Мясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году

Мясцо́выя вы́бары ў Белару́сі 2014 го́ду — 6-я выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся ў сакавіку 2014 году.

← 2010
 Сьцяг Беларусі
2018
Мясцовыя выбары ў Беларусі 2014 году
23 сакавіка 2014 (10 гадоў таму)
Партыя ГА «Белая Русь» Камуністычная партыя Беларусі
Лідэр з Аляксандар Радзькоў Аляксей Сокал
Папярэдняя колькасьць месцаў >10 000 265
Колькасьць месцаў >10 000 206
Розьніца (месцаў) невядома -59
Адсотак >50 % 1,1 %
Мясцовыя выбары ў Беларусі 2014 году

Вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў

Абралі 18 809 дэпутатаў у 1328 Саветаў. Звыш паловы дэпутацкіх месцаў атрымала грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь». Пры гэтым, у 88 % акругаў выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай падставе з адзіным кандыдатам. Пагатоў, прэзыдыюмы Саветаў дэпутатаў і іх выканаўчыя камітэты, якія ўтваралі выбарчыя камісіі, адмовіліся пусьціць у склад выбарчых камісіяў звыш 90 % прадстаўніц і прадстаўнікоў, вылучаных 3-ма зь 9 партыяў. У выніку гэтыя партыі — Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» і Партыя БНФ — заявілі пра непразрыстасьць падліку яўкі і галасоў, у тым ліку на датэрміновым галасаваньні, бо былі выключаныя з дастаткова шырокага ўдзелу ў такім падліку ў складзе выбарчых камісіяў.

Дэпутаты

У выбарах павінны былі стаць абранымі 18 816 дэпутатаў 1328 Саветаў:

  • 1160 сельскіх Саветаў — 13 638 асобаў;
  • 19 пасялковых Саветаў — 237 асобаў;
  • 14 Саветаў гарадзкіх раённага падпарадкаваньня — 248 асобаў;
  • 118 раённых Саветаў — 3913 асобаў;
  • 10 Саветаў гарадзкіх абласнога падпарадкаваньня — 368 асобаў;
  • 6 абласных Саветаў — 355 асобаў;
  • Менскага гарадзкага Савета дэпутатаў — 57 асобаў;

Выбаршчыкі

Права на выбар мелі грамадзяне Беларусі, а таксама грамадзяне Расеі, якія пастаянна пражывалі ў Беларусі паводле 58-га артыкула Выбарчага кодэксу Беларусі. У агульнай колькасьці 6 971 521 асоба мела выбарчае права, у тым ліку 13 461 была залічаная ў сьпіс у дзень выбараў.

Выбарчая сыстэма

Выбары праходзілі ў 1 тур паводле аднамандатных выбарчых акругаў згодна з 3-м артыкулам Выбарчага кодэксу Беларусі. Ад кожнай выбарчай акругі выбіраўся адзін дэпутат. Мандат дэпутата атрымліваў кандыдат, які набраў самую адносную большасьць галасоў. У акругах, дзе быў толькі адзін кандыдат, кандыдаты мелі набраць ня менш як палову галасоў выбаршчыкаў.

Падрыхтоўка

29 чэрвеня 2013 году старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Аляксандар Радзькоў абвясьціў на сустрэчы з прадстаўнікамі ад Быхаўскага раёну (Магілёўская вобласьць) пра падрыхтоўку вылучэнцаў на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі. Дзеля гэтага штотыдзень ладзілі навучальныя сустрэчы для раённых аддзяленьняў «Белай Русі». У верасьні 2013 году А. Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў Беларусі прапановы аб папраўках у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія ўлучалі выбары дэпутатаў у 1 тур і забарону байкоту. У выніку ўвялі адміністрацыйнае пакараньне за агітацыю ў падтрымку байкоту выбараў, а таксама перасталі выдаваць бюджэтныя сродкі на агітацыйныя матэрыялы вылучэнцам у дэпутаты.

