100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі

100-годзьдзе Белару́скай Народнай Рэспу́блікі — шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Беларусі і па-за яе межамі ў 2018 годзе, прысьвечаных 100-годзьдзю з моманту прыняцьця Радай БНР Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 году, згодна зь якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай.

Кульмінацыяй адзначэньня юбілею стаў канцэрт і мітынг у Менску на Дзень Волі, 25 сакавіка 2018 году.

100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі
Мэдаль да стагодзьдзя БНР, які ўручаўся Радай БНР ў 2018-2019 гг.

Падрыхтоўка

У кастрычніку 2017 году Symbal.by і «Арт Сядзіба» пачалі грамадзкую кампанію #БНР100.

13 лістапада 2017 году на інтэрнэт-пляцоўцы petitions.by была створана пэтыцыя за ўшанаваньне памяці пра БНР, у якой ініцыятары прапаноўвалі ўстанавіць на будынках у Менску, Горадні і Магілёве, зьвязаных зь дзейнасьцю БНР, памятныя дошкі (у тым ліку працы Алеся Шатэрніка) і бела-чырвона-белыя сьцягі. Менгарвыканкам у адказ на пэтыцыю абмежаваўся адпіскай у выглядзе апісаньня заканадаўства ў сфэры стварэньня і прыёмкі твораў манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Менск

15 студзеня 2018 году на сядзібе Партыі БНФ у Менску адбылося пашыранае пасяджэньне аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Агулам прысутнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку мастакі Мікола Купава і Алесь Марачкін, лідэры незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч, сустаршыні аргкамітэту партыі БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідэр руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лідэр незарэгістраванага руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Было вырашана правесьці ў Менску на Дзень Волі масавую вулічную акцыю ад плошчы Якуба Коласа і па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці прайсьці да плошчы Свабоды, аднак, паводле словаў чыноўнікаў зь Менгарвыканкаму, у гэты час там будзе каталіцкі Вербны кірмаш. Таксама плянавалася прыняць зварот да ўладаў, каб прызнаць Дзень Волі афіцыйным сьвятам, усталяваць мэмарыяльныя дошкі, зьвязаныя са стварэньнем БНР і яе гісторыяй, правесьці сьвяточныя канцэрты ды іншыя мерапрыемствы.

26 лютага 2018 году Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі адклікаць ранейшую заяўку і правесьці сьвяточныя мітынг і канцэрт у парку імя Янкі Купалы або каля Опэрнага тэатру ў Менску. У выпадку згоды яны таксама прапанавалі сваю гукаўзмацняльную апаратуру, вызваліць ад аплаты за паслугі хуткай дапамогі і міліцыі, згодныя ўсталяваць памятны знак да 100-годзьдзя БНР. Паводле Рыгора Кастусёва, кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і справах моладзі Менгарвыканкаму Павал Скалабан у прыватнай размове прапанаваў абмеркаваць усталяваньне памятнай дошкі на доме Маліна па адрасе вуліца Валадарскага, 9, у якім 25 сакавіка 1918 году і была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата. Таксама стала вядома, што менскія ўлады могуць усталяваць у раёне парку Янкі Купалы памятны знак братам Івану і Антону Луцкевічам, адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху (сацыялістычнага кірунку) у пачатку ХХ стагодзьдзя.

Гэтая прапанова выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на пасяджэньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных сябраў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру. Аргкамітэт утварыў групу з васьмі чалавек для перамоваў у Менгарвыканкаме аб правядзеньні сьвяточнага мітынгу і канцэрту каля Опэрнага тэатру.

100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 
Канцэрт і мітынг 25 сакавіка на плошчы Парыскай Камуны перад Опэрным тэатрам

1 сакавіка 2018 году Менгарвыканкам дазволіў мітынг і канцэрт 25 сакавіка на Дзень Волі, прысьвечаныя публічнаму адзначэньню і сьвяткаваньню сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мітынг і канцэрт прайшлі з 14:00 да 19:00 на плошчы Парыскай Камуны перад Опэрным тэатрам, збор удзельнікаў на пляцоўцы — з 13:00 да 14:00. Мерапрыемства прайшло пад лёзунгам «Сьвята незалежнасьці».

