Я́нка Шуто́віч, пс.: Іван Дубневіч; Ян Дубневіч; Я.
Сьцяблінскі; крыптанімы: І. Ш.; Я. Ш.; Я.Ш-ч і інш.; (24 студзеня [ст. ст. 11 студзеня] 1904; в. Шутавічы, цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 9 сьнежня 1973; Вільня, цяпер Летува) — беларускі літаратуразнавец, выдавец, грамадзкі і культурны дзяяч.
Янка Шутовіч | |
Іван Восіпавіч Шутовіч | |
Род дзейнасьці | выдавец, перакладнік, рэдактар |
---|---|
Дата нараджэньня | 24 студзеня 1904 |
Месца нараджэньня | вёска Шутавічы, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 9 сьнежня 1973 (69 гадоў) |
Месца сьмерці | Вільня, Летувіская ССР, СССР |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | СССР |
Месца вучобы | |
Занятак | літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч, культурніцкі дзяяч, журналіст, рэдактар, літаратар |
Навуковая сфэра | літаратуразнаўства, журналістыка і рэдагаваньне[d] |
Месца працы | |
Бацька | Восіп Шутовіч |
Жонка | Она Міцютэ |
Нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Па пасьпяховым сканчэньні ў 1915 годзе народнай вучэльні ў суседняй вёсцы Сукневічы атрымаў у падарунак кнігу. Затым навучаўся ў беларускай школе пры дзіцячым прытулку, зладжаным яго дзядзькам ксяндзом Віктарам Шутовічам у в. Бадзенічы (Дзісенскі павет, Віленская губ.), дзе выкладалася француская мова. Скончыў Глыбоцкую гарадзкую вучэльню (Дзісенскі пав.).
Увосень 1919 г. яго залічылі ў 4-ую клясу Віленскай беларускай гімназіі. Па яе сканчэньні ў 1924-ым паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, дзе быў чальцом рэвізійнай камісіі Беларускага студэнцкага саюза. З 1928 — рэдактар часопіса «Студэнцкая думка». Таксама працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны і на Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.
Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. У 1934 скончыў ВНУ з дыплёмам магістра права. Сябра партыі хрысьціянскіх дэмакратаў. У 1935—1939 выдавец і рэдактар часопісаў «Калосьсе», «Шлях моладзі».
За актыўную дзейнасьць у справе беларускага нацыянальнага адраджэньня напачатку 1939 году арыштаваны польскімі ўладамі. Зьняволены ў лягеры Бяроза-Картуская. Вызвалены ў верасьні 1939 году савецкімі войскамі. З 1940 выкладаў у Беларускай настаўніцкай сэмінарыі.
Зь лютага 1941 да лістапада 1944 працаваў загадчыкам Беларускага музэю ў Вільні. Хаваў ад вывазу экспанаты ў сутарэньнях касьцёлу сьвятога Міхала пад апекай ксяндза Адама Станкевіча.
Арыштаваны органамі НКДБ 19 лістапада 1944 году. Рашэньнем Асобай нарады пры НКДБ прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сасланы ў Унжлаг (Горкаўская вобласьць, Расейская СФСР), пасьля да Пясчанлагу (Карагандзінская вобласьць, Казаская ССР). Вызвалены зь лягеру 28 жніўня 1954 году. Да 10 красавіка 1956 — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобл.).
Пасьля высылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 г. працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музэі. Рэабілітаваны 25 красавіка 1958 году. Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменьнікаў БССР «Полымя».
Разам з жонкай, летувіскай паэткай Онай Міцюце, займаўся перакладамі твораў летувіскіх і беларускіх пісьменьнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Сярод неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра Міхала Забэйду-Суміцкага. Знайшоў і перахоўваў дзёньнік Адама Станкевіча, перад сьмерцю зрабіў некалькі копіяў і раздаў розным надзейным людзям.
Архіў Шутовіча захоўвае Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Янка Шутовіч, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.