Hair Peace Salon: беларускі музычны гурт

«Hair Peace Salon» (бел.

«Салён міру і валасоў») — брыт-поп і паўэр-поп гурт зь Менску, адзін з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-року. Яго музыка вылучаецца ў большасьці ангельскамоўнай лірыкай з эмацыйнай падачай і рэзкімі перападамі настрою ў сьпевах. Гурт быў заснаваны ў 1998 годзе й выдаў паўнафарматны альбом «Gentleman», а таксама з тузін сынглаў і самотнікаў. У сярэдзіне 2013 году музыкі прыпынілі супрацоўніцтва й некаторыя людзі з апошняга складу гурту, уключаючы франтмэна й сузаснавальніка Алега Вяля, які лічыцца адным з найлепшых рок-выканаўцаў на Беларусі, сфармавалі беларускамоўны рок-гурт «Bristeil», за якім у 2017 годзе зьявілася нараджэньне сольнага электроннага праекту музыкі «Helaiv».

Hair Peace Salon
Hair Peace Salon: Гісторыя, Стыль, Ацэнкі
«Hair Peace Salon» выступае на фэстывалі «Басовішча» (22 чэрвеня 2005 году), зьлева направа: Вадзім Дубіна, Максім «Gandibober» Дзевічэнскі, Алег Вяль, Артур Лучкоў.
Інфармацыя
Гады1998—2013
АдкульМенск, Беларусь
Моваангельская, беларуская
Жанр(ы)інды-рок, альтэрнатыўны рок, брыт-поп, брыт-рок, паўэр-поп, рок-н-рол, інды-поп
ВыдавецWest Records
Зьвязаныя праекты«Jitters», «Bristeil», «Helaiv»
УдзельнікіАлег Вяль
Канстанцін Карман
Максім «Gandibober» Дзевічэнскі
Аляксандар Сьцяпановіч
Былыя ўдзельнікіАляксандар Вашчыла
Аляксей Кузьняцоў
Артур Лучкоў
Вадзім Дубіна
Андрэй Козік
Вадзім Ісаеў
Уладзімер Агаян
hairpeacesalon.com

Гісторыя

Раньнія гады (1998—2001)

Алег Вяль пачаў марыць граць музыку яшчэ ў 1996 годзе. На наступны год яго брат набыў для свайго гурту ўдарную ўстаноўку, і гэта стала першай матэрыяльнай падставаю для пачатку. Алег хацеў далучыцца да музычнага калектыву брату, але яго ня ўзялі, таму што той яшчэ ня граў на аніякім музычным інструмэнту. У 1998 годзе будучы вакаліст-гітарыст зьбірае двух школьных таварышаў, басіста Максіма Дзевічэнскага й барабаншчыка Аляксандара Вашчылу, у гурт. Усе жадалі граць музыку як натхнёныя музычнымі гуртамі агульных сяброў, такімі як «Jitters», так і вядомымі на ўвесь сьвет гуртамі, такімі як «Nirvana», «Radiohead», «Pearl Jam». Першыя гады хлопцы толькі вучыліся, як граць, і экспэрымэнтавалі з новымі ідэямі й мэтадамі напісаньня твораў.

Першыя рэлізы (2002—2006)

Упершыню назва «Hair Peace Salon» афіцыйна прагучала са сцэны менскага клюбу «База» 22 лютага 2002 году на канцэрце-трыбьюце Курта Кабэйна й гурту «Nirvana». Імпрэза была прысьвечана дню нараджэньня музыкі, і на ёй «Hair Peace Salon» адыграў некалькі песень. На той момант гурт складаўся з трох чалавек: Алега, Максіма й Аляксандра, — але апошні ў тым жа годзе пакідае гурт і яго наступнікам становіцца Артур Лучкоў.

Неўзабаве склад узмацняе сола-гітарыст Вадзім Дубіна. Такім чынам, гурт на 2003 год зьбірае клясычны склад рок-ансаблю з чатырох чалавекаў: рытм-гітара, сола-гітара, бас-гітара, барабаны. У сакавіку «Hair Peace Salon» прымаюць удзел у фэсту авангарднай музыкі й моды ў Менску. У рэклямных мэтах гурт запісвае першы сынгл «Next Level», які складаўся зь дзьвюх песень, і ён выходзіць у пачатку 2004 году.

У чэрвені 2004 году «Hair Peace Salon» разам з «Jitters» прымае ўдзел у міжнародным фэстывалі «Piirideta Muusika» (па-эстонску: «Музыка бязь межаў»), які праходзіў у горадзе Нарва (Эстонія). У тыя гады Артур Лучкоў і Алег Вяль яшчэ таксама граюць у брыт-рок гурце «Jitters», дзе за бас-гітарай сьпяваў Канстанцін Карман, а да таго ж абодва англамоўныя музычныя калектывы часта выступалі разам на зборных канцэртах і сумесна езьдзілі па фэстывалях, так што музыкі добра ведалі адзін аднаго. Калектыў робіць крокі на грандж сцэну, актыўна граючы на менскіх клюбных пляцоўках на працягу 2002—2004 гадоў.

У 2005 годзе па сямейных абставінах з гурту сыходзіць Вадзім Дубіна. Праз чатыры месяцы пасьля доўгіх пошукаў і экспэрымэнтаў на яго месца прыходзіць гітарыст Вадзім Ісаеў з Жодзіна, знаёмства зь якім адбываецца праз «Музыкальную газету» й прыход якога робіць калектыў больш згуртаваным і цэласным. У ліпені гурт удзельнічае ў польскім фэстывалі «Басовішча-2005», у сьнежні — у «Рок-коле-2005» (Полацак).

Наступны рэклямны CD групы зьяўляецца ў сьвет у тым жа 2005 годзе. Плыта ўключыла ў сябе самотнік «Hover» з аднайменным загалоўным сынглам, а сама кампазыцыя «Hover» трапіла на брытанскую складанку альтэрнатыўнага року «Spotlight On» выдавецтва «Matchbox Recordings», выхад якой датуецца 14 лістапада 2005 году. У кастрычніку Алег Вяль па пэўных тэхнічных і лягічных прычынах і каб больш часу ўдзяляць свайму гурту спыняе супрацоўніцтва з «Jitters», дзе ён паралельна граў на гітары й быў бэк-вакалістам. Пад новы 2005 год склад пашырыў клявішнік-вакаліст Андрэй Козік з стылістычна блізкага «Hair Peace Salon» гурту «Rosary», але ў сукупнасьці ён пайграў супольна каля паўгода.