Чыноўнікі Менгарвыканкаму запэўнілі арганізатараў, што на дазволеным мерапрыемстве ня будзе забараняцца выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі.

2 сакавіка на сайце Talaka.by за тры гадзіны было сабрана 6000 беларускіх рублёў на бронзавую копію дошкі, створанай беларускім скульптарам Алесем Шатэрнікам яшчэ ў 1990-я гады, якую ўлады пагадзіліся павесіць дошку на доме Маліна ў Менску, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Неабходнасьць у новай дошцы ўзьнікла праз дрэнны стан старой, непрывабны матэрыял (сылумін), нежаданьне ўладаў узгадняць надпіс тарашкевіцай на дошцы.

5 сакавіка Мікалай Статкевіч разам зь іншымі прыхільнікамі шэсьця 25 Сакавіка прыйшлі пад дзьверы ўправы Партыі БНФ, нягледзячы на перанос сустрэчы аргкамітэту #БНР100 «у сувязі з рознагалосьсямі». Палітык патлумачыў адсутнасьць на сходзе арганізатараў канцэрту немагчымасьцю для іх супрацоўнічаць з арганізатарамі шэсьця. Каб разьвязаць рознагалосьсі, Статкевіч прапанаваў падзяліць аргкамітэт на дзьве працоўныя групы: арганізацыі канцэрту і шэсьця. За такое рашэньне прагаласавалі ўдзельнікі сходу. Кіраўніком працоўнай групы арганізацыі канцэрту зь ініцыятывы Статкевіча сход абраў дырэктара крамы symbal.by Паўла Белавуса, які на сходзе не прысутнічаў. Другая працоўная група падала ў Менгарвыканкам яшчэ адну заяўку на правядзеньне шэсьця.​

6 сакавіка працоўная група па правядзеньні шэсьця вызначыла час і маршрут дэманстрацыі. Пачатак шэсьця пад назвай «Марш годнасьці і волі» заплянаваны на 12:00 на плошчы Якуба Коласа. 7 сакавіка была пададзена заяўка на правядзеньне шэсьця па маршруце плошча Якуба Коласа — праспэкт Незалежнасьці — плошча Перамогі — вул. Кісялёва — вул. Багдановіча — плошча Парыскай камуны. Статкевіч заявіў, што ў выпадку адмовы шэсьце пойдзе маршрутам плошча Якуба Коласа — праспэкт Незалежнасьці — вуліца Янкі Купалы — плошча Парыскай камуны.

У той жа дзень Менгарвыканкам даў дазвол Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ на правядзеньне 24 сакавіка з 12:00 да 16:00 у Кіеўскім сквэры Менску мітынгу і канцэрту, прысьвечанага стогадоваму юбілею ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

7 сакавіка ў менскім парку Янкі Купалы пастаўлены памятны знак у гонар ідэолягаў беларускай дзяржаўнасьці братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Памятны знак разьмешчаны непадалёку ад музэю Янкі Купалы, дзе браты жылі ў 1896—1906 гадох. Урачыстае адкрыцьцё знаку адбылося 13 сакавіка аб 11-й гадзіне. Помнік адкрывала стрыечная пляменьніца Луцкевічаў, Маргарыта Сяргееўна Пярова. У час цырымоніі адкрыцьця старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў запрасіў усіх прысутных на канцэрт ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка.

12 сакавіка генэральным партнёрам «Сьвята Незалежнасьці» стала беларускае незалежнае інфармагенцтва БелаПАН.

21 сакавіка міліцыя затрымала ініцыятараў шэсьця 25 сакавіка: Максіма Вінярскага, Уладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка.

