Цэнтралізаванае тэставаньне (ЦТ) — уступны экзамэн, арганізаваны на аснове пэдагагічных тэстаў, стандартызаваных працэдураў правядзеньня тэставага кантролю, апрацоўкі, аналізу й выдачы вынікаў, які выкарыстоўваецца для правядзеньня конкурсу пры паступленьні ва ўстановы вышэйшае, сярэдняе спэцыяльнае і прафэсійна-тэхнічнае адукацыі ў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі.
У Рэспубліцы Беларусь правядзеньнем ЦТ займаецца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ).
7 лютага 2006 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 80 «Аб правілах прыёму асобаў для атрыманьня вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі» (ССА), якім абавязаў абітурыентаў падаваць у прыёмную камісію ВНУ і ўстановы ССА «арыгіналы сэртыфікатаў цэнтралізаванага тэставаньня, праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь у год прыёму».
У 2011 г. цэнтралізаваньне тэставаньне па беларускай мове здалі звыш 53 тыс. чалавек (36%), па расейскай мове — 96 тысячаў (64%). На беларускай мове здалі ЦТ па: біялёгіі — 7,2% абітурыентаў, якія зарэгістраваліся на гэтую дысцыпліну; геаграфіі — 5,2%; гісторыі Беларусі — 33%; грамадазнаўстве — 2,5%; матэматыцы — 6,2%; сусьветнай гісторыі — 8,7%; фізыцы — 5,6%; хіміі — 5,5%. У 2012 г., як і годам раней, плата за прыём і афармленьне дакумэнтаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні (рэгістрацыйны ўнёсак) складала 10 000 рублёў ($1,2) за кожны прадмет.
На 2016 г. цэнтралізаванае тэставаньне праводзілася па 14 прадмэтах: беларуская мова, біялёгія, геаграфія, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, замежныя мовы: (ангельская, нямецкая, француская, гішпанская), матэматыка, расейская мова, сусьветная гісторыя найноўшага часу, фізыка, хімія.
6 чэрвеня 2006 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 714 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку арганізацыі і правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня». Паводле 8-га артыкула Пастановы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацьвярджае: 1) «графік правядзеньня і час пачатку цэнтралізаванага тэставаньня, пералік установаў адукацыі, вызначаных пунктамі правядзеньня тэставаньня, у тым ліку пунктамі рэгістрацыі»; 2) «час працы пунктаў рэгістрацыі»; 3) «мэтодыку падліка тэставых балаў». Паводле 9-га артыкула, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў: 1) «распрацоўвае кадыфікатары і спэцыфікацыі пэдагагічных тэстаў»; 2) «утварае банк тэставых заданьняў»; 3) «вызначае колькасьць варыянтаў пэдагагічных тэстаў па кожным прадмеце і утварае іх для правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня»; 4) «апрацоўвае запоўненыя абітурыентамі блянкі адказаў, афармляе пратаколы вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня, падае сэртыфікаты ВНУ-каардынатарам». Паводле 10-га арт., ВНУ-каардынатары ў рэгіёне: 1) «падаюць у РІКВ штогод да 1 траўня пералікі аўдыторыяў пунктаў правядзеньня тэставання з указаньнем чарговасьці іх выкарыстаньня і колькасьці месцаў для абітурыентаў»; 2) «перадаюць у РІКВ ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі на экзамэнацыйныя матэрыялы». Паводле 11-га арт., установы адукацыі, вызначаныя ў якасьці пунктаў правядзеньня тэставаньня: 1) «штогод да 1 лютага ўносяць у РІКВ прапановы па складзе арганізацыйных камісіяў»; 2) «арганізуюць пункты рэгістрацыі, забясьпечваюць іх працу, а таксама тэхнічнае абсталяваньне арганізацыйных камісіяў (памяшканьні, кампутары з патрэбным праграмным забесьпячэньнем, прынтэры, сэйф (металічная скрыня), расходныя матэрыялы)»; 3) «забясьпечваюць выдачу сэртыфікатаў абітурыентам».
Паводле 15-га артыкула Пастановы № 714: «Абітурыент мае права зарэгістравацца для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні ня больш чым па трох прадметах». Паводле 28-га артыкула, лік арганізатараў у пункце правядзеньня тэставаньня мае складаць «для кожнай аўдыторыі — прынамсі 3 арганізатары (улучна з адказным арганізатарам); каля ўваходу ў пункт правядзеньня тэставаньня — прынамсі 3 арганізатары». Паводле 32-га арт.: «Экзамэнацыйныя матэрыялы перадаюцца з РІКВ ў пункты правядзеньня тэставаньня напярэдадні (або ў дзень) правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня і адпраўляюцца назад у дзень правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня». Паводле 40-га арт.: «Вобласьць адказаў складаецца з двух частак: частка «А» — для адказаў на тэставыя заданьні з выбарам адказу з прапанаваных варыянтаў адказаў; частка «В» — для кароткіх адказаў на тэставыя заданьні без выбару адказу». Паводле 41-га арт. у частцы «А» «можна скасаваць ня больш за 6 памылковых пазнакаў». Паводле 42-га арт. у частцы «В»: «Скасаваць можна ня больш за 2 памылковыя адказы». Паводле 48-га арт.: «Абітурыенты абавязваюцца прыбыць у пункт правядзеньня тэставаньня не пазьней за 30 хвілінаў да пачатку цэнтралізаванага тэставання і мець пры сабе: запоўнены і зарэгістраваны пропуск на прадмет, па якім праводзіцца цэнтралізаванае тэставаньне; пасьведчаньне асобы; асадку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру». Паводле 62-га арт.: «Адказны арганізатар апавяшчае абітурыентаў за 15 і 5 хвілінаў аб заканчэньні часу, адведзенага на выкананьне пэдагагічнага тэсту». Паводле 79-га арт.: «Экзамэнацыйныя матэрыялы захоўваюцца ў РІКВ да канца бягучага каляндарнага году. Электронныя выявы запоўненых абітурыентамі блянкаў адказаў захоўваюцца цягам 75 гадоў у РІКВ».
Улетку 2013 году каля 36 % (40 682) удзельнікаў цэнтралізаванага тэставаньня не пераадолелі ніжні парог бала для атрыманьня вышэйшай асьветы.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Цэнтралізаванае тэставаньне, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.