Майкл Кейн (па-ангельску: Michael Caine) — артыстычны псэўданім сэра Морыса Джозэфа Майклўайта (па-ангельску: Sir Maurice Joseph Micklewhite), аднаго з самых запатрабаваных брытанскіх актораў 1960-х і 1970-х гадоў.
Гэта адзіны актор, за выняткам Джэка Нікалсана, які высоўваўся на саісканьне прэміі «Оскар» у пяці розных дзесяцігодзьдзях, як то з 1960-х па 2000-х гадах. Вядомы сваім адметным акцэнтам кокні. Здымаўся ў больш за 160 фільмах у кар’еры, якая ахоплівае сем дзесяцігодзьдзяў. Паводле стану на люты 2017 году, фільмы, у якіх зьяўляўся Кейн, назьбіралі больш за 7,8 мільярдаў даляраў ва ўсім сьвеце. У 2000 годзе за свой унёсак у разьвіцьцё брытанскага кінэматографа атрымаў тытул сэра ад каралевы Лізаветы II.
Нарадзіўся ў лёнданскіх трушчобах 14 сакавіка 1933 году ў сям’і прыбільніцы і насільшчыка на рыбны рынку. Мае ангельскія, ірляндзкія і цыганскія карані. У Кейна быў старэйшы браценік ад маці на імя Дэйвід Ўільям Бэрчэл і малодшы родны брат Стэнлі Майклўайт. Гадаваўся ў Саўтэрку, што месьціцца ў Вялікім Лёндане, але падчас Другой сусьветнай вайны хлопчык быў эвакуяаваны за 160 км на поўнач ў графства Норфалку, дзе дэбютаваў у тэатральнай пастаноўцы ў сельскай школе. Па вайне ягоны бацька быў дэмабілізаваны, і сям’я вярнулася ў Лёндан. У веку 10 гадоў малы Кейн браў удзел у пастаноўцы «Папялушкі». У школе вучыўся дрэнна, а па ейным заканчэньні непрацяглы час працаваў на нізкааплатнай працы.
У 1952 годзе Кейн быў прызваны на нацыянальную службу. Паміж 1952 і 1954 гадамі ён служыў у Каралеўскім стралковым аддзеле брытанскай арміі, спачатку ў штабе Райнскай брытанскай арміі ў Ізэрлёне ў Заходняй Нямеччыне, а затым узяў удзел у Карэйскай вайне. Выпраўляючыся ў Карэю, Кейн меў сымпатыі да камунізму, бо сам паходзіў зь беднай сям’і, але досьвед вайны і жорсткасьць камуністаў адштурхнула яго ад гэтае ідэалёгіі. Падчас вайны ён трапіў у сытуацыю, пры якой амаль не памёр. Гэтае здарэньне вырабіла адбітак на ўсё ягонае жыцьцё, сфармаваўшы характар. Як пазьней актор успамінаў у сваёй аўтабіяграфіі, пасьля гэтага выпадку ён пражываў кожны момант свайго жыцьця ад ранку да часу адыходу да сну.
У 1950-я гады пачаў акторскую кар’еру, але доўгі час бедаваў і падумваў аб тым, каб кінуць акторскі шлях. Першапачаткова карыстаўся псэўданімам Майкл Ўайт, і ў ліпені 1953 году браў удзел у тэатральнай пастаноўцы «Навальнічны перавал», дзе выконваў ролю прапойцы Гіндлы. Менавіта ў тэатры ў Сафакле, дзе Кейн працаваў, ён і сустрэў сваю першую жонку Патрысію Гайнз. Гэты пэрыяд працы на сцэне быў для актора вельмі цяжкім. Ён доўгі час бедаваў і падумваў аб тым, каб кінуць акторскі шлях. Кейн зьявіўся агулам у дзевяці спэктаклях за гэты час. Цікава, што калі ягоная кар’ера прывяла яго ў Лёндан у 1954 годзе, ягоны агент паведаміў актору, што ў Лёндане ўжо быў актор Майкл Ўайт, таму трэба было неадкладна прыдумаць сабе новае імя. Азіраючыся навокал у пошуках натхненьня з тэлефоннай будкі на Лэстэрскім пляцы, Майкл адзначыў, што ў кінатэатры Одэон мае быць паказаны фільм «Мяцеж на Кейне», таму новым псэўданімам актора стала імя Майкл Кейн. У 1958 годзе Кейн выканаў невялікую ролю на тэлівізіі, у адной з экранізацыяў BBC.
У веку 30 гадоў нарэшце дасягнуў міжнароднага прызнаньня, згуляўшы лейтэнанта-арыстакрата ў фільме «Зулусы» 1964 году. Паводле рэкамэндацыі Шона Конэры быў узяты ў фільм «Дасье „Іпкрэс“» на галоўную ролю Гары Палмэра, эксцэнтрычнага шпіёна-лявэласа ў акулярах, пасьля сталага культавым пэрсанажам і прататыпам Остына Паўэрза. За ролю Альфі ў аднайменным фільме 1966 году намінаваны на прэмію «Оскар».