16 сьнежня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 557 «Аб прызначэньні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 27-га скліканьня» на 23 сакавіка 2014 году. 17 сьнежня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі (ЦВК Беларусі) зацьвердзіла каляндарны плян мясцовых выбараў. Да 24 сьнежня грамадзяне, працоўныя калектывы, грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі мелі падаць заявы аб вылучэньні сваіх прадстаўніц і прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў (ТВК), якія ўтвараліся да 27 сьнежня за 85 дзён да выбараў. Заявы аб вылучэньні ў ТВК варта было падаць у прэзыдыюмы абласных і Менскага гарадзкога, раённых і гарадзкіх (абласнога падпарадкаваньня) Саветаў дэпутатаў і ў іх выканаўчыя камітэты, а таксама ў гарадзкія, пасялковыя і сельскія выканкамы, якія ўтваралі выбарчыя камісіі. Да 1 студзеня 2014 году мелі абнародаваць сьпіс выбарчых акругаў. Да 3 студзеня вылучалі прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі (АВК). Да 6 студзеня АВК утвараліся прэзыдыюмамі абласных і Менскага гарадзкога Саветаў дэпутатаў і іх выканкамамі, куды варта было падаваць адпаведныя заявы аб вылучэньні. Да 21 студзеня мелі стварыць участкі для галасаваньня.

Ад 12 студзеня па 10 лютага 2014 году прызначылі прыём заяваў аб вылучэньні на выбары; 5 лютага — заканчэньне ўтварэньня дзялянкавых выбарчых камісіяў; з 11—20 лютага — улік вылучэнцаў на выбары; з 20 лютага па 22 сакавіка — агітаваньне. Сьпісы выбарцаў мелі скласьці па месцы іх уліку. Назіральнікам варта было прайсьці акрэдытацыю. Улічаным вылучэнцам упершыню дазволілі стварыць асабістыя фонды для выдаткоўваньня на агітаваньне. Датэрміновае галасаваньне мела прайсьці 18—22 сакавіка. Да 29 сакавіка ЦВК Беларусі мела прадставіць вынікі мясцовых выбараў на кожным узроўні Саветаў дэпутатаў. На правядзеньне мясцовых выбараў з рэспубліканскага бюджэту Беларусі вылучылі 100 млрд рублёў (9,7 млн даляраў ЗША), зь іх каля 70 % на заробкі амаль 80 000 сябровак і сяброў выбарчых камісіяў. Пасьля паправак у Выбарчы кодэкс пераможцу мясцовых выбараў мелі вызначаць паводле адноснай большасьці галасоў замест абсалютнай, як было раней. Права ўдзелу ў мясцовых выбарах таксама мелі грамадзяне Расеі, якія пастаянна пражывалі ў Беларусі (58-ы артыкул Выбарчага кодэксу Беларусі). Адначасна зь мясцовымі выбарамі 23 сакавіка прызначылі паўторныя парлямэнцкія выбары па Гомельска-Навабеліцкай акрузе № 36, бо ў 2012 годзе па ёй ня выбралі дэпутата.

27 сьнежня 2013 году ўтварылі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Да 13 студзеня 2014 году ўтварылі акруговыя выбарчыя камісіі і распачалося вылучэньне кандыдатаў. Для ўліку вылучэнца на выбары ў пасялковы і сельскі Савет патрабавалася сабраць прынамсі 20 подпісаў выбарцаў, у раённы Савет — 75 подпісаў і ў абласны Савет — 150 подпісаў. 13 студзеня ў Віцебску сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік у якасьці перавагі збору подпісаў на іншымі відамі вылучэньня адзначыў: «зьбіраючы подпісы, ініцыятыўная група ўжо можа агітаваць за свайго кандыдата». 21 студзеня ЦВК Беларусі адзначыла, што да гэтых выбараў улічылі больш ініцыятыўных групаў, чым падчас мясцовых выбараў 2010 году.