Пад канец вясны 2006 году Артур Лучкоў таксама вызваляецца ад пабочных абавязкаў у «Jitters», а сам год гурт правёў на сцэне і, акрамя канцэртаў па Беларусі, прыняў удзел у замежных фэстывалях «па-польску: Rock bez Igły» (Тыхы), «па-польску: Wiosło Jaćwinga» (Сувалкі), «па-польску: Fiesta Borealis» (Алецка). Да таго ж музыкі зьявіліся на зборным канцэрце з удзелам «Neuro Dubel», «Крама», «N.R.M.», «Indiga» й шэрагу іншых знакамітых беларускіх рок-калектываў у падтрымку выпуску сэрыі складанак «Песьні свабоды», які адбыўся на плошчы Бангалор 25 жніўня 2006 году.

Gipsy й In Tune (2007—2009)

2007 год стаў годам выпуску другога самотніка, які разам з канцэртна-спаборніцкай актыўнасьцю за гэты час прынясе намінацыю ў катэгорыі «Прарыў году» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007» у наступным лютым.

Гурт выйграе майскі трэцьфінал па выніках галасаваньня гледачоў, вынікі якога зацьвердзіў гітарыст-пэдагог Уладзімер Угольнік, і сам фінал конкурсу «ИдиНаРок» у чэрвені з прызам запісаць песьню на прафэсійнай музычнай студыі. Хлопцы граюць на вялікіх пляцоўках падчас сьвяткаваньня Дню гораду Менска й на фэстывалі «Амбасовішча», які быў праведзены амбасадай ЗША ў Беларусі ў верасьні, і толькі з-за махінацыяў з падлікам галасоў спыняюцца ў паўфінале міжнароднага конкурсу «Global Battle of the Bands», у якім яны ўдзельнічалі на працягу другой часткі 2007 году.

Пасьля спробаў пайграць разам з сэсійнымі клявішнікамі, у тым ліку на сцэне падчас імпрэзы «Акустыка вясны» ў сакавіку, у сувязі з паўгадовай замежнай камандзіроўкай Канстанціна Кармана, пад канец 2007 году колькасьць афіцыйных удзельнікаў гурту павялічваецца, як той прыпыняе існаваньне свайго гурту «Jitters» і запрашаецца далучыцца да «Hair Peace Salon» на пастаяннай аснове. У гурце ўжо быў свой басыст, а паколькі Канстанцін Карман нядаўна купіў сынтэзатар «Roland JP-8000» падчас дзелавой паездкі ў Шатляндыю, то ён стаў клявішнікам, які сьпявае вакальныя партыі, а таксама складае сьпевы. 28 кастрычніка 2007 году самотнік «Gipsy» быў выдадзены ў сьвет. Новае аблічча гурту было паказана на канцэртнай прэзэнтацыі самотніка, падтрыманай выступленьнямі «Open Space» і некаторых іншых музыкаў-сяброў гурту, 18 лістапада 2007 году.

25 лістапада 2007 году для прасоўваньня новага супрацоўніцтва на лэйбле «West Records» быў выдадзены спліт-альбом «Split Before, Together Now». На CD трапілі самотнікі «Gypsy» «Hair Peace Salon» і «Pick Me Up» «Jitters» з арыгінальным афармленьнем вокладкі, на якую былі зьмешчаны два зьвязаныя шнуркамі дзіцячыя чаравікі як сымбаль таго, што раней было два гурты, але з гэтага часу яны аб’яднаны. «Хлопцы зь „HPS“ заўсёды захапляліся творчасьцю ня вельмі вядомай, але каханай у пэўных колах каманды „Jitters“. А сёньня яны дагналі іх па майстэрству, сталі побач і ў чымсьці нават абышлі», — крытык Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты» падсумавала жыцьцёвы шлях гуртоў у сваім аглядзе на дыск.

У дадатак да рэгулярных канцэртаў, а іх было дадзена ў 2007 годзе каля 30, музыкі пасьпяхова ўдзельнічалі ў розных музычных конкурсах, такіх як «Музычны плэй-оф» (паўфіналісты), «Залатая акустыка» (пераможцы), «Рок-спарынг» (уладальнікі прызу на запіс на студыі). Па выніках апошняга конкурсу напрыканцы 2007 году Алена «Aresha» Сабалеўская з парталу «LiveSound.by» прадказала, што пра музыкаў гурту, які, на думку Сяргея Ясючэні, дырэктара «West Records», выбіўся ў трэнды, «будуць пісаць усё радзей і радзей, таму што пісалі пра іх вельмі шмат».

Афіцыйнае відэа да аднайменнага вядучага сынгла EP «Hover», у якім быў прадстаўлены новы выгляд гурту з Канстанцінам Карманам, было зьнята рэжысэрам Анатолем Вечарам у лютым 2008 году, і гатовы ролік 16 сакавіка быў паказаны па тэлебачаньні ў праграме «Pro движение+». Падчас першай частцы 2008 году на студыі «OSMOS» быў запісаны й новы сынгл «Stand The Rain» — прыз пераможцам музычнага конкурсу «ИдиНаРок». У сакавіку гурт выступіў у перадачы «Музычны партал» Першага Нацыянальнага каналу Беларускага радыё, дзе сыграў яшчэ не выдадзеныя песьні: «Stand The Rain», «Ice Age», «Borderline».

У гэты ж час Вадзім Ісаеў пакідае гурт. Гэта быў удар падчас сэсій запісу новай міні-плыты, і хаця гурт спрабаваў знайсьці новага сола-гітарыста, але гэтага зрабіць не ўдалося. Нягледзячы на гэта, квартэт, які застаўся, не пажадаў ні марудзіць тэмп запісу новых твораў, ні зьмяншаць колькасьць жывых выступаў. Прэзэнтацыя новага самотніка «In Tune» была зладжана ў дзень яго выпуску 1 лістапада 2008 году ў клюбе «Bronx» з удзелам Вадзіма Ісава пры падтрымцы фальклёрнага гурту «Akana-NHS(be)» з Ірэнай Катвіцкай і Русяй. Гэты дыск быў запоўнены чатырма песьнямі, уключая бонусную «Stand The Rain», якая ўжо выдавалася на сынгле.

Як пераможца адборачных тураў разам з «Open Space» у студзені 2009 году гурт грае на мясцовым фінале фэстывалю «Bandscan», фінал якога павінен быў прайсьці ў Швэцыі, але «Hair Peace Salon» займае толькі другое месца. Музычнае відэа на песьню «In Tune» было зьнята ў лютым, а сам завершаны кліп быў паказы публіцы ў сьнежні таго ж году. У вясновы час Артур Лучкоў пакідае гурт у выніку рознагалосьсяў у «Hair Peace Salon», але пасьля кароткіх пошукаў Аляксей Кузьняцоў, былы ўдзельнік «Prophetic Dream», «Iris7» і некаторых іншых гуртоў, апынаецца ў яго крэсле. У ходзе наступнага пэрыяду году «Hair Peace Salon» актыўна працаваў у студыі над новымі музычнымі творамі, узбагачаў досьвед падачы сваіх акустычнай і рокавай праграмаў, часта, як і ў мінулыя гады, ладзіў канцэрты разам з дружалюбным гуртам, таксама прадстаўніком брытанскай хвалі «Open Space» ды іншымі.