21 сакавіка на плятформе talaka.org была сабраная неабходная для правядзеньня канцэрту і іншых мерапрыемстваў сума ў памеры 35 310 рублёў. Частка сродкаў была перанакіравана на сьвяточныя мерапрыемствы ў Горадні, Берасьці і Слуцку, дзе краўд-кампаніі запускаліся ў апошні момант.

У канцэрце ўзялі ўдзел гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру» і іншыя выступоўцы. Меркавалася, што на канцэрце выступіць таксама Лявон Вольскі, але ягоны выступ у Беластоку ў той жа дзень арганізатары не пажадалі перанесьці. Яго песьні на канцэрце выканала ягоная дачка Адэля Вольская.

Дзень Волі

25 сакавіка быў затрыманы ініцыятар правядзеньня шэсьця Мікалай Статкевіч. На самой плошчы Якуба Коласа, дзе мусіла пачацца шэсьце, праваахоўнікі затрымалі больш за 30 чалавек.

Берасьце

У Берасьці 5 сакавіка аргкамітэт па ўшанаваньні 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі падаў заяўку на правядзеньне 25 сакавіка мітынгу і вулічнага фэсту ў цэнтры гораду, на вуліцы Савецкай. Спачатку ўладамі быў дадзены вусны «неафіцыйны» дазвол на сьвяткаваньне юбілею. 13 сакавіка Берасьцейскі гарвыканкам ухваліў заяўку на правядзеньне сьвяточнага фэсту 25 сакавіка, але перанёс мерапрыемства зь меркаваньняў бясьпекі з вузкай вуліцы на плошчу Свабоды.

Фэст пачаўся а 13 гадзіне і працягваўся да 17-й гадзіны. Адкрыў яго паўгадзінны мітынг, на якім выступалі палітычныя і грамадзкія актывісты гораду, а таксама прадстаўнікі берасьцейскіх уладаў. Улады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня» і іншую сымболіку, зьвязаную з адзначаемай падзеяй. Музычную частку адкрыў выступ духавога аркестру Берасьця, працягваўся фэст рок-канцэртам, на якім выступалі гурты B:N:, Cad Coddeu, Re1ikt, Zolki Band і «Спрат». Працавалі сувэнірны кірмаш, фатазоны і дзіцячыя пляцоўкі. Паралельна з музычнай пляцоўкай праходзілі майстар-клясы рамесьнікаў, а рэканструктарскія клюбы аднавілі эпоху Беларускай Народнай Рэспублікі.

Горадня

100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 
Калоскі парк, у якім прайшоў канцэрт-мітынг

Спачатку ўладамі быў дадзены вусны «неафіцыйны» дазвол на сьвяткаваньне юбілею. У Горадні прадстаўнікоў аргкамітэту, якія падавалі заяўку, запрасілі на 12 сакавіка ў гарвыканкам абмеркаваць фармат адзначэньня. 13 сакавіка гарвыканкам ухваліў заяўку на сьвяточны канцэрт-мітынг 25 сакавіка ў Калоскім парку. Збор удзельнікаў быў прызначаны на 13 гадзіну, канцэрт-мітынг пачаўся а 14 гадзіне і працягваўся да 17 гадзіны. У час канцэрту працаваў фудкорт і сувэнірны кірмаш. Улады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. На канцэрт быў запрошаны гурт N.R.M..

23 сакавіка прайшла літаратурная вечарына, а на 24 сакавіка была заплянавана беларуская дыктоўка.

Ліда

У Лідзе мясцовыя ўлады і грамадзкія актывісты разам правялі канцэрт 25 сакавіка. Канцэрт пачаўся а 16-й гадзіне ў вялікай залі Лідзкага гісторыка-мастацкага музэю. За першую частку канцэрту адказвалі гарадзкія ўлады, другую частку правялі незалежныя актывісты, якія запрасілі сябраў літаратурнай суполкі «Суквецьце» і музыкаў. На канцэрце па дамоўленасьці з уладамі была толькі сымболіка сьвяткаваньня.

