Яўге́н Алякса́ндравіч Гле́баў (10 верасьня 1929, Рослаў, цяпер Смаленская вобласьць — 12 студзеня 2000, Менск) — беларускі і савецкі кампазытар, дырыгент, пэдагог.
Яўген Глебаў | |
Дата нараджэньня | 10 верасьня 1929 |
---|---|
Месца нараджэньня | Рослаў, Смаленская губэрня, РСФСР, СССР |
Дата сьмерці | 12 студзеня 2000 (70 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Прафэсія | кампазытар, дырыжор, пэдагог |
Навуковая сфэра | музыка |
Месца працы | |
Жанры | опэра |
Узнагароды |
Нарадзіўся 10 верасьня ў горадзе Рослаў (цяпер Смаленская вобласьць Расеі).
Зь юнацтва Яўгена Глебава прыцягвала музыка. Самастойна навучыўся граць на мандаліне, гітары, балалайцы й ужо ў юныя гады стаў складаць розныя музычныя творы (песьні, рамансы, п’есы). Падчас вучобы ў Рослаўскім чыгуначным тэхнікуме кіраваў студэнцкім хорам і аркестрам. Працуючы ў Магілёве, завязаў сяброўства са студэнтамі Магілёўскай музычнай вучэльні (цяпер Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава) і стаў вывучаць асновы музыкі.
Спрабаваў паступіць у музычную вучэльню, але дырэктар, даведаўшыся, што Глебаў ня ведае нотаў і ніколі не сутыкаўся з музычнай граматай, адмовіў з прычыны прафэсійнай непрыдатнасьці.
У 1950 годзе, подле парады Язэпа Жыновіча, як удзельнік мастацкай самадзейнасьці быў прыняты на падрыхтоўчае аддзяленьне Беларускай кансэрваторыі ў Менску, якую скончыў у 1956 годзе па клясе кампазыцыі Анатоля Багатырова. У 1951 годзе стварыў свой першы буйны твор — «Фантазію для фартэпіяна й сымфанічнага аркестру».
Вучыцца спачатку было вельмі цяжка, але Глебаў, дзякуючы сваёй упартасьці, змог нагнаць прапушчанае. Цяжэй усяго было навучыцца граць на фартэпіяна.
Праца на чыгунцы не спрыяла зграбнасьці рук і пастаноўцы пальцаў. Па-другое, у інтэрнацкім пакоі жыло пяць чалавек, і кожнаму неабходна было займацца. | ||
Глебаў папрасіў А. Багатырова, які быў на той момант ня толькі пэдагогам Глебава, але й рэктарам кансэрваторыі, займацца кожную нядзелю ў рэктарскім кабінэце, што дазволіла папоўніць прагалы й сыграць канцэрт Эдварда Грыга ў канцы вучобы.
Таксама падчас вучобы ў Глебава былі грашовыя праблемы. Бабуля ў Рославе атрымлівала маленькую пэнсію, а маці — інжынэр па нармаваньні працы Раіса Хведараўна — заработак мела невялікі. Таму дапамогі ад родных не было. Аднойчы Глебаў падчас заняткаў ад голаду згубіў прытомнасьць, пасьля чаго Багатыроў прызначыў яго інспэктарам кансэрваторскага хору, што дазволіла мець невялікі заработак.
Скончыў на «выдатна» першыя два курсы. На трэцім курсе пачаў атрымліваць сталінскую стыпэндыю. Гэта былі ягоныя першыя вялікія грошы.
Зь першай стыпэндыі, упершыню трымаючы ў руках многа грошай, (ён) пайшоў у кафэ «Адпачынак», якое на той час знаходзілася ў Менску насупраць кінатэатру «Перамога», заказаў усё, што хацелася, але ні да адной стравы дакрануцца так і ня змог. Нічога не зьеўшы, ціха разьлічыўся і выйшаў. | ||
З 1953 па 1963 год Глебаў выкладаў тэарэтычныя дысцыпліны ў Менскай музычнай вучэльні (цяпер Менскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі), сумяшчаючы пэдагагічную й творчую дзейнасьць з працай загадчыка музычнай часткай і дырыгента аркестру ў Менскім тэатры юнага гледача. Працаваў у якасьці кіраўніка эстрадна-сымфанічнага аркестру Дзяржтэлерадыё БССР, а таксама музычным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».
