Язэ́п Алякса́ндравіч Юхо́ (19 сакавіка 1921 — 29 ліпеня 2004) — беларускі гісторык права.
Доктар юрыдычных навук (1982), прафэсар катэдры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэту БДУ (1983).
Язэп Юхо лац. Jazep Jucho | |
Дата нараджэньня | 19 сакавіка 1921 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 29 ліпеня 2004 (83 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | Менскі юрыдычны інстытут |
Занятак | гісторык |
Навуковая сфэра | правазнаўства |
Месца працы | Юрыдычны факультэт БДУ |
Навуковая ступень | доктар юрыдычных навук[d] |
Вучні | Таісія Доўнар[d] |
Узнагароды |
Язэп Юхо — заснавальнік першай навуковай школы дзяржавы і права Беларусі, сябра Вялікай Рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «ЗБС Бацькаўшчына».
Нарадзіўся ў Пінску 19 сакавіка 1921 году. Скончыў школу (1938) і паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. У 1939 годзе забраны ў войска, пачаў служыць у Горкаўскай вучэльні зэнітнай артылерыі.
Вайну 20-гадовы Язэп Юхо пачаў пад Масквой камандзірам агнявога ўзводу. Потым — Паўднёвы і Заходні франты, дзе ён быў намесьнікам камандзіра зэнітнай гаргары і начальнікам артылерыі стралковага палку. Атрымаў 2 цяжкія параненьні. Заходні фронт быў пераўтвораны ў 3-ці Беларускі фронт. Зь ім Язэп Аляксандравіч вызваляў Віцебск, Полацак, дайшоў да Ўсходняй Прусіі. Скончыў вайну ў званьні маёра.
Узнагароджаны ардэнамі «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны» 1-й ступені, мэдалямі.
У 1946 годзе звольніўся з арміі. Скончыў Менскі юрыдычны інстытут (1949), а ў 1954 годзе — асьпірантуру ў Інстытуце філязофіі і права АН Беларусі.
Язэп Юхо — аўтар больш як 200 навуковых працаў.
Браў удзел у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году. Быў адным з ініцыятараў і аўтараў перавыданьня, перакладу, напісаньня камэнтараў і даведніка да Статуту ВКЛ 1588.
Абгрунтаваў, што Статуты ВКЛ былі першымі ў Эўропе дасканалымі зводамі законаў. Распачаў распрацоўку дзяржаўна-прававых поглядаў Ф. Скарыны і прапанаваў ідэю пра ягоны ўдзел у складаньні і рэдагаваньні Статуту ВКЛ 1529 году. Выказаў палажэньне пра канфэдэрацыйны падзел Рэчы Паспалітай, якая складалася з 2 самастойных і сувэрэнных дзяржаваў — Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Пачаў вывучэньне ў Беларусі жыцьця і дзейнасьці Т. Касьцюшкі. Дасьледаваў паходжаньне імёнаў, якія надаваліся Беларусі ў розныя часы.
Суаўтар першага «Юрыдычнага энцыкляпэдычнага даведніка» на беларускай мове. Аўтар вядомых дапаможнікаў «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» і «Кароткі нарыс па гісторыі дзяржавы і права Беларусі».
У 1968 годзе падкрэсьліваў у часопісе «Полымя»: «У афіцыйных дакумэнтах XVI—XVIII стагодзьдзяў, апроч «Літвы», для ўсяе тэрыторыі Беларусі другога найменьня наагул не існавала, і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменьне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Язэп Юхо, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.