Слуцак

100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 
Дом культуры ў Слуцку

У Слуцку была пададзена прапанова «далучыцца да сьвяткаваньня», стварыць рэгіянальны аргкамітэт правядзеньня ўрачыстых мерапрыемстваў.

25 сакавіка ад 12:30 у слуцкім гарадзкім Доме культуры прайшоў сьвяточны канцэрт, на якім выступалі бард Зьміцер Бартосік, сьпявак Алесь Дзянісаў, вядомы па гуртах «Кальян», «Людзі на балоце» і «Dzieciuki» (у той жа дзень гурт выступіў у Менску). Адміністрацыя ДК і Слуцкі гарвыканкам паставілі вельмі добрыя ўмовы, у тым ліку нізкія цэны на арэнду памяшканьня. Быў абвешчаны збор сродкаў. Рэшткі сумы плянавалі накіраваць на стварэньне сайту пра Слуцкі збройны чын.

Салігорск

20 сакавіка Салігорскі райвыканкам даў дазвол на правядзеньне 25 сакавіка з 14:00 да 16:00 сьвяточнага мітынгу на стадыёне «Будаўнік». Заяўнікамі мерапрыемства выступілі актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу Валеры Гарбацэвіч, Мікалай Шаравар і Мікалай Зімін. Пры гэтым на мітынгу не дазволілі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і мэгафоны.

Баранавічы

100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 
Дзень Волі ў Баранавічах. Малады парк, выступае Ігра Мельнікаў у форме вайскоўца БНР

16 сакавіка Баранавіцкі гарвыканкам дазволіў правесьці ў горадзе 25 сакавіка канцэрт і мітынг у гарадзкім парку з 12:00 да 16:00 з умовай аплаты працы камунальных службаў, міліцыі і мэдыкаў. Праз адсутнасьць грошай арганізатары сьвяткаваньня заявілі пра магчымую адмену мерапрыемства.

У выніку 25 сакавіка ў горадзе адбылося два мерапрыемствы. З раніцы — мітынг ў парку імя 30 год УЛКСМ, а пасьля абеду ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў (вуліца Горкага, 20) адбыўся ўрачысты сход, арганізаваны Баранавіцкай гарадской арганізацыяй ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны». На мерапрыемстве выступілі гісторыкі і актывісты гораду, музычныя калектывы гораду.

Іншыя гарады

7 сакавіка сябры руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі, прысьвечаныя 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, у Баранавічах, Віцебску і Магілёве. У Баранавічах заяўка пададзеная на вулічны фэст, кірмаш і мітынг, у Віцебску — мітынг і канцэрт у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў (заяўка пададзеная ад імя абласной арганізацыі Партыі БНФ), таксама плянаваліся ўскладаньні кветак і вечарына-канцэрт на прыватнай сядзібе. У Магілёве заяўку падалі на інфармацыйны пікет у цэнтры гораду каля кінатэатру «Радзіма» на пешаходнай вуліцы Ленінскай, экскурсію па гарадзкіх мясьцінах, зьвязаных з БНР, канцэрт, а таксама круглы стол «Шляхі станаўленьня Беларускай дзяржаўнасьці». Мерапрыемствы, прысьвечаныя БНР, працягнуліся да 31 сакавіка — у гэты дзень 1918 году грамадзкасьць гораду на сходзе падтрымала абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак чыноўнікі не дазволілі пікет у цэнтры гораду, прапанаваўшы перанесьці яго на стадыён па вуліцы Чалюскінцаў, удалечыні ад людных вуліцаў.

У Гомлі мясцовы аргкамітэт раней заплянаваў экскурсію і невялікі канцэрт-віктарыну ў мясцовым грамадзка-палітычным цэнтры (вул. Палеская, 52) з удзелам бард-сьпявачкі Вольгі Цярэшчанкі. Актывісты таксама падалі заяўку на вялікі канцэрт, але гарадзкія ўлады адказалі адмовай, патлумачыўшы гэта немагчымасьцю прадставіць залю гарадзкога Цэнтру культуры.