23 студзеня 2014 году ЦВК Беларусі паведаміла пра стварэньне 6170 участкаў для галасаваньня на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, зь іх 269 (4 %) — у здраўніцах і лякарнях, а 39 (0,6 %) — у вайсковых частках. Пры гэтым, задаволілі 99,7 % з 16 066 заяваў на ўлік ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў выбарцаў для вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты. Адмовілі ва ўліку 42 групам, а 3 адклікалі свае заявы. 27 студзеня скончылі ўлік ініцыятыўных групаў, якія пачалі зьбіраць подпісы за вылучэнцаў у дэпутаты. Да прыкладу ў Гарадзенскай вобласьці на 2530 дэпутацкіх месцаў у 186 акругах прыпадала звыш 2000 ініцыятыўных групаў. Да 8 лютага заявы аб удзеле ў выбарах падалі каля 17 000 вылучэнак і вылучэнцаў, палову зь якіх склалі дзейныя дэпутаты. Каля 8000 (47 %) заяваў прыпала на жанчынаў. Большасьцю вылучаныя асобы былі беспартыйнымі сябрамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі з найвышэйшай адукацыяй ў веку да 55 гадоў, якія мелі сям’ю і займалі такія пасады грамадзкіх працаўнікоў, як лекар і настаўнік. Найчасьцей самавылучаліся зборам подпісаў (65 %) і ад працоўных калектываў (33 %). Палітычныя партыі вылучылі 2 % кандыдатаў, улік якіх пачаўся 11 лютага.

19 лютага 2014 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі вызначыла пералік пасьведчаньняў асобы для атрыманьня бюлетэня на мясцовых выбарах, у які ўвайшлі: пашпарт, пасьведчаньне кіроўцы, вайсковы білет для вайскоўцаў тэрміновай службы, пэнсійнае пасьведчаньне з фотаздымкам, службовае пасьведчаньне чыноўніка і студэнцкі білет. На 24 лютага ўлічылі 22 338 вылучэнцаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі.

Выбарчыя камісіі

У склад 6170 участковых выбарчых камісіяў (УВК) уваходзіла 67 069 чалавек (па 11 чалавек). Сярод іх 71,2 % складалі жанчыны (47 741). На моладзь прыпадала 10,1 % (6743) сябровак і сябраў, а на дзяржаўных чыноўнікаў — 3,7 % (2454). У склад УВК улучылі 41,8 % (28 037) прадстаўніц і прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, 37,1 % (24 917) — заяўніц і заяўнікаў, 17 % (11 378) — ад працоўных калектываў і 4,1 % (2737) ад 9 палітычных партыяў Беларусі. Пры гэтым, 86 % (2358) сябровак і сяброў ад партыяў знаходзіліся ў складзе сталічных УВК і належалі да 5 партыяў з найбольшай прадстаўленасьцю ва УВК. Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў найбольшую долю прадстаўніц і прадстаўнікоў ва УВК мелі: 1) Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — 13 % (8 736), 2) «Белая Русь» — 6,2 % (4189), 3) Беларускі саюз жанчынаў — 6 % (4010), 4) Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) — 5 % (3354), 5) Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў (БГАВ) — 3,9 % (2642). Сярод партыяў найбольшы лік прадстаўніцтва ва УВК мелі: 1) Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (РППС) — 699 (1 %), 2) Беларуская сацыяльна-спартовая партыя (БССП) — 582 (0,9 %), 3) Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) — 575 (0,9 %), 4) Беларуская аграрная партыя — 531 (0,8 %), 5) Рэспубліканская партыя — 327 (0,5 %), 6) Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» — 12, 7) Партыя БНФ — 6, 8) Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) — 3, 9) Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 2.

У складзе 364-х акруговых выбарчых камісіяў (АВК) было 4 393 сяброўкі і сябры (па 12 чалавек). Зь іх 69,9 % (3069) прыпадала на жанчынаў. Доля дзяржаўных чыноўнікаў складала 12,2 % (538), а моладзі — 8,2 % (359). Грамадзкім аб’яднаньням (ГА) належала 48,6 % (2134) месцаў у АВК, заяўніцам і заяўнікам — 33 % (1452), працоўным калектывам — 13,1 % (574) і 8 партыям — 5,3 % (233). Найбольшае прадстаўніцтва ў АВК сярод ГА мелі: 1) ФПБ — 18 % (791), 2) «Белая Русь» — 7,6 % (334), 3) БРСМ — 6,2 % (273), 4) БГАВ — 5,6 % (245), 5) Беларускі саюз жанчынаў — 5 % (220). У АВК былі найбольш прадстаўленымі партыямі былі: КПБ — 3,4 % (148) і РППС — 1 % (46). Па 0,2 % месцаў у АВК мелі БССП (9), Рэспубліканская партыя і «Справядлівы сьвет» (па 8), БАП (7). Па 0,1 % месцаў займалі Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ, 4) і Партыя БНФ (3).

