Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква перанясеньня мошчаў сьвятога Мікалая Цудатворцы лет. Vilniaus Šv. Nikolajaus Stebukladario palaikų Pernešimo cerkvė | |
Царква Сьвятога Мікалая па маскоўскай перабудове | |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′47.59″ пн. ш. 25°17′19.18″ у. д. / 54.6798861° пн. ш. 25.2886611° у. д. 25°17′19.18″ у. д. / 54.6798861° пн. ш. 25.2886611° у. д. |
Канфэсія | Праваслаўе |
Эпархія | Віленская і Літоўская япархія |
Тып будынка | Прыходзкая царква |
Архітэктурны стыль | готыка з элемэнтамі барока і гістарызму |
Дата заснаваньня | 1347 |
Асноўныя даты: | |
Статус | Ахоўваецца дзяржавай |
Стан | Дзейнічае |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Царква перанясеньня мошчаў сьвятога Мікалая Цудатворцы | |
Царква перанясеньня мошчаў сьвятога Мікалая Цудатворцы на Вікісховішчы |
Царква́ Сьвято́га Мікала́я або Сьвято́га Міко́лы — помнік архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Вялікай вуліцы каля Ратушнага пляцу. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзейнічае. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і віленскага барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад маскоўскай перабудовы. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Мікольская царква — адна з найстарэйшых цэркваў Вільні, архітэктурная дамінанта Рускага Гораду. Традыцыйна лічыцца, што тут спачылі віленскія мучанікі (цяпер знаходзяцца ў царкве Сьвятога Духа).
Паводле паданьня, першую драўляную Мікольскую царкву ў Вільні заснавалі ў 1340 годзе (або ў 1347 годзе). А ўжо ў 1350 годзе Юліянія Цьвярская, другая жонка вялікага князя Альгерда, загадала збудаваць новую, мураваную царкву, пра што сьцьвярджае шыльда ў адной з царкоўных капліцаў.
Да 1514 году царква прыйшла ў заняпад, калі яе адбудавалі з ініцыятывы гетмана найвышэйшага Канстантына Астроскага ў гатычным стылі.
У 1747 і 1748 гадох гадоў царква моцна пацярпела ад пажару (напэўна, тады абваліліся скляпеньні асноўнага аб’ёму), па чым яе адбудавалі ў стылі віленскага барока.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзейнічаць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1845 годзе зруйнавалі дом, які часткова захіляў царкву з боку вуліцы.
Пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) з ініцыятывы Мураўёва-вешальніка ў 1864—1866 гадох будынак царквы перабудавалі ў стылістыцы расейска-бізантыйскай эклектыкі паводле праекту расейскіх архітэктараў Аляксандра Разанава і Мікалая Чагіна. Налева ад уваходу прыбудавалі капліцу ў гонар Сьвятога Міхаіла Арханёла, нябеснага заступніка Мураўёва. У лістападзе 1866 годзе царкву наноў асьвяцілі. Удзел Мураўёва-вешальніка ў перабудове царквы засьведчылі на мармуровай шыльдзе з заходняга боку царквы.
У 1949—1956 гадох праводзілася рэстаўрацыя царквы, з 1961 году дзейнічае як прыходзкая.
Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і віленскага барока, які ў выніку маскоўскай перабудовы атрымаў рысы расейска-бізантыйскай эклектыкі.
Ад пачатку гэта была невялікая пабудова пад 2-схільным дахам, трыкутным франтонам і асымэтрычнай адносна галоўнага фасаду вежай. Памеры і канфігурацыя пляну каталікона сьведчаць, што гэта была крыжова-купальная пабудова. Усярэдзіне разьмяшчаліся чатыры слупы, якія меркавана падтрымлівалі канструкцыю купала. У алтарнай частцы захаваліся арыгінальныя сотавыя скляпеньні.
Па рэканструкцыі сярэдзіны XVIII ст. асноўны аб’ём перакрылі цыліндрычнымі скляпеньнямі, перабудавалі вежу-званіцу, фасадам надалі рысы барокавай архітэктуры.
Па перабудове 1864—1866 гадоў складаецца з 1-нэфавага асноўнага аб’ёму, 3-апсыднай алтарнай часткі і шмат’яруснай вежы і капліцы з боку галоўнага фасаду. Пафарбаваныя ў белы колер і розныя адценьні ружовага ды чырвонага вонкавыя сьцены багата дэкаруюцца фрызамі і барэльефамі. Сьцены праразаюцца паўкруглымі або сьпічастымі вонкамі. Вылучаюцца таксама дэкараваныя падобным чынам бленды (некаторыя з намаляванымі выявамі сьвятых). Галоўны ўваход адзначаецца сьціплым парталам паўкруглых дзьвярэй, калідор знаходзіцца пад вежай, а апсыда завяршаецца купалам. Купал атачае шэраг сыгнатурак у форме купалоў-цыбулінаў.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Царква Сьвятога Мікалая (Вільня), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.