15 сакавіка Пружанскі райвыканкам афіцыйна задаволіў заяву ТБМ на правядзеньне сьвяточнага канцэрту ў Пружанах 25 сакавіка, які адбыўся ў Палацы культуры. Таксама адбылося ўскладаньне кветак да помніку фальклярысту і стваральніку Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлі БССР Рыгору Шырму.

19 сакавіка Віцебская міліцыя запатрабавала за ахову мітынгу да 100-годзьдзя БНР непамерна велізарную суму, якую арганізатары аплаціць няздольныя: 30 заўленых удзельнікаў мітынгу будуць ахоўваць 15 міліцыянтаў, праца якіх будзе каштаваць 865 рублёў.

100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 
Палац культуры ў Кобрыні

20 сакавіка мясцовыя ўлады Кобрыні далі дазвол на правядзеньне пікету 25 сакавіка да 100-годзьдзя БНР, які прайшоў з 11:00 да 15:00 на адкрытай пляцоўцы перад галоўным уваходам у Кобрынскі палац культуры на вуліцы Леніна, 4.

Канфэсіі

25 сакавіка ў катэдральных касьцёлах Менску і Магілёва маліліся за Беларусь. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў сымбалічнасьць таго, што незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчана менавіта 25 сакавіка, у каталіцкае сьвята Зьвеставаньня. 19 сакавіка на сайце Catholic.by зьявіўся поўны тэкст малітвы.

20 сакавіка мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павал (Панамароў) заявіў, што Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы ня будзе праводзіць асобную малітву за Беларусь 25 сакавіка ў гонар 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, каб не палітызаваць малітву і набажэнства.

Культурныя і навуковыя мерапрыемствы

15 сакавіка 2018 году ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адкрылася часовая экспазыцыя «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасьці», якая працавала да 7 траўня. У экспазыцыю ўключаны Трэцяя Устаўная грамата, арыгінальныя сьпісы дэлегатаў першага Усебеларускага народнага сходу 1917 году, дакумэнты Народнага Сакратарыяту і Рады Народных Міністраў БНР, пячатка Рады БНР, якую насіў Вацлаў Ластоўскі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзеяў. На адкрыцьцё 14 сакавіка былі запрошаныя гісторыкі, навукоўцы, дэпутаты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама партыйныя і грамадзкія актывісты. У поўным складзе прыйшло кіраўніцтва Партыі БНФ: старшыня Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч, Юрый Чавусаў. Таксама прысутнічалі дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк і Алена Анісім, якія выступілі з прамовамі.

Заплянавана стварэньне часовай экспазыцыі аб дзейнасьці Таварыства беларускай драмы і камэдыі (філія «Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры»), а таксама арганізацыя тэматычнага кінапаказу дакумэнтальных і мастацкіх стужак «БНР. Час провозглашения» (1993), «Аркадий Смолич» (1992), «На Черных лядах» (1995) у філіі музэю «Музэй гісторыі беларускага кіно».

Літаратурным музэем Янкі Купалы плянуецца правядзеньне выставы «Абуджаная жалейка», прысьвечанай цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 году, натхнёных першым крокам да незалежнасьці Беларусі. Музэем гісторыі беларускай літаратуры будзе падрыхтавана літаратурна-дакумэнтальная перасоўная выстава «1918 у літаратуры і друку» (перадумовы стварэньня БНР, асобы, гісторыя, факты, адукацыя, навука, культура, літаратурнае замежжа).