Калі асноўнай рысай выкананых Кейнам у 1960-я гады роляў была ўнутраная высакароднасьць, то на мяжы 1970-х ён зьняўся ў дзьвюх вельмі пасьпяховых камэдыях, як то «Скрыня Пандоры» і «Рабаваньне па-італьянску». У 1972 годзе згуляў разам з Лоўрэнсам Аліўе ў трагікамэдыі «Гульня на вылет» і ізноў быў намінаваны на «Оскар».
Пачынаючы з другой паловы 1970-х, Кейна часта папракалі ў неразборлівасьці пры выбары роляў. Шматлікія фільмы зь яго ўдзелам з трэскам праваліліся, але былі і асобныя мастацкія посьпехі, як то ролі прафэсара-алькаголіка ў «Выхаваньні Рыты» (1983) і прафэсійнага лявэласа ў «Адпятых ашуканцах» (1988) выйгралі па «Залатым Глёбусе», а роля фінансіста Эліёта ў фільме Ўудзі Алена «Ганна і ейныя сёстры» (1986) прынесла яму доўгачаканы «Оскар», праўда, за ролю другога пляну.
У 1990-я гады кар’ера Кейна ізноў пайшла ў гару. Ён быў удастоены трэцяга «Залатога Глёбуса» за фільм «Галасок» (1998), другога «Оскара» за ролю ў фільме «Правілы вінаробаў» (1999), і ізноў намінаваны на гэтую прэмію за галоўную ролю ў драме «Ціхі амэрыканец» (2002). У 2000 годзе Кэйн зьявіўся ў камэдыі «Міс Кангеніяльнасьць» (2000) як спэцыяліст па этыкету таемнай агенткі ФБР, ролю якой выканала Сандра Булак. Фільм чакаў вялікі фінансавы посьпех, а актор атрымаў ухвалу за сваю камічную ролю. У тым жа 2000 годзе быў прысьвечаны каралевай Лізаветай II у рыцары. У наступным кінаактор выканаў ролю бацькі Остына Паўэрза ў трэцім фільме пра пацешнага шпега, адстаўны карыкатурыст у фантастычным фільме «Дзіцё чалавечае», прыслужнік Бэтмэна ў блёкбастары «Бэтмэн: Пачатак» і пажылы інжынэр ілюзіяў у іншым фільме Крыстафэра Нолана «Прэстыж» (2006).
Кейн зьявіўся ў навукова-фантастычным трылеры «Зараджэньне» (2010) таго ж Нолана, дзе выканаў ролю прафесэра Стывэна Майлза, настаўніка і цесьця галоўнага героя Коба, ролю акога выканаў Леанарда Дыкапрыё. Фільм меў фінансавы і крытычны посьпех, зарабіўшы 8 намінацыяў прэміі «Оскар», улучна з намінацыяй на найлепшы фільм. У наступным актор агучыў пэрсанажаў мультыплікацыйных фільмаў «Тачкі 2» (2011) і «Гнамэо і Джульета» (2011). У 2012 годзе выканаў ролю дзеда галоўнага пэрснажу фільма «Падарожжа 2: Таямнічы востраў», дзе таксама здымаліся Дўэйн Джонсан і Ванэса Гаджэнз. У 2013 зьняўся ў фільме «Ілюзія падману». Стужка атрымала зьмяшаныя водгукі, але мела камэрцыйны поьспех, вынікам чаго стаўся працяг «Ілюзія падману 2» (2016). У 2014 годзе актор зноўку быў запрошаны ў фільм Нолана «Інтэрстэлар», дзе выканаў ролю прафэсара-ініцыятара пляну А і бацькі Амэліі.
У 2015 годзе Кейн здымаўся ў шпегнай камэдыі Мэт’ю Вона «Кінгсман: Сакрэтная служба», першай зь ліку франшызы Кінгсман. Поруч з акторам у здымках бралі ўдзел Колін Фэрт, Таран Эджэртан і Сэм’юэл Л. Джэксан. У траўні 2015 году ён зьняўся ў італьянскай камэдыйнай драме Паолё Сарэнтына «Маладосьць», дзе таксама зьявіліся Гарві Кейтэл, Рэйчэл Вайз, Пол Дана і Джэйн Фонда. У гэтым фільме Кейн выканаў галоўную ролю былога кампазытара Фрэда Балінгера. Актор і фільм атрымалі ўхвалу на Канскім кінафэстывалі. У 2017 годзе Кейн выканаў ролю наратара ў гістарычным трылеры Нолана «Дункерк» (2017), які апавядае пра эвакуацыю брытанскіх войскаў з францускага Дункерка за часам Другой сусьветнай вайны. У траўні 2019 году актор выканаў ролю сэра Майкла Кросбі, брытанскага афіцэра выведкі, у яшчэ адным Ноланавым фільм «Тэнэт» (2020). Фільм быў выпушчаны падчас пандэміі каранавіруса ў верасьні 2020 году пасьля таго, як выхад кінастужкі затрымліваўся некалькі разоў, але фінансава ня меў посьпеху, не зважаючы на станоўчыя водгукі. У інтэрвію да фільму «Бэстсэлер» 2021 году, Кейн выказаў здагадку, што больш не будзе здымацца ў кіно, бо мае цяжкасьці ў хаджэньні, а таксама захапіўся літаратарствам падчас пандэміі. Аднак ягоныя прадстаўнікі распавялі, што актор пакуль не сыходзіць з кінамэтографу.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Майкл Кейн, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.