«Тузін Гітоў» (Tuzin.fm, Tuzinfm.by) — прыватнае некамэрцыйнае беларускамоўнае сеціўнае выданьне, заснаванае ў 2003 годзе для асьвятленьня музычнай творчасьці ў Беларусі.
Ставіць у якасьці задачаў: прасоўваньне музыкі, створанай у Беларусі; заахвочваньне да праслухоўваньня беларускіх твораў як мага большую аўдыторыю. Ініцыюе і рэалізуе музычныя праекты ды выступае інфармацыйным партнэрам самых значных падзеяў на беларускай незалежнай сцэне. Самастойна вызначае сваю інфармацыйную палітыку, характар і зьмест інфармацыі, рэклямы, аўдыё і відэа-матэрыялаў. На 2009 год меў больш за 50 тыс. штомесячных наведнікаў, якія спампоўвалі больш за 80 тыс. песьняў.
Тузін Гітоў | |
Слоган | Слушны музычны партал |
---|---|
Тып | СМІ |
Даступныя мовы | беларуская |
Аўтар | Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны, Аляксей Мінчонак |
Пачатак працы | 12 кастрычніка 2003 (20 гадоў таму) |
Камэрцыйны? | не |
Рэгістрацыя | ёсьць: не абавязкова, задарма |
Актуальны стан | дзейны |
Рэйтынг Alexa | 6013 (2015; у Беларусі) |
www.tuzinfm.by |
Сайт распачаў дзейнасьць 12 кастрычніка 2003 году. Сайт некалькі разоў мяняў свой адрас. Першапачаткова ён знаходзіўся па адрасе music.fromby.net. Пазьней адрас зьмяніўся на tuzin.fm, але празь цяжкасьці з дамэнам перамясьціўся на tuzinfm.by. З траўня 2017 году партал даступны й на tuzin.by. Бэк-каталёг артыкулаў прадстаўлен на mpby.ru.
У 2004 г. сумесна зь Беларускім калегіюмам выдаў кнігу «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» з апісаньнем 20 музычных альбомаў 1970—1990-х гадоў.
Зь 2004 г. выпускае радыёперадачу свайго гіт-параду пад назовам «Радыё Тузін», якую вядзе саліст гурта «Палац» Алег Хаменка. Ад пачатку перадача выходзіла на Радыё «Рокс» (Менск), з 2005 г. — на Радыё «Менск», з 2006 г. — на Радыё «Рацыя» (Беласток). У 2005—2011 гг. штогод выпускаў складанку з 12 песьняў-пераможцаў свайго сеціўнага гіт-параду пад назовам «Прэм’ер Тузін» (2005, 2006, 2007, 2008, 2009, 2011). У 2005—2007 гадах браў удзел у ладжаньні цырымоніі ўзнагароджаньня найлепшых музыкаў краіны «Рок-каранацыя». 16 сакавіка 2006 году ў Вільні (Летува) правёў канцэрт «Рок-рэвалюцыя» з удзелам гурта N.R.M. У 2006 г. разам з выдавецтвам Volia Music выдаў складанку «Песьні свабоды». 3 лістапада 2007 году зладзіў у менскім касьцёле сьв. Сымона і Алены канцэрт памяці паэта Анатоля Сыса для збору сродкаў на помнік. 31 жніўня 2008 году аднавіў у Менску пасьля 12-гадовага перапынку музычны фэстываль «Рок па вакацыях». 23 траўня 2009 году на лётнішчы Баравая (Менскі раён) браў удзел у фэстывалі «Bela Music», які ладзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 2009 і 2011 гг. разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» выдаў музычныя кружэлкі «Тузін. Перазагрузка» й «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» зь перакладзенымі на беларускую мову песьнямі іншамоўных выканаўцаў. У 2011—2012 гг. ладзіў акустычныя канцэрты «Тузін. Unplugged» з удзелам беларускіх рок-выканаўцаў. У 2012—2013 гг. правёў шэраг канцэртаў «Жывы Тузін». У 2012 г. сумесна з радыё «Рацыя» (Беласток) выдаў аўдыёкнігу Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». У 2012—2013 гг. супольна з Падляскай опэрай і філярмоніяй падрыхтаваў дыск музычнай агучкі клясыкі беларускага нямога кіно «Тузін. Немаўля». У чэрвені 2014 г. разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» выпусьціў складанку песьняў «Апошні золак». Таксама ў 2014 г. супольна з фондам «Вяртаньне» правёў конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай.by», чарговы быў распачаты ў 2017 годзе.
У 2013 годзе берасьцейскі канцэрт у падтрымку праекту Тузін.Немаўля быў адменены гарадзкімі ўладамі па ідэялягічных прычынах.
У інтэрвію з заснавальнікам Сяргеем Будкіным у сувязі зь першай гадавінаю сайту Вольга Самусік з «Музыкальной газеты» зазначыла, што music.fromby.net самы папулярны сярод беларускамоўных інтэрнэт-парталаў. У сваім тэматычным артыкуле 2005 году яна ж назвала Tuzin.fm «самым запатрабаваным беларускім музычным сайтам». У справаздачы зь вечара з нагоды пяцігодзьдзя партала Tuzin.fm быў рэкамэндаваны Ганнай Ждановіч з «Белорусов и рынка» ў якасьці аднаго «з найбольш буйных рэсурсаў у Інтэрнэце, прысвечаных беларускай музыцы».
У інтэрвію «Музыкальной газете» ў 2006 годзе рок-князёўна Руся прызнавала, што партал, які «набраў абароты», — хросны бацька яе гурту «Indiga».
Падчас прэзэнтацыі складанкі «Прэм’ер Тузін 2007» у 2008 годзе музыка Лявон Вольскі адзначыў, што «Тузін Гітоў» «зьяўляецца адзіным кампэтэнтным гіт-парадам Беларусі».
Заснавальнік «Ultra-music.com» Вячаслаў Радзівонаў праз «Будзьма беларусамі!» даў сваю ацэнку парталу на яго сямігодзьдзе: «Унікальная й вельмі своечасовая зьява. Ён зьявіўся менавіта тады, калі беларускамоўнай музыцы была неабходная падтрымка, магчымасьць давесьці яе да вялікай аўдыторыі».
Павал Сьвярдлоў, рэдактар «KYKY.ORG», у аглядзе ўсіх музычных прэміяў Беларусі на 2013 год пакрытыкаваў партал за тое, што гіт-парад не працаваў цягам году, але пахваліў афлайнавую актыўнасьць, «два цудоўных праекта: „Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі“ і „Тузін.Немаўля“».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Tuzin.fm, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.