Ягайлавічы (Ягелоны) — валадарская дынастыя Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ; 1377—1381, 1382—1387, 1440—1572), Польшчы (1386—1572), Вугоршчыны (1440—1444, 1490—1526) і Чэхіі (1471—1526).
Агела, Агел, Егел або Егіла, пазьней Эгель (Agella, Agela, Agel, Egel, Egila, Egel, Eggel, Eggeli) — імя германскага паходжаньня. Іменная асноваег- (аг-, ек-) (імёны ліцьвінаўЯгвін, Ягінт, Ягоўд; германскія імёны Egwinus, Egind, Egold) паходзіць ад гоцкага agis 'страх' або agja 'вастрыё, меч', а аснова -гайл- (-гал-, -гел-) (імёны ліцьвінаўВідзігайла, Інгела, Монтгайла; германскія імёны Widigail, Ingeila, Montigel) — ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'. Апроч таго, у старажытных германскіх імёнах шырока бытаваў антрапанімічны суфікс-пашыральнік з элемэнтам -л- (-l-).
Адпаведнасьць імя Ягайла германскаму імю Agilo сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў.
Гаспадары з дынастыі
Ягайла (у праваслаўі Якаў; 1352—1434), заснавальнік дынастыі, быў старэйшым сынам вялікага князя літоўскага Альгерда (1295—1377) ад 2-ой жонкі Юльяны Цьвярской (1325—1399) і адпаведна ўнукам вялікага князя Гедзіміна. У траўні 1377 г. заняў вялікакняскі сталец, зь якога ў 1381 г. яго скінуў дзядзькаКейстут. У чэрвені 1382 г. вярнуў сабе сталец. У лютым 1386 г., ахрысьціўшыся ў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай Анжуйскай (1370—1399; на стальцы з 1382 г.), дачкой вугорскага і польскага караля Людвіка І Вялікага, і заняў польскі сталец пад імем Уладзіслава II Ягайлы (валадарыў да 1434 г.). У 1387 г. перадаў уладу ў ВКЛ роднаму малодшаму братуСкіргайлу (у праваслаўі Іван; 1354—1394). Да 1440 г. яе трымалі прадстаўнікі іншых галін роду Гедзімінавічаў. У першых 2 шлюбах меў па дачцэ, кожная зь якіх памерла пры яго жыцьці: першая — Лізавета-Баніфацыя(pl) (22 чэрвеня—13 ліпеня 1399) памерла на 21 дзень пасьля нараджэньня, другая — Ядвіга Ягайлаўна(en) (1408—1431) памерла ў 13-гадовым узросьце. У 4-ым шлюбе з Соф’яй Гальшанскай (Друцкай; 1405—1461) меў 3-ох сыноў, 2-і зь якіх памёр пры яго жыцьці ў 7-месячным узросьце: Казімер (1426—1427). Дынастыю працягнулі старэйшы і малодшы браты: Уладзіслаў ІІІ (1427—1444) і Казімер-Андрэй (Казімер IV; 1427—1492).
Уладзіслаў III (31 кастрычніка 1424, Кракаў — 10 лістапада 1444, Варна), старэйшы сын Ягайлы ад 4-ай жонкі Соф’і Гальшанскай (Друцкай; 1405—1461), заняў польскі сталец у 1434 г. пасьля сьмерці бацькі. У 1440 г. яго абралі і вугорскім каралём пад імем Уласла V (валадарыў да 1444 г.). Загінуў у бітве пад Варнай(en) (цяпер Баўгарыя) супраць асманскага войска на чале з султанамМурадам ІІ, ад чаго пасьмяротна атрымаў мянушку Варнэньчык. Пасьля яго сьмерці Ягайлавічы страцілі вугорскі сталец.
Казімер Ягайлавіч (Казімер-Андрэй; 30 лістапада 1427—7 чэрвеня 1492), малодшы сын Ягайлы і малодшы брат Уладзіслава III, вярнуў Ягайлавічам сталец ВКЛ у 1440 г. пасьля забойства вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча (валадарыў да 1492 г.). У 1447 г. праз 3 гады пасьля сьмерці брата Ўладзіслава ІІІ заняў і польскі сталец пад імем Казімер IV (валадарыў да 1492 г.). У 1454 г. ажаніўся з Эльжбэтай Аўстрыйскай (1436—1505), дачкой нямецкага караля Альбрэхта ІІ Габсбурга, ад якой меў 6 сыноў і 7 дачок. Сыны: Уладзіслаў (1456—1516), сьв. Казімер (1458—1484), Ян I Ольбрахт (1459—1501), Аляксандар (1461—1506), Жыгімонт Стары (1467—1548), Фрыдэрык (1468—1503).
