І́да |
|
Арыгінальная назва: | Ido |
Створаны: | Люі дэ Бюфрон |
Агульная колькасьць носьбітаў: | бегла — каля 100—200 |
Тып пісьма: | лацінскага |
Моўныя коды |
ISO 639-1: | io |
ISO 639-2: | ido |
ISO/DIS 639-3: | |
Гл. таксама: Штучныя мовы |
Яе ў 1907 стварыў Люі дэ Бюфрон як рэфармаваную вэрсію мовы эспэранта. Іда была выбрана «Дэлегацыяй для прыняцьця міжнароднай дапаможнай мовы» (Délégation pour l’adoption d’une langue auxiliare internationale) ў лістападзе 1907. Назва ўтворана ад эспэранцкага суфікса -id-, што азначае: нашчадак, дзіцё. Згодна міжнароднаму стандарту ISO 639 мова іда мае коды: 639-1 "io", 639-2 "ido".
Граматыка
Асноўныя зьмены ў параўнаньні з эспэранта:
- Альфабэт іда — 26 лацінскіх літар, адсутнічаюць эспэранціскія літары з дыякрытычнымі знакамі ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ, ŭ, але прысутнічаюць q, w, y, x. Пры гэтым у іда ўжываюцца дыграфы: ch = [ч], sh = [ш], qu = [кв]. Іншыя літары вымаўляюцца гэтаксама як у эспэранта, за выключэньнем: j = [ж/дж], w = [у/ў], x = [кс/гз], y = [й].
- Націск у іда падае на галосную, якая стаіць перад апошняй зычнай у слове: гэта дае больш звыклае вымаўленьне некаторых словаў, у інфінітывах дзеясловаў націск — на апошні склад (konstruktAr).
- [io] rAdio, famIlio, histOrio, revolUcio
- [eo] radIo, familIo, historIo, revolucIo
- Множны лік назоўнікаў утвараецца зьменай канчатка -o на -i (у эспэранта: напрыканцы дадаецца канчатак -j). Прыметнікі ў іда не зьмяняюцца па ліках:
- [io] mea quaresma libera dii
- [eo] miaj kvaraj liberaj tagoj
- (усе мае чацьвертыя вольныя дні)
- Ужываньне вінавальнага склону — не абавязковае. Канчатак -n ставіцца толькі пры зваротным парадку словаў:
- [io] Kato manjas muso. Muson manjas kato.
- [eo] Kato manĝas muson. Muson manĝas kato.
- (кот ясі мыш)
- Інфінітыў дзеясловаў мае тры формы: -ir, -ar, -or, адпаведна для мінулага, цяперашняга і будучага часу. У эспэранта — толькі адзін: -i.
- Зьмены ў лексіцы. Некаторыя апрыёрныя, штучныя, або скажаныя словы заменены, каб даць больш натуралістычны, інтэрнацыянальны выгляд (= як у раманскіх мовах), зрабіць слова лягчэйшым для вымаўленьня, ці павялічыць розьніцу паміж падобнымі словамі пры вымаўленьні, або каб пазьбегнуць калізіі (калі корань з суфіксам супадае зь іншым корнем).
- [eo] kio, tio, io, io ajn, nenio, ĉio — [io] quo, to, ulo, irgo, nulo, omno
- [eo] mi, ni, vi — [io] me, ni, vu.
- [eo] funkcio — [io] funciono, [eo] punkto — [io] punto.
- У іда дадаліся шмат новых словаў: каб паменшыць ужываньне прыстаўкі mal- (якая ўтварае антонім) і каб паменшыць шматзначнасьць:
- [eo] malvarma — [io] kolda, [eo] mallonga — [io] kurta
- [eo] atendi — [io] vartar (чакаць) і expektar (спадзявацца)
- [eo] mi povas fari tion — [io] me povas facar to (я магу зрабіць гэта, маю магчымаць, здольнасьць), me darfas facar to (я маю дазвол).
- [eo] de — [io] da (творны склон, выканаўца дзеяньня), di (родны склон, прыналежнасьць), de (з, паходжаньне)
- [eo] de Petro mi ricevis portreton de Paŭlo (faritan) de Rafaelo
- [io] de Petro me recevis portreto di Paulo da Rafaelo
- ад Пятра я атрымаў партрэт Паўла, створаны Рафаэлям
- Памяньшэньне «сэксізму». У эспэранта назвы жывёлаў і людзей жаночага роду ўтвараюцца ад адпаведнай назвы мужчынскага роду пры дапамозе суфікса -in-. А ў іда такія словы абазначаюць чалавека ці жывёлу без удакладненьня пола, калі трэба пазначыць мужчынскі ці жаночы пол, ужываюцца асобныя суфіксы: -ul- і -in-, адпаведна.
- Прыназоўнікі таксама маюць формы: мужчынскую, жаночую, сярэдную і агульную як для адзіночнага так і для множнага лікаў:
- [io] il(u), el(u), ol(u), lu — ён, яна, яно, ён/яна/яно
- [io] ili, eli, oli, li — яны (м.р.), яны (ж.р.), яны (с.р.), яны (неазначана)
- У іда пашыраны набор суфіксаў і прыставак, пры гэтым кожны афікс больш дакладны, памяншаецца шматзначнасьць. Словаўтварэньне ў іда больш лягічнае, рэгулярнае, дазваляе дакладней выражаць розныя нюансы, але адначасова і больш строгае і абмежаванае — ня ўсе элемэнты магчыма вольна камбінаваць.
Гісторыя і сучасны стан
Адразу пасьля зьяўленьня мовы іда шмат прыхільнікаў эспэранта перайшлі да іда. У асноўным гэта былі навукоўцы, лінгвісты. Было шмат тэарэтызаваньня, канчатковая форма мовы доўга не магла ўстаяцца. Пазьней значная колькасьць ідыстаў пачалі ствараць свае собскія моўныя праекты ці далучыліся да іншых. Іда-рух паступова згасаў і зараз амаль зьнік. Апошнім часам арганізуюцца міжнародныя іда-кангрэсы, якія зьбіраюць па некалькі дзясяткаў чалавек (для параўнаньня: на асноўны эспэранціскі кангрэс зьбіраюцца штогод па некалькі тысячаў чалавек).
Зьяўленьне мовы іда зрабіла значную шкоду на эспэранта рух, бо выклікала раскол і перацягнула да сябе пэўную частку эспэрантыстаў. Але былі і станоўчыя вынікі: як дзейны канкурэнт да эспэранта, іда дае прыклад іншых падыходаў да выбару словаў, словастварэньня, што спрыяла да разьвіцьця мовазнаўства, у асаблівасьці інтэрлінгвістыкі.
Былі і практычныя вынікі: некаторыя словы, суфіксы з іда былі запазычаны ў эспэранта. Суфікс -end- (= які павінны быць) нават прыняты як афіцыйны. Таксама складаныя формы дзеясловаў, як mi dormantis = mi estis dormanta, сталі ўжывацца па аналёгіі з падобнымі ў іда.
Прыклад тэксту на іда
Patro nia (Ойча наш)
Patro nia, qua esas en la cielo,
tua nomo santigesez;
tua regno advenez;
tua volo facesez quale en la cielo
tale anke sur la tero.
Donez a ni cadie l'omnidiala pano,
e pardonez a ni nia ofensi,
quale anke ni pardonas a nia ofensanti,
e ne duktez ni aden la tento,
ma liberigez ni del malajo.
Amen.
Вонкавыя спасылкі
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Іда (мова), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.