Налічвалася 10 607 сябровак і сябраў у 1328 тэрытарыяльных выбарчых камісіях (ТВК, па 8 чалавек). Пры гэтым, сельскімі былі 1154 (87 %) ТВК, у якія ўваходзіў 81 % (8595) усіх сябровак і сябраў ТВК. Жанчыны займалі 80,5 % (8 534) месцаў у ТВК, у тым ліку 84,1 % (7232) у сельскіх. Чыноўнікі займалі 9,8 % (1037) месцаў, а моладзь — 7,8 % (830). Заяўніцы і заяўнікі складалі звыш паловы (52,1 %, 5 531) ў ТВК, але толькі ў сельскіх і пасялковых. Грамадзкія аб’яднаньні займалі 37 % (3928) месцаў, але пераважалі ў Менску (69,2 %), на абласным (50 %) і раённым узроўнях (44,2 %), а таксама ў гарадах, як абласнога (37,7 %), гэтак і раённага падпарадкаваньня (44,9 %). Ад працоўных калектываў у ТВК было 10,8 % (1148), а ад 9 партыяў — 0,9 % (97). Найбольш прадстаўленымі грамадзкімі аб’яднаньнямі ў ТВК былі: 1) ФПБ — 17,3 % (1833), 2) Беларускі саюз жанчынаў — 4,9 % (516), 3) «Белая Русь» — 4,7 % (495), 4) БГАВ — 4,1 % (431), 5) БРСМ — 3,2 % (336). Сярод партыяў найбольш месцаў у ТВК займалі: 1) КПБ — 71 (0,67 %), 2) РППС — 16 (0,15 %), 3) «Справядлівы сьвет» — 3, 4) ЛДПБ — 2. Па 1 месцы ў ТВК мелі АГП, БАП, Беларуская патрыятычная партыя, БССП і Партыя БНФ.

Агітацыя

24 лютага 2014 году пачаліся радыёвыступы вылучэнцаў у дэпутаты, якім далі этэрны час у працоўныя дні да 14 сакавіка. У абласьцях магчымасьць выступіць прапаноўвалі мясцовыя радыёстанцыі. Радыё «Сталіца» давала час для выступу 168 вылучэнак і вылучэнцаў у Менскі гарадзкі і 57 — у Менскі абласны Саветы дэпутатаў. Кожны меў права на 1 бясплатны выступ цягам 5 хвілінаў. Агітацыйныя сустрэчы на адкрытым паветры ладзілі да 22 сакавіка. Ва ўсіх раёнах Менску пад такія сустрэчы з выбарцамі вылучылі 228 пляцовак, дзе разьмясьцілі плякаты з жыцьцяпісамі вылучэнцаў.

Ад 24 лютага па 24 сакавіка 2014 году 332 (1,5 %) з 22 180 вылучэнцаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў апавясьцілі Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі аб правядзеньні 9064-х перадвыбарчых пікетаў і сходаў. Зь іх 8632 (95 %) мерапрыемстваў прыпала на 115 са 191-го вылучэнца ў Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў (па 75 мерапрыемстваў на вылучэнца за месяц).

Назіраньне

Мясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году 
Унізе — СМС-паведамленьне ад правайдэра з запрашэньнем прагаласаваць на выбарах ад імя Цэнтрвыбаркаму.