Перамога ў адборы за месца на складанке грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і «Эўрапейскага радыё для Беларусі» «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New» па часу супала з удзелам у праекце «Тузін. Перазагрузка» вэб-парталу «Tuzin.fm» і «Будзьма беларусамі!», дзеля чаго гурт перасьпяваў сваю песьню «Ice Age» на беларускай мове, лірыку да якой паэтычна пераклаў літаратар Віталь Воранаў, і гэта стала першым сьпевам хлопцаў на матчынай мове. Прыметны трэк пад назвай «Студзень» трапіў на CD-кампіляцыю праекту, якая была выпушчана ў сьвет у сьнежні 2009 году. У жніўні 2009 году гурт атрымаў перамогу ў нацыянальным адборы, арганізаваным «Будзьма беларусамі!», і зьезьдзіў у Чарнігаў (Украіна) на фэстываль «Be Free», каб прадставіць тую вэрсію сьпеву на роднай мове.

У канцы 2009 году гурт адлюстраваў свой новы вобраз: абнавіў афіцыйны сайт, дызайн якога быў распрацаваны Палінай Пастушэнка, рэжысэрам апошняга кліпу «In Tune». У сьнежні 2009 году Аляксей Кузьняцоў пакіне гурт (пазьней Алег Вяль скажа, што сыход музыкі адбыўся з-за таго, што яны не гралі з гэтым бубначом добра ў гармоніі), і ўжо ў наступныя месяцы Уладзімер Агаян, прыхільнік гурту, які выйграў кастынг, стане яго пераемнікам. Такім складам Вяль, Дзевічэнскі, Карман і Агаян учатырох пачалі працу над паўнафарматным альбомам.

Gentleman (2010—2012)

У першыя некалькі месяцаў 2010 году гурт прымае ўдзел у адкрытым музычным фэсьце «Graffiti Open Music Fest», пасьпяхова праходзячы яго раўнды, а таксама дабіраецца да рэгіянальнага фіналу конкурсу «Рок-ноч», калі 5 красавіка 2010 году першы сынгл пад назвай «Happy For A While» з будучага паўнафарматнага альбому быў выпушчаны спачатку на кітайскі рынак з асаблівай вокладкай, каб падтрымаць падпісаньне новага бубнача, у той час як яго сусьветны выхад адбудзецца 5 дзён пазьней. Гэты выпуск азнаменаваў музычны зрух гурту ў бок паўэр-попу, а альбом зь новымі сьпевамі павінен быў выйсьці наступнай восеньню. Новыя песьні з сынгла, як і зьменены дрэс-код музыкаў, былі прадстаўлены 10 красавіка ў клюбе «Broadway» у рамках прэм’ернага шоў разам з «Drum Ecstasy», «Кассиопея», «The Stampletons» ды іншымі.

У верасьні 2010 году гурт робіць двайны рэліз: выхад новага рок-н-рол інтэрнэт-сынгла «Rolz’n’Rulz» быў падтрыманы экспэрымэнтальным самотнікам рэміксаў «HPS Remixed», на які трапілі 6 песень зь дзьвюх апошніх сынглаў у транс, драм-н-бэйс, даўнтэмпа ды іншых стылёвых апрацоўках ад шэрага дыджэяў менскай электроннай сцэны. Віктар Сямашка як вядучы «Беларускага Радыё Рацыя» прызнаў экспэрымэнт пасьпяховым. 3 сьнежня 2010 году гурт даў анлайн-канцэрт на «TUT.BY», дзе выканаў у тым ліку некалькі песень з гэтых новых сынглаў.

У прэс-рэлізе ў падтрымку сынгла й самотніка было адзначана, што праца над маючым адбыцца дэбютным альбомам будзе завершана ў пачатку зімы 2010 году. Тым ня менш на працягу 2011 году гурт працягнуў трымаць фокус на запісу твораў да будучага альбому, што абмежавала колькасьць канцэртаў. Першапачаткова на дыску плянавалася выдаць 11 сьпеваў, і тэмы высакароднасьці, шчодрасьці, сілы духу, прагі да жыцьця з крыхай дзівацтваў і самаіроніі павінны былі прайсьці праз яго чырвонай ніткаю. Разам з заканчэньнем працы над музычным бокам плыты ў канцы 2011 году пачаліся пошукі «сапраўднага мастака», які б намаляваў яго вокладку.

18 сакавіка 2012 году гурт зрабіў афіцыйны анонс свайго паўнафарматнага альбому ў кароткім відэа. Музычныя творы за апошнія тры гады былі аб’яднаны ў альбом «Gentleman», і гэты рэліз пачаў быць даступны з афіцыйнага сайту з 21 сакавіка 2012 году бясплатна з магчымасьцю заплаціць столькі, колькі вы захочаце, для прыхільнікаў. Нягледзячы на папярэднюю аб’яву, толькі 10 трэкаў зьявіліся ў фінальнай вэрсіі: адзін прышлося выдаліць. На пярэдняй вокладцы й для аздабленьня буклету CD былі выкарыстаны аквафортэ Сяргея Балянка, беларускага мастака.

Альбом атрымаў у асноўным станоўчую крытыку: «добрая, грунтоўная, прадуманая й гожая праца. Ну й асобны рэспэкт афармленьню», «яны маюць усё, што трэба — выдатныя галасы, неблагую лірыку, хвацкі гук, бездакорнае выкананьне, пісьменную падачу», «„Rolz’n’Rulz“ чапляе», «гэты калектыў і знаходзіцца якраз ці не за ўсіх бліжэй да стандартнай эўрапейскай традыцыі сумяшчэньня рокавага інструмэнтарыя з дастаткова папсовай мэлёдыкай», «мэлядычныя й мэлянхалічныя песьні, прыгожыя гітары й распазнавальны высокі вакал Алега Вялю», «зачараваньне „HPS“ ня толькі ў стылістычнай вытрыманасьці, ня толькі ў бездакорна якаснай аранжыровачнай і кампазытарскай працы, але й у безумоўнай арганічнасьці», «шматгалосьсе, што часам прымушае ўспомніць лівэрпульскую чацьвёрку, надае гучаньню паветранасьць і адчуваньне буйнога мазка». У той жа час аглядальнікі пакрытыкавалі калектыў за адсутнасьць яркасьці й арыгінальнасьці, таму што запіс чуўся, як звычайны альбом брытанскай хвалі, ды за бруднаватае гаражнае гучаньне. «Вельмі слаўная праца, дзе адчуваецца індывідуальнасьць», як было адзначана ў аглядзе году «Tuzin.fm», была абрана ў некалькі топаў беларускіх альбомаў, выпушчаных у той час, а яе першы трэк «Borderline» быў выбраны ў топ лепшых сучасных беларускіх песень парталу"Lenta.ru".

Пасьля выпуску альбому была зроблена замена ў гурце, які на нядоўгі час выступаў як трыё ізноў: новы бубнач Аляксандар Сьцяпановіч быў знойдзены ў пачатку жніўня замест Уладзімеру Агаяну, які пакінуў склад. У сувязі з пошукамі барабаншчыка буйное шоў да выхаду плыты «Gentleman» было адкладзена да 11 кастрычніка 2012 году. У гэты дзень «Hair Peace Salon» адыграў сольны канцэрт на адной з самых папулярных пляцовак Менску, у клюбе «RE:PUBLIC». Падчас яго гурт выканаў песьні з альбому, творы мінулых гадоў і некалькі кавэраў сваіх жа песень на беларускай мове, а таксама прэзэнтаваў цалкам новы сьпеў-дуэт з Ірэнай Катвіцкай, вакалісткай этнічных джаз калектываў «Akana-NHS(be)» і «Kazalpin», «Гарэла Сасна», праца над запісам якога распачалася яшчэ ў 2010 годзе.

Распад (2013)

У наступныя паўгады альбом быў падтрыманы шэрагам дадатковых шоў як у акустычным, так і ў рокавым фарматах. На сваім трэцім выступленьні на штогадовай імпрэзе «Акустыка вясны», якое адбылося ў сакавіку 2013 году, гурт даў паслухаць са сцэны свой сьвежы матэрыял, які пазьней будзе афіцыйна выдадзены ўжо іншым калектывам Алега Вялю «Bristeil» на самотніку «Cyruĺnia Svietu»: новую песьню на беларускай мове «Nieba Abraz» і хіт амэрыканскай сьпявачкі Ланы Дэль Рэй «Video Games», які будзе перасьпяваны па-беларуску й стане яго адзінай такой кавэр-вэрсіяю.

Гурт атрымлівае намінацыю ў катэгорыі «Дэбют году» на музычнай прэміі «Rock Profi» за альбом «Gentleman». Апошняе на дадзены момант шоў на радзіме было адыграна 19 траўня 2013 году, калі музыкі далі сумесны канцэрт з «Open Space» у менскім рок-клюбе «TNT». У пачатку лета яны былі згаданы сярод канкурсантаў за права зграць на «Басовішча-2013», але не былі адабраны. Тым ня менш у канцы жніўня яны разам з гуртамі «The Toobes» і «Dzieciuki» ўсё ж такі былі запрошаны прадставіць Беларусь у Польшчы на фэстывалі «Cieszanów Rock Festiwal 2013».

Атрымаў некаторы досьвед гульні дуэтам «VS ½ HPS» вясной 2013 году, Алег Вяль і Аляксандар Сьцяпановіч разам з двума іншымі музыкамі ў выніку бязьдзейнасьці «Hair Peace Salon» восеньню стварылі новы беларускамоўны рок-гурт «Bristeil». Гурт «Hair Peace Salon» ніколі не заяўляў пра свой распад, але з 2013 году калектыў не выпускаў новых песень у сьвет.

Сяргей Будкін, аўтар «Будзьма беларусамі!» і рэдактар «Tuzin.fm», у 2014 годзе паспачуваў гурту, музыкі якога пасьля прэзэнтацыі альбому «апынуліся ў няпэўным стане», бо ён «меў усё, акрамя хіба што шанцаваньня». Алег Клімаў як карэспандэнт газэты «Культура» рэфлектаваў наконт заняпаду гурту, які «шчыра шкада згінуў заўчасна», у 2017 годзе, выказваючы думку, што Алег Вяль не дацярпеў да таго моманту, каб яго дзецішча «трывала ўмацавалася на клубнай канцэртнай сцэне».

Стыль

Музыкі «Hair Peace Salon», што пачыналі на рубяжы тысячагодзьдзяў у якасьці гурту альтэрнатыўнага року, праз пэрыяд інды-рок, брыт-рок і брыт-поп рэпэртуару першага дзесяцігодзьдзя 2000-х у 2010-я сталі найбольш вядомымі як выканаўцы ангельскамоўнага паўэр-попу. Сьпевы «Hair Peace Salon», як маюць на думку музычныя крытыкі, у асноўным напоўнены сумнымі й трагічнымі матывамі, але не адзін зь іх твораў не выбіваецца па-за рамкі вядомага брытанскага року. Музыка гурта дае эмоцыі суму, суперажываньня, так што праца артыстаў больш падыходзіць пад вызначэньне брыт-року, дзе часта прысутнічае дэпрэсіўны настрой. «Нячаста можна ўбачыць, як „Hair Peace Salon“ прышпільваецца, а яшчэ радзей — як народ пад іх трагічную музыку адрываецца», — Алена «Aresha» Сабалеўская, канцэртны аглядальнік «LiveSound.by», сьведчыла ў 2007 годзе. Тым ня менш пасьля выхаду альбому «Gentleman» у 2012 годзе Алег Клімаў як калумніст «Советской Белоруссии» канстатаваў, што «гурт, які спачатку выконваў сумненькі інды-рок, дадаў агрэсіўнасьці, нэрвовасьці ў кампазыцыі, і зараз пад іх можна ня толькі пазяхаць, але й адрывацца на танцпляцы».

Вольга Самусік, супрацоўніца «Музыкальнай газеты», апавядала на старонках выданьня пра выступ гурту на «Басовішча-2005», ладна ацаніў яго «прыгожы брыт-рок»: «Адчувальная прэтэнзія на заходнасьць гучаньня. Граюць хлопцы проста ачмурэць. „Басовішча“ — гэта ўжо ня іх узровень. Не разумеем, навошта яны марнуюць тут свой музычны час, ім трэба пакараць эўрапейскія вышыні… „Hair Peace Salon“ — добры гурт, асабліва для тых, хто зьяўляецца сапраўдным брыт-рокерам-попэрам». Па выніках яго верасьнёвага канцэрту ў 2006 годзе аглядальнік «Музыкальнай газеты» Слэп пісаў: «Склалася ўражаньне, што гэтай музыцы ўжо цесна ў маленькім клюбным памяшканьні. Па напалу эмоцыяў, якасьці матэрыялу ды яго выкананьня было відавочна, што хлопцам ужо час выходзіць на вялікія пляцоўкі да вялікай аўдыторыі». У справаздачы з невялікага клюбнага канцэрту ад прома-групы «LiveSound.by» у пачатку красавіка 2008 году Дар’я «misty» Іванкова апавядала пра душэўна блізкіх да суайчыньнікаў хлопцаў, якія «сталі зусім эўрапейскімі» і якія нават для вузкага кола людзей гралі, як «быццам для стадыёну». На наступны год Андрэй Чарніцкі, заснавальнік «LiveSound.by», у артыкуле пра студзеньскі трыбьют «U2» залічыў брыт-рок калектыў у шэраг гуртоў, якія «заслужана занялі сваё месца ў сталічным мэйнстрыме», у той час як на 2010 год Сяргей «SB» Будкін згадаў гурт сярод «моцных сераднякоў беларускага року».

Пасьля наведваньня аднаго з сумесных канцэртаў беларускіх брыт-рокераў восеньню 2007 году Кацярына «Fobia_L» Асіпчык з «LiveSound.by» станоўча ахарактарызавала якасьць гуку й своеасаблівасьць стылю «ангельскіх спадароў», на погляд Машы «СкаZка» Сказкі адтуль жа, і выказала рэспэкт артыстам за зьнешні выгляд і музыку адпаведныя брытанскай хвалі. Пасьля праслухоўваньня «сапраўднай брыт-поп» праграмы «Hair Peace Salon» на канцэрце ў Ліцэі БДУ ў лістападзе 2007 году ў карэспандэнту «LiveSound.by» Вікі «Кактус» Нарко стварылася ўражаньне, што выступаў «не беларускі гурт, а вялікабрытанскія музыкі вельмі добрага ўзроўню». Сьпявак Дзьмітры Калдун як экспэрт парталу «Tuzin.fm» на прыкладзе кавэру «Студзень» вылучаў амэрыканскую мэлёдыку й якасьць гуку гурту. Вольга Зінгер са слуцкай газэты «Інфа-Кур’ер» у сваім рэпартажы з выступленьня «Hair Peace Salon» у 2013 годзе засьведчыла, што выкананая ім праграма дазваляе прыняць думку музычных крытыкаў наконт самага брытанскага гурту Беларусі, адзначыў яго «відавочна высокі ўзровень».

У рэцэнзіі самотніку 2005 году «Hover» Алег «О’К» Клімаў з «Музыкальнай газеты» апісваў музыку «Hair Peace Salon» як «гітарны рок на ангельскай мове, багаты па думцы, эфэктны, які адсылае цябе да прог-музыцы (гэта як калі б брыт-рокеры ўскладніліся з нейкага ражна)… выдатны вакал. З аранжыровачнымі эмоцыямі, як і „ўхвалена“ да такога роду музыцы, — бедна». У цэлым гучаньне калектыву параўноўваецца зь творчасьцю «Jitters», гурту брытанскага року, усе ўдзельнікі якога падзялялі гэтую стылістычную блізкасьць, і якім тураваў сам галоўны рэдактар газэты пасьля праслухоўваньня прома-дыскаў 2005 году абодвух: «Пра „Jitters“ можна напісаць усё тое, што напісана пра „HPS“. Можа, „жітэрсы“ крыху больш рэзкія. А палова складу „Jitters“ і зусім грае ў „Hair Peace Salon“… ці наадварот». «Далей „Jitters“ — амаль нічога не зьмянілася — ратацыя „Hair Peace Salon“ на 50%», — галоўны рэдактар сайту «tvordom.com» Янка Бусел адзначыў па выніках годных і роўных выступаў абодвух гуртоў запар у рамках вечарыны брытанскага року ў сакавіку 2005 году й дадаў, што вакал «Hair Peace Salon» «бясспрэчна захапляе». СЛЭП як канцэртны аглядальнік партала «XLAM.BY» паўтарыў думку абодвух, бо «ад перамены месцаў складнікаў сума ня зьменьваецца». «Цудоўна згуртаваным блокам выглядалі й слухаліся „Hair Peace Salon“ і „Jitters“», — адзначала W. для «Музыкальнай газеты» ў справаздачы з вясновага трыбьюту «Depeche Mode» у 2006 годзе, вылучыў «якасны брыт-рок», але й заўважыў, што «агульнанароднае прызнаньне наўрад ці здарыцца», бо мэнталітэт іх суайчыньнікаў «не пад тое заточаны», што адлюстравала й падобную выснову журналіста «Белорусской деловой газеты» Паўла Сьвярдлова.

Як перадавала Алена «Aresha» Сабалеўская праз «LiveSound.by» ды «Музыкальную газету», са зьяўленнем у 2007 годзе за сынтэзатарам Канстанціна Кармана гурт стаў граць па-новаму, дзесьці можна было правесьці паралель з гуртом «beZ bileta», а агульнае гучаньне стала яшчэ больш глыбокім, рамантычным і насычаным. Па выніках праслухоўваньня альбому «Split Before, Together Now» яна ж яшчэ раз безумоўна прыпісала творчасьць «менскіх пабрацімаў гурта „Coldplay“», як ужо пісаў Сяргей Будкін як карэспандэнт «Музыкальнай газеты» у 2005 годзе, да брытанскай рок-сцэны, таму што «гурты, якіх адносяць да брыт-попу („Travis“, „Radiohead“, „Muse“, „Blur“, „Coldplay“) маюць шмат агульнага, яны вядомыя, такім чынам, да чагосьці аднаго іх можна прыпісаць… У „салонаў“ ёсьць штосьці ў гучаньні, блізкае ўсім гэтым калектывам, са сваімі асаблівасьцямі, вядома, але вядомае сапраўды гэтак жа».

Музыку «Hair Peace Salon» у рэцэнзіі гэтага жа альбому Тацяна Заміроўская са штотыднёвіка «БелГазета» апісала словамі: «брыт-рок з галавакружнымі перапляценьнямі гармоніяў а-ля „The Mars Volta“, тэхнічнымі гітарнымі арпэджыё а-ля „Muse“ і нэўратычна-пачуцьцёвымі інтанацыямі а-ля „Travis“… Сякія-такія мэлёдыі „HPS“ невытлумачальным чынам нагадваюць новы альбом „Radiohead“ (які выйшаў пасьля таго, як матэрыял дадзенага дыску быў запісаны!)». Іншае параўнаньне з «Radiohead» яна зрабіла праз «БелаПАН» у 2009 годзе. Юлія «Ju» Тынявіцкая для «XLAM.BY» па прыезду з «Басовішча-2005» таксама пісала пра арыентацыю «вельмі цікавага гурту» на «„Radiohead“ і кампанію» яшчэ ў 2005 годзе, у пачатку якога калектыў, як адзначыла WASP для «Музыкальнай газеты», «выразна вытрымаў стыль, па-туманна-альбіёнаўскі», адыграў на вечары, прысьвечаным творчасьці «Radiohead».

Супрацоўнікі «Эўрапейскага радыё для Беларусі» ў 2010 годзе адзначалі, што ў эфіры гурт часта блытаюць з «Open Space». Аўтары «LiveSound.by» знайшлі падабенства з «Naka» пасьля сумеснага канцэрту ў траўні 2008 году.

Самотнік «In Tune» 2008 году адзначаўся SLAP для «Tuzin.fm» як «мэлядычная, рамантычная й напоўненая сьветлым сумам, але дужа рытмічна зьбітая поп-музыка», у той час як канцэртная праграма «Gentleman» асьвятлялася Сяргеем Будкіным, музычным аглядальнікам «Будзьма беларусамі!», ужо як «мэлядычная рок-музыка». Экспэрт «Тузін Гітоў» Севярын Квяткоўскі(be) аднойчы выклаў думку, што музыка гурту нагадвае яму гурт «Czerwone Gitary» і Пола Макартні ў сучаснай брыт-поп стылістыцы. Аляксандар Філімонаў, аўтар «Lenta.ru», у 2013 годзе падсумаваў думкі ўсіх крытыкаў, канстатаваў, што гурт «дэманструе беражлівыя адносіны да спадчыны пост-року, брыт-попу, паўэр-попу».

На пытаньне Вольгі Асокінай з «Бабруйскага кур’еру» пра што іх песьні Канстанцін Карман у 2012 годзе адказваў так: «Гэта вынаходзтва ўласнай рэальнасьці. Мы закранаем вечныя тэмы, якія заўсёды будуць актуальныя».

Ацэнкі

Калегі музыкаў, прадстаўнікі грандж сцэны з гурту «Caravan», на пытанне «Музыкальнай газеты» пра каманды, якія ім даспадобы, у другім студзеньскім нумары 2005 году вылучылі «выдатныя калектывы» «Hair Peace Salon» і «Jitters», таму што «яны граюць арыгінальную музыку». Віталь Артыст, франтмэн «BeZ bileta», таксама пахваліў абодва ў 2006 годзе: «Я вельмі рады, што давялося прадстаўляць нашу краіну з такімі гуртамі, як „Jitters“ і „Hair Peace Salon“. У Алецка мы па-сапраўднаму „запалілі“. З гэтага часу там будуць больш паважаць беларусаў». Ён жа ў 2010 годзе праз «Советскую Белоруссию» яшчэ раз прарэклямаваў «таленавіты праект» «HPS».

Яўген Змушко, вакаліст гурту «Мутнаевока», у 2007 годзе праз «Музыкальную газету» вылучыў «Hair Peace Salon» сярод гуртоў, уклініцца ў шэраг якіх ён бы хацеў. Аляксей Бразгаўка, франтмэн гранж гурту «Karavan», адзначаў для «Музыкальнай газеты», што заўсёды прыемна граць з гуртам «Hair Peace Salon». Гурт «Дзецідзяцей» шанаваў «Hair Peace Salon», бо ён грае «добрую музыку». Артур Шустоўскі, франтмэн гурту «In Vino», характарызаваў сваіх супернікаў па «Global Battle of the Bands» як «цікавы, прафэсійны, моцны калектыў».

«Што „Hair Peace Salon“ — музыка не для масаў, вядома ўжо даўно», — пісала пра гурт у 2007 годзе Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты», сьцьвердзіў меркаваньне Алега «ОК» Клімава, выказанае за два гады да таго. Пасьля наведваньня вясновага грандж-сэйшну 2006 году Ганна Сівакова ад «Музыкальнай газеты» абмалявала выступ гурту так: «Незвычайна прыгожая, філязофская, эмацыйная музыка. Шкада, ня ўсімі прымальная». «LiveSound.by» апісаў артыстызм «Hair Peace Salon» на фоне сумеснага канцэрту «British Lovers» з «Open Space» у чэрвені таго ж году амаль аднолькавым чынам: «Творчасьць не для ўсіх, у нейкай меры арыстакратычная, якае не прэтэндуе на масавасьць».

«Перад намі наглядны прыклад таго, як калектыў дамагаецца посьпеху й вядомасьці праз творчасьць», — пісала Алена «Aresha» Сабалеўская з «LiveSound.by». Культуролаг Максім Жбанкоў у аналізе 2008 году для Беларусі заключыў, што выйгрышнае становішча занялі артысты «без відавочнай палітычнай прапіскі», да якіх аднёс і «Hair Peace Salon», прадстаўніка «новай гітарнай хвалі». У запісцы са зборнага канцэрту-паніхіды па Курту Кабэйну ўвесну 2006 году Ганна Сівакова ад «Музыкальнай газеты» назвала фаварытам «Hair Peace Salon», які «ўвёў усіх у транс сваёй жывой, эмацыянальнай псыхадэлікай». «Нягледзячы на багацьце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — сустракаў выхад дыску «Split Before, Together Now» Андрэй «duckling» Чарніцкі. Камітэт карэспандэнтаў «Эўрапейскага радыё для Беларусі» на чале з Машай Яр, які даваў справаздачу з фэсту «Be Free» ў 2009 годзе, паведаміў пра «прыгожыя мэлёдыі й гарманічныя хады» гурту, які прывёз «песьні, падобныя на песьні».

Заснавальнік сайту «Ultra-music.com» Віталь Радзівонаў у сваім запісу з фэсту «Жывы Гук ON-line» летам 2009 году папракнуў гурт за нуднасьць канцэртнай праграмы, паставіў яму ў прыклад гурт «The Toobes», але ўжо праз год як член журы «Graffiti Open Music Fest» засьведчыў прагрэс «дарослага й вядомага» калектыву, выступ якога спадабаўся.

Па ўражаньнях ад жывых выступаў гурту карэспандэнты «XLAM.BY» і «Музыкальнай газеты» Юлія «Ju» Тынявіцкая й Алена «Aresha» Сабалеўская адзначалі харэаграфію, пазытыўную энэргію й вакальныя здольнасьці Канстанціна Кармана, «прыемны голас» адзначаў і ihar з «XLAM.BY».

Алег Вяль падчас выступу гурту на тэлеканале «Сталічнае тэлебачаньне» у 2010 годзе быў названы «адным з лепшых беларускіх рок-выканаўцаў». Алена Сабалеўская, аўтар «Музыкальнай газеты», па выніках «Акустыкі вясны» вясной 2007 году пісала, што «вакальныя дадзеныя Алега не пакідаюць абыякавым». І пад рокавы акампанэмэнт, на яе ж думку, «наймацнейшы голас Алега… гучыць ашаламляльна», адзначала яна ў тыя ж часы здольнасьць вакаліста ўжо як рэпарцёр «LiveSound.by». Віка «Кактус» Нарко з таго ж рэсурсу таксама захаплялася моцай «мяккага й прыемнага» голасу франтмэна. Алег Клімаў, музычны экспэрт праекту «Experty.by», у 2012 годзе прыпісаў яго ж да шэрагу «лепшых айчынных рок-вакалістаў, якія сьпяваюць на ангельскай мове».

Алена «Aresha» Сабалеўская з «LiveSound.by» на прыкладзе трыбьюту «Placebo» у 2006 годзе падкрэсьлівала чысьціню, ветлівасьць і прыгажосьць выкананьня, «дарослы падыход да справы» гурту, якога, па ўспамінах Яўженіі й Алехандры з «Музыкальнай газеты», здаволеная публіка не хацела адпускаць. Master Shablonov у справаздачы з вечарыны «Brit Rock Party» для «XLAM.BY» у 2007 годзе прыгадваў факт, што гурт з «самымі лепшымі прыхільніцамі» публіка любіць. У тым жа годзе травеньскі вечар «Great Music Evening» запомніўся аўтарам «LiveSound.by» Лёшу «Tiktak» Старавойтаву выхадам «Hair Peace Salon», які падняў настрой і некалькі ажывіў публіку, бо, як пісала Алена «Aresha» Сабалеўская, «дзяўчынкі перад сцэнаю былі задаволеныя на ўсе сто», але пасьля сумеснай імпрэзы з гуртом «Glofira» ў сакавіку 2008 году Кацярына «Fobia_L» Асіпчык удакладніла калегаў: гурт менавіта дамскі. Яна ж пісала пра «спакойны, роўны й чысты гук» гурту на «Inside Out Fest» у аглядзе фэстывалю для «LiveSound.by» у 2007 годзе. Падобнымі словамі аглядальнік «tvordom.com» Алесь Менскі апісаў выхад гурта, які выступіў «роўна й цікава», на вечары памяці Джыма Морысана ў снежні 2004 году.

Інтэлігентнасьць і прастату ў дачыненьні да музыкаў «Hair Peace Salon» узгадваў Gooffy з «XLAM.BY», Воля Кузьміч ад Задзіночаньня беларускіх студэнтаў апісвала «кранальную інтэлігентнасьць», Воля Вітушка адтуль жа таксама стала сьведкаю інтэлігентнасьці й джэнтэльмэнства артыстаў. Антрэпрэнэр Ян Бусел з нумару гурта на адкрыцьці беларускага фан-клюбу «Radiohead» у сакавіку 2005 году вынес «сьціпласьць паводзінаў удзельнікаў, што падкупляе». Дыджэі «World Government» апавялі «Experty.by» пра гурт у 2010 годзе так: «Яны захавалі нейкую чысьціню, і ў іх абсалютна няма патасу ці аплёмбу, што нам вельмі імпануе». У 2012 годзе журналіст «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Маша Калесьнікава запрашала на канцэрт «беларускіх джэнтльмэнаў», якой па яго выніках туравала Ірэна Катвіцкая праз «Будзьма беларусамі!»: «Гэта джэнтльмэны нашай беларускай сцэны, і іх вытанчанасьць мне вельмі даспадобы».

Моўнае пытаньне

Члены гурту, які на працягу першых дзесяці гадоў быў выключна ангельскамоўным, у адным з інтэрвію «XLAM.BY» у сярэдзіне 2000-х гадоў выказалі меркаваньне, што з-за таго, што яны не сьпявалі на беларускай мове, іх зь цяжкасьцю запрашалі на фэстывалі й кепска «крутылі» па радыё, нягледзячы на якасную творчую працу, а на прамы запыт журналіста сайту, ці будуць яны пісаць песьні на беларускай мове, Алег Вяль ды Максім Дзевічэнскі адказалі адмоўна, у той як іншая частка ўдзельнікаў на чале з Артурам Лучковым ды Андрэем Козікам была больш схільная паспрабаваць. Вакаліст і аўтар тэкстаў быў такой думкі, што «не заўсёды хочацца, каб мяне разумелі», а басыст аргумэнтаваў словамі: «Каму гэта будзе цікава, той возьме й перакладзе».

Канстанцін Карман наконт моўнага пытаньня тлумачыў «Tuzin.fm» у 2007 годзе так: «Мы не паэты — на ангельскай мове пісаць і выкладаць думкі нават прасьцей. А наяўнасьць у Беларусі пэўнай ангельскамоўнай культуры азначае, што й наша краіна спрычынілася да Эўропы, якая ў большасьці сьпявае па-ангельску». На падобнае пытаньне «Эўрапейскага радыё для Беларусі» ў тым жа годзе музыкі адказвалі, што іх выбар ёсьць даніна ўсей рокавай музыцы, ды й «ангельская мова — гэта мова рок-н-ролу». «Мы пяём па-ангельску, таму што пэўныя ў тым, што ангельскамоўнае мастацтва павінна прысутнічаць тут. Гэта набліжае нас да эўрапейскага кантэксту», — казалі музыкі «Tuzin.fm» у 2009 годзе. У 2014 годзе Алег Вяль для «Эўрапейскага радыё для Беларусі» патлумачыў выбар замежнай мовы так: «Мы проста хацелі быць бліжэйшымі да той музыкі, якую слухалі, а тое, што мову не разумеюць, — стварае для слухача пэўную загадку, а загадка ў мастацтве — заўсёды плюс».

Музычны рэдактар радыёстанцыі «Unistar» Аляксандар Ажынскі казаў «Эўрапейскаму радыё для Беларусі» у 2009 годзе, што ангельскамоўны рок «Hair Peace Salon» часта грае на яе хвалях, таму што станцыя «аддае перавагу якаснай папулярнай музыцы» цікавай дарослым.

Тым ня менш зь цягам часу музыкі ўсё ж такі «адкрылі для сябе незвычайную пекнасьць і мэлядычнасьць беларускай мовы», як прызналіся ў 2015 годзе інфармацыйнаму агенцтву «Мінск-навіны» ва ўспамінах пра вопыт напісаньня сваёй першай такой песьні «Студзень». «Ідэя засьпяваць па-беларуску завабіла нас тым, што гэта абсалютна новы віток у нашай творчасьці, які можа прыцягнуць большую колькасьць слухачоў», — казалі музыкі парталу «Наша Ніва» пра сынгл у 2009 годзе, разгарнуў станоўчы адказ, дадзены «Tuzin.fm»: «Наша мова — вельмі клёвая. Таму маем намер сьпяваць і па-беларуску. Мы ж жывем тут».

Шлях да патрабаванай беларусізацыі, які аднак будзе незразумелы экспэртам «Tuzin.fm» Алегам Хаменкай, але які пазьней Сяргей Будкін усё ж такі акрэсьліць як «досыць удалыя экспэрымэнты» й «якая ім яўна пасуе», чыё меркаваньне падзеліць Ільля Маліноўскі, журналіст «Эўрапейскага радыё для Беларусі», неўзабаве падтрымаў кавэр сваёй жа песьні «Gipsy» «Цянькі», таксама зроблены на лірыку Віталя Воранава. «Па-свойму беларуская мова гучыць крута», — разважаў Алег Вяль на запыт «Эўрапейскага радыё для Беларусі» вясною 2010 году. У інтэрвію «Experty.by» вясною 2012 году ён жа адзначыў: «Беларуская мова для мяне стала вельмі важнай. Спадзяюся, што мы здолеем рэалізаваць нейкія новыя трэкі адразу на беларускай». Падчас прэм’еры апошняга сынгла «Гарэла Сасна» на «Tuzin.fm» вакаліст і зусім упэўніў грамадзтва: «Мы й надалей будзем імкнуцца, каб роднай мовы ў нашай творчасьці было больш».

У цэлым жа ў 2014 годзе ў рэтраспэктыве стасункаў франтмэна з беларускай мовай для «Будзьма беларусамі!» і «Tuzin.fm» Сяргей Будкін прыйдзе да высновы, што «з вуснаў Алега ангельская мова гучала цалкам самадастаткова й гарманічна», але «ня менш прыгожа ён пяе й па-свойму».

Назва гурту

Hair Peace Salon: Гісторыя, Стыль, Ацэнкі 
Bed-In for Peace, Amsterdam 1969 — Джон Ленан і Ёка Она.

Алег Вяль заўсёды марыў пра доўгую, гучную й нестандартную назву свайго гурту а-ля «Mother Love Bone», «Ugly Kid Joe», «Jefferson Airplane», «Hairspray Queen». Аднойчы найменьне «Hair Peace Salon» было прапанавана сябрам артыста, які таксама пісаў музыку. Алег Вяль убачыў частку лірыкі да яго песьні пад назвай «Hair Peace Salon». Ягоны сябар узяў гэтае напісаньне з адной амэрыканскай кінастужкі, гэта быў усяго толькі знак на даму. Алег Вяль правёў дасьледаваньне й не знайшоў аніякіх гуртоў, якія бы зваліся падобна гэтаму, толькі цырульню ў Дэнвэры, Каларада, ЗША. Другой раз напісаньне «Hair Peace» ён вылучыў на вакне ў дакумэнтальным фільме пра Джона Ленана й Ёка Она «Bed-In».

Дыскаграфія

  • «Next Level» (сынгл, 2004)
  • «Hover» (сынгл, 2005)
  • «Gipsy» (самотнік, 2007)
  • «Split Before, Together Now» (спліт-альбом, 2007)
  • «Stand The Rain» (сынгл, 2008)
  • «In Tune» (самотнік, 2008)
  • «Happy For A While» (сынгл, 2010)
  • «HPS Remixed» (самотнік, 2010)
  • «Rolz’n’Rulz» (сынгл, 2010)
  • «Gentlemen» (альбом, 2012)
  • «Гарэла Сасна» (з удзелам Ірэны Катвіцкай) (сынгл, 2012)

Удзел у зборніках

  • «Spotlight On» (2005), трэк «Hover»
  • «我爱摇滚乐 = So Rock! Magazine 98» (2009), трэк «In Tune»
  • «Тузін. Перазагрузка» (2009), трэк «Студзень»
  • «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New» (2009), трэк «Цянькі»
  • «APS Sound» Volume 1 (2012), трэк «Rolz’n’Rulz»
  • «The Festival Anthem» ад Waxme (2013), трэк «Stand the Rain» (Waxme Space Funk Remix)

Відэаграфія

  • «Hover» (2008)
  • «Like A Whale» (2009)
  • «In Tune» (2009)

Удзельнікі

  • Алег Вяль — вядучы й бэк-вакал, рытм і лід-гітара (1998—2013).
  • Канстанцін Карман — вядучы й бэк-вакал, клявішныя, сынтэзатар (2007—2013).
  • Максім «Gandibober» Дзевічэнскі — бас-гітара (1998—2013).
  • Аляксандар Сьцепановіч — ударныя (2012—2013).

    Былыя ўдзельнікі
  • Аляксандар Вашчыла — ударныя (1998—2002).
  • Артур Лучкоў — ударныя (2003—2009).
  • Вадзім Дубіна — сола-гітара (2003—2005).
  • Андрэй Козік — клявішныя, бэк-вакал (2005—2006).
  • Вадзім Ісаеў — сола-гітара, бэк-вакал (2005—2008).
  • Аляксей Кузьняцоў — ударныя (2009).
  • Уладзімер Агаян — ударныя (2010—2012).
    Часовая шкала
Hair Peace Salon: Гісторыя, Стыль, Ацэнкі

Літаратура

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Hair Peace Salon ГісторыяHair Peace Salon СтыльHair Peace Salon АцэнкіHair Peace Salon Моўнае пытаньнеHair Peace Salon Назва гуртуHair Peace Salon ДыскаграфіяHair Peace Salon ВідэаграфіяHair Peace Salon УдзельнікіHair Peace Salon ЛітаратураHair Peace Salon КрыніцыHair Peace Salon Вонкавыя спасылкіHair Peace SalonBristeilGentlemanHelaivІнды-рокАнгельская моваБеларуская моваБеларусыБеларусьБрыт-попМенскМузычны альбомРок-гуртСынглЭлектронная музыка

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

OperaЛаскаценьВалошкаЛіцьвіныЗлучнікМенск (футбольны клюб)КунілінгусМікола КупрэеўЛяхавіцкі замакКрысталь БойдАркадзь КуляшоўІслач Менскі раёнПарнаграфія ў ІталііАпавядальны сказ16 красавікаДаброМаркёрСямейныя традыцыі славян (манэты)ТранспартЧасРадаслаў АстроўскіКастрычнікШыізмКалямбурВіктар ШніпФранцішак БагушэвічГарбатаНэўтронная зоркаБеларуская ВікіпэдыяПарнаграфія для жанчынДраматургГалоўная старонкаЛевэркузэнЦыганская моваБіскупВікіцытатнікЖалудокМатэматыкаАрганізацыя Аб’яднаных НацыяўАнгельшчынаАндрэй КурэйчыкПалерма (футбольны клюб)КітайФундацыя «Вікімэдыя»Парнаграфія ў ЧэхііСэрбіяТутэйшыя (п’еса)Вячаслаў АдамчыкУправа КДБ па Гомельскай вобласьціКасьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (Жупраны)Рыгор БарадулінПолацакЭнцыкляпэдыяБэнэдыкт ДыбоўскіМэтафараАнатоль СысДэкадансКанстытуцыйны суд СлаваччыныКавалёўСлуцкі збройны чынВільгодТураўПастава 69ЭканомікаКрыж Сьвятога БэнэдыктаАнархізмСавілаАльгерд БахарэвічРадаўніцаМікола МаляўкаАмсьціслаўПорнасайтЛявон БаршчэўскіУладзімер Аляксеевіч Арлоў🡆 More