15–16 сакавіка Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў Міжнародную навуковую канфэрэнцыю «Беларуская Народная Рэспубліка ў гістарычным лёсе беларускай дзяржаўнасьці», па выніках якой будзе выдадзены зборнік матэрыялаў. У рамках мерапрыемства прэзэнтаваны грунтоўны гістарычны нарыс «Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасьці. Да 100-годзьдзя абвяшчэньня», які быў падрыхтаваны аўтарскім калектывам навукоўцаў інстытуту і сыстэматызуе найважнейшыя этапы і падзеі, якія спрычыніліся да ўстанаўленьня беларускай дзяржаўнасьці на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму разаслала лісты ва ўсе раённыя музэі з рэкамэндацыяй правесьці творчыя мерапрыемствы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка.

Стаўленьне ўладаў Беларусі

Улады Беларусі не зрабілі ніякіх заяваў з нагоды юбілею абвяшчэньня БНР. Афіцыйныя СМІ цалкам праігнаравалі дату.

Міжнародная рэакцыя

  • Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда зьвярнуўся зь віншавальным лістом да беларусаў з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі:
100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі  25 сакавіка 1918 году была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У 100 гадавіну гэтай падзеі ўсім Беларусам, якіх з Польскім Народам яднае супольная гісторыя і культура – перадаю сардэчныя пажаданьні ўсяго найлепшага і посьпехаў у разьвіцьці іх Бацькаўшчыны. 100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 
  • Амбасадарка Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб зьвярнулася да беларусаў са сьвяточным відэазваротам. У прамове Гіб павіншавала беларусаў з стагодзьдзем адметнай падзеі, якая адыграла вялізную ролю ў фармаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці, і запэўніла, што Вялікабрытанія цалкам падтрымлівае сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.
  • Міністар замежных справаў Летувы Лінас Лінкявічус павіншаваў беларусаў са стагодзьдзем абвяшчэньня незалежнасьці БНР відэазваротам, у якім зьвяртаўся па-беларуску.
  • Сэнатар ад амэрыканскага штату Арызона Джон Макейн павіншаваў беларусаў са стагодзьдзем абвяшчэньня Беларускай Рэспублікі ў сваім твітэр-акаўнце.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі Падрыхтоўка100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі Культурныя і навуковыя мерапрыемствы100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі Стаўленьне ўладаў Беларусі100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі Міжнародная рэакцыя100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі Крыніцы100-Годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі Вонкавыя спасылкі100-Годзьдзе Беларускай Народнай РэспублікіБеларуская Народная РэспублікаБеларусьДзень ВоліДзяржаваМенскНезалежнасьцьРада БНРТрэцяя Ўстаўная грамата

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

СэрбіяАладкіБеларуская вайсковая камісіяМарат МаркаўДзяжа1908ДыфірамбАркадзь КуляшоўФранцішак СкарынаMelbetЗапарожжаНаркамаўкаУніфікаваная назва рэсурсуСтарое места (Ерусалім)Спадчына (часопіс)РадаўніцаЛетуваАляксандра і КанстанцінРасейцыРумыніяПарталПрыметнікВалеры ГапееўТыпаграфікаЛеў СапегаБойсэ1589Маладосьць (часопіс)Парнаграфія для жанчын20 красавікаБеларусыМікола МятліцкіЖывапісНаша НіваПорнгабЧорны сьпіс ЭўразьвязуСьцяг БеларусіСажалкаНародны каляндарАрцём АрашонакБарысаўСіяньМарат КазейБеньКропка (знак прыпынку)Масковія (назва)Ніна МацяшНованарвэская моваМарыя МартысевічКузьма ЧорныСвабодная дэмакратычная партыя (Нямеччына)Грыгарыянскі каляндарГердаБірнейкаРоднае слова (часопіс)Тор (элемэнт)Катэдра Парыскай Божай МаціСьвінка ПэпаЯнка БрыльМаксім ЛужанінЗямля пад белымі крыламіЖыды ў БеларусіВайна ХАМАСу з Ізраілем (з 2023)ЛезьбіянстваБярозка (часопіс)Звычайная вавёркаПадзелы Рэчы ПаспалітайКанадаШвэрынскі замакФутбол🡆 More