На 23 сакавіка 2014 году налічвалася 29 926 акрэдытаваных назіральнікаў за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі (па 5 на выбарчы ўчастак). Зь іх 23 202 (77,5 %) былі сябрамі грамадзкіх аб’яднаньняў, 3218 (10,7 %) — ад працоўных калектываў, 1959 (6,5 %) — ад 14 палітычных партыяў Беларусі, 958 (3,2 %) — грамадзянамі-заяўнікамі, 565 (1,9 %) — дэпутатамі мясцовых Саветаў, 18 — дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Беларусі і 6 — сябрамі Савету Рэспублікі. Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў найбольш назіральніц і назіральнікаў выставілі: 1) «Белая Русь» — 6758 (22,6 % ад агульнага ліку назіральнікаў), 2) Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 4493 (15 %), 3) Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі — 3944 (13,2 %), 4) Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў — 3739 (12,5 %), 5) Беларускі саюз жанчынаў — 1979 (6,6 %), 6) «Беларускі Хэльсынскі камітэт» — 113 (0,4 %), 7) Беларускі народны фронт «Адраджэньне» — 53 (0,2 %). Найбольш партыйных назіральнікаў мелі: 1) Камуністычная партыя Беларусі — 816 (2,7 % ад агульнага ліку назіральнікаў), 2) Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 266 (0,9 %), 3) Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» — 157 (0,5 %), 4) Аб’яднаная грамадзянская партыя — 134 (0,4 %), 5) Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 124 (0,4 %), 6) Партыя БНФ — 115 (0,4 %), 7) Беларуская аграрная партыя — 107 (0,4 %), 8) Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 83 (0,3 %), 9) Рэспубліканская партыя Рэспублікі Беларусь — 80 (0,3 %), 10) Лібэральна-дэмакратычная партыя — 56 (0,2 %), 11) Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ — 15 (0,1 %). Па 2 назіральнікі выставілі Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская патрыятычная партыя і «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада».

Галасаваньне

Мясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году 
Запрашэньне на мясцовыя выбары ў Беларусі ў 2014 годзе, што рассылалася па пошце. Сьпіс кандыдатаў па Шабаноўскай выбарчай акрузе №3 горада Менска

18 сакавіка 2014 году пачалося датэрміновае галасаваньне на больш як 6000 участкаў, які абсталявалі камэрамі відэаназіраньня і сыгналізацыяй. Выбарчыя ўчасткі працавалі а 10:00—14:00 і 16:00—19:00 і знаходзіліся пад аховай міліцыі. Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла, што за 3 дні да 21 сакавіка датэрмінова прагаласавала 16,79 % выбарцаў, тады як у 2010 годзе — 15 %. Папярэдне выбарчыя камісіі разаслалі запрашэньне наведаць участак разам з жыцьцяпісамі вылучэнцаў. ЦВК Беларусі дасылала кароткае паведамленьне з запрашэньнем узяць удзелу галасаваньні сотавым абанэнтам «Вэлком», «Лайф» і «МТС». У асноўны дзень галасаваньня 23 сакавіка 6169 участкаў працавалі да 20:00. За выбарамі сачылі каля 30 000 мясцовых назіральнікаў. Век вылучэнцаў у дэпутаты вагаўся ад 18 да 70 гадоў.

24 сакавіка сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік паведаміў, што ў 4-х акругах выбары не праводзілі, бо «балятавалася па адным кандыдаце, і так склалася, што на дзень выбараў не засталося ніводнага». Лазавік удакладніў: «у Слонімскім раённым Савеце той, хто жадае стаць дэпутатам, праходзіць па крымінальнай справе, таму ён вымушаны быў зьняць сваю кандыдатуру. У Віцебскай вобласьці 2 кандыдаты, на жаль памерлі: у Чашніцкім раёне чалавек балятаваўся і ў раённы, і ў сельскі савет, у Лёзьненскім — толькі ў сельскі». Мікалай Лазавік адзначыў, што яго засмучаюць «безальтэрнатыўныя выбары ў многіх акругах», бо «там зьніжаецца цікавасьць насельніцтва да выбараў».

28 сакавіка 2014 году старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідыя Ярмошына згадала пра 7 акругаў, дзе мусілі прайсьці паўторныя выбары. Ярмошына заявіла, што «ў 4-х акругах галасаваньне наогул не праводзілася», таму «выбары там будуць праводзіцца не пазьней за 3 месяцы пасьля іх прызначэньня. Гэтым зоймуцца пастаянна дзейныя тэрытарыяльныя камісіі». Таксама старшыня ЦВК адзначыла: «Ёсьць яшчэ 3 акругі, дзе дэпутаты ня выбраныя. Гэтыя акругі былі безальтэрнатыўнымі, і кандыдаты набралі менш як палову галасоў выбаршчыкаў», таму там пройдуць паўторныя выбары.

