разы больш за 2-га; кожны наступны каштаваў у 1,3 разу даражэй за папярэдні. У выніку з ростам ліку найманых работнікаў падаў падатковы цяжар на прадпрыемства ў разьліку на кожнага работніка. Параўнальны збор у сярэднім складаў 3% ад абароту прадпрыемства (выручкі за тавары і паслугі). Паводле прамысловага перапісу ад 22 сьнежня 1922 г. у БССР працавалі 4846 прадпрыемстваў, што было ў 1,8 разу больш, чым у 1921 годзе. Лік прыватных гарбарных прадпрыемстваў вырас да 1286 (26,5% ад агульнага ліку прадпрыемстваў), то бок больш як 4-кратна параўнальна з 1921 годам. У БССР 94% вытворчых прадпрыемстваў належалі прыватнікам, 4% — ураду і 1% — каапэратывам. У 1922 г. ураджай у Беларускай ССР склаў 75% ад узроўню даваеннага 1913 году ў Менскай губэрні, што дазволіла пераадолець недаяданьне (голад) сярод насельніцтва, якое пачалося ў 1918 годзе. У 1923 г. доля прыватнікаў вырасла да 90% ліку гандлёвых прадпрыемстваў і 85% таваразвароту.

У сакавіку 1924 г. і 4 сьнежня 1926 г. прайшло ўзбуйненьне Беларускай ССР шляхам далучэньня беларускіх паветаў Расейскай СФСР (цяпер усходнія раёны Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласьцяў Беларусі). Пры канцы 1922 г. у беларускіх паветах РСФСР было 6337 прыватных прадпрыемстваў, зь іх 36,7% у Гомельскай губэрні. Пераважала харчовая прамысловасьць. Прыватных млыноў у беларускіх паветах РСФСР было ў 1,6 разу больш, чым у Беларускай ССР. Чвэрць зь іх абсталявалі паравымі, газагенэратарнымі і нафтавымі мэханічнымі рухавікамі. На прыватнікаў у беларускіх паветах РСФСР прыпадала 92% вытворчых прадпрыемстваў, на ўрад — 6%, на каапэратывы — 2%. У 1924 г. лік прыватных вытворчых прадпрыемстваў 5-кратна вырас да 44 892 параўнальна з 1922 годам у БССР і далучаных беларускіх паветах. Прыватныя прадпрыемствы вырабілі 68,9% прамысловых тавараў Беларускай ССР. Прыватным асобам належалі 95% прамысловых прадпрыемстваў БССР. Паводле прамысловага перапісу 1924 г. сярэдні прыбытак рамесьніка за паўгодзьдзе склаў 438,7 рубля. Рамесьнікі працавалі на заказ без пасярэдніка і наёмных работнікаў. Прадстаўнікі вольных прафэсіяў — гравёры, зубнікі і мастакі — у сярэднім зарабілі па 703,5 рубля за паўгодзьдзе. Саматужнікі, якія маглі наймаць да 3 прафэсійных работнікаў і 3 вучняў-падлеткаў, зарабілі ў сярэднім па 824 рублі. Саматужнікі валодалі абсталяваньнем і праз пасярэднікаў набывалі сыравіну і збывалі вырабы. Прамыслоўцы, якія наймалі 4-30 работнікаў, атрымалі за паўгодзьдзе ў сярэднім па 12 479 рублёў прыбытку. У сувязі з высокай даходнасьцю вытворчасьці да прамыслоўцаў залічалі аднаасобных алейнікаў, гарбароў, ліцейнікаў, млынароў, мылавараў, смалакураў, фатографаў, цагельнікаў, ювэліраў і ўласьнікаў зерняцёрак.

