DOS (па-ангельску: Disk Operating System — дыскавая апэрацыйная сыстэма) — сямейства апэрацыйных сыстэмаў для пэрсанальных кампутараў, арыентаваных на выкарыстаньне дыскавых назапашвальнікаў інфармацыі, такіх як цьвёрды дыск або дыскета.
Любая дыскавая АС падтрымлівае адну або некалькі файлавых сыстэмаў для арганізацыі захоўваньня, чытаньня і запісу інфармацыі з назапашвальнікаў. Сучасныя графічныя АС, такія як Windows або Linux, таксама трапляюць пад гэтае паняцьце. У выпадку бяздыскавай загрузкі апэрацыйная сыстэма ўсё адно працуе зь сеткавымі назапашвальнікамі.
Першыя кампутары ня мелі дыскавых назапашвальнікаў, і кіраваліся бяздыскавымі АС. Галоўным недахопам пры працы зь імі была неабходнасьць загрузкі карыстальніцкіх праграмаў з стужкі, пэрфакарт, клавіятуры, усталяваньнем перамычак. Са зьяўленьнем дыскавых назапашвальнікаў (магнітнага тыпу) спатрэбілася распрацаваць падпраграмы кіраваньня імі. Дыскавая апэрацыйная сыстэма ўяўляе сабою аб’яднаньне АС і дыскавага інтэрфэйсу.
Акрамя доступу да дыскаў, ДАС прадстаўляе карыстальніку і звычайныя сыстэмныя функцыі, такія як увод і вывад на кансоль/клявіятуру, парты, апэрацыі з памяцьцю, працэсамі. Існавалі апэрацыйныя сыстэмы з такой назвай для вялікіх ЭВМ вытворчасьці IBM і іх клонаў у 1960—1980-х гадах. З прычыны шырокага распаўсюду адназадачнай тэкставай MS-DOS і яе канкурэнтаў на пэрсанальных кампутарах паняцьце «DOS» звычайна ўжывалі толькі ў гэтым сэнсе.
DOS зьяўляецца адназадачнай апэрацыйнай сыстэмаю. Пасьля запуску кіраваньне перадаецца дастасоўнай праграме, якая атрымлівае ў сваё распараджэньне ўсе рэсурсы кампутара і можа ажыцьцяўляць увод-вывад з дапамогаю як функцый, якія прадстаўляюцца апэрацыйнай сыстэмаю, так і функцый базавай сыстэмы ўводу-вываду (BIOS), а таксама працаваць з прыладамі напрамую.
DOS мае кансольную сыстэму ўводу-вываду і падтрымлівае тры стандартныя струмені: stdin, stdout і stderr.
DOS — 16-бітная апэрацыйная сыстэма, якая працуе ў рэальным рэжыме працэсара, таму для пашырэньня магчымасьцяў і пераадоленьня абмежаваньняў рэальнага рэжыму былі створаныя так званыя пашыральнікі DOS. Яны запускаюць праграмы ў абароненым 32-бітным рэжыме і эмулююць крынічныя сэрвісы апэрацыйнай сыстэмы. Звычайна яны падтрымліваюць стандарт DOS Protected Mode Interface (DPMI). Самы вядомы і шырока выкарыстоўваны (у кампутарных гульнях) пашыральнік — DOS/4GW.
Існуе некалькі галінаў DOS для ПК. Усе яны падобныя па наборах каманд і базавай функцыянальнасьці, але адрозьніваюцца прадукцыйнасьцю, стабільнасьцю працы і дадатковымі функцыямі.
Зьяўленьне FreeDOS, а таксама разьвіцьцё вольнага праграмнага забесьпячэньня і асабліва DJGPP, прывяло да зьяўленьня цалкам вольнага дыстрыбутыва DOS GNU/DOS. У яго склад уваходзяць папулярныя GNU-дастасункі, такія як vim (тэкставы рэдактар), Arachne (вэб-браўзэр, паштовы кліент і файлавы мэнэджар), OpenGEM (графічны інтэрфэйс), розныя сродкі распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня для DOS. Яго аб’ём складае больш за 70 Мб двайковых праграмаў, а таксама больш за 200 Мб двайковых праграмаў і іх зыходнікаў. GNU/DOS можа спатрэбіцца карыстальнікам старых кампутараў, якія жадаюць карыстацца самымі сучаснымі вэрсіямі праграмаў, а таксама распрацоўшчыкам, якім неабходна поўнае кіраваньне абсталяваньнем кампутара.
Практычна ўсе згаданыя DOS зьяўляюцца адназадачнымі 16-разраднымі сыстэмамі з маналітным ядром і тэкставым уводам-вывадам. Графічныя абалонкі адсутнічаюць, але некаторыя маюць тэкставыя псэўдаграфічныя (Dos shell і падобныя). Доступ да хуткіх графічных працэдураў у DOS звычайна адсутнічае, так што распрацоўшчыкі праграмаў, дзе час мае крытычнае значэньне (гульні, вытворчае праграмнае забесьпячэньне…) выкарыстоўвалі сыстэму як просты загрузчык, зьвяртаючыся да рэсурсаў кампутара праз працэдуры BIOS, парты, чытаючы і запісваючы відэапамяць наўпрост.
Перавагамі сямейства DOS зьяўляліся:
Недахопы:
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article DOS, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.