Уладзіслаў Ягелончык(en) (1 сакавіка 1456, Кракаў — 13 сакавіка 1516, Буда), старэйшы сын Казімера Ягайлавіча, стаўся каралём Чэхіі пад імем Уладзіслава ІІ ў 1471 г. і валадарыў да 1516 году. У 1490 г. яго абралі і каралём Вугоршчыны пад імем Уласла VI (валадарыў да 1516 г.). У 3-ім шлюбе ад Ганны з Фуа (1484—1506) меў сына Людвіка II (1506—1526) і дачку Ганну (1503, Буда —1547, Прага), якая выйшла за муж за аўстрыйскага эрцгерцага Фэрдынанда I Габсбурга.
Людвік II (1 ліпеня 1506, Буда — 29 жніўня 1526, Мохач), адзіны сын і спадкаемца Ўладзіслава ІІ, заняў вугорскі і чэскі стальцы ў 1516 г. (Лаяш II) і валадарыў да 1526 году. Загінуў у бітве пад Мохачам(en) (цяпер поўдзень Вугоршчыны) супраць асманскага войска на чале з султанам Сулейманам I. У выніку праз шлюб старэйшай сястры Ганны з аўстрыйскім эрцгерцагам Фэрдынандам I вугорскі і чэскі стальцы перайшлі да Габсбургаў, чые нашчадкі валадарылі ў Вугоршчыне і Чэхіі да 1918 году.
Ян I Ольбрахт (27 сьнежня 1459, Кракаў — 17 чэрвеня 1501), 3-і сын Казімера Ягайлавіча, пераняў уладу ў толькі Польшчы ў 1492 г. пасьля сьмерці бацькі. У выніку ўнія з ВКЛ спыніла існаваньне.
Аляксандар Казімеравіч (5 жніўня 1461, Кракаў — 19 жніўня 1506), 4-ы сын Казімера Ягайлавіча, стаўся вялікім князем літоўскім у 1492 г. і валадарыў да 1506 году. У 1501 г. заняў і польскі сталец пасьля сьмерці брата Яна І Ольбрахта (валадарыў да 1506 г.).
Жыгімонт Стары (1 студзеня 1467, Казаніца(en) — 1 красавіка 1548, Кракаў), 5-ы сын Казімера Ягайлавіча, заняў літоўскі і польскі стальцы ў 1506 г. пасьля сьмерці брата Аляксандра Казімеравіча. У 1-ым шлюбе меў 2 дачок: Ядвіга Баварская(en) (1513—1573), Ганна (1515—1520). У 1517 г. ажаніўся з Бонай Сфорцай (1494—1557), дачкой мілянскага князя Джана Галеаца Сфорцы, ад якой меў сына Жыгімонта Аўгуста (1520—1572) і 4 дачок. Другі сын Войцех Ольбрахт памёр у дзень народзінаў 20 верасьня 1527 году. Тры з 4 дачок сталі каралевамі: Ізабэла (1519—1559) — каралевай Вугоршчыны (з 1539 г.), Ганна (1523—1596) — вялікай княгіняй літоўскай і каралевай Польшчы (з 1576 г.), Кацярына (1526—1583) — каралевай Швэцыі (з 1569 г.).
Жыгімонт Аўгуст (1 жніўня 1520, Кракаў — 7 ліпеня 1572), сын Жыгімонта Старога і апошні мужчынскі прадстаўнік дынастыі, яшчэ пры жыцьці бацькі ў 1529 г. заняў літоўскі сталец (валадарыў да 1572 г.). У 1548 г. заняў і польскі сталец (валадарыў да 1572 г.). У 1569 г. ВКЛ і Польшча заключылі Люблінскую ўнію аб утварэньні фэдэратыўнайРэчы Паспалітай, што прадугледжвала адзінага манарха.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ягайлавічы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses. ®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.