1 студзеня 1925 г. набыла моц Пастанова Народнага камісарыяту працы БССР «Аб абавязковым страхаваньні наёмных рабочых прыватных прадпрыемстваў», якое склала 15%-35% заробку работнікаў у залежнасьці ад прыбытковасьці прадпрыемства. У 1925 г. параўнальна з 1924 г. прамысловы падатак павялічылі ў 1,9 разу, а падаходны — 5-кратна. У выніку за 1925 г. рамесьнікі заплацілі на 20% больш прамых падаткаў, а саматужнікі і прамыслоўцы — амальу 2,7 разу больш за паказьнік 1924 году. 1 лістапада 1925 г. Народны камісарыят фінансаў БССР зацьвердзіў Пастанову аб пазыкова-ашчадных таварыствах (ПАТ), якія падзяліў на саматужныя і сялянскія. Саматужным таварыствам прапаноўваліся кароткатэрміновыя пазыкі пад 12%-14% гадавых ад Дзяржаўнага банка БССР і Ўсерасейскага каапэратыўнага банка. Сялянскія таварыствы атрымалі права на каротка- і доўгатэрміновыя пазыкі ад Белсельбанка. Ад рамесьнікаў і саматужнікаў патрабаваўся ўдвая большы паявы ўнёсак для ўдзелу ў ПАТ, чым ад сялянаў. 26 сьнежня 1925 г. Вышэйшы савет народнай гаспадаркі БССР зацьвердзіў Плян інтэнсіўнай каапэрацыі прыватнай вытворчасьці. У выніку за нявыплату пазыкі, атрыманай праз пазыкова-ашчаднае таварыства, рамесьнікаў і саматужнікаў пачалі прымусова ўлучаць у вытворчыя каапэратывы. У каапэратыве вытворцы гублялі права наймаць работнікаў і вызначаць цану продажу і аб’ём вытворчасьці свайго тавара. Падаткаабкладаньне каапэратываў было на 20%-30% ніжэй, чым для прыватных прадпрыемстваў. Адначасна ў 1925 г. стварылі Беларускі рэспубліканскі саматужна-рамесны цэнтар (Белсаматужпрамсаюз), якому каапэратывы падпарадкоўваліся праз акруговыя саюзы. У 1926 г. у Беларускай ССР лік прыватных прадпрыемстваў вырас да 61 676 на 37% параўнальна з 1924 годам. Аднак доля прыватных прадпрыемстваў у прамысловай вытворчасьці БССР скарацілася за гэты час да 59,3%. Тым часам, у 1924—1926 гг. у іншых 5 тагачасных рэспубліках СССР (Закаўкаскай і Расейскай СФСР, Туркмэнскай, Узбэцкай і Ўкраінскай ССР) доля прыватнай прамысловасьці складала менш за 39,9%.

У 1927—1928 гг. падаходны падатак з прыватнага прадпрыемства складаў 17%-25%, з каапэратыва — 5,9%, для ўрадавай прамысловасьці — 8%. У выніку за 1927 г. паводле артыкула 80 Крымінальнага кодэкса БССР за стварэньне лжэкаапэратываў зьняволілі да 2 гадоў 138 чалавек, пераважна зь Менску і Віцебску. У 1928 г. прыватная вытворчасьць у БССР скарацілася параўнальна з 1926 г. амаль удвая і склала 18% ад валавага абароту Беларускай ССР. Тым часам, у 1928 г. у іншых 5 тагачасных рэспубліках СССР на прыватныя прадпрыемствы прыпадала менш за 6% валавога абароту.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Новая Эканамічная Палітыка ПерадумовыНовая Эканамічная Палітыка ЗахадыНовая Эканамічная Палітыка ВынікіНовая Эканамічная Палітыка Беларуская ССРНовая Эканамічная Палітыка КрыніцыНовая Эканамічная Палітыка Вонкавыя спасылкіНовая Эканамічная ПалітыкаБеларуская ССРЗакаўкаская СФСРЗаходняя вобласьцьКПССКамуністычная партыя БеларусіРасейская СФСРСССРСавецкі рубельСмаленскУкраінская ССР

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Алесь ЖукГенадзь КарпенкаЯнка МаўрГедзімінавічыHromadske.TVДжавагарлал НэруДжынсавая рэвалюцыяПадзелы Рэчы ПаспалітайСельская гаспадарка БеларусіЮрась ШамецькаСаўгутЛідзкі замакГрэцкая моваРэформа беларускага правапісу 1933 годуАлесь КажадубРасея30-я грэнадэрская дывізія Вафэн-СС (1-я беларуская)Янка БрыльДругая сусьветная вайнаТрыбадызмЛютСонечная энэргіяНадвор’еЗямля пад белымі крыламі15 красавікаАдам ГлёбусІнфраструктураЗьміцерЦмокАндрэй КурэйчыкСалдускі крайYouTubeАрцём АрашонакКірыл РадзівонаўЧорны сьпіс ЭўразьвязуСьвір (мястэчка)Зянон ПазьнякМікола МятліцкіАндрэй ДынькоВіцебскСловаЛёвэнТрстэнікСорга двухколернаеШуляк-галубятнікСэксX (сацыяльная сетка)ПэнсіяЗ воўчым білетамМыш курганцаваБеларускія немцыЯн ЧыквінСавушкін прадуктІван ШамякінДрукарняАнатоль СысЗімаЯдзернае паліва12 гадоў рабства (фільм)КрумкачВуліца Янкі Лучыны (Менск)ПаронімыРаіса БаравіковаМікола Купрэеў17 красавікаМерулаБеларускае нацыянальнае адраджэньне🡆 More