Ян Ра́йніс (лат.
Rainis) — псэўданім; сапраўднае імя й прозьвішча Я́ніс Плі́екшанс, (лат. Jānis Pliekšāns; 11 верасьня [ст. ст. 30 жніўня] 1865, хутар Варславаны, Курляндзкая губэрня, Расейская імпэрыя — 12 верасьня 1929, Юрмала, Латвія) — латыскі паэт, драматург, грамадзкі дзяяч, народны паэт Латвійскай ССР (1940).
Ян Райніс | |
лат. Jānis Rainis | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Ян(іс) Пліекшанс |
Псэўданімы | Rainis, Jānis Jasēns Plikšis, Pēterpilietis, Petrapilietis, Bezdarbis, Jasietis, Henricus Lettus |
Нарадзіўся | 11 верасьня 1865 Варславаны, Курляндзкая губэрня, Расейская імпэрыя (цяпер Дунаўская воласьць, Екабпілскі край, Латвія) |
Памёр | 12 верасьня 1929 (64 гады) Маёры, Юрмала, Латвія |
Пахаваны | |
Сужэнец | Аспазія[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, перакладчык, палітычны дзеяч |
Мова | латыская |
Значныя творы | «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (1913) |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Нарадзіўся 11 верасьня 1865 году ў сям’і арандатара маёнткаў Крыш’янаса Пліекшанса. Вучыўся ў Дзьвінску, у нямецкай школе (цяпер Дзьвінская 6-я школа імя Райніса). У 1884—1888 гадах вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце. У 1889—91 гг. працаваў у Віленскім судзе. У 1891—1895 працаваў рэдактарам дэмакратычнай газэты «Dienas lapa» («Штодзённы лісток»). Першыя вершы апублікаваў у 1895 годзе.
У чэрвені 1897 году за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў арыштаваны, у Рыскай губэрнскай турме скончыў пераклад на латыскую мову «Фаўста». У сьнежні 1897 сасланы ў Пскоў, у 1899 — у горад Слабадской Вяцкай губэрні. Вярнуўся ў 1903 годзе, у 1905 нелегальна эміграваў у Швайцарыю.
3 1920 году ў Латвіі. У 1920 годзе Райніс ад Латвійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі быў абраны ў Канстытуцыйны сход Латвійскай Рэспублікі. Зьяўляўся адным з аўтараў латвійскай канстытуцыі. З 1921 дырэктар Нацыянальнага тэатру ў Рызе. У 1921 годзе пры ягонай падтрымцы створаны Беларускі аддзел пры Міністэрстве асьветы Латвіі. Абараняў у сэйме інтарэсы беларусаў Латвіі. Садзейнічаў адкрыцьцю беларускіх гімназіяў у Дзьвінску й Люцыне. 28 лютага 1925 году першым з латыскіх дзеячоў культуры быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай краіны — Ордэнам Трох зорак I ступені. Ведаў беларускую мову й беларускія народныя песьні. У лістападзе 1926 году ўдзельнічаў у рабоце міжнароднай Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі, якая праходзіла ў Менску. У 1926—28 міністар асьветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Таварыства культурнай сувязі з народамі СССР.
Быў жанаты з латвійскай паэтэсай Аспазіяй. Памёр 12 верасьня 1929 году ў Юрмале, пахаваны ў Рызе.
Друкаваўся з 1887 году. Бунтарскі настрой, вера ў перамогу дабра й прыгажосьці ў ягоных п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (1913), трагедыі «Ільля Мурамец» (1922). Аўтар зборнікаў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філязофскай паэмы «Ave sol!» (1910).
У творчасьці Яна Райніса арганічна спалучаюцца вобразная мэтафарычная форма з глыбокай філязофскай сымболікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклёрныя матывы.
У Менску й Ерэване ў гонар Райніса названыя вуліцы. Імя Райніса носіць кратэр на Мэркурыі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Райніс, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.