Скаргі

Прэзыдыюмы Саветаў дэпутатаў і іх выканаўчыя камітэты, якія ўтваралі ўчастковыя выбарчыя камісіі, адмовіліся пусьціць у іх склад звыш 90 % прадстаўніц і прадстаўнікоў, вылучаных 3-ма зь 9 партыяў. Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» вылучыла 186 чалавек, зь якіх у склад УВК дапусьцілі 12 (6 % ад вылучаных). Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) вылучыла 118 сябровак і сябраў, зь якіх дапусьцілі 3-х (2,5 %). Партыя БНФ вылучыла 64 грамадзянаў, зь якіх прапусьцілі 6 (9 %). Тое самае назіралася на абласным узроўні ў акруговых выбарчых камісіях. «Справядлівы сьвет» вылучыў 97 сябраў, зь якіх прапусьцілі 8. Партыя БНФ — 44, а прайшлі 3. Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ) — 41, прапусьцілі ж 4. Таксама адмовілі ўсім 36 вылучэнцам ад АГП. Падобны вынік быў і ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Ад «Справядлівага сьвету» з 23-х дапусьцілі 3-х, ад ЛДПБ з 12 — 2-х, ад АГП з 11 — 1-го і ад Партыі БНФ з 6 — 1-го. 30 сьнежня 2013 году старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, які быў сустаршынёй кампаніі «За справядлівыя выбары», заявіў: «Тое, як „стэрыльна“ былі ўтвораныя гэтыя камісіі, паказвае, што ўлады гатовыя да шырокамаштабных фальшаваньняў. І недапушчэньня хоць нейкага кантролю з боку грамадзкасьці». Старшыня АГП Анатоль Лябедзька з гэтай нагоды таксама адзначыў: «Тое, што мы можам сказаць пасьля першага этапу, — гэта поўны вотум недаверу гэтай «вашывай», несумленнай кампаніі» ўтварэньня выбарчых камісіяў.

13 сакавіка 2014 году на прыкладзе Віцебскай вобласьці тэлежурналістка Белтэлерадыёкампаніі Вольга Маслоўская заўважыла, што выбар вылучэнцаў «невялікі», бо «за работу ў мясцовых Саветах зарплата не належыць». Маслоўская адзначыла, што «на 3218 дэпутацкіх месцаў прэтэндуе на 235 (7 %) кандыдатаў больш», чым саміх месцаў. Пры гэтым, на 60 месцаў у Віцебскі абласны Савет дэпутатаў вылучылі 125 чалавек. Каля 5 % вылучэнцаў складала моладзь у веку да 30 гадоў. 24 сакавіка 2014 году кампанія «За справядлівыя выбары» абвясьціла: «Вялікая колькасьць выяўленых сур’ёзных парушэньняў заканадаўства на ўсіх этапах выбарчай кампаніі і абсалютна непразрыстая для грамадзкіх назіральнікаў і большасьці сябраў выбарчых камісій працэдура падліку галасоў на 82,6 % участкаў, дзе вялося назіраньне, не дазваляюць прызнаць мінулыя выбары празрыстымі і справядлівымі, а абвешчаныя камісіямі вынікі такімі, якія рэальна адлюстроўваюць сапраўднае волевыяўленьне выбаршчыкаў». Іншая кампанія назіраньня «Права выбару» ўлучала назіральніц і назіральнікаў на 320 выбарчых участках у 93-х акругах ва ўсіх абласьцях Беларусі. У яе склад увайшлі прадстаўнікі 7 грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў: Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», «Гавары праўду», Партыя БНФ, Партыя свабоды і прагрэсу і Рух «За Свабоду». Кампанія «Права выбару» абвясьціла: «На 25 (8 %) участках з тых, па якіх ёсьць інфармацыя, камісіі ўвогуле зьдзейсьнілі парушэньне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — не вывесілі для ўсеагульнага агляду выніковы пратакол падліку галасоў».

На 28 сакавіка 2014 году паступіла 1069 зваротаў наконт выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, зь якіх 180 (17 %) — ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, 479 (45 %) — у акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, 350 (33 %) — у Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі і яшчэ 60 (5 %) — у мясцовыя прадстаўнічыя, выканаўчыя і распарадчыя органы. Найчасьцей звароты і скаргі тычыліся: 1) дзейнасьці выбарчых камісіяў — 226 (21 %), 2) парадку галасаваньня і падліку галасоў — 158 (15 %), 3) уліку вылучэнцаў у дэпутаты — 103 (10 %), 4) акрэдытацыі і дзейнасьці назіральнікаў — 71, 5) перадвыбарчага агітаваньня — 62, 6) тлумачэньня выбарчага заканадаўства — 51, 7) уліку і дзейнасьці ініцыятыўных суполак — 34, 8) вылучэньня ў дэпутаты — 22, 9) складаньня сьпісу выбарцаў — 18, 10) прызнаньня выбараў несапраўднымі — 11. 28 сакавіка старшыня ЦВК Беларусі Лідыя Ярмошына адзначыла: «Скаргі ў дзень выбараў паступалі — 27 пісьмовых і 44 вусныя».

На 180 участках прысутнічала 220 кароткачасовых і 30 доўгатэрміновых назіральніц і назіральнікаў у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую ладзілі грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі Хэльсынскі камітэт» і Праваабарончы цэнтар «Вясна». У справаздачы па выніках назіраньня за выбарамі назіральнікі адзначылі: 1) «46 % назіральнікаў кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары» не былі дапушчаныя на паседжаньні органаў па фармаваньні ТВК; 2) 43% не дапусцілі на паседжаньні органаў, якія фармавалі АВК; 3) 52 % не дапусьцілі на паседжаньні органаў, якія фармавалі УВК; 4) 100% назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адмовілі ў праве назіраць за працэдурай праверкі подпісаў і іншых дакумэнтаў, пададзеных на рэгістрацыю кандыдатаў». З гэтай нагоды, як адзначалася ў справаздачы, «сьцьвярджаць, што падыход камісіяў да праверкі дакумэнтаў быў аб’ектыўным, немагчыма». Пры абраньні 18 809 мясцовых дэпутатаў выявілася, што «на 88% выбарчых акругаў выбары былі безальтэрнатыўнымі». Таксама «на 35% участкаў, на якіх знаходзіліся назіральнікі, не было аб’яўленьня вынікаў асобнага падліку галасоў» для датэрміновага галасаваньня, што парушала Выбарчы кодэкс Беларусі. Сярод іншага, «колькасьць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі ў дзень выбараў, паводле зьвестак УВК была на 27,6 % большая, чым паводле зьвестак назіральнікаў». Назіральнікі засьведчылі прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні на 30,4 % выбарчых участкаў. Гэта было амаль удвая больш за ўзровень парлямэнцкіх выбараў 2012 году, калі гэтае парушэньне Выбарчага кодэксу выявілі на 16,8 % участкаў, дзе праводзілі назіраньне. Датэрмінова прымушалі галасаваць студэнтаў дзеля пражываньня ў інтэрнаце і супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Урэшце, «на 93% участках назіральнікі адзначылі, што адлегласьць да стала, на якім вёўся падлік бюлютэняў, не дазваляла ім бачыць іх зьмест».

Вынікі

Яўка

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла, што яўка на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 2014 году склала: 80 % — у Берасьцейскай вобласьці, 82 % — у Віцебскай, 80 % — у Гарадзенскай, па 81 % — у Гомельскай, Магілёўскай і Менскай, а таксама 61 % — у Менску. Паводле ЦВК Беларусі, агулам у выбарах узялі ўдзел 77,3 % выбарцаў, якія абралі 18 809 дэпутатаў мясцовых Саветаў. То-бок агульная яўка мела скласьці каля 5,4 млн чалавек з амаль 7 млн улучаных у сьпісы выбарцаў.

Абраныя дэпутаты

Абралі 18 816 дэпутатаў у 1328 Саветаў (у сярэднім па 14 дэпутатаў на Савет): 13 638 (72,4 %) — у 1160 сельскіх Саветаў (87,3 %, па 12), 3913 (20,7 %) — у 118 раённых (8,8 %, па 33), 368 (2 %) — у 10 гарадзкіх абласнога падпарадкаваньня (0,7 %, па 37), 355 (1,8 %) — у 6 абласных (па 59), 248 (1,3 %) — у 14 гарадзкіх раённага падпарадкаваньня (1 %, па 18), 237 (1,2 %) — у 19 пасялковых (1,4 %, па 12) і 57 — у Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў. 29 сакавіка 2014 году грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» паведаміла, што яе прадстаўнікі занялі звыш паловы месцаў у мясцовых Саветах дэпутатаў Берасьцейскай, Гарадзенскай і Магілёўскай вобласьцяў. У Менскім гарадзкім Савеце дэпутатаў сябры «Белай Русі» занялі 44 зь 57 месцаў. 4 палітычныя партыі Беларусі правялі ў мясцовыя Саветы 27-га скліканьня 1,3 % дэпутатаў (248), зь іх найбольш у: раённыя — 119 (3 %) і сельскія — 101 (0,7 %). Найбольш дэпутацкіх месцаў атрымалі: Камуністычная партыя Беларусі — 206 (1,1 %) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 34 (0,2 %). Беларуская аграрная партыя здабыла 6 месцаў, а Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 2.

1 красавіка 2014 году адбыліся 1-я паседжаньні новаабраных Саветаў дэпутатаў, падчас якіх абралі старшыняў і стварылі пастаянныя камісіі па бюджэце, сельскай гаспадарцы, навакольлі і харчаваньні. Старшынёй Менскага абласнога Савету дэпутатаў стаў Іван Ліпніцкі. Сярод 57 дэпутатаў Менску 22 былі працаўнікамі будаўнічых, перавозачных і прамысловых прадпрыемстваў, 11 — установаў аховы здароўя і сацыяльнай абароны, па 6 — установаў асьветы і навукі ды прадпрыемстваў гандлю і паслугаў, а двое былі прадпрымальнікамі. Агулам 39 дэпутатаў былі кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстановаў. Дагэтуль былі дэпутатамі 13 чалавек, зь іх 12 працавалі ў папярэднім складзе Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Двое выбіраліся звыш 3-х скліканьняў запар, а адзін — 6-ы раз. Сярод іншага, у Менскім гарсавеце налічвалася 9 сябраў палітычных партыяў. 2 красавіка 2014 году на 1-м паседжаньні Менскага гарсавету старшынёй абралі Васіля Панасюка, які дагэтуль тройчы выбіраўся дэпутатам 24—26 скліканьняў і быў кіраўніком Менскай ЦЭЦ-4.

Урэшце Ярмошына паведаміла пра вынікі паўторных парлямэнцкіх выбараў па Гомельска-Навабеліцкай акрузе № 36: «перамагла Алена Астапюк, якая набрала 76,02 % галасоў выбаршчыкаў. На 2-м месцы знаходзіцца Мікалай Шкірэеў — 7,85 %, а на 3-м — Віктар Хоміч — 7,35 %».

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Мясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году ДэпутатыМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году ВыбаршчыкіМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году Выбарчая сыстэмаМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году ПадрыхтоўкаМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году АгітацыяМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году НазіраньнеМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году ГаласаваньнеМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году ВынікіМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году КрыніцыМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 Году Вонкавыя спасылкіМясцовыя Выбары Ў Беларусі 2014 ГодуВыбары

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Беларуская моваЕсьманКастусь КаліноўскіDiggБера1923Генадзь КарпенкаПадвойнае пранікненьнеЮрась БарысевічБярозаўкаКарта растэрміноўкіАндрэй КурэйчыкЛютГісторыя СалігорскуАльшаны (Столінскі раён)Сьпіс вялікіх князёў літоўскіхМэдыяВікіАрцём АрашонакВенанцы БутрымМаксім ГарэцкіЛёвэнТэўтонскі ордэнПалітыкІдышВілаМікола ПапекаПАлесь АркушРадСамасейЗоя КоўшАўгуст МоцныГукСпарышНіна ГаліноўскаяВіленскае барокаПастава 69ІнфраструктураПарнаграфія ў БразылііRSSНародная асьветаISO 3166-1НаркамаўкаLoitumaЛямбардАлесь БадакСтаражытны РымЛістападАмпэрсандІндаэўрапейскія мовыЯўген КантылёўЛюбДзесяцідзённая вайнаДрукарняГалоўная старонкаДотык пісі рукоюСурвэткаЛявон ВольскіСьпіс стагодзьдзяўЛіга чэмпіёнаў УЭФА 2023—2024 гадоўАнілінгусФранцішак СкарынаРэспубліка КарэяМіністэрства фінансаў ЗШАЮры ГумянюкАфанасі Філіповіч🡆 More