Творчасьць Глебава ахоплівае шырокае кола жанраў, але найбольш вядомыя ягоныя сымфанічныя творы й балеты. Стыль кампазытара знаходзіцца пад уплывам Дзьмітрыя Шастаковіча й збольшага раньняга Ігара Стравінскага. Ягоныя творы адрозьніваюцца добрым поліфанічным пісьмом, тэматычным разьвіцьцём, арыгінальнай аркестроўкай. Опэра Глебава «Майстар і Маргарыта» лічыцца клясыкай беларускай музычнай літаратуры.
З 1955 году — сябра, з 1966 — намесьнік старшыні кіраваньня Саюзу кампазытараў Беларускай ССР. Сябра рэвізійнай камісіі Саюзу кампазытараў СССР.
З 1971 году вёў клясу кампазыцыі ў Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі (з 1984 году — прафэсар). Яго ўгаварыў заняцца пэдагагічнай дзейнасьцю першы сакратар ЦК КП БССР Пётар Машэраў. Спачатку Яўген Глебаў не хацеў, бо гэта займала даволі шмат часу, але Машэраў змог яго схіліць на свой бок, сказаўшы: «А Вы не адмаўляйцеся. Вы падумайце, што можаце рыхтаваць калектыў аднадумцаў».
За ўсе гады ў кансэрваторыі Яўген Глебаў падрыхтаваў больш за 40 вучняў. Вядомыя ягоныя вучні — Леанід Захлеўны, Ядзьвіга Паплаўская, Васіль Раінчык, Эдуард Ханок, Вячаслаў Кузьняцоў, Уладзімер Кандрусевіч, Дзьмітры Далгаеў.
З успамінаў пра Глебава як пра пэдагога:
Да ўсіх ён адносіўся аднолькава, нікога не вылучаў, але яму было вельмі прыемна, калі чалавек стараўся набываць веды, сур’ёзна ставіўся да абранай працы. | ||
З 1977 году — сябра КПСС. Подле ўспамінаў Васіля Быкава, Глебаў, у сувязі з нацягнутымі адносінамі з уладай, уступаць у партыю не імкнуўся і доўга працівіўся, але потым усё ж падаў заяву. Як пісаў Быкаў у сваіх мэмуарах, Глебаў на парткамісіі ня змог нават адказаць на пытаньне, у якім годзе адбыўся кастрычніцкі пераварот.
Сябра кіраваньня Саюзу савецкіх супольнасьцяў сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі.
Акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры з 1994 году.
Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларускай ССР.
З 1996 году моцна хварэў. Перанёс інсульт. У апошні год свайго жыцьця асьлеп. Два разы ішоў на апэрацыю. Жонка вазіла яго ў Польшчу, але безвынікова.
Памёр 12 студзеня 2000 году ў Менску. Пахаваны на Ўсходніх могілках.
Подле матчынай лініі Глебаў паходзіць з шляхецкага роду Сокал-Чарнілоўскіх. Прозьвішча было згублена, бо ішло па матчынай лініі. Па бацькаўскай лініі Глебаў зь сям’і сьвятароў. Бацька ў музыцы быў адораным чалавекам: умеў граць на вялікай колькасьці інструмэнтаў, меў добры слых. Калі Яўген Глебаў быў яшчэ дзіцем, бацька пакінуў сям’ю. Спрабаваў вярнуцца, але маці Яўгена адмовілася прыняць яго назад. Таму Яўгена выхоўвалі бабуля, Клаўдзія Сьцяпанаўна, і маці Раіса Хведараўна. Усе ягоныя родныя былі чыгуначнікамі. Маці была інжынэрам па нармаваньні працы на Рослаўскім вагона-рамонтным заводзе. Дзядзька, Хведар Хведаравіч — галоўным мэханікам гэтага заводу, дзед, Хведар Сьцяпанавіч, быў машыністам лякаматыву.
|
|
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Яўген Глебаў, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.