Хуткасьць сьвятла ў вакуўме (in vacuo) ёсьць фундамэнтальнай фізычнай канстантай і роўная дакладна 299 792 458 м/с (прыкладна 300 000 км/с).
У сучаснай фізыцы гэтая фізычная велічыня ня ёсьць вынікам вымярэньня, гэта — яе дэфініцыя, паколькі якраз-ткі стандарт мэтру вызначаецца праз хуткасьць сьвятла (з 1983 году). Хуткасьць сьвятла ў вакуўме ў фізычных формулах абазначаецца лацінскай літарай c.
Хуткасьць сьвятла ня ў вакуўме (у паветры, нейкім газе, іншым матэрыяле) заўсёды меншая, чым c. У спэцыяльных матэрыялах, якія маюць высокую аптычную шчыльнасьць, напрыклад, у кандэнсаце Базэ—Айнштайна, можна значна запаволіць сьвятло. У экспэрымэнтах 1999 году навукоўцы запаволілі сьвятло да 17 м/с, а ў 2003 годзе камандзе з Гарвардзкага ўнівэрсытэту і расейскага Фізычнага інстытуту акадэміі навук (ФІАН) наагул здолелі спыніць сьвятло ў спэцыяльна падрыхтаваным нагрэтым газе рубідыю.
Оле Крыстэнсэн Рэмэр упершыню прадэманстраваў у 1676 годзе, што сьвятло рухаецца з канчатковай хуткасьцю, вывучаючы бачны рух спадарожніка Юпітэра Іо. У 1865 годзе Джэймз Кларк Максўэл прапанаваў лічыць сьвятло электрамагнітнай хваляй, і, такім чынам, стварыў тэорыю электрамагнэтызму. У 1905 годзе Альбэрт Айнштайн выказаў здагадку, што хуткасьць сьвятла адносна любой інэрцыяльнай сыстэмы адліку зьяўляецца сталай велічынёй і не залежыць ад руху крыніцы сьвятла. Ён дасьледаваў наступствы гэтага пастулату, выводзячы тэорыю рэлятыўнасьці.
Канстанта c мае фундамэнтальнае значэньне для электрадынамікі і наагул для ўсяе фізыкі. Гэта хуткасьць, зь якой распаўсюджваецца электрамагнітнае выпраменьваньне. Гэта хуткасьць, зь якой пашыраецца гравітацыя. Нарэшце, гэта максымальная хуткасьць, зь якой можа распаўсюджвацца інфармацыя.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Хуткасьць сьвятла, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.