Марыя Ластоўская (па-летувіску: Marija Lastauskienė, пры нараджэньні Марыя Іваноўская (Marija Ivanauskaitė), поўнае імя Марыя Іваноўская-Ластоўская (Marija Ivanauskaitė-Lastauskienė); 15 траўня 1872, Шаўлі, Летува — 19 ліпеня 1957, Коўна, Летува) — летувіская пісьменьніца, больш вядомая пад псэўданімам Lazdynų Pelėda (Лазьдзíну Пялéда, то бок Ляшчынная Сава).
Марыя Ластоўская | |
Marija Lastauskienė, Lazdynų Pelėda | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Marija Ivanauskaitė |
Псэўданімы | Лазьдзіну Пяледа |
Нарадзілася | 15 траўня 1872 |
Памерла | 19 ліпеня 1957 (85 гадоў) |
Пахаваная | |
Бацькі | Нікадэм Іваноўскі[d] |
Муж | Вацлаў Ластоўскі |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьніца |
Гады творчасьці | 1899-1957 |
Мова | летувіская |
Значныя творы | Auka 1907, Šviesuliai ir šešėliai 1925-1926 |
Lazdynų Pelėda — унікальная зьява ў гісторыі летувіскай літаратуры. Дзьве сястры Іваноўскія — Сафія Пшыбіляўскене і Марыя Ластоўская — з канца 19 ст. да 1926 году падпісвалі і публікавалі свае празаічныя творы — апавяданьні, аповесьці, раманы — пад супольнай літаратурнай мянушкай — Лазьдзіну Пяледа. Дакладнае аўтарства некаторых іх твораў дасюль не ўстаноўленае.
Марыя Іваноўская, пазьней Ластоўская нарадзілася ў 1872 годзе. Паходзіла зь шляхецкай сям’і. Жыла з бацькамі і сястрой Сафіяй у маёнтку ў Парагах да 16 гадоў. Пазней вучылася шыцьцю ў Шаўлях, праз тры гады пераехала ў Варшаву, працавала ў майстэрні па вышыўцы. Марыя пражыла ў Варшаве 9 гадоў, а потым паехала шукаць працу ў Санкт-Пецярбург. Там пазнаёмілася і ў 1903 годзе ажанілася з Вацлавам Ластоўскім, студэнтам, будучым беларускім пісьменьнікам і дзяячом. У 1907 пераехала у Вільню, занялася літаратурнай працай. Яна пісала на польскай мове, ейная сястра перакладада творы на летувіскую і выдавалі пад агульнай мянушкай Lazdynų Pelėda. Гэта літаратурнае супрацоўніцтва не было вядома грамадскасьці, яно было выяўлена пісьменьнікам Людасам Гірам у 1930 годзе. Толькі з 1926 году, калі памерла сястра Сафія, М. Ластоўская пачала пісаць па-летувіску і публікаваць іх пад сваім сапраўдным прозьвішчам. У 1938 годзе яна пераехала ў Коўну, дзе актыўна займалася літаратурнай творчасьцю. Памерла у 1957 годзе. Пахаваная ў Коўне.
Пісаць пачала ў 17 год. Першыя вершы і апавяданьні пісала па-польску. У сваіх працах пісьменьніца засяродзіла ўвагу на псыхалягічных зьменах вяскоўца, які прыехаў у места, на сацыяльныя прычыны чалавечай жорсткасьці, прастытуцыі і злачынстваў беспрытульных дзяцей (апавяданьні «Vanka» (Ванька, 1911), «Paša» (Паша, 1912), аповесьць «Auka» (Ахвяра, 1907). Самы вядомы твор — аповесьць «Šiaurės sostinėje» (У паўночнай сталіцы), напісаны ў 1928—1930 гг., апублікаваны ў 1955 г.) адлюстроўвае жыцьцё пецярбурскіх працоўных напачатку 20 ст. Марыя Ластоўская лічыцца пачынальніцай фэмінізму Летуве і ў мастацкай літаратуры ў прыватнасьці. Так, у рамане «Šviesuliai ir šešėliai» (Сьвятло і цені) яна першай узьняла ідэал незалежнай, самастойнай, спрычыненай, свабоднай жанчыны, а таксама ідэю вольнага каханьня.
15 траўня 2022 году Летува адзначыла 150-годзьдзе зь дня нараджэньня пісьменьніцы. З гэтай нагоды ўпершыню былі перакладзеныя на беларускую мову некаторыя апавяданьні Марыі Ластаўскене, у прыватнасьці апавяданьне «Дарунак ракі» (у перакладзе Ў. Гарбацкага).
Жыцьцё пісьменьніцы было зьвязана і зь Беларусьсю: пэўны час ейным мужам быў Вацлаў Ластоўскі, адна з дачок пісьменьніцы жыла ў Менску. Пісьменьніца да ўсяго валодала беларускай мовай — у дадатак да летувіскай, польскай ды іншых.
Да ўсяго ў Вільні ў Ластоўскіх да Першай сусьветнай вайны часта зьбіраліся шматлікія беларускія пісьменьнікі і дзеячы. Так, Марыя пазнаёмілася і моцна пасябравала з Янкам Купалам. Пісьменьнікі адразу знайшлі агульную мову: Марыя дзялілася сваімі творчымі плянамі і задумамі, а Янка Купала зачытваў ёй толькі што напісаныя вершы. Пазьней, ужо пасьля Другой сусьветнай вайны, Марыя Ластаўскене прыязджала ў Менск на адну з гадавінаў сьмерці беларускага песьняра.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Марыя